30.05.2022

Магілёў 1918 - апісаньне горада з нямецкай газэты ч.2

Другая частка вялікага артыкула з апісаньнем горада ад нямецкага ваенкара Ганса Захачовера з 10й нямецкай арміі.

Гэта палова тэксту надрукаванага ў №579 ад 25.05.1918, у якой распавядаецца пра разьвіцьцё горада ў апошнія часы і пра бальшавісцкую ўладу. Першую частку можна прачытаць па спасылцы.

Магілёў на Дняпры (ад ландсштурмана Ганса Захачовера)

Газета 10-й Арміі (Zeitung der 10. Armee), № 579, 25.05.1918, Вільня

   Як мы перагарнулі стагодзьдзе паміж вайной з Карлам швэдскім і напалеонаўскай кампаніяй, так сама прыкладна праз яшчэ сто год горад мусіў зноўку стаць цэнтрам ваенных падзей. Між тым горад вырас; цяпер ён налічвае 70 000 жыхароў. Яны ўсё яшчэ адносяцца да шматлікіх нацыянальнасьцей, аднак беларусы маюць перавагу. Разам з імі габрэі складаюць найбольшую частку насельніцтва. Далей ідуць рускія і палякі.
   Горад, які ўжо праз сваё тэрытарыяльнае разьмяшчэньне павінен рабіць выйграшнае ўражаньне, здаецца, і дае гледачу сьведчаньне энэргічнасьці сваіх жыхароў, што нават складаецца ўражаньне, быццам знаходзішся ў бурлівым гандлёвым горадзе, у якім нават духоўнае жыцьцё пусьціла поўныя бласлаўленьня карані. Яшчэ больш зьдзіўлена заўважаеш, што асацыяцыя з “магілай” увесь час была сваеасаблівай самаіроніяй, якая бывае толькі праз недахоп разуменьня ўласнай моцы, і ўвесь час была надуманая і прыцягнутая да становішча ў горадзе, які павінен быў быць мёртвым, без сьпеваў і музыкі.

   Усяго толькі з 1902 Магілёў знаходзіцца на чыгунцы. Недалёка ад горада, каля Пелагееўкі, цераз Дняпро /памылка журналіста/ перакінуты вялікі жалезны чыгуначны мост; яго пабудаваў нямецкі інжэнер Глэзер /Gläser/.
   Зямля ў Магілёўскай губерні не асабліва ўрадлівая і рэнтабельная. Збожжа прыходзіцца імпартаваць. Спрытна ідзе толькі гандаль лесам. Фабрык у горадзе нешмат, і толькі скураныя гарбарні старанна працуюць у прадмесьці Лупалава, пры гэтым бачна, што назва гэтага месца паходзіць ад рускага слова lupiets = лупіць скуры. У горадзе маецца бровар, які належыць аднаму баварцу; пасьля сьмерці баварскага ўладальніка ён перайшоў да сілезца, які на пачатку гэтай вайны быў высланы рускімі. Бо як і паўсюль тут таксама немцаў напаткаў гэткі лёс. Колькасьць немцаў не была маленькай; а сёньня рускія раскідалі іх на ўсе чатыры бакі.

   Магілёў быў сапраўды горадам чыноўнікаў; цэнтрам дзярж. установаў, аднак трэба дадаць, цэнтрам расейскіх дзярж. установаў, і можна сабе ўявіць, што карты, шнапс і “жанчыны” гралі асноўную ролю, і ад духоўнага развіцьця тут адмаўляліся з такой мужнасьцю, якой, слава Богу, немцам ніколі не дасягнуць.

   Падчас вайны, нават менш за год таму, у горадзе заснавалі народны універсітэт паводле дацкага ўзору; там перад людзьмі, ад якіх не патрабуецца ніякай асаблівай пачатковай адукацыі, чыталі лекцыі, што закраналі ўсе сферы, і такім чынам старанна давалі магчымасьць атрымаць адукацыю ў розных галінах мастацтва і навукі, пры гэтым за кожную лекцыю прасілі ўсяго 20 капеек.

   Сёняшні выгляд горада немагчыма апісаць без наступнага дадатку, і неабходна вярнуцца назад і прывесьці гістарычныя факты пра горад падчас цяперашней вайны. Статны будынак, які ўзвышаецца над Дняпром напрыканцы Садовай, і над брамамі якога сёньня красуецца польскі арол (бо ў ім жывуць польскія легіянэры), з жніўня 1915 быў стаўкай цара. Жыхары горада, для якіх паводле іх палітычных поглядаў і ўзрозню адукацыі “зьвяржэньне” было зусім недарэчным, а час бальшавікоў здаваўся нацыянальнай трагедыяй, паведамлялі аднак, што цар зрабіў сябе сапраўды непапулярным. Само сабой ён быў чалавекам, які выклікаў трапятаньне; аднак паколькі людзі атрымлівалі інфармацыю не з нейкіх мутных крыніц, але мелі магчымасьць штодня ўласнымі вачыма бачыць, як гэты імпэратар прымаў зусім малы ўдзел у справах свайго войскай, як ён дзень і ноч, ператварыўшы яе ў дзень, аддаваўся выпіўцы і нізкім жанчынам, то ўнутраная павага да падобнага манарха, зразумела, не магла імкнуцца ўверх, але мусіла схавацца на дне патрыятычнай душы і вызваліць месца для найзмрочных прадчуваньняў. Тое, што яны не былі марнымі, добра паказаў потым ход вайны сваімі баявымі і палітычнымі падзеямі. Стаўка, якая ставіць клопаты пра армію на другое ці трэцяе месца, сама вылішае сябе жыцьцяздольнасьці. Аднак акрамя чыста ваенных падзей Мікалай быў таксама не ў стане выклікаць у насельніцтва прыхільнасьць нават чыста па чалавечы. Распавядаюць, што аднойчы нейкая жанчына ўстала перад яго машынай з нейкай просьбай; і як гэта мусіць адпавядаць бясьпецы цара, яе адкінулі ў бок. Аднак цар ніколі не абмовіўся нават словам пра гэтае здарэньне, і яму не забылі гэткую абыякавасьць да журбы і бездапаможнасьці, да маленьня аб спачуваньні, якую ўбачыў народ у гэтым выпадку.

   Потым адбылося зьвяржэньне цара і яго арышт. Вайна працягвалася пад іншым кіраўніцтвам, і ў мінулым годзе, восеньню і ў сьнежні 1917, Магілёў зноўку стаў арэнай ваенных, а па сутнасьці палітычных падзей найвысокай важнасьці.

   У той час у горадзе знаходзіўся Крыленка і яго начальнік генэральнага штабу Духонін. І хаця Крыленка даў слова, што зь ім нічога не здарыцца, ў яго не атрымалася прадухіліць прыкрае забойства, якое зьдзейсьнілі матросы. Чаго вартая тады была дысцыпліна і загад Крыленкі! Генэрал Духонін быў выцягнуты з вагона цягніка і забіты, а яго труп быў апаганены і выстаўлены голым у вагоне на публічны прагляд.

   “In hoc signo vinces“… /Пад гэтым знакам ты пераможаш (лац.)/І надыйшло ўсё больш і больш рашучае і ўпэўненае ў перамозе панаваньне тэрора бальшавікоў. Ужо амаль ванітуе зноў і зноў паведамляць пра злачынствы, і яшчэ больш брыдка пра бессэнсоўную лютасьць разбурэньня ўчыненага гэтымі нязрэлымі галовамі; і ўсё ж такі іх уплыў быў дастаткова моцны і дастаткова спрыяльны, каб зачароўваць душэўны настрой масс, што ў выніку яны стварылі хаос значна больш доўгі, чым час іх уласнага панаваньня. Паводзіны бальшавікоў у самім Магілёве былі звычайнымі; і тут, на суседняй зямлі, “дасягненьні” гэтых паноў былі нават большыя, чым у іншых мясьцінах; яшчэ больш глыбокая журба, якую яны прынесьлі сялянам. Шырока распаўсюдзілася меркаваньне, нібыта бальшавікі рабавалі толькі “багатых”, нібыта праз гэта яны дапамагалі “бедным” і такім чынам стваралі нешта накшталт новага сусьветнага парадку з прывядзеньнем усіх да шчасьлівай і цудоўнай, агульна роўнай справядлівасьці. Трэба запярэчыць гэтай памылцы. Канечне ў некаторых выпадках здаралася, што, напрыклад, у буйных землеўласьнікаў адбіралі быдла і раздавалі яго дробным сялянам. Аднак падобныя сітуацыі, што здаюцца адносна ідэальнымі, былі выключэньнем. У агульнасьці бальшавікам было без розьніцы, яны не разьбіраліся, на гэта ім, дарэчы, проста не хапала спакою, бо дэман часу сядзеў у іх на карку і трымаў гадзіньнік у іх перад вачыма. Яны ўсё больш хапалі, „граблі” пад сябе і жылі ў раскошы, прымушалі кошты дзіка і жвава ўзьлятаць у вышыню.

------------------------------
<< -- Працяг па спасылцы -- >>

1 комментарий: