Паколькі не бачу ніякіх умоваў для выданьня новага зборніка перакладаў, пачну публікаваць тэксты, што трымаў у марах надрукаваць 2-і том "Магілёва вачыма падарожнікаў"
Прапаноўваю вам кароткі, але на мой погляд самы кранальны і рамантычны позірк на Магілёў з усіх, што сустракаліся дагэтуль. Артыкул Ганса Захачовера з газэты 10-й нямецкай арміі, 01.06.1918
Падарожжа да Дняпра (ад ландсштурмана Ганса Захачовера)
Газета 10-й Арміі (Zeitung der 10. Armee), № 585, 01.06.1918, Вільня
Шлях цягнецца далей, да Магілёва, канечнай мэты нашага падарожжа, да гэтага багатага на цэрквы, сьветлага і па ранішнему прыгожага горада на Дняпры. Тут вочы маюць магчымасьць акунуцца ў прыгажосьць, напіцца прагна з крыніцы гісторыі і прайсьціся разам з вандроўнікам па гораду ў якасьці несхаванага прыхільніка і спадарожніка. Гэты горад таксама стары, занатаваў у сваім дзёньніку істотны шэраг стагодзьдзяў; але яго прыхільнасьць належыць сёняшнему дню, яго сакавітае, юнацкае аблічча цяперашней гадзіне. Гэты горад – ферзь, панна сярод дняпроўскіх гарадоў; аднак не старая панна, на твары якой гісторыя намалявала зморшчыны, якія павінна прысыпаць і схаваць пудра; не, гэта хутчэй юная каханка, поўная сьвежасьці, любові да жыцьця і з маленькім, вострым пачуцьцём уласнай годнасьці! Ці шукае жаніха гэтая панна Магілёў? Ці шлюб з Вялікай Расеяй ў якасьці старага беларусінскага горада здаецца ёй толькі жартам, толькі насьмешкай Гісторыі?... Тут ёсьць шмат добрага і вартага ўвагі, і рынак з сялянамі, і цэрквы з палацам, але перадусім Дняпро, гэтая шырокая, прывабная плынь не адпускае падарожніка, трымае яго, кранае яго серца.
Комментариев нет:
Отправить комментарий