08.02.2017

Пра жыцьцё шляхты ў РП і ВКЛ

Яшчэ адзін цікавы ўрывак з кнігі Марціна Цайлера "Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага" (Ульм, 1657 г.), якую я зараз перакладаю (39% гатова), пра жыцьцё і звычаі шляхты.
ст.10-11

   Starovolscius кажа, што не толькі тыя, што належаць да шляхетнага роду, карыстаюцца замежнай тканінай і футрам, але ходзюць апранутыя ў шоўк, пурпур і золата таксама і тыя, што належаць да нізкага і агульнага стану; упрыгожваць коней срэбрам, есьці з срэбнага посуду, узмацняць срэбрам алтары нават у вёсках цяпер стала агульным; таксама прынята прыбіраць сябе срэбрам, золатам, перлінамі і каштоўнымі каменьнямі; і не засталося нічога іншага, як толькі пачаць есьці золата і срэбра. Пагэтаму як раз, паміж імі ўспыхвае шмат пастаянных спрэчак; і людзі таксама ўжо больш не так старанна выконваюць вайсковыя абавязкі. І кажа далей, што людзі праз гэта жывуць вельмі велічна, і вялікія паны большую частку сваіх прыбыткаў марнуюць на спецыі і віно. Часткова можна знайсьці такіх, што робюць для сваёй асобы да 60-ці вельмі каштоўных строяў; апранаюць нават сваіх лёкаеў так сама раскошна; і большую частку сваіх уладаньняў, ці маёмасьці, марнуюць на тое, каб яны маглі хадзіць у атачэньні толькі сваіх высакародна апранутых людзей, як жанчын, так і мужчын. То вялікая раскоша наводзіцца таксама на драўляныя хаты і будынкі, якія аднак ёсьць нішто іншае, як вартыя быць спаленымі прыгожа складзеныя кучы бярвеньня. Хадзіць пеша, асабліва на далёкія адлегласьці, лічыцца не зусім годным: таму для мужчын і жанчын павінны мецца карэты і вазы з 6 конямі; хаця мужскія асобы больш скачуць верхам, чым едуць.
   Польскі біскуп Piasecius паведамляе, калі у 1589 годзе кароль Жыгімонт з дазволу палякаў адправіўся ў Рэвал у Ліфляндыі да свайго пана айца, караля Швэцыі Ёгана , зь ім выступілі некаторыя польскія паны з вялікай колькасьцю людзей і сярод іх Крыштаф Радзівіл , ваявода Віленскі, з больш чым тысячай асобаў. Калі ж кароль Ёган загадаў забясьпечыць гэтых гасьцей правіянтам, і ўзгаданаму пану Радзівілу было прызначана 2 быка; нехта аднак сказаў, што ў яго ж вельмі шмат прыслугі; на гэта распарадзіцель адказаў, што тады яму трэба было даць такую самую колькасьць коз; паказаўшы гэтым, што швэды былі значна больш эканомныя за палякаў, якія праядалі ўсе прыбыткі і часта праз гэта траплялі ў жабрацкае становішча.

ст.18-20

   Адносна раней узгаданай шляхты ў Польшчы і Літве, то яна раней была вельмі вялікай, аднак у наступных войнах надта паменшылась.
   Яны ўсе маюць аднолькавую годнасьць, і не глядзяць там, ці ён граф, ці герцаг. Паколькі яно не надае ніякага асаблівага стану, ніхто зь іх не ўздымаецца вышэй за рыцарскі стан, а іншыя са шляхты разглядаюцца толькі як прыналежныя да старажытнага і славутага роду; і той з Радзівілаў, што атрымаў ад Рымскага Імпэратара тытул герцага, мусіў тлумачыць прычыну гэтага; quasi ille morem Reipublicæ anteverteret, unde omnis titula nobilitas exularet (Паколькі гэта нібы супярэчыць звычаю Рэспублікі, і адпаведна робіць падобныя шляхецкія тытулы пазаконнымі), кажа вышэй прыведзены Fredro, p. 92. Яны захоўваюць таксама і той тытул, як гэта бачна на прыкладзе герцага з Ossolin, ці Ossolinski, які ў 1637 годзе на курфюрсцкім пагадненьні ў Рэгенсбурзе быў зроблены князем Сьв. Рымскай Імпэрыі. Аднак калі імпэратар Максіміліян Першы захацеў узьвесьці польскіх Senatores, якія са сваім каралём Sigismundo прыбылі ў Вену, часткова ў герцагі, а часткова ў графы, то яны выказалі за гэта падзяку імпэратару і засталіся пры сваіх шляхецкіх тытулах; як зноўку паведамляе Fredro. ...
   Яны так высока трымаюць свой шляхецкі стан, што гэты стан вельмі цяжка атрымаць таму, хто нарадзіўся не шляхтай. І чужак, калі ён нават належыць да добрага і высокага шляхетнага роду, мусіць моцна заслужыць перад палякамі, калі ён хоча атрымаць у гэтым народзе шляхетную годнасьць і правы, пасьля агульнага ўхваленьня ўсімі прадстаўнікамі.
   Boterus піша, што самы вялікі пан у Польшчы атрымлівае не надта больш за 25 тысяч крон штогадовага прыбытку. Аднак біскуп Piasecius паведамляе, p. 323 ў Janussus, што герцаг Астрожскі, кашталян Кракаўскі памёр у 1619 годзе без спадкаемцы мужчынскага полу, пакінуўшы толькі адну дачку, і паводле багацьця быў аднолькавы з рымскім Crasso; у свой час ён за свае ўласныя сродкі ва ўсіх ваенных паходах Каралеўства харчаваў палкі і абавязаў сваю Fideicommis -спадчыну, каб за яе выдаткі ў лагеры Польскай Republic стала знаходзілася 600 узброеных вершнікаў супраць суседніх ворагаў з зямлі Рускіх; што адбываецца і дагэтуль. І ён пакінуў пасьля сябе трыста тысяч вянгерскіх дукатаў наяўнымі грашыма, і вельмі вялікую колькасьць агульнага капіталу, таксама і каштоўных каменьняў, залатых і срэбных хатніх прыбораў, і асобна вялікую колькасьць разнастайных калекцыйных рэчаў. У 1631 (піша ён далей на старонцы 423) адышоў Andreas Lipski, біскуп Кракаўскі, пакінуўшы 900 тысяч польскіх гульдэнаў наяўнымі грашыма, акрамя каштоўных хатніх прыбораў і шматлікіх напоўненых адрын. То Autor Poloniæ defensæ, p. 126 і 127, паведамляе, што яны валодаюць настолькі шматлікімі падобнымі па велічыні спадчыннымі надзеламі, раскіданымі па розным землям каралеўства, што калі іх сабраць разам, то лёгка можа атрымацца плошча ад 20 да 30 міль. Ён ведае шмат тых, якія маюць 100, 200, 300 і больш вёсак, 20 ці нават 30 гарадкоў. Не мала тых, што са сваіх аколіц могуць павесьці тысячу пешых і тысячу конных, у лёгкіх даспехах, якіх называюць Casacos і Dragones, а часткова нават 3 ці 4 тысячы; паміж якімі поле падзелена так, што, калі хоць якая плата будзе даданая, яны, калі іх пан загадае, выходзяць на вайну. ... Ён таксама дадае, колькі польскія паны трымаюць людзей і рознай чэлядзі, і кажа на 133 старонцы, што ведае аднаго, які па-за вольным табелем штогод дае 5 і 6 тысяч італьянскім музыкам. Часткова яны стала трымаюць пры сябе 100 драгунай, вядома нямецкіх, 100 казакаў і 100 венграў пяхоты, якіх яны называюць Haidukos; і менавіта альбо ў якасьці целаахоўнікаў, альбо дзеля велічы. Калі аднак яны выязджаюць да Сойма ці да іншай публічнай службы, то бяруць з сабой у 3 ці 4 разы больш людзей. Часткова яны трымаюць 200, 300 і больш коней. Аднак пра гэта ўжо было крыху сказана вышэй.
   Хачу адзначць яшчэ толькі, што шляхта мае сваю годнасьць і славу вышэй за іншыя, атрыманыя ад кіруючых ці грамадскай службы пасад: і што пазашлюбым дзецям ані дазваляецца весьці радавое імя, ані даецца магчымасьць на атрыманьне яшчэ нейкай спадчыны.
   Дык з гэтай шляхты складаецца найбольшая вайсковая моц каралеўства, якая на свае грошы, праз трох restes, ці каралеўскі загад, можа быць скліканая разам у месячны тэрмін. Часам склікаецца толькі шляхта адной правінцыі, і падобны сход іх называецца Pospolite. Частка шляхцічаў называецца чвартакамі, бо яны атрымліваюць чвэрць ад каралеўскага прыбытку, і таму перад усімі іншымі мусяць стала знаходзіцца ў гатоўнасьці; што было ўведзена каралём Sigismund. Augustus.

ст.28

   Наконт іх войнаў трэба адзначыць яшчэ, што яны цягаюць з сабой вельмі вялікі абоз, значна больш чым салдатаў, аднак ніякіх жанчын; той абоз потым хутка з’ядае ўсе запасы, як таксама і залішніх ды бескарысных коней. Таму потым піша іх уласны біскуп, Paulus Piasecius in An. 1634 p. 477, наступнае: Perpetuum malum Castrorum Polonicorum, in quibus si sint decem millia bellatorum, ad minus 50 millia Calonum, totidemque equorum superva caneorum possunt numerari: Honestas tamen in eis es major, quam in cæteris Christianorum Castris; quia nulla scorta circumducunt (Вечная бяда польскага лагера ў тым, што ў ім на 10 тысяч ваяроў можа налічвацца па меншай меры 50 тысяч абозу, шмат залішніх коней і сабакаў: аднак ён выклікае павагу больш, чым лагеры іншых хрысьціян, бо не мае вакол сябе шлюх).

// яшчэ невялічкі прыклад прагі шляхты да празьмернай ежы з апісаньня Смаленскай аблогі 1633 г.//
ст.60

   І ў гэтым годзе максавіты, раней чым скончылася замірэньне, абклалі Smolensco і з плюндраваньнем і спусташэньнямі люта атакавалі ліфляндскія межы. Аднак кароль Uladislaus з герцагам Крыштофам Радзівілам, вышэйшым палкаводцам Літвы і ваяводай Віленскім, прыйшлі на дапамогу абкладзеным. Затым ён на працягу некалькіх месяцаў займаўся маскоўскім лагерам, у якім таксама знаходзілася 6 тысяч немцаў са старым палкоўнікам Аляксандрам Лесле. Аднак нарэшце палкаводзец маскоўцаў Scoinus капітуліраваў у сакавіку наступнага году, асабліва пасьля уцёкаў немцаў, якія змагаліся непахісна без дому і агню, аднак вымушаныя былі сыйсьці праз нястачу і голад (што маскоўцы лепш могуць перанесьці, бо яны звыклыя да свайго клімату і могуць задавольвацца невялікай колькасьцю гародніны, нават і не варанай). Палякі самі пакутвалі ад такой самай вялікай нястачы правіянту; хаця яны на пачатку і знайшлі ў той мясцовасьці вялікую колькасьць усяго патрэбнага для людзей і коней. Аднак нястрымны абоз за некалькі дзён пажраў столькі, колькі хапіла б на некалькі год, і таксама нямала, у асаблівасьці быдла, увялі на Літву.

Комментариев нет:

Отправить комментарий