03.08.2023

Магілёў 1697 - вачыма маскавіцкага дыплямата

Падрабязнае апісаньне горада ад маскавіцкага дыплямата, графа Пятра Андрэевіча Талстога (1645 – 17.02.1729), які спыняўся ў нашым горадзе падчас свайго падарожжа ў Еўропу ў 1697 г.
Тэкст узяты з кнігі “Падарожжа стольніка П.А. Талстога па Еўропе (1697–1699)”, надрукаванай у 1992 годзе паводле падарожных нататак аўтара.

Падарожжа стольніка П.А. Талстога па Еўропе (1697–1699)

Сакавіка ў 29 дзень.

   З вёскі Воінава прыехаў пераначаваць у сяло Лупанава, ад вёскі Воінава 3 мілі; у тым месцы належала мне ехаць каля ракі Дняпро па левым боку. Тое ўзгаданае сяло Лупанава насупраць горада Магілёва на беразе ракі Дняпро.

Сакавіка ў 30 дзень.

   Пераехаўшы цераз раку Дняпро на пароме, прыехаў у горад караля Польскага ў Магілёў. На тым перавозе немалы адбыўся канфуз, то-бок замяшанне магілёўскіх начальнікаў, з-за таго што магілёўцы мелі некаторыя асцярогі і перавозіць маскоўцаў цераз раку Дняпро ў Магілёў не дазвалялі. З нагоды таго замяшання хадзіў я да ратушы з праязной вялікага гасудара граматаю, дзе, паглядзеўшы тую грамату, бурмістры адаслалі мяне з той праязной граматай у верхні горад. У тым верхнім горадзе, паглядзеўшы тую грамату, адаслалі мяне з той праязной граматай да падворка аднаго начальнага чалавека, які быў у той час дасланы ад гетмана літоўскага, ад Сапегі, у Магілёў і які завецца пан Бурба. Той узгаданы Бурба, паглядзеўшы тую праязную грамату, загадаў мяне з усімі маімі людзьмі і рэчамі перавезці цераз раку Дняпро і загадаў мне стаяць на прадмесці, але не ў горадзе, а ў горад мяне загадаў пускаць час ад часу, дзеля кожнай патрэбы, якая ўзнікне. І стаяў я на прадмесці на двары ў месціча, які быў пабожнай грэцкай веры.
   Горад Магілёў вялікі, і каля горада прадмесці вялікія, шмат у прадмесцях садоў. Той горад Магілёў значна большы за Смаленск. Наўкол прадмесцяў вал Земляны, ад ракі Дняпра пачынаецца і зноўку да ракі Дняпра вяртаецца. Верхні вал таксама земляны, надта высокі; у горад вядуць дзве брамы мураваныя ды дзве драўляныя; вежаў наўкол няма.
   У Магілёве жывуць купецкія людзі. Той горад мураваны завец- ца каралеўская эканомія, то бо каралеўскі прыдворны, а палякі проста завуць той горад каралеўскай кухняй.
   Жыхары, магілёўскія месцічы, усе пабожнай грэцкай веры. У Магілёве манастыр пабожны, завецца Брацкім, жывуць у ім манахі. Каля таго манастыра агароджа мураваная, і царква ў ім саборная, таксама мураваная, немалая, прыгожай будоўлі. У тым самым горадзе другі манастыр пабожны маецца, завецца Спаскім; у ім царква драўляная. На прадмесці тры царквы мураваныя ды восемь драўляных – агулам 11 цэркваў пабожных; ды за валам, дзве вярсты ад Магілёва, манастыр мужчынскі, у ім царква мураваная прыгожай будоўлі; ды за горадам таксама манастыр Мікалаеўскі, а ў ім жывуць манахіні пабожнай грэцкай веры, у тым манастыры царква мураваная прыгожай будоўлі.
   На прадмесці надта шмат заможных дамоў месцічаў будоўлі мураванай, шматлікіх дамоў прыгожай і драўлянай добрай будоўлі таксама шмат. У тым горадзе Магілёве шмат жыве габрэяў, і надта заможных, і дамы яны маюць прыгожыя. Дамоў месцічаў у Магілёве-горадзе і на прадмесці каля 20 000 дамоў, а жыдоўскіх каля 10 000 дамоў. У тым горадзе вуліцы брукаваныя дзікім камнем. Гандлёвых радоў у Магілёве шмат, у якіх надта шмат на продаж усялякіх тавараў прыгожых; у радах лаўкі мураваныя.
   У тым горадзе няшмат людзей рымскай веры, і касцёлаў рымскіх у Магілёве толькі два, і тыя вельмі небагатыя: адзін мураваны, надта старажытны, другі драўляны, у якім служаць езуіты; а мураваны касцёл называюць Фарай, і служаць у ім плебаны; ды на прадмесці царква рымская таксама драўляная, у той царкве жывуць законнікі рымскія. Алтары ў рымскіх касцёлах зроблены па рымскаму звычаю без агароджы і без дзвярэй, таксама і стальцы па іх заходняму звычаю; а для наведвальнікаў зроблены ў рымскіх цэрквах месцы, дзе, прыходзячы, і стаяць, і садзяцца.
   Таго самага дня быў я ў кармеліцкім касцёле. Тут зроблены ў алтар двое дзвярэй, накшталт як бываюць ва ўсходняй царкве – паўднёвыя і паўночныя, і напісаныя на іх выявы Мелхісэдэка і Аарона. Паміж тых дзвух дзвярэй зроблены сталец, а царскіх дзвярэй няма. У тым самым касцёле маюцца яшчэ пяць іншых стальцоў. У тым касцёле аздабленне святым іконам і стальцам добрае; выглядам касцёлы падобныя да ўсходніх цэркваў: і купалы на іх, і крыжы маюцца чатырохконцыя, і званіцы ў касцёлаў ёсць, і званы невялікія; бывае часам і дабравесцяць і звоняць, як у грэцкіх цэрквах у Малай Расіі, ачэпамі.
   У тым горадзе хлеб набываюць высокім коштам, ежы ўсялякай шмат, і рыбы жывой нямала, аднак таксама ўсё не танна. Уладар таго горада называецца віцэ-эканом, а падчас майго знаходжання ў Магілёве яго не было: быў у той час у Вільні, у гетмана Сапегі.

Сакавіка ў 31 дзень.

   То-бок у сераду Страснога тыдня, быў я ва ўзгаданым вышэй Брацкім манастыры ў перадасвенчаныя абедні. У тым манастыры царква саборная вялікая, у ёй 8 слупоў, каля шасці слупоў зробленыя хоры. Будоўля ў той царкве прыгожай разной працы залачоная. Тая царква ўся распісаная насценнымі роспісамі прыгожымі, іканастас разны, залачоны, вялікай, прыгожай працы. На Страсным тыдні ў той царкве іканастас цалкам і святыя іконы былі завешаныя завесай вішнёвай, і па той завесе намаляваныя Страсці Хрыстовы жывапісным добрым маляваннем. Служба ў той царкве вядзецца паводле грэцкага звычаю надта ўрачыста, святыя іконы у слупоў прыгожага малявання і надта багатым аздабленнем упрыгожаныя. Тая царква пабудаваная ў гонар святога Багаяўлення. У той царкве па абодвух баках па прыдзелу: адзін у гонар Сашэсця Святога Духа, другі ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы.
   Таго самага дня быў я за горадам у царкве Ўваскрэсення Гасподня. Тая царква драўляная; іканастас у ёй залачоны, разны і завешаны быў на Страсным тыдні таксама, як і ў узгаданым Брацкім манастыры, дзеля ўспаміну пра Святыя Гасподні Пакуты.
   Таго самага дня быў я ў рымскай мураванай царкве, дзе службу вядуць плебаны, то-бок белыя папы. Той касцёл невялікі, называюць яго ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. У тым касцёле будоўля па звычаю рымскаму: маюцца ў ім тры стальцы, аздаблення добрага і не. На правым баку ў тым касцёле зроблены Гроб Гасподні, на якім ляжала плашчаніца. Той гроб зроблены накшталт ложку і аздоблены рознымі мацерыямі, а па баках завесы. Па ім зроблена мноства люстраў, невялікіх і сярэдніх, а каля самай сцяны пастаўленае вялікае люстра, і здалёк позірку чалавечаму з’яўляецца вельмі перспектыўна. Каля таго гробу мноства лампад з алеем, якія былі запаленыя ў патрэбны час. У тым самым касцёле на хорах стаяць невялікія арганы.
   У Магілёве ж зноўку будуюць езуіты мураваны кляштар, то-бок манастыр немалы, пабудавана ўжо шмат таго кляштару будоўляй мураванай.

Красавіка ў 1 дзень.

   То-бок у чацвер Страснога тыдня, быў я ў царкве Ўваскрэсення Хрыстова. У той час у той царкве не было рытуалу мыцця ног па звычаю грэцкага закону, і ў саборнай царкве іхняй не робяць таго рытуалу. На літургіях, на екценнях падчас майго знаходжання ў Магілёве ўзгадвалі праваслаўных цароў, і вялікіх князёў, і паноў, і ўсё воінства, таму што ў той час караля яшчэ не абралі; таксама на екценнях узгадваюць сусветных патрыярхаў праваслаўных і кіеўскага мітрапаліта, таксама праваслаўнага. Святары маюць вопраткай кароткія рызы, а падрызнікі палатняныя, доўгія, белыя, і падолнікі пашытыя.

Красавіка ў 2 дзень.

   То-бок у Вялікі пяток, быў я на вячэрні ў Брацкім манастыры; вячэрня была ў той час у цёплай царкве. Тая цёплая царква мураваная, без зводаў, з накатнай столлю; іканастас у той царкве і ўсялякая будоўля – прыгожыя; пабудаваная тая царква ў гонар святога евангеліста Яна Багаслова. І як на вячэрні прапелі вершы, у той час з алтара святары вынеслі на главах плашчаніцу і панеслі ў вялікую саборную царкву Святога Багаяўлення; а святароў у строях было 5 чалавек, а дзякоў было ў строях 3 чалавекі. Як неслі святую плашчаніцу, у той час званы білі ў той царкве вялікай; тая плашчаніца намаляваная па беламу атласу; і паклалі тую плашчаніцу ў вялікай саборнай царкве перад царскімі дзвярыма. Пад тою плашчаніцай у саборнай царкве замест гроба быў стол, абіты палатном, а сенцы над плашчаніцай, і іншых надпісаў і лампад, і ніякага аздаблення і ўпрыгожвання не было. І як прынеслі ў вялікую царкву, у той час пелі верш «Прыйдзіце, улагодзім» і цалавалі плашчаніцу ўсе. Потым прамоўца казаў пропаведзь з катэдры пра ўкрыжаванне і пахаванне Гасподне, а ў Вялікую суботу вакол царквы там плашчаніцу не носяць.
   Той горад Магілёў па каралеўскім прывілеям вольны горад; а эканом месцічаў магілёўскіх нічым не кіруе, а судзіць іх ва ўсіх справах войт. Калі ехаць з маскоўскага напрамку, злева ад Магілёва бяжыць рака Дуброўна і ўпадае ў раку Дняпро каля самай магілёўскай сцяны.

Красавіка ў 3 дзень.

   То-бок у Вялікую суботу, быў я на абедні ў Брацкім манастыры і ў саборнай царкве таго манастыра. Цёмныя завесы былі адсунуты ад іканастасу, і прыбраная была тая царква аздабленнямі прыгожымі.

Красавіка ў 4 дзень.

   У ноч Святога Вялікадня, а пятай гадзіне пачаўся ў Магілёве у пабожных грэцкіх цэрквах благавест да ранішняй імшы, і я быў у той час на імшы ў Брацкім манастыры.
   Каля таго Брацкага манастыра, і ад брам гарадскіх, і са сцен падчас ранішняга спеву было нямала стрэл з гармат; таксама і ў іншых прыходскіх цэрквах пабожных падчас велікоднай імшы былі гарматныя стрэлы немалыя. Магілёўскія жыхары да ранішняй імшы на Вялікдзень яйкі не прыносяць.
   Таго самага дня, у Вялікдзень, слухаў я літургіі ў Брацкім манастыры ў саборнай царкве. Святую літургію служыў намеснік і з ім шэсць чалавек святароў ды тры чалавекі дзякоў – усе былі ў залатых строях, вельмі багатых. У той час ва ўсім іканастасе перад усімі святымі іконамі было запалена мноства вялікіх свечак найцудоўных, залачоных, і ў самых верхніх шэрагах запалена было таксама шмат свячэй. А як пачалі чытаць Апостал, у той час са шматлікіх гармат стралялі тройчы. Святое Евангелле чыталі святары і дыяканы, якія былі ў службе, – агулам Святое Евангелле чытала дзесяць чалавек: у алтары з іх чытала два чалавекі святароў перад царскімі дзвярыма, у царкве адзін святар, каля чатырох слупоў чатыры чалавекі, ад заходніх дзвярэй да амвона тры чалавекі дзякоў. І на чытанні Святога Евангелля на ўсякім клічы званілі па шэсць разоў і з гармат стралялі па аднаму разу; а як дачыталі Святое Евангелле, у той час стрэл быў з гармат вялікі. Як пачалі пець Херувімскую песнь, у той час стрэлілі з гармат адзін раз і ад паўночных дзвярэй шаноўных месцічаў 24 чалавекі выйшлі з вялікімі васковымі свечкамі, зялёнымі, і сталі насупраць алтара, і стаялі пакуль не скончыўся праход са святымі дарамі. У той час тройчы стрэлілі з гармат; раптам на словах Хрыстовых зноўку былі стрэлы з гармат; таксама стралялі падчас спявання прычасця; а на з’яўленні Святога Цела Хрыстова і Святой Крыві быў вялікі гарматны стрэл каля той Брацкай царквы і па ўсяму гораду; а потым стрэлілі шэсць разоў з гармат, і па адпушчэнні святой літургіі таксама з гармат тройчы стрэлілі. І як панеслі артус, ізноўку месцічы 24 чалавекі з вялікімі ўзгаданымі свечкамі ішлі наўкол артуса; і ў той час вялікі звон быў, пасля таго звону з адной вялікай гарматы стрэлілі.
   У Вялікдзень магілёўскія жыхары пабожнай грэцкай веры маюць звычай з дамоў сваіх нікуды не выходзіць, усе ў сваіх дамах знаходзяцца цэлы той дзень. У той час у цэрквах перад царскімі дзвярыма ставяць слупы ў знак Гроба Гасподня, дзе ляжала плашчаніца.
   Таго самага дня на вячэрні я быў таксама ў Брацкім манастыры; святароў у строях было 6 чалавек, дзякоў 3 чалавекі, і пасля вячэрні прамоўца на катэдры казаў пропаведзь вельмі прыгожую.

Красавіка ў 5 дзень.

   То-бок у панядзелак Святога тыдня, быў я на абедні ў Мікалаеўскім дзявоцкім манастыры. Там царква мураваная, іканастас вялікі залачоны; там падчас чытання Святога Евангелля, і на Херувімскім спеве, і на словах Хрыстовых, і на прычасці стрэл быў каля той царквы з трох гармат, і перад царскімі дзвярыма ставілі месцічаў з вялікімі прыгожымі свечкамі 14 чалавек. І таго самага дня была ў Магілёве працэсія, хадзілі са святымі крыжамі ад кожнай пабожнай царквы да царквы Ўваскрэсення Хрыстова. У той працэсіі святары ішлі ў строях і ў шапках сваіх, якія звычайна носяць. І перад царквой Уваскрэсення Хрыстова прачыталі Святое Евангелле, і прамоўца казаў пропаведзь перад царквой на катэдры у стыхары белым маткалінавым і ў патрахілі.

Красавіка ў 6 дзень.

   У аўторак Святога тыдня, быў я на абедні ў царкве Уваскрэсення Хрыстова, што блізка ад горада. У той царкве іканастас і аздабленні прыгожыя; каля правага крыла ў той царкве стаіць выява цудадзейнай Прасвятой Багародзіцы.
   Таго самага дня быў я ў доме магілёўскага месціча, якога завуць Захарія Алтуф’евіч. Дом той месціч мае немалы, будынак у двары мураваны, будоўля і аздабленне ў яго пакоях добрыя і посуду срэбнага нямала. Ад таго месціча клікаў мяне да сябе ў дом другі месціч магілёўскі, якога завуць Касковіч. Той месціч мае дом за горадам, за ракою Дуброўнаю; у доме яго будоўля драўляная, палацавая, прыгожая. І ўсе месцічы магілёўскія былі вельмі прыязныя да мяне, людзі добрыя і вельмі заможныя.
   Таго самага дня паехаў я з Магілёва ў свой належны шлях і, пераехаўшы раку Дуброўну пад горадам Магілёвам па масту, начаваў у лесе, ад Магілёва ад’ехаўшы на 2 мілі. Усяго майго знаходжання ў Магілёве 8 дзён.

Комментариев нет:

Отправить комментарий