16.05.2022

Суд над габрэем і уніяткай, 1748 г. ч.2

Працяг судовай справы 1748 супраць габрэя і хрысьціянкі за пазашлюбныя зносіны, здраду хрысьціянскай веры і верагоднае забойства ўласнага дзіця.
З першай часткай можна азнаёміцца ТУТ.

Працяг.

Году тысяча семьсот сорак восьмага, месяца Наября 19 дню.

   На прыёме сёняшнім, вышэй па даце пазначаным, пасьля наданьня абвінавачаным арыштантам абаронцы і суд той справы распачаўшы, тады ягамосьць пан Ёзаф Феліцыян Цяпінскі, падстольнік Старадубаўскі і г.д., поўны прадстаўнік свайго васпана ягамосьці пана заявіцеля, падняўся, прапанову сваю адносна абвінавачваньня абнавіў і для абвінавачаных злачынцаў справядлівасьці і пакараньня адсячэньнем галавы патрабаваў, а ў межах гэтага давёў ён да суду, паколькі абвінавачаны Абрам Міхалевіч, жыд, і Параська Данілаўна, злачынцы, падчас першага допыту і дабравольнай споведзі, у зачыненым коле, наконт страты дачкі сваёй у полі пад мястэчкам, на вуліцы жывой пакінутай, упарта ўчынак свой жыд Абрам Міалевіч утойваў, з гэтай прычыны наконт паўторнага допыту і параўнаньня паказаньняў абодвух злачынцаў суду неабходнасьць агучваў і патрабаваў. Урад гарадскі магілёўскі патрабаваньне ягамосьці пана Цяпінскага, падстольніка Старадубаўскага, пракурора і рэгента замку Я. Кр. Мц., за рэч слушную прыняўшы, жыда Абрама Міхалевіча, вінароба, і Параську Данілаўну, злачынцаў, каб параўнаньня даведацца перад судом паставіць казалі.

------------------------------

Таго ж году, месяца і дню, як пазначана вышэй.

    На прыёме сёняшнім, падчас паўторнай споведзі, у коле зачыненым, Параська Данілаўна дабравольна, пацьвердзіўшы сьведчаньне сваё, засьведчыла, што з народжанай дачкой выйшаўшы з Дуброўкі ў поле і там пад мястэчкам у полі, на вуліцы, з намовы жыда Абрама Міхалевіча, жывую на могілках пакінулі, у чым і Абрам Міхалевіч прызнаўся, а самі далей пайшлі і, калі адыйшлі, два дні ў лесе прасядзелі, а потым далей у падарожжы вандравалі; той жа Абрам Міхалевіч, злачынец, ва усіх учынкаў выкананых дабравольна прызнаўшыся, сьведчыў, што настойліва Параську Данілаўну, у веры ўніяцкай быўшую, хрысьціянку, да супольнага з ім у пералюбе жыцьця таемнага, непатрэбнага намаўляў, абвесьціўшы веру каталіцкую хрысьціянскую прыняць; а потым, жывучы разам таемна на далейшую пагарду боскую і веры сьвятой хрысьціянскай, вышэй названую Параську Данілаўну, арыштантку, каб яна Бога ў Тройцы сьвятой адзінага і крыжа сьвятога, веры хрысьціянскай пакінула і адраклася, намаўляў і ў веру іншую перавёў, і рукамі ўласнымі валасы ёй з галавы абстрыг, у знак скасаваньня хрышчэньне сьвятога, і далей да ўсіх дзеяньняў у набажэнствах веры сваёй жыдоўскай прыцягваў, у чым і сама арыштантка дабравольна прызналася і, учынкаў з жыдом Абрамам Міхалевічам зробленых не ўтойваючы, сьведчыла.

------------------------------

Году цяперашняга 1748 , месяца і дня па даце вышэй пазначаных.

   Пасьля правядзеньня паўторнай дабравольнай у зачыненым коле споведзі злачынцаў, ягамосьць пан Ёзаф Цяпінскі, падстольнік Старадубаўскі, пракурор і рэгент Я. Кар. Мц. эканоміі Магілёўскай, у якасьці поўнага паўнамочнага прадстаўніка, з заяўлення вяльможнага ягамосьці пана Міхала Кройера, старасты Ківільскага, прывёў права выпраўленага закону, пад назвай: Рэестр актаў у Трыбунале, пункт права статутнага з разьдзелу 4, артыкул 54, і, сыходзячы з гэтага выпраўленага закону, у кароткі тэрмін справядлівасьці ад суду патрабаваў; у супярэчаньне славуты пан Павел Кузеўка, у якасьці дадзенага злачынцам абаронцы, абараняючы іх прывёў права выпраўленае, пад назвай: Прававыя звароты і прывілеі, і на базе таго права запытаў у суду выдачу сабе копій усіх справаў. Яму насуперак вышэй узгаданы ягамосьць пан Цяпінскі, абаронца з боку абвінавачваньня, выказаўся і, сыходзячы з таго самага выпраўленага права, запярэчыў, а каб у зразумелай справе, за дабравольным прызнаньнем злачынцаў, ад таго судовага звароту ўхіліцца, справу да вытворчасьці накіраваць прасіў. Урад гарадскі магілёўскі схіліўшыся да права агульнага праз ягамосьць пана Цяпінскага прыведзенага, як у крымінальнай справе зразумелай, унесены судовы зварот славутага пана Паўла Кузеўкі, абаронцы злачынцаў, у бок адхіліўшы справу да вытворчасьці накіраваў.

------------------------------
<< -- працяг у 3-й частцы -- >>

Комментариев нет:

Отправить комментарий