03.08.2023

Магілёў 1699 - вачыма нямецкага пасла

Кароткае апісаньне горада ад Яна Георга Корба (Korb Johann Georg, 1672-1741), які суправаджаў пасьля Сьвяшчэннай Рымскай Імперыі ў Маскву да Пятра І. На адваротным шляху місыя рушыла праз Магілёў, што знайшло адлюстраваньне ў дзёньніку пана Корба.
Дзёньнік быў выдадзены на латыні і некалькі разоў перакладаўся на расейскую.

Дзёньнік падарожжа ў Масковію шаноўнага і шляхетнага пана Ігнація Хрыстафора дэ Кварыент і Раль, Сьвяшчэннай Рымскай імперыі і Вянгерскага каралеўства кавалера, Сьвяшчэннай Імператарскай Моцы прыдворна-ваеннага дарадчыка, ад Самага Велічнага і Непераможнага Рымскага Імператара Леапольда 1 да Найвысокага і Самадзяржаўнага Цара Вялікага Княства Маскоўскага Пятра Аляксеіча ў 1698 годзе надзвычайнага пасла.

Жнівень 1699 г.

10. - У адной мілі ад Магілёва была пераправа цераз Барысфен, на пераадоленьне якой мы страцілі тры гадзіны. Граф Бергаміні, начальнік лёгкай кавалерыі, які прыбыў у Масковію адначасова з намі але безвынікова і не павідаўшы Цара вярнуўся да сваіх салдат, накіраваў першае прывітаньне Пану Паслу.
   Палкоўнік Начальнік Гарадской Варты паводле загаду Генэрала дэ Бэйста з сотняй сваіх салдат з належнай пашанай прывітаў Пана Пасла на другім беразе ракі і суправадзіў да Магілёва; Пан Генэрал дэ Бэйст, які быў праінфармаваны належным чынам пасьля нашага прыбыцьця, павітаў нас праз Аўдытара свайго палка і паведаміў, што наведае нас. Але гэты візыт быў з павагай адхілены; і сустрэча іх абодвух была перанесеная на заўтра. Між тым, аднак, дзеля аховы ў нашае распараджэньне быў выдадзены капрал з васьмю салдатамі.

11. - У Магілёве на наступны дзень мы агледзелі новы езуіцкі храм і таксама іншы кармеліцкі. Бернардынцы таксама акрамя велізарнага Базыліянскага кляштара свой манастыр маюць; адзін далікатны бернардынец прасіў у нас міласьціну, пра яго нам распавялі наступнае. Гэты манах быў жабраком некатолікам; і даўно ўжо вырашыў перайсьці ў рукі нашай слушнай веры, аднак евангелікі, што жывуць у гэтым месцы, шукалі магчымасьць зьмяніць намеры добрага чалавека, і калі ён больш не мог цярпець іх надакучаньні, тады нарэшце адказаў аднаму з іх: я не хачу быць католікам, але бернардынцам; нібыта гэты ордэн не належыць да каталіцкай рэлігіі. Пан Пасол прымаў вячэру ў генэрала дэ Бэйста, якому даў у падарунак двух авец астраханскіх, рэдкіх жывёлін для гэтага рэгіёну. Мы арэндавалі васямнаццаць коней, за кожнага аддалі па пяць імперыялаў; каб даставіць нас у горад Менск без перапынкаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий