25.10.2013

Ода Кацярыне ІІ ад габрэяў Магілёва (1780)

Ода была напісаная па заказу Магілёўскай габрэйскай абшчыны ў 1780-м годзе з нагоды прыбыцьця ў горад Кацярыны ІІ.
"Далей" - кароткая інфармацыя і мой вершаваны пераклад оды, што быў апублікаваны на Магілёўскай гістарычнай канферэнцыі ў чэрвені 2013.

Поўная назва твора: "Песьня ўсхваленьня і ўдзячнасьці для абшчыны Ізраіля, якая ў горадзе Магілёве, з нагоды прыбыцьця да іх Вялікай Імпэратрыцы Катарыны Другой, Уладарніцы ўсех зямель Русі, няхай узнясецца Яе хвала і ўзвысіцца Яе царства, калі яна праходзіла тым ўляхом у 5540-м годзе ад стварэньня (1780)."

    У 1772-м годзе паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка сучаснай Беларусі зрабілася часткай Расейскай Імперыі. Калі габрэйскае насельніцтва гэтай тэрыторыі атрымала расейскае падданства, ім былі абяцаныя роўныя правы “без падзяленьня паводле рэлігіі ці нацыянальнасьці“. У 1780-м Кацярына ІІ прыехала ў Беларусь каб сустрэцца з Ёзафам ІІ Аўстрыўскім. У ты час было прынята, вітаць і выказваць пашану хвалебнымі вершамі кіраўнікам і іншым высокапастаўленым асобам, і габрэі далучыліся ў гэтым звычаі да іншых этнічных суполак. Кацярына прыбыла ў Полацак 19.05.1780, у Магілёў 24.05.1780, у Шклоў 30.05.1780. Паводле Габрэйскай энцыклапедыі (Jewish Encyclopedia, NY, 1901-1906): "Кацярына ІІ наведала горад у 1780-м і была прынята габрэямі з вялікай радасьцю. Яны ўпрыгожвалі плошчы кветкамі і ўсталявалі арку з надпісамі 'Мы радуемся як у часы цара Саламона'. Яны таксама арганізавалі музычны аркестр, каб граць і ўдезнь і ноччу."

    Твор надрукаваны на двух мовах (іўрыце і нямецкай) на 8 старонках. Ні на тытульнай старонцы, ні ў тэксце твора не пазначаны аўтар, таксама не пазначаны не перакладчык, ні месца публікацыі. Паводле артыкула Хаіма Барадзянскага (Бар-Даян), "Di Loyblider le-koved Katerine II un zeyere mehabrim" (Historishe shriftn, т. 2, ст. 531-535), паэма была напісана ў стылі і рытме тыпічным для Вэсэлі (гл. ніжэй). Пераклад мае відавочны стыль Мэндэльсона (гл. ніжэй), які перакладаў на нямецкую мову ўсе паэмы Вэсэлі. Нафталі Гэрц Вэсэлі меў асабісты кантакт з Барухам Шыкам (гл. ніжэй), сынам рабі з Шклова. Няма дакладных доказаў, але вельмі верагодна, што менавіта Барух са Шклова папрасіў найвядомага паэта таго часу, Вэсэлі, напісаць хвалебныя паэмы для абшчын Шклова і Магілёва. Гэта тэорыя падтрымліваецца кнігай Валянціна Генрыха Шмідта і Даніэля Готліба Герхардта Мэрінга "Neustes gelehrtes Berlin" (Berlin, Maurer, 1795), якая зьмяшчае сьпіс падрыхтаваны самім Вэсэлі, ці яго блізкімі вучнямі, усіх вершаў складзеных ім і перакладзеных Мэндэльсонам. Дзьве хвалебныя паэмы для Шклова і для Магілёва знаходзяцца сярод іх (т. 2, ст. 261). Тытульны ліст магілёўскай паэмы напісаны ў такім жа стылі і надрукаваны такім самым шрыфтам, які і іншыя хвалебныя вершы Вэсэлі надрукаваныя ў Бэрліне, дзе ў 1771-1782 былі апушчаныя прозвішчы друкароў/выдаўцоў.

Нафталі Герц Вэсэлі (Вайзэль; 1725, Гамбург – 1805, там жа)
габрэйскі паэт, філолаг, перакладчык, адзін з найвыбітных дзеячаў Аскалы (руху габрэйскай "асветы"). У юнацтве вывучаў рэлігію, мовы і сьвецкія навукі. Займаўся камерцыяй, з 1774га года працаваў у Берліне разам з Маісеем Мэндэльсонам.

Маісей Мэндэльсон (1729, Дэсаў – 1786, Бэрлін)
габрэйскі філосаф і перакладчык. Заснавацель Аскалы. Яго ідэі ляглі ў аснову будучых рэфармацыйных рухаў юдаізма і сталі першым крокам на шляху масавага адыходу габрэяў ад традыцыёнага ладу жыцьця.

Барух бэн Якаў Шык са Шклова (Шкловер, 1744, Шклоў – 1808, верагодна Слуцк)
равін, папулярызатар навукі сярод усходнеэўрапейскага габрэйства, аўтар, перакладчык і друкар кніг на іўрыце. Працаваў судзёй у габрэйскім судзе Менска. Пасьля вучыўся ў Агліі і Нямеччыне. Аўтар перакладаў на іўрыт сучаснай яму навуковай літаратуры Эўропы. Пад канец жыцьця быў урачом князя Радзівіла.


1.
Усхвалім Бога ў гэты дзень, і оду новую Яму сьпяем,
Імя Яго ўсхвалім, бо добры Ён, і ўзгадаем яго дзеі.
У дзень прыбыцьця сэрцаў радасьці, у дзень прыбыцьця прыгажосьці ўсіх вачэй:
Вялікае Катрыны, кароны ўсіх дачок,
Яе абраў Ўсесільны, каб яна царыла.
Прамовіў Ён: цябе пабачыў Я, бо нет табе падобных ў сьвеце.

2.
Я дам табе народы ў рукі, пануй над нацыямі! Чалавек,
якога я любіў, будзь міласьціва зь ім!
Дачка мая, спасьціг цябе Я, вывучыў глыбіні твайго сэрца.
Паўстань й царуй, табе пазычыў Я зычлівасьці жазло,
І пасьві ім Мой статак, статак, які пасьвіў Я.
Не бойся, бо і моц, і мудрасьць маю для цябе.

3.
Высока трон Твой, Бог, пад ім струменіцца сьвятло.
Нябёсы ўпрыгожваньне яго падножжаў, сыпяць іскры сьвету,
Імкнуць іх на галовы ўладароў, каб мудрасьць ім сышла,
Адтуль сышло сьвятло на дочкі любай галаву,
Пятлёй любові чалавечай пасада прывязала ёй
І радасьць каралёў, і весялосьць сірот ды жабракоў.

4.
Мы сьведкі ў тым, што вельмі добры нам яе дары,
Для Якава яна, бо ён малы, як літасьціва маці,
Яе слоў выканаўцы добры ўсе і праведныя разам.
Жазло яе для справядлівасьці аплот, злачыннасьці яно нясе паразу,
Усім зьнясіленным злачынствам вузлы яна разьвяжа няўдач,
Суцэльнае дабро ў яе правіцы, у левай жа - улада й жах.

5.
Сваёй рукой стварыў Ты цьвёрдасьць сэрца ёй,
З часоў, калі прыдбаў яго шляхі, на ім Ты напісаў:
"Прышпілі мантыю закона і мітру дабрачыннасьці надзень,
Для добрых будзь як маці, падтрымкай для зьнясілых і храмых,
Свой жах нацэль на ворагаў тваіх, на плечы непакорлівых злачынцаў,
Я мужнасьць і магутнасьць даў табе, падзеньня не пабачыць тваё царства".

6.
Падобна львінай моц і мужнасьць яе сэрца,
Калі леў паўстае, хто не падзе ад жаху перад ім?
Тогарма войска зьнікла, магілай стала поле бою ім,
Перамаглі іх як ільвят яе героі,
Ад рук геройскіх юнакоў і конь і вершнікі заснулі сьмерці сном,
Яе імя паўстала між народаў, хістаюцца тыраны ў неспакоі зноў.

7.
Яе руку адчулі на сабе марскія далі,
Каля Элісы, там яна разьбіла ворагаў эскадры,
Мячом і пажыраючым агнём ператварыла іх у прах.
Але вакол яе геройскага вянца струменіцца як стужка дабрачыннасьць,
Каб тым, хто просіць міра, літасьць дараваць.
Калі народы чуюць гэта, у іх вачах яна нібыта скарб сусьвету.

8.
Цьвярдыня! Калі ўлада й моц адданы ў праведнага рукі,
ці ён да велічы імкнецца? І калі яго рука над ворагам занеслась,
То зьзяньне літасьці зьяўляецца з высот яго стальца.
Як небасхіл, што пакрывае шар зямны,
Даў зорак неба нам сьвятло сярод цямрот сваіх,
Так і сьвятло аблічча ўладара, таксама змрок працяне яго гнэва.

9.
Няхай сьвятло стальца Катрыны заўсёды зьзяе нам,
Як лісьцю ссохламу раса, так велізарна лаская ейная да нас.
І праведныя ўсе яе шляхі, няма заганы ані кроплі сярод іх.
Яе ж зямля - дом пражываньня, і велічныя крокам там жывуць.
Раскінула яна шацёр сваёй падтрымкі над кажнай нацыяй зямлі,
Як той, хто іх стварыў, Айцец іх, Бог усіх народаў.

10.
Як мора, да якого ймкнуцца рэкі ўсіх краёў,
Таксама й да цябе прыхільныя народы кожным сэрцам.
Не пагарджай сваім прарокам Ты, Ўладар і Творца чалавечых сэрцаў.
Народы да Цябе зьвярнуць свае мальбы, каб яе царству мір Ты дараваў:
О Бог! Няхай народ Твой знойдзе ласку у вачах Тваіх,
Няхай маленьні нашыя да залы Тваёй Славы ўзьнясуцца!

11.
Узрадуй нашу пані, Бог жывы, сьвятлом Твайго яскравага аблічча,
Як статак Твой Ты ўзрадуеш яго сьвятлом,
Бо ўзважваеш на шалях Ты людскія справы і народаў звычкі.
Вянец выратаваньня ніццю боскай літасьці прывязаны да дзён,
Каб штодзень пакрываць людскія дзеі, бо ў злачынстве з галавой загразлі мы.
Праз мір царыцы нас узрадуй мірам, як вада пустыню.

12.
Няхай блаславеньняў бяз меры пашлюць нябёсы зьверху,
Багацьцяў скарб дастануць зьнізу глыбіні зямлі,
І нашай пані велічнай царыцы даставяць разам усе свае дары.
Ахвяры вечныя ёй астравы нясуць марскія,
Здабудуць для яе зямель сваіх дабро і мораў скарб,
З усіх напрамкаў ветру, з сусьвету ўсіх бакоў.

13.
Жыцьця ёй годы дай, няхай заўжды мінае зло яе.
Калі ж яна састарыцца, няхай жа як арол адновіць свае дні,
Бо яна скарб сьвету, дар Твайго ахвяраваньня.
Няхай заўсёды будзе ціхамірным палац яе, і мір яе стальцу.
Народам мір пашлі, суціш рыданьняў голас.
Напоўні яе волю блаславеньнямі спаўна.

14.
У нашай пані радасьць, героя ратнага даў Бог наш ёй,
Паўла Пятровіча, карэньне мудрасьці яна ў ім насадзіла.
Няхай пад небам узвялічыцца яго імя даўгачаканнае давеку.
Мы заклікаем да Цябе, яго Ты барані як вока зрэнку.
Пладзі як вінаград выбранніцу яго, і як віно яе душу узрадуй.
Як вербы, што над плыняй вод, мы молім, насадзі яго нашчадкаў.



Комментариев нет:

Отправить комментарий