27.06.2021

Памінальная малітва, 1654 г.

Дзякуючы пану Айзэнбергу атрымалася выцягнуць на дзённае сьвятло частку гісторыі Магілёва, якая даўно лічылася страчанай назаўсёды.
Гаворка ідзе пра памінальную малітву ("азкара"), якую магілёўскія габрэі што год чыталі ў пост Гедальі ў памяць пра разьню 09.1654г., калі казакі Паклонскага зьнішчылі ўсю габрэйскую суполку горада.

Гэтую малітву працягвалі чытаць да першай паловы ХХ ст, а потым камуністы і нацысты зьнішчылі тых, хто памятаў яе...
Аднак дзякуючы гісторыку Шыману Дубнову тэкст гэтай малітв захаваўся ў зборніку "Пардэс" (Адэса 1892-1896) і цяпер зноўку даступны шырокай публіцы.

Поўны артыкул Ш. Дубнова я пастараюся перакласьці пазьней, а пакуль што тэкст малітвы (і крыніцы, адкуль яна ўзятая) можна пачытаць тут: беларуская версія  +  расейская версія.
Пераклад і арыгінал дададзены таксама ў "Архіў тэкставых дакументаў".





21.06.2021

"Людзі з мінулага", 1926

Верш на ідыш ад магілёўскага эмігранта з Амерыкі.
"Людзі з мінулага", Аврэймэл, 1926
Там, дзе Дняпро зьмяіцца
на шляху сваёй усьмешкі,
Там, дзе габрэйская галеча
расьцягнулася ў далінах,
Там, дзе ад хасідскага "граха"
раздуўся "ташліах", -
Там стаяла "маці"
і "горад ізраэлітаў"...