01.08.2016

Магілёў ХІХ ст. вачыма габрэйскай дзяўчынкі ч.3

Працяг пераклада ўспамінаў пра жыцьцё ў Магілёве (1876-1881 гг.) вачыма габрэйскай дзяўчынкі Іты, дачкі равіна, што жыла ў нашым горадзе са сваіх 7 да 12 год.

Першую частку можна прачытаць > ТУТ.
А другую вось > ТУТ


Працяг

3. Паміж Магілёвам і Ерусалімам

Сьмерць маёй бабулі
    Пасьля пераезда майго таты ў Ерусалім мая маці засталася ў Магілёве з маёй бабуляй Ханай Лурыя, якая ўжо аднойчы езьдзіла ў Ерусалім, раней, калі туды езьдзіў мой дзядуля р. Шмар’я Лурыя. Яна моцна жадала, каб таксама і цяпер паехаць з намі ў Зямлю Ізраіля, аднак недзе праз месяц з таго часу, як наша сямья пачала рыхтавацца да дарогі, яна да нашага болю захварэла на запаленьне лёгкіх і памерла раней, чым удастоілася накіравацца да сьвятой зямлі, пра якую марыла на працягу дзён і год. Яна грэла сваю душу надзеяй, каб зноўку пабачыць усіх блізкіх з сямьі Рывлін, якія пасяліліся ў Зямлі Ізраіля; але да нашага болю яе спадзяваньні не спраўдзіліся.

Пытаньне карміліцы
    Шэсьць месяцаў пасьля таго, як мой тата пакінуў Магілёў, нарадзіўся мой малодшы брат. Нам трэба было знайсьці для яго карміліцу, бо ў нашым багатым доме маці не кармілі сваіх дзяцей, але бралі карміліцу да сябе ў дом, і яна заставалася там, пакуль не выкарміць хлопчыка ці дзяўчынка, падчас на два гады. А потым заставалася няняй для астатніх дзяцей дому, ці атрымлівала працу кухаркі. Цяжка было знайсьці карміліцу габрэйку ў наш дом для майго высакароднага брата, (бо перад ім ужо памерла два маіх брата у самым росквіту, і гэта быў трэці, якога спадзяваліся выгадаваць і выхаваць для Торы, і для хупы, і для добрых учынкаў), але нарэшце знайшлі.

Апавяданьні карміліцы
    Апавяданьні, што распавядала мне штоноч карміліца майго маленькага брата, якая жыла ў нашым доме прыкладна паўтара года да нашага ад’езду ў Зямлю Ізраіля, я слухала з вялікай увагай. Большасьць апавяданьняў была пра дэманаў і духаў, і апавяданьні хасідаў і “іх рэбес”, пра цуды і неверагодныя рэчы, што адбываліся ў іх жыцьці. Усе гэтыя апавяданьні не палохалі мяне, а душа прагла яшчэ і яшчэ, у асаблівасьці калі яна апісвала мне папяровы мост, які трэба будзе перайсьці габрэям, пад час іх пераходу ў Зямлю Ізраіля, і колькі год спатрэбіцца жыхарам замежжа на тое, каб рухацца пад зямлёй “рухам дараваньня”, пакуль не дасягнуць Места. І як я радавалася ў думках, што мы не будзем цярпець усе гэтыя пакуты, бо ці не пераедзем мы ў Зямлю Ізраіля і будзем ужо там, калі прыйдзе наш праведны Машыях, і ўласнымі вачыма ўбачым нашага Машыяха вярхом на белым асле, і прыйдзе наш паратунак.

Малітва і цуд
    Два гады прайшло яшчэ ў дыяспары без майго дарагога таты, і маме патрэбна было клапаціцца пра наша выхаваньне і дапамагаць нам не сыйсьці з прамога шляху і шляху выкананьня ўсіх законаў нашай Торы. Я ніколі не ішла ў школу пакуль не малілася малітву Шмонэ-Эсрэ (малітва з 18 блаславеньняў (“шмонэ-эсрэ”: 18 на іўрыце), якую габрэі кажуць тройчы на дзень: ранкам, пасьля поўдня і з надыходам ночы), але гэта не перашкаджала маёй вучобе. А аднойчы нават адбыўся цуд праз маю малітву. Усё было так: мая маці часам губляла прытомнасьць, і аднойчы, калі я стаяла і малілася Шмонэ-Эсрэ, я пачула раптам, што нешта павалілася, і якім вялікім быў мой жах, калі я ўбачыла маю маці, якая страціла прытомнасьць і ляжыць на падлозе, і як кіпячы самавар пачынае працякаць на яе. Бо яна раптам страціла прытомнасьць набіраючы сабе стакан гарбаты, і каб я не была ў той момант у пакоі і не зачыніла кранік з вадой, магла б здарыцца вялікая бяда, і ўсе тыя, што вераць у цуды, кажуць, што маці ўратавалася ад жудаснай бяды праз маю малітву.

Мая вучоба і адзеньне
    Акрамя таго, што я вывучала ў школе, у мяне таксама быў “рэбе”, каб вучыць мяне Пяцікніжжу, і другі настаўнік, каб вучыць мяне разам з сястрой габрэйскаму пісьму. Маці заўсёды клапацілася, каб мы былі апранутыя з добрым густам і сьціпласьцю, як дачкі паноў, бо мы заўсёды былі высакароднымі сярод больш багатых сямей.

Наведваньні дабрачынных арганізацый з маёй маці
    Мая добрая маці брала мяне час ад часу з сабой у візыты да дамоў дабрачыннасьці, дзе працавалі жанчыны міласэрнасьці. У маёй памяці яшчэ засталася тая праца, што мая маці і Голда Шор рабілі для цэнтра, у якім бедныя дзяўчыны вучыліся працаваць на швачнай машынцы, якія 60 год таму былі дэфіцытам, і бачыць швачныя машынкі было для мяне цудам. Дзяўчыны атрымлівалі таксама абеды, і я бачыла як назіральніца напоўніла чарпак супу і дала яго гаспадыням, каб яны пачаставалі суп, які атрымліваюць вучаніцы на абед. І колькі было радасьці ў тых беднякоў знахзодзіцца ў падобным цэнтры, пра які клапоцяцца вытанчаныя і добрыя гаспадыні, і вучыць прафесыю, праз якую яны змогуць зарабляць сабе не жыцьцё працай сваіх рук. Такім чынам наша добрая маці заўсёды прывучала нас да добрых учынкаў тым, што брала нас у месцы, дзе яна і яе сяброўкі займаліся на карысьць людзей, якім была патрэбная дапамога і заступніцтва.

Паклон перад выявай Марыі
    Калі я яшчэ была ў школе, здарыўся выпадак, калі ў цара Аляксандра ІІ была кінутая бомба, і ён пазьбег сьмерці. Тады было загадана ўсім вучаніцам, малодшым і старэйшым, каб яны пакланіліся перад выявай Марыі і падзякавалі ёй за цуд, які адбыўся з царом. З малодшых клясаў я, а са старэйшых клясаў Голда Шор зьбеглі з залы, у якой мы знаходзіліся, ведаючы, што габрэям забаронена падобнае пакланеньне. І з таго дню мы не вярнуліся на вучобу ў тую школу, дзе мы павінны былі атрымаць не малае пакараньне. Старэйшую Шор адправілі ў Франкфурт, каб яна вучылася там, а мяне больш не адпраўлялі ў школу, бо гэта было незадоўга перад нашым ад’ездам у Зямлю Ізраіля.

Цукерман і яго дом
    Я заўсёды любіла прыходзіць у дом Цукермана, дзе нас прымалі вельмі прыгожа. У асаблівасьці нас частавалі залатымі яблыкамі і вінаградам, якія былі ў нас дэфіцытам, і не кожны заможны гаспадар мог дазволіць сабе набываць гэткія дарагія плады.
    У Шмар’ягу Цукермана было дзьве дачкі, адна зь іх выйшла за доктара Этлінгера, сына рава Этлінгера з Альтоны, а другая ўзяла мужа з сямьі Сімховіч са Слуцку. Яны былі багатыя, мелі дамы поўныя раскошы, а ў іх айца Шмар’і Цукермана, які быў дзядзькам маёй маці, быў самы багаты дом у Магілёве, з абедзьвух бакоў вуліцы ў цэнтры горада. Насупраць гарадскога саду стаяла вялікая сінагога, а з другога боку банк Цукермана, а над ім быў дом, у якім ён жыў са сваёй другой жонкай, Сарэль-Товай. Яна была ўнучкай Гаона з Вільні, мудрая, пабожная, вялікадушная жанчына і мецэнатка, але з гонарам, ведаючы сваю важнасьць і заможнасьць. Шмат шмат рабіла яна дзеля дабрабыту мноства габрэяў, якія прыходзілі ў горад на сьвяты, рыхтавала ім вялікую колькасьць мацы і бульбы.
    Як я пісала раней, я любіла прыходзіць у дом Цукермана, але не толькі з-за каштоўных пладоў, але таксама каб прайсьці па вялікім і доўгім салонам. З абодвух бакоў на іх сьценах былі люстры ад столі да падлогі, якія былі ўстаўленыя ў залатыя рамы, і мэбля таксама была ў адпаведным стылі. Для вазонаў з этрогавымі дрэвамі мелася асаблівая зала, а вялікая сукка (будан, у якім павінны жыць габрэі падчас сьвята Суккот) стаяла паміж усімі гэтымі пакоямі. Там таксама было дзьве вельмі вялікія вазы, зробленыя ў Кітаі, і кожны, хто бачыў іх, зьдзіўляліся іх прыгажосьці і вытанчанасьці. Я любіла слухаць, як мая маці распавядала Сарэль-Тове пра тую сямью, куды прыйшла сьмерць, ці пра тую жанчыну, што хварэе на сухоты і павінна піць колькі літраў малака штодзень, ці пра нейкага гаспадара, які страціў спадчыну, і колькі ім усім патрэбна для падтрымкі; і яна ніколі не адмаўляла маёй маці. У палацы Шмар’ягу Цукермана (бо яго дом сапраўды можна назваць палацам) былі вылучаныя кватэры для генэралаў і вяльможаў, каб жыць там бясплатна. А пасьля вайны паміж Турцыяй і Расеяй, дзе было ўзята ў палон шмат турэцкіх генэралаў, Цукерман перадаў свой палац усім, і яны ўсе жылі там, пакуль Турцыя з Расеяй не спыніліся.


Сінагога Цукермана (цяпер школа алімпійскага рэзерву)

Памяць пра Ерусалім
    Чорны камень на галоўным уваходзе, на якім быў высячэны ўрывак: “калі забуду цябе Ерусалім, няхаў забудзе (граньне) мая правая рука”, таксама застаўся высячэным у маёй памяці (габрэйскі закон прадпісвае пакідаць ва ўласным доме кавалак сьцяны неатынкаваным, як успамін пра разбураны Ерусалім і Храм). І заўсёды, калі я прыходзіла з маці да гэтага месца, я спынялася, каб прачытаць гэтыя радкі, і не забывала Ерусалім, да якога мая душа прывязаная назаўжды, і пагэтаму мая правая рука ўдастоілася напісаць гэтыя радкі.

Летняя рэзідэнцыя Цукермана
    Прыгожа і прыемна было ў часы вакацый знаходзіцца ў летняй рэзыдэнцыі Шмар’і Цукермана, які запрашаў нас штогод пажыць там разам з яго сямьёй і домам Этлінгераў і Сімховічаў. Для кожнай сямьі быў асобны драўляны летні дом. Толькі дом Цукермана быў пабудаваны больш раскошна і быў большы за дамы яго дачок. Вакол дамоў былі выкшталцоныя сады поўныя разнастайных кветак, што цешылі позірк, і разнастайнымі пладовымі дрэвамі са смачнай садавінай. Мы, хлопчыкі і дзяўчынкі, бадзяліся па гаях, шукалі грыбы і клубніцы, штодзень купаліся ў стаўку і бавіліся, як душа пажадае. Поўная радасьць, чыстая радасьць была ў нас. Часам мы дапамагалі чэлядзі зрываць вішні і разнастайныя суніцы і чысьціць іх, а кухарка варыла з усіх гэтых пладоў варэнье на цэлы год. Падчас збору мы елі ад тых пладоў і насычаліся, і не аднойчы, і не двойчы хварэлі колькі дзён ад грубай ежы, і нашым пакараньнем было засьцерагацца ад паяданьня “гэтага чырвонага чырвонага”. У гэтай летняй рэзыдэнцыі таксама было зробленае месца для купаньня ў вялікім стаўку, зробленым для членаў сямьі, і штодня мы купаліся, бавіліся ў вадзе, вучыліся плаваць, і кожны з нас паказваў стараннасьць у гэтым.

У сукке Цукермана
    Я бачу перад сабой гэтага прыгожага чалавека разам з яго жонкай Сарэль-Товай у іх прыгожай сукке ў той летняй рэзыдэнцыі, у ноч Шабата Суккот. Ён са сваімі дачкамі, зяцьмі і ўнукамі сядзяць разам пасьля трапезы і гутараць, і мяне уражвае адна рэч, гледзячы на тое, як наліваюць заварку, якую рыхтавалі загадзьдзя на кожны Шабат і не карысталіся сьвежай заваркай. Наша сямья таксама была даволі строгай, але я не магу ўзгадаць, каб таксама і ў нашым доме трымаліся падобных строгасьцей.
    Калі мы вярнуліся пасьля сьвята да дому, да нас прыйшла сумная навіна, што дзяьдзя маёй маці, Шмар'ягу Цукерман, памёр ад сардэчнага прыступу ў дзень Сімхат-Торы (Шмар’ягу сын Мордэхая Цукерман памёр ва ўзросьце 61 года ў дзень 24 тышрэя 5639 года (21.10.1878) - інфармацыя з яго надмагільля, якое дагэтуль стаіць на габрэйскіх могілках Магілёва). Некалькі дзён таму мы пакінулі іх радаснымі і шчасьлівымі, і раптам абарвалася ніць жыцьця для ўсёй яго сямьі, гонарам і раскошай якой ён быў, а з яго сьмерцю скончылася ўсё.


Фрагмент надмагільля Цукермана на магілёўскіх могілках

Пікнікі на Дняпры
    Я памятаю яшчэ пікнікі, якія рабілі нашы блізкія, гандляры з Магілёва, калі ў іх былі вялікія мачтавыя караблі на Дняпры. Прыкладна 50 мужчын і жанчын з сямьі плылі на караблі, дарослыя і дзеці, і вандравалі, і ладзілі трапезы на Дняпры. Падобная вандроўка доўжылася падчас тры дні, карабель час ад часу прыставаў да таго берагу, дзе можна было сыйсьці на сушу, і там мы зьбіралі сьвежыя арэхі, што расьлі ў тых мясьцінах. Гэту задачу выконвалі мы, дзяўчыны ўзросту 10-12 год. Забіраліся на дрэвы і маглі сабраць усе плады, а дрэва заставалася абчышчаным. Мы гулялі ў гульні на сушы, а калі стамляліся, вярталіся на карабель, які рушыў далей і далей, і мы павольна павольна аддаляліся ад сушы. Уражаньне ад вандровак па люстру ракі заставалася ў маёй памяці да нашага падарожжа ў Зямлю Ізраіля па Чорнаму мору.




Комментариев нет:

Отправить комментарий