20.06.2022

Суд над габрэем і уніяткай, 1748 г. ч.3

Драматычны фінал судовай справы 1748 супраць габрэя і хрысьціянкі за пазашлюбныя зносіны, здраду хрысьціянскай веры і верагоднае забойства ўласнага дзіця.
З першай часткай можна азнаёміцца ТУТ.
А з другой вось ТУТ.
З цягам часу дадам таксама расейскую і адаптаваную для простага чытача версію.

Працяг.

Году 1748 , месяца Декабра 20 дню.

   На прыёме сёняшнім, пасьля накіраваньня справы да вытворчасьці, за выклікам бакоў да слушаньня, ягамосьць пан Ёзаф Цяпінскі, падстольнік старадубаўскі, пракурор і рэгент Я. Кар. Моцы эканоміі магілёўскай, абнавіў скаргу сваю адносна ўзгаданых злачынцаў Абрама Міхалевіча і Параські Данілаўны, што ад веры сьвятой хрысьціянскай адступіла, а жыдоўскую веру прыняла, і ў пералюбе таемным з жыдом Абрамам Міхалевічам жыла, агульныя злачынствы папаўняючых, як яны самі дабравольна на першым і паўторным допытах і споведзях прызналіся суду, для якіх сьвятой і неадкладнай справядлівасьці, каб адсячэньнем галавы пакараныя, альбо жывымі спаленыя былі, паказваючы на абодвух злачынцаў ад суду патрабаваў і ў доказ прыводзіў права, з Парадку Права Магдэбурскага, з часткі першай, у слове “Аб акце судовым”, аркуш 51: “паміж жыдом і хрысьціянінам ніякага шлюбу быць не можа; а калі б у шлюб злучыліся, не інакш як судзімы маюць быць як тыя, што жывуць у пералюбе”; таксама, там жа: “жыд хрысьціяніна ў сваю сэкту канвертаваць не можа, а калі канвертаваў, то мусіць быць мячом пакараны”. Таксама Люстра Саксонскае, частка: Жыд, аркуш 533, прыводзіць з таго закону пункты сёмы, восьмы і адзінаццаты, з сёмага: “калі нейкі жыд хрышчонага жыда чапаў, альбо яму крыўду якую ўчыніў, альбо пхнуў, альбо ў яго нечым кінуў, тады мае быць спалены з усімі сваімі памочнікамі”, з восьмага: “каб жыды нічога гэткага рабіць не сьмелі, што было б на абразу веры хрысьціянскай”, з адзінаццатага: “каб ніводны жыд не сьмеў хрысьціяніна ў сваю веру канвертаваць, а калі гэткае зрабіў, галаву страціць”, у дадатак прывёў закон з Статуту вял. кн. літ., з разьдзелу 12, артыкул 9, параграф 1, у пункце; у выніку, сыходзячы з гэтых прыведзеных законаў і канстытуцый, пад тым жа артыкулам 1616 году на аркушы 45, каб Абрам Міхалевіч, вінароб, і Параська Данілаўна, якія ёсьць відавочнымі злачынцамі, праз ката жывымі спаленыя былі, і каб дзень экзекуцыі быў вызначаны ў суду прасіў і патрабаваў. Пасьля гэтых выслушаных скаргаў з боку вяльм. ягамосьці пана Ёзафа Феліцыяна Цяпінскага, падстольніка старадубаўскага, запярэчаньня да той справы ўладкаванага абаронцы і гэткай вялікай колькасьці прыведзеных законаў, як таксама і ад абвінавачанага боку, Абрама Міхалевіча, жыда, і Параські Данілаўны, быўшай хрысьціянкі з касьцёлам рымскім злучонай у жыдоўскую сэкту канвертаванай, злачынцаў - то ўсе доказы выслухаўшы і разабраўшыся, Мы, урад гарадскі магілёўскі Я. Кар. Моцы, з увагай да таго, што той Абрам Міхалевіч, жыд, вінароб, сам, у зачыненым коле, на дабравольнай споведзі першай і другой пацьвердзіў дапоўненыя злачынствы, ніколі ў хрысьціянскім народзе не бывалыя ўчынкі, і разам з Параськай Данілаўнай прызналіся: 1-е, што схіліў арыштантку да сумеснага с сабой у пералюбе жыцьця патаемнага на шмат год; 2-е, аб тым што сам злачынец, дэкларуючы быць хрысьціянінам у веры рымскай каталіцкай, насуперак гэтаму Параську Данілаўну, злачынку, у сэкту сваю жыдоўскую перавёў, і сам хрышчэньне сьвятое, праз абстрыганьне з яе валасоў, скасаваў; 3-е, тое што жыд злачынец спарадзіў ад пералюбу з сабой дачку, якую па выхадзе з Дуброўкі ў полі пад мястэчкам, на вуліцы, намовіўшы арыштантку паднявольную, жывую пакінулі і страцілі; а Параська Данілаўна, якая на той час у веры сьвятой хрысьціянскай, з касьцёлам рымскім уніяцкай, была, у стане нявіньніцы на патаемнае, свавольнае, у пералюбе з жыдом жыцьцё пагадзілася, і больш таго тая самыя злачынка пакінуўшы самаго Пана Бога, Хрыста Збавіцеля, у Тройцы сьвятой адзінага, і крыжа яго сьвятога, у пагардзе да бясконцай боскай велічы і веры хрысьціянскай патаемна да сэкты і веры жыдоўскай далучылася і прыняла, свавольна жыцьцё праводзіла, дачку нараджоную жывую на вуліцы пакінула і страціла; што ўсё гэта на пагарду бясконцай усемагутнасьці Бога, у Тройцы сьвятой адзінага, і крыжа сьвятога, і на ігнараваньне народу ў веры хрысьціянскай жывучага, учыніла. Пагэтаму мы, урад гарадскі магдэбурыі Я. Кар. Мц. магілёўскай, схіліўшыся да працэсу і скаргі вяльм. ягамосьці пана Міхала Кройера, старасты ківільскага, заявіцеля, дзе гаворка йдзе пра відавочны гонар Цара па-над царамі і Пана па-над панамі, з бласлаўленьня якога мы памнажаемся, жывем, расьцем і паміраем, і таксама пра пагарду веры хрысьціянскай; з улікам гэтай скаргі, а потым дабравольнага прызнаньня саміх злачынцаў, і таксама адносна прыведзеных агульных законаў і канстытуцыі, у імкненьні да таго, каб веліч боская не была выкліканая да вечнага пакараньня, і каб падобныя свавольныя ўчынкі ў народзе хрысьціянскім практыкаваныя не былі, як тое высьвятляецца з уласнага тых злачынцаў прызнаньня, на падставе вышэй выказанага Абрама Міхалевіча, жыда, вінароба, як прынцыпіяльнага злачынцу, каб зажыва праз ката, на месцы звычайным пры шляху Віленскім, у поле на вогнішчы спалены быў, а Параську Данілаўну, каб там жа праз ката абезгалоўлена была, а пасьля таго каб цела яе спалена было, асуджаем і загадваем. Тую экзэкуцыю на дзень дваццаць трэці сьнежня гэтага году прызначаем і на кантроль той экзэкуцыі, з нашага боку, шляхетных паноў Станіслава Красоўскага і Базылія Каралькевіча, лаўнікаў магілёўскіх, дэлігіруем.

------------------------------

Году 1748 , месяца Декабра 23 дню.

   На прыёме сёняшнім, паводле прачытанага нарэшце дэкрэту і ў прызначэньні экзэкуцыі Абрам Міхалевіч, жыд, за канвертацыю хрысьціянкі па імені Параські, уніяткі, у веры з касьцёлам рымскім злучонай, на спаленьне зажыва ёсьць асуджаным, аднак той самы Абрам Міхалевіч, разумеючы свой злы ўчынак і цяжкую абразу Пана Бога, дабравольна пакінуўшы сваю веру жыдоўскую прызнаў сапраўднага Пана Бога ў Тройцы сьвятой адзінага і веру сьвятую каталіцкую прыняць пажадаў, пасьля чаго і бок абвінавачаньня маліў заклкікаючы аб літасьці, тобок, аб спачатку адсячэньні галавы, а потым спаленьня. За чым тады, з прыведзенай прычыны, урад гарадскі магдэбурскі судовы, над Абрам Міхалевічам літасьць прымаючы, не зажыва спаліць, але да роўнага з Параськай пакараньня, тобок да адсячэньня галавы спачатку, а потым спаленьня праз ката, выракае і прысуджае, і таксама паводле запрашэньня гэтага боку тую экзэкуцыю да дня трыццатага сьнежня гэтага году адкладвае і на тым дні дэкрэт да выкананьня неадкладнага пастанаўляе.

------------------------------

   На прыёме сёняшнім, пасьля экзэкуцыі, шляхетныя паны Станіслаў Красноўскі і Базылі Каралькевіч параўнальна асабістыя даклады зрабілі, што асуджальны дэкрэт быў прыведзены да выкананьня, і былы Абрам Міхалевіч, а цяпер у веры хрысьціянскай названы Адамам, і Параська Данілаўна на месцы звычайным абезгалоўленыя, а потым спаленыя. Гэтая справа, як яна была праведзена, да актаў гарадскіх магілёўскіх ёсьць запісанай.

------------------------------
<< -- КАНЕЦ -- >>

Комментариев нет:

Отправить комментарий