Дзёньнік жаўнера 571га дарожнабудаўнічага батальёна

Мая армейская і ваенная служба



Пасьля пасьпяховага асьведчаньня ў якасьці 1га рэзірвіста запасу я атрымаў 28.8.39 заклік у войска да Ротэнбургу на Таўбары /Rothenburg ob der Tauber/. Там фарміраваўся 13-ы Будаўнічы батальён запасу. У Ротэнбурзе мы прайшлі кароткія курсы на 4 тыдні. Адтуль мы трапілі ў Нюрнберг-Мэрцфельд /Nürnberg-Märzfeld/, дзе мы завяршылі сваё навучаньне. 7-га кастрычніа я быў адкамандаваны адтуль з шматлікімі таварышамі да Пэнемюндэ /Peenemünde/ на выспу Вузэдом /Usedom/ у працоўную брыгаду. Мы працавалі ў розных прыватных фірмах у адной армейскай эксперыментальнай установе да 21.12.39. Калі надыйшлі халады (37°) працы былі спыненыя /ст.2/ і мы атрымалі дазвол адправіцца ў нашы першыя вакацыі на Кадяды і Новы год. Падчас вакацый наш батальён запасу пераехаў у Дэгендорф /Deggendorf/ у Ніжняй Баварыі. 2.1.40 мы ўжо знаходзіліся там і ўдзельнічалі ў 4х тыдневым асьвяжэньні ведаў. 2.2.40 мы былі нарэшце прыпісаныя да нашай цяперашней вайсковай часткі. Да 571-га дарожнабудаўнічага батальёну. Ён у той час знаходзіўся ў заходняй Нямеччыне ў Обэргаўзэне /Oberhausen/. Там мы знаходзіліся да 9.5.40 дзеля аховы заходняй мяжы. Потым 10.5.40 мы рушылі ў бой супраць Галандыі, Бельгіі і Францыі. Наш рух праходзіў праз Gemett, Terneuzen, Gent, Antwerpen, Arras, Amiens. 15.6.40 мы былі ўжо ў Парыжы. Пасьля перамірыя мы прасунуліся далей да Бардо /Bordeau/ /ст.3/ і да Біскайскага заліву. Потым зноўку адправіліся назад праз Ангулем /Anguleme/ у Паўночную Францыі. Тады мы прабылі амаль 3 месяцы ў Коншы ле Потс /Conchi les Pots/, каля Амьену /Amiens/. Потым, ад 10.8.40 да 1.9.40, у мяне былі трохтыдневыя вакацыі да радзімы. Калі пасьля вакацый я вярнуўся назад у Коншы ле Потс, мы пачалі ад’езд у Польчшу 4.10.40, каб заняць зімовыя кватэры. Потым 20.10.40 я вярнуўся з Польшчы назад на радзіму ў якасьці прамысловага адпускніка. У той час наша частка войскаў запасу была перанесеная ў Графэнвёр /Grafenwöhr/. /ст.4-5/

 

 

Уражаньні з Савецкага парадызу


Перад 22-м чэрвеня 41


Пасьля амаль трохмесячнага перапынку мы, прамысловыя адпускнікі, вярнуліся 13.6.41 назад у Польшчу да нашай палявой часткі. Пяць дзён і амаль столькі ж ночаў мы правялі ў дарозе, пакуль нарэшце не прыбылі ў Нівішкі /Niwisky/ а палове першай гадзіны ночы 17.6. Наш ротны фельдфебель вельмі ветліва павітаў нас і сказаў, што мы адразу раніцай 18.6 здымаемся з месца і займаем новыя кватэры паблізу ад батальёну. Ён стаяў прыкладна ў 100 км ад Нівішкаў. То мы прыбылі туды пакрытыя пылам /ст.6/ надвячорку. Гэта была невялікая вёсачка ў лесе. Усе дамы і хаты былі пакрытыя саломай, як у тых краях інакш і не робіцца. Вёсачка называлася Зяленіч /Zielenic/. У гэтым Богам забытым месцы мы яшчэ некалькі дзён практыкавалі наша асноўнае палажэньне і пазыцыю, пакуль ноччу 21.6 каля 12 гадзін мы не даведаліся ад нашага унтэрафіцэра, што ў нядзелю 22.6 ў 3 гадзіны раніцы рота павінна выступіць у поўным узбраеньні. Лагер ажывіўся, кожны зьбіраў у цемры свае сьціплыя пажыткі і пакаваў свой ранец.


Фюрар аддае загад


Пунктуальна, як гэта заўсёды было ў нашай роце, /ст.7/ стаялі мы ў лесе без 10 хвілін 3 гатовыя да маршу. Усе крайне напружаныя, што ж нас чакае. Наш ротны абвесьціў, што фюрар загадвае нам выступаць. Калі неўзабаве пасьвятлела, бо сонца тут усходзіць даволі рана, нам зачыталі дзённы загад фюрара. Цяпер кожны быў у курсе. Было роўна 3:15 калі раздаўся жудасны гул. Нашы жаўнеры, што ўжо некалькі дзён стаялі ў поўнай гатоўнасьці, адкрылі агонь з усіх ствалоў. Ніхто з нашых таварышаў не забудзе гэты момант. Разомваў больш амаль не было, кожны ведаў, што адбываецца.


Малкіня


У той самы дзень таксама і мы пакінулі каля поўдню нашыя лясныя кватэры /ст.8/ і ўзялі курс у напрамку да Расеі. Наш першы марш ішоў да часткова моцна пашкоджанага мястэчка Малкіня /Malkinia/. Мы спалі там у пакінутых жыхарамі хатах.

 

Зіхановіч


23.6, зноўку каля паўдзёнага часу, мы пакінулі Малкіню і надвячорку дабраліся да вялікай вёскі пад назвай Зіхановіч /Zichanowic/. На шляху туды ляжалі каля дарогі першыя разьбітыя бранемашыны. Паабапал шашы не былі рэдкасьцю і забітыя рускія. Таксама некалькі сьвежых, упрыгожаных стальнымі шлемамі і кветкамі магіл сьведчылі, што тут змагаліся нашы браты. Часта нам трэба было рамантаваць дарогу, якая тут была пакрытая высокім пяском, /ст.9/ каб бясконцыя аддзяленьні і транспарт маглі рушыць далей.


Сьвірыдаў


24.6 мы прыбылі нарэшце ў Сьвірыды /Swiridy/, чарговую маленьку, з пакрытымі саломай дамамі вёсачку. Жыхары выцягнулі ўсе свае рэчы і маёмасьць з хат і адрын на адкрытыя пляцоўкі, яны верагодна разьлічвалі на вялікі наступ рускіх. Днём раней адна граната трапіла ў палянку паміж хатамі і забіла 10 мірных жыхароў, якія яшчэ ляжалі пагружаныя на воз у адной з адрын.


Заблудаў


На 4-ы дзень мы зноўку рушылі з /ст.10/ Сьвірыдаў усё далей на ўсход. Надвячорку мы дабраліся да цэнтральнай шашы. Немагчыма апісаць, што ляжала перад нашымі вачымі. Танкі, бранемашыны і ўсемагчымыя віды гармат вялікай колькасьцю ляжалі паўсюль у лесе і на палях. Шмат працы спатрэбілася каб прыбраць з дарогі разьбітую тэхніку, і таксама забітых рускіх і коней. Паветра было наскрозь атручанае. Некаторыя танкі, што атрымалі прамое трапленьне бомбаў, былі разадраныя на кавалкі. Мы як маглі расчысьцілі дарогу і паехалі далей, пакуль наш транспарт больш не мог больш перасоўвацца. Нерэдка нам трэба было прывязваць тросы і ўсім разам /ст.11/  цягнуць цяжкія машыны з прычэпамі праз па калена высокі пясок. Калі мы падняліся на ўзвышша, мы атрымалі загад з іншай пазыцыі паварочваць налева, бо гэтыя аколіцы яшчэ адносіліся да зоны баявых дзеяньняў. То мы паехалі назад, да мястэчка, якое мы праехалі яшчэ пасьля абеду. Яно называецца Заблудаў /Zabludow/. Я паглядзеў на часы і адзначыў, што было ўжо 23:15. Кватэра была лепш за папярэднія. Наступным ранкам мы даведаліся, што ў гэтым будынку, гэта была недабудаваня школа, у адным з ніжніх пакояў спалі таксама двое цяжка параненых рускіх салдатаў, калі з такім цяжкім болем наогул можна казаць пра нейкі сон /ст.12/. Мы перанесьлі іх у нейкі стары гараж, дзе мы іх распыталі. Калі мы даведаліся, што гэта былі снейперы партызаны, мы пакінулі іх на іх уласны лёс. Кожны з іх меў па тры стрэлы ў руку і сьцягно. У малодшага канечнасьці ўжо адмёрлі, і ён аддаў канца праз некалькі гадзін. Мы вынесьлі яго на некалькіх дошках вонкі і пахавалі яго каля бульбянога поля. Старэйшага потым забралі две жанчыны, але я не думаю, што ён пражыве яшчэ больш за тры дні. Гарадок яшчэ гарэў і быў на 98% цалкам разбураны. Заблудаў павінен быў налічваць 1500 жыхароў. /ст.13/


Бярэставічаны


30.6 мы рушылі з Заблудава далей . Адразу за мястэчкам мы трапілі зноўку на цэнтральную шашу. Мы зоўку сустрэлі шматлікія разьбітыя і пакінутыя танкі, транспарт і гарматы. Аднойчы зьлева ад дарогі мы знайшлі нямецкую брацкую магілу, дзе ляжала 48 салдат, сярод якіх таксама быў адзін капітан і некалькі малодшых афіцэраў. Менш за 1 км далей паабапал дарогі былі пахаваныя яшчэ па 10 нашых жаўнераў. Як я чуў ад іншых атрадаў, гэтыя 68 хлопцаў трапілі ў палон да саветаў і потым растраляныя, калі тыя заўважылі, што часу на ўцёкі няма. Брацкія магілы /ст.14/ савецкіх сустракаліся на ўсім адрэзку вельмі часта. У надвячорку мы сышлі з цэнтральнай шашы і разьмясьціліся ў маленькай вёсцы Бярэставічаны /Brzestowiczany/. Там мы заставаліся 3 дні. Шматлікія вайсковыя часткі, што не маглі прайсьці далей па асноўнай шашы, шукалі шлях праз гэтыя мясьціны, таму мы павінны былі і тут таксама трымаць дарогу ў добрым стане. Адразу за вёскай ішло ўзвышша з лесам, там знаходзіліся варожыя пазыцыі, дзе зноўку было кінута шмат бронемашын, гармат і транспарту. Таксама ў лесе і на дарозе ляжала шмат забітых. Калі большая частка нашых войскаў прайшла далей, мы таксама зьняліся з месца. /ст.15/


Ваўкавыск


3.7 мы прасоўваліся далей па дарозе праз Ваўкавыск /Wolkowisk/, буйны гарадок, які таксама быў на 98% зьнішчаны і спалены. У той дзень мы не знайшлі ніводнай кватэры і вымушаныя былі каля поўначы шукаць хоць якую пустую адрыну. Там мы заставаліся да 5.7.41.


Талькоўшчына


Сёньня, 5.7, ў 12:30 мы зноўку асядлалі нашы машыны. Па дарозе да цэнтральнай шашы ляжала шмат забітых коней. На 50 метрах я налічыў звыш 25 штук. Калі мы зноўку дабраліся да шашы, мы рушылі па ёй далей да гарадка Слонім /Slonim/. Слонім быў толькі /ст.16/ часткова зазбураны і спалены. Шматлікія брацкія магілы казалі нам, што вораг моцна змагаўся на абароне гэтага горада. У Слоніме нам прыйшлося стаяць некалькі гадзін, бо дарогі ва ўсіх напрамках былі занятыя калонамі тылавога забесьпячэньня. Калі мы потым прыбылі ў Талькоўшчыну /Talkowszczyzna/, дзе мы разьмясьціліся ў адрынах, было ўжо 19:45.


У лесе, 20 км ад Слоніму


6.7. першы эшэлон нашай роты зноўку каля поўдню зьняўся з месца і рушыў у напрамку на Менск /Minsk/. Гэтыя аколіцы ад Слоніму да Меснку складаюцца пераважна з лесу. Калі мы былі прыкладна ў 20 км ад Слоніму пасярод лесу, /ст.17/ у нас здарылася аварыя. Адзін з нашых прычэпаў перастаў працаваць. Вось аднаго з колаў распалілася. Верагодна праз увесь гэты пясок і пыл нешта там забілася. Нам прыйшлось цяпер выгружаць шматлікія інструменты і прылады і піхаць прычэп у прыдарожную канаву. У якасьці варты са мной засталіся яшчэ 2 іншых таварыша. Паколькі нашы рэчы на грузавіку былі ўжо недзе ў 80 км наперадзе, нам прыйшлося задавольвацца вольнай прыродай без коўдры і палаткі. Таксама нашаму страўніку прыйшлося ўзяць 28 гадзінавую паўзу. Такім чынам мы ахоўвалі нашы інструменты з 6.7 15:30 да 7.7 17:30. Адна з нашых машын /ст.18/ адвезла нас потым 7.7 назад у Талькоўшчыну, і мы вярнуліся зноўку ў сваю адрыну. У той дзень мы больш не несьлі ніякай службы.


У якасьці магільшчыкаў


8.7 мы на машыне паехалі да Слоніму, ён стаіць адсюль прыкладна ў 3 км на поўначы. З тамашняга вялікага лагеру палонных мы ўзялі 30 рускіх і паехалі з імі на захад. Некалькі дзён раней 3 транспартных цягніка з ваеннымі і амуніцыяй трапілі пад бомбы нашых самалётаў. Відовішча немагчыма апісаць. Забітыя савецкія салдаты разам з амуніцыяй і машынамі ляжалі паўсюль на ўзвышшах. Цяпер палонныя павінны былі зачысьціць гэты адрэзак /ст.19/ ад амуніцыі. Сёньня, 9.7, мы зноўку ўзялі палонных, каб пахаваць шматлікіх забітых рускі і таксама коней. Некаторыя ляжалі абгарэлыя каля сваіх танкаў і згарэлых машын. Паміж двумя вагонамі адзін высокі рускі афіцэр з жанчынай былі літаральна расплюшчаныя. У адным ачышчаным пасажырскім вагоне палонныя шукалі прадукты харчаваньня. Яны з прагнасьцю жэрлі рэшткі хлеба запэцканыя чалавечай крывёў нават не выціраючы. За кавалак мяса, які астаўляў пасьля сябе цалкам непрыемны пах, яны літаральна змагаліся. Не менш за голад пакутвалі яны ад смагі. З аднаго /ст.20/ вадаёму, дзе акрамя забітых ляжала некалькі коней і амуніцыя, яны задавальнялі смагу з дапамогай сваіх забруджаных шапак. Пасьля таго як мы вярнулі палонных назад у лагер, дзе знаходзілася прыкладна 10 000 чалавек, мы, 5 таварышаў, наведалі слонімскія могілкі. Я падлічыў магілы нашых мужных аднавайскоўцаў і заўважыў, што іх было 72, адна за адной. Магілы былі добра ўпрыгожаныя, і кожная мела свой стальны шалом на насыпу. Таксама паабапал дарогі былі магілы нашых зьнішчальнікаў танкаў. Таксама і на наступны дзень мы ўзялі з лагеру 30 палонных, каб /ст.21/ пахаваць забітых. Усяго з 8-га да 11.7 мы пахавалі недзе 300 мужчын, некалькі жанчын і дзяцей і безьліч коней. Трэба таксама адзначыць, што таксама мірныя жыхары займаліся пахаваньнем забітых коней і рускіх салдатаў.


Стоўпцы


12.7 мы былі ў дарозе з 12:00 да 20:30. Увесь час мы ехалі праз велізарныя лясы. Разбурэньні былі меншыя ў параўнаньні з папярэднімі адрэзкамі. Аднак чалавечыя і тэхнічныя страты з нашага боку былі трошкі большыя. Гарадок, дзе мы пасяліліся ў вялікай пілараме, называўся Стоўпцы /Stolpce/. У той дзень нам больш не патрэбная была /ст.22/ салома. Галоўнае, што мы мелі дастаткова добрай вады.


Рылавозішна


13.7, у 7 гадзін раніцы мы зноўку зьняліся з месца і пасьля поўдню, у 13:30 прыбылі ў Рылавозішну /Rylowozyszna/. Гэта была маленькая вёска. Нашым жытлом зноўку стала пустая адрына. Мы нарэшце сустрэліся з нашымі таварышамі, што раней адарваліся наперад. У Рылавозішне мы заставаліся адзін дзень і не рабілі ніякай працы.


Менск


14.7 ў першай палове дня мы паехалі далей. Наш шлях ішоў праз Менск. Мы чулі ўжо даўно, што Менск быў моцна пашкоджаны, аднак мы не маглі ўявіць, што там усё настолькі дрэнна. /ст.23/ Менск павінен быў калісьці быць вельмі прыгожым і надта вялікім горадам. 200-300 000 жыхароў. А зараз ніводны дом не застаўся цэлым, усё выгарэла і разбурана. Менск - сталіца Беларусі /Weißrußland/.


Перасады


14.7 мы праехалі ад Менску яшчэ прыкладна 80 км і пад вечар дабраліся да маленькай вёскі пад назвай Перасады /Perresady/. Хачу яшчэ караценька ўзгадаць, што пачынаючы з Стоўбцаў мы дабраліся да рускага аўтабану - якасная і шырокай асфальтавай шашы. Зараз, калі мы прыбылі ў Перасады, нам трэба было будаваць намётавы лагер, бо мы больш не маглі знайсьці пустых адрынаў, пасколькі тут /ст.24/ было разьмешчана шмат вайсковых аддзелаў. Тут мы заставаліся з 14-га да 18.7, рабілі мала працы і спалі ў нашых палатках.


Нова-Барысаў - Талочын - Мерча


І зноўку 18.7 мы праехалі частку шляху па аўтабану, праз Нова-Барысаў /Nowo-Borrissow/ і Талочын /Tolotschin/. Праз прыкладна 150 км падарожжа, мы зноўку зьвярнулі з аўтабану і разьмясьціліся ў вялікай адрыне на полі вёсачкі Мерча /Mertscha/. Пасьля гэтай доўгай дарогі мы прыбылі ў глыбокай начы і засталіся да 20.7.


У лесе пад Магілёвам


Другі і трэці эшэлон нашай роты ехаў цяпер 20.7. разам з тэхнікай далей у напрамку да Магілёва /Mogilew/. Мы, у першым эшэлоне, ішлі пеша. Мы спыніліся ў вялікім лесе. Палаткі мы спачатку не будавалі, бо разьлічвалі працягнуць марш. Аднак мы памыліліся. У палове другой пасьля поўдня наш ротны паставіў нам нам нашу новую задачу. Было вырашана, ўзяць горад Магілёў. Бой пачынаецца дакладна ў 2 гадзіны. З падлеску мы глядзелі на дульны агонь нашай артылерыі і назіралі з усёй напружанасьцю, як вораг абстрэліваў нашыя аэрастаты зеніткамі.


Баявыя дзеяньні пад Магілёвам


Калі сьцямнела мы ляглі пад дрэвамі. Мы не праляжалі і двух гадзін, як прыйшоў загад выступаць. Наш батальён, дарэчы, меў задачу замяніць узарваны саветамі мост часовай пераправай і правясьці да яе пад’яздную дарогу. Праца была не лёгкай, бо было даволі цёмна і нельга было запальваць ніякага сьвятла. Вораг залягаў усяго ў 300-400 метрах ад нас. Як толькі пачаўся дзень, мы ўжо зрабілі большую частку працы, і калі мы былі амаль гатовыя, па нам адкрылі агонь. Чым сьвятлей рабілася, тым мацней быў варожы мінамётны агонь. Мы уцяклі ў суседні лясок. Але і там мы не былі ў бяспецы. Вораг, верагодна, меў добры назіральны пункт, бо цяпер увесь агонь накіраваўся ў лес. Калі мы заўважылі, што ён не сьціхае, мы хаваючыся вярнуліся на сваё працоўнае месца і працягнулі свой занятак. Аднак праз кароткі час агонь узмацніўся, выстаўленыя пасты пачалі адступаць. Калі мы гэта заўважылі, то таксама адступілі прыкладна на 3 км. У лесе адна машына адзьдзела сувязі, каля якой я стаяў гадзіну таму, атрымала прамое трапленьне і загарэлася. Цяпер мы чакалі да 1 гадзіны дня ў маленькай вёсцы, дзе знаходзіўся наш генэральны і батальённы штаб. Наша тэхніка прывезла нам ежу, і мы адразу працягнулі сваю працу на масту. Усё, здавалася, было ў парадку. Каля 4-х гадзін вораг зноўку стрэліў 2 гранаты ў буьлбяное поле перад намі. Мы паскорылі сваю працу. Бронемашына з лёгкай зеніткай і 7 маленькіх процітанкавых гарматаў першымі перасяклі зараз наш новы мост і адразу занялі пазіцыі ў 200 м перад намі. Як толькі яны адкрылі агонь па ворагу, мы хуткім тэмпам адступілі. Гэта было цалкам сваечасова, бо падчас нашага адыходу, палова эшэлона ішла па канавам справа, другая зьлева ад дарогі, вораг паслаў нам усьлед моцны агонь. Дзьве з гранат трапілі прама ў прыдарожную канаву ў 10 м перад намі. Агонь быў яшчэ надта моцны, калі мы дабраліся да вёскі, дзе й паабедалі. Адтуль нас забралі на машынах, якія адвезьлі нас назад у той лес, дзе мы былі 20.7. Да сьмерці стомленыя ад шматлікіх перабежак і нялёгкай працы мы адразу заваліліся спаць у хутка пабудаваных палатках. Абстрэл, пад якім мы былі, складалі пераважна мінамёты, кулямёты і шрапнэль. Калі мы пакінулі наш лагер 25.7., мы налічылі каля дарогі ў вёсцы, дзе стаяў наш батальён, 103 нямецкія магілы.


Казармы ў Магілёве


Увечар 25.7. мы зьняліся з месца і занялі кватэры ў адной з казарм у прадмесьцях Магілёва. Там мы прабылі адзін дзень. Перад казармай стаяў атрад лёгкай артылерыі 10;5, які яшчэ пакрываў горад Магілёў стрымальным агнём.


У Магілёве


26.7 мы пайшлі напрамую на Магілёў. Ён стаяў у агні. Магілёў мае прыкладна 60 000 жыхароў. Палову ночы мы прыбіралі з вуліц абломкі, тэхніку, забітых коней і людзей, каб забясьпечыць транспартны рух. Каля 11 гадзін мы пайшлі паспаць у вялікі спалены будынак. Калі каля 3:30 27.7 пачало сьвітаць, мы працягнулі сваю працу. Каля поўдня мы скончылі. У адном разьбітым артылерыяй будынку мы знайшлі 6 уніформ і дэталей адзеньня нашых мужных СС хлопцаў. Верагодна гэтыя таварышы трапілі ў палон і былі забітыя саветамі.


Палатачны дагер каля Дняпра


27.7. пад вечар мы разьбілі наш лагер каля Дняпра ў 1 км на ўсходзе ад Магілёва. Нашай новай задачай было пабудаваць цераз раку 16 тонны мост даўжынёў 97 метраў. Мы адразу прыступілі да працы. Адзін атрад шукаў дрэвамацерыялы і знайшоў пілараму, якая была яшчэ ў працоўным стане. Кіраўнікі гэтай майстэрні сказалі, што майстэрня павінна запрацаваць да 4-х гадзін раніцы 28-га. Калі я ранкам выйшаў разам з астатнімі з палатак, коміны ўжо дыміліся і дзьве піларамы мурчалі, нібыта быў мірны час. Такім чынам мы паставілі патрэбны мост у загаданы час.


Лес пад Мсьціславам


31.7. ў 8:30 раніцымы паехалі далей у паўднёваўсходнім напрамку…




---> Чакайце працяг !!

Комментариев нет:

Отправить комментарий