22.10.2013

Das Ausland

"Das Ausland: Eine Wochenschrift für Kunde des geistigen und sittlichen Lebens der Völker", том 8, Штутгарт 1835
Пакуль што найлепшае апісаньне, вельмі маляўнічае і з цікавымі падрабязнасьцямі.
с. 1207-1208

    Магілёў зьяўляецца надзвычай прыемны горадам, ён ляжыць схаваны ў зялёных садах на высокім беразе Дняпра; вуліцы тут чыстыя, брукаваныя, аднак за выключэньнем адной вуліцы, дзе знаходзяцца гандлёвыя рады, свабодныя плошчы і дзяржаўныя ўстановы, няма амаль ніводнага мураванага дому, дакладней ніякіх вялікіх і прыгожых прыватных дамоў, як у Віцебску; усяго іх налічваецца 86. Драўляных дамоў налічваецца каля 1900, аднак прадмесьці ледзь ня большыя за сам горад, які складаецца ўсяго з дзьвух галоўных вуліц, некалькіх папярэчных вуліц і дзьвух агульнадаступных плошчаў. Адна з якіх ператварылася ў месца для шпацыраў, вакол яе ідзе бульвар засаджаны таполямі, і ў цэнтры ляжыць маленькі ангельскі сад. Драўляныя дамы ўсе пафарбаваныя і трымаюцца ў чысьціні.
    У Магілёве маюцца 17 мураваных і 18 драўляных цэркваў; усе мураваныя, грэцкія і каталіцкія, прыгожыя, а некаторыя цудоўныя. Тут знаходзіцца гімназія, уездная школа і семінарыя з вучэбнай установай, якая яму падпарадкаваня. Колькасьць жыхароў складае прыкладна 15,850 душ; у духоўнай школе знаходзяцца 305, а ў сьвецкай 334 вучня. Купцоў першай гільдыі няма, гандляры абодвух палоў, па большасьці габрэі і габрэйкі, складаюць каля 170.
    Магілёў пад былым польскім урадам да 17 ст. належыў да акружных уладаньняў польскіх каралёў, а польскія хронікі ўзгадваюць яго як горад яшчэ да 14 ст. Пад Сігізмундам ІІІ і Ўладзіславам IV ён быў абнесены земляным валам, рэшткі якога можна пабачыць і сёньня, і паміж рачулкай Дубровінкай і Дняпром, на ўзгорку была падубавана нешта накшталт замку, і тут таксама знаходзілася збройная фабрыка. У 1654г. пад царом Аляксеем Міхайлавічам Магілёў быў захоплены рускімі, і заставаўся за Расеяй да 1661 году. Клімат тут добры, здаровы і прыемны. Тут знаходзіцца, так бы мовіць, пераход ад паўднёвай да сярэдняй Расеі. Усе дрэвы растуць высока ўверх, яны сакавітыя і ўсё ж доўга працягваюцца. Жыхары любяць садаводства, садавіна вельмі смачная і ўраджаецца ў вялікай колькасьці. Дняпро прыносіць шмат рыбы, асабліва асятроў, часам таксама і сьцерлядзь. Асабліва смачная рыба - вырезуб, паводле мясцовага вымаўленьня (верозуб*), які знаходзіцца толькі ў тых водах, якія ўпадаюць у Чорнае мора. Гэтая рыба мае разцы, што пдобныя да чалавечых. Глеба, як ужо раней ўзгадана, выключна ўрадлівая на большай частцы губерні, а Дняпро надзвычай спрыяе гандлю. Магілёўская губерня магла б быць адной з багацешых, а сам Магілёў адным з найпрыемнейшых гарадоў Расеі. Мясцовыя гараджане занадта майстэрскім чынам апрацоўваюць скуры і адпраўляюць іх паўсюль на ярмаркі. Магілёўскія юфці, падэшвы і цялячыя скуры вызначаюцца праз сваю даўгавечнасьць. Пра гандаль можна сказаць тое самае, як раней пра Віцебск. Лаўкі напоўненыя прадукцыяй маскоўскіх фабрык.
    Быў час, калі ў Магілёве панавала надзвычай шчасьлівае жыцьцё, падчас таго, як багатая шляхта сьцякалася сюды, каб правесьці тут усю зіму. Цяпер у горадзе жывуць толькі чыноўнікі і тыя са шляхты, хто служыў дабравольна. Магілёўская шляхта вядомая з даўніх часоў праз сваю гасьцінасьць, таксама і цяпер гэтая дабрачыннасьць зноўку праяўляецца ў іх крыві, і нават не толькі проста ў тым, што чужых запрашаюць у госьці, але ім таксама з дружалюбнасьцю і ветлівасьцю адчыняюць сямейнае кола. У Пецярбурзе і Маскве шмат хто прытрымліваецца памылковай думкі, што беларуская шляхта вельмі суцяжная. Гэтая халера, ад якой аднак церпіць шляхта Беларусі, Маларосіі і Літвы, ёсьць вынік літоўскага статута, якому, на радасьць усіх добранамераных [жыхароў] Беларусі, ўжо сьпеты рэквіем. Акторацкі, кондэмнацкі, асэраскі і сумарны рэестры памнажаюць цяжбы да бясконцасьці і кормяць цэлыя раі адвакатаў і рабулістаў. Мне вядомы выпадак, калі два памешчыка ДВАДЦАЦЬ ГОД вялі цяжбу, толькі дзеля таго, каб ведаць, ці мусіла б цяжба ПАЧЫНАЦЦА з асэсарскага ці сумарнага рэестру! - аднак вышэйшая шляхта была зусім не суцяжная, хаця і цярпела шмат ад кверулянтаў. Акрамя мясцовай шляхты тут ёсьць таксама шмат рускіх сямей; тон прыстойнай супольнасьці галоўным чынам рускі, а лад жыцьця напалову рускі, напалову польскі: руская мова тут у агульным карыстаньні.
    Паміж рускімі і палякамі тут здаецца пануе шмат згоды, асбаліва мне кінулася ў вочы выключная пашана і павага ўсіх саслоўяў, нават каталікаў, да мясцовага протаіерэя. Калі ён чытае імшу і падчас вялікіх сьвятаў, уся вышэйшая шляхта, рускія і каталікі, ідуць у рускую царкву, і пасьля выказваюць яму сваю пашану ў яго доме. Шмат уніятаў з павагі да яго вярнуліся зноў да грэцкай веры. Нішто ў іншавернай краіне не ўплывае так моцна на розум і сэрца, як высокае духавенства, калі яно зьяўляецца сапраўдным прадстаўніком пануючага народу. У Яго Прападобія я бачыў шмат рэдкіх кніг і манускрыптаў, якія датычацца гісторыі ўніяцтва і наогул гісторыі беларускай зямлі.

*) магчыма гэта павінна азначаць "клык"

с. 1215

Статыстычная нататкі з Расеі.
Магілёўская губерня.
    Уездных і губернскіх гарадоў маецца 12. Мястэчак і гандлёвых пунктаў - 3591. Вёсак і хутароў - 4787. Усяго населеных пунктаў - 8390; агульнае насельніцтва за выключэньнем войскаў складае 350,024 жыхароў. Сярод іх: каронных сялян і краёвых сялян - 17814, уездных сялян - 717. Прыгонных у памешчыкаў і духавенства - 243,276. Зямельная плошча складае 4,244,426 дзесяцін. Зь іх сельскагаспадарчых угодзяў - прыкладна 1,700,000 д. Лугоў - 200,000 д. Лесу - 1,869,855 д. Прыбыткі ў казну складалі б, калі б не было нядоімкаў, 2,593,277 рублёў. Мураваных цэркваў маецца 84, драўляных 700, кляштараў, з улікам 23х скасаваных каталіцкіх, 45, 4 капліцы, усяго 833; сярод іх: лютэранскіх кірх - 2, каталіцкіх - 57, каталіцкіх капліц і дамашніх цэркваў 145. Акрамя таго маюцца малельныя дама раскольнікаў - 43, сінагог - 170. Навучальныя установы: 1 гімназія, 15 уездных і царкоўна прыходскіх школ, у якіх знаходзіцца 1000 вучняў. Дабрачынныя установы: у губернскім горадзе 2 бальніцы, у якіх могуць быць прынятыя 65 чалавек; далей 1 бальніца для незлячымых і 1 псіхбальніца, у якіх разам 20 асоб могуць атрымаць прыём. Ва ўездных гарадах знаходзяцца 20 бальніц. Шпіталяў маецца ў губернскім горадзе 2, для 163 пацыентаў, і ва ўездных гарадах 4, для 42 пацыентаў. У магілёўскай губерні знаходзяцца 2 суконныя фабрыкі, 4 палатняныя фабрыкі, 4 парусінавыя фабрыкі, 6 шкляных майстэрняў, 4 медныя майстэрні, 5 сьвячных заводаў, 560 бровараў. Сумма якую прыносіць фабрычная прамысловасьць складае прыкладна 150,000 рублёў. Галоўная прадукцыя зямлі: канопля, лён, канапляны алей, льняны алей, воск, мёд і лесаматэрыялы. Гэтыя тавары ідуць у Рыгу, Ст. Пецярбург, Капенгаген і праз Адэсу ў парты Чорнага мора. Мёд і воск раскупаюць на месцы рускія гандляры; фабрычная прадукцыя адпраўляецца на ярмаркі. Колькасьць паштовых станцый складае 45, і на там знаходзяцца 1053 коней.

Комментариев нет:

Отправить комментарий