06.06.2016

Магілёў ХІХ ст. вачыма габрэйскай дзяўчынкі ч.1

Пачынаю публікаваць пераклад вялікага урыўка ўспамінаў пра жыцьцё ў Магілёве (1876-1881 гг.) вачыма габрэйскай дзяўчынкі Іты, дачкі равіна, што жыла ў нашым горадзе са сваіх 7 да 12 год.

Вялікі дзякуй нашчадкам Іты, за тое, што зьвярнулі ўвагу пана Ліціна на гэты тэкст. І вялікі дзякуй пану Ліціну, што падштурхнуў мяне ўзяцца за пераклад!

Тэкст узяты з кнігі успамінаў Іты Елінай (Пінс). Кніга была выдадзеная на іўрыце ў 1938 г. ў Ізраілі і больш не перавыдавалася. Даволі рэдкая бібліяграфічная каштоўнасьць.

Іта Еліна паходзіць з высакароднай габрэйская сямьі (род Пінс і род Лур'е), яе продкі былі мудрацамі Торы і выбітнымі дзеячамі габрэйскай супольнасьці. Яе тата, Йехіэль Міхл Пінс, быў равінам у Ружанах, а потым у 1870х быў прызначаны ў камітэт Мошэ Монтэфіорэ і займаўся арганізацыяй ашкеназскага паселішча (ішува) ў Ізраілі, куды ў 1881-82г. перавёз усю сямью і быў гэткім чынас адным з першых сіяністаў і прадвестнікаў стварэньня дзяржавы Ізраіль.

Якое дачыненьне яны маюць да Магілёва? Самае непасрэднае. Маці аўтаркі паходзіць з Магілёва, дзе жылі яе продкі з сямей Лур'е і Цукерман. У 1876г. аўтарка ва ўзросьце 7 год пераязжае з Ружан у Магілёў на выхаваньне ў доме бабулі і цёткі. Потым за ёй сьледам перасяляецца ўся сямья, якая працягвае жыць у Магілёве да свайго ад'езду ў Зямлю Ізраіля ў 1881г.

Вялікі ўрывак успамінаў Іты апісвае ў цікавых падрабязнасьцях яе жыцьцё ў Магілёве. Гэта непаўторны, жывы і неверагодна цікавы погляд на тагачаснае жыцьцё і падзеі 7-12 гадовай дачкі равіна:


Дні майго дзяцінства (ч. 1)

    Я нарадзілася ў Ружанах, што ў Гародненскай губерні, у дзень 17 кіслева 5629 г. (01.12.1868) у бацькоў р. Йехіэля Міхла з дому Пінс і Хайі Цыпоры дачкі знакамітага пана р. Шмар’і з дому Лурыя, абодва гэтых дома вялікія ў Торы, у мудрасьці, у дабрачыннасьці, у гасьціннасьці, і іншых падобных якасьцях.
    І нават сёньня яшчэ праходзіць перад маімі вачыма жыцьцё ў нашым доме ў тым маленькім, ціхім мястэчку.

***

У Магілёў
    Калі мы з сястрой падрасьлі, і мне было ўжо сем год, наш тата пачаў клапаціцца пра наша выхаваньне ў будучым. Тады ўся сям’я сабралася і вырашыла паслаць маю старэйшую сястру ў горад Варшаву ў дом Зэева Йаабеца, а мяне ў дом бабулі, маці маёй матулі, Ханы Лурыя ў Магілёў, што на Дняпры. Пачаліся зборы. Цёткі дапамагалі маці рыхтаваць для нас усё, як таго патрабуе вялікі горад, мой тата паехаў з сястрой у Варшаву, а мяне паслалі з папячыцелем нашага дому, “Шломам дэр Гелерам”, і бацькі не сумняваліся, што перадалі мяне ў надзейныя рукі. Разьвітаньне было для мяне вельмі цяжкім, але я спадзявалася пабачыць вялікі горад і сваякоў з матчынага боку, якія тады ўсе жылі ў горадзе Магілёве.


Мая бабуля Хана дачка р. Гілеля Рывліна, маці маёй маці, спачывай з мірам

Лупалава і раман Дынезона
    Колькі дзён мы ехалі, я ня памятаю, але калі мы прыбылі ў Лупалава, што знаходзіцца ў паўгадзіне ад Магілёва, мы сышлі на пастаялым двары, каб выпіць гарбаты, я слухала размовы паміж людзьмі, якія сядзелі каля стала, на конт раману, што тады выйшаў і называўся “Дэр шварцэр юнгер манчык” („Чорны малады хлопчык“). Аўтарам гэтага раману быў Якаў Дынезон. Не думаю, што я ведала ці разумела меркаваньні людзей, што абмяркоўвалі кнігу. Але размова і спрэчка, што адбылася паміж тымі людзьмі, засталіся ў маёй памяці. Пра кнігу і яе аўтара я чула яшчэ не раз, пакуль не прачытала яе сама, калі вырасла.

2. У Магілёве

Мая выхавальніца ў Магілёве
    Наш вялікі дом, у якім жыла бабуля Хана, стаяў паміж вуліцамі Ветранай (потым Вялікая Садовая, у наш час – вул. Ленінская) і Шклоўскай (потым Дняпроўскі праспект, у наш час – вул. Першамайская), а мая кузіна Груна Цукерман узялася стаць маёй выхавальніцай і клапацілася пра ўсе мае патрэбы, і яна рабіла гэта з вялікай вялікай любоў’ю да мяне, і прыязнасьць да яе захоўваецца ў маім сэрцы да гэтага дню.

Вучоба ў пансыёне
    Дачка маёй цётушкі не давала мне шмат часу, каб бадзяцца без справы, і як толькі прайшло сем дзён з майго прыезду, яна запісала мяне ў пансыён Бельскі ў падрыхтоўчы кляс. Мовамі навучаньня былі: руская і нямецкая альбо французская, паводле палітыкі, што была тады паміж Расеяй і тымі дзяржавамі. Быў таксама “казённы равін”, які выкладаў Пяцікніжжа ў рускім перакладзе адну гадзіну на тыдзень. Але на гэтым дачка маёй цётушкі не спынілася і ўзяла для мяне “рэбе”, каб вучыць мяне дома Пяцікніжжу і габрэйскаму пісьму. А паколькі я ня ведала рускай мовы, запрасіла маладую рускую, каб лепш падрыхтаваць мяне для клясаў.

Выпадак з маленькім парсючком
    Мая настаўніца была дачкой папа. Аднойчы яна запрасіла мяне да сябе ў дом падчас іхняй пасхі, мне тады было сем, і калі я ўвайшла ў сталовы пакой і ўбачыла на стале цэлых маленькіх парсючкоў - засмажаных і ўпрыгожаных галінкамі дрэў і кветкамі - на мяне напаў жах. Я яшчэ стаяла і глядзела з агідай на ўсю гэтую карціну, як тут да мяне раптам падыйшла мая настаўніца з маленькім парсючком у руках і сунула яго мне ў нос. Тады на мяне напаў вялікі жах, бо я думала, што яна мяне ўжо “зьнішчыла”. Я хутка пабегла ў пакой папа (яе таты) і распавяла яму ўсё, што адбылося, а сьлёзы цяклі з маіх вачэй без перапынку. Тады поп паклікаў да сябе сваю дачку, і на маіх вачах паваліў яе на падлогу і “абсыпаў” яе цела ўдарамі бяз літасьці. Тады я ўласнымі вачыма ўбачыла помсту за яе жаданьне навесьці на мяне настолькі вялікі грэх, і я доўгі час не забывалася на гэта.

Гісторыя пра парасонік ад сонца і ўраганны вецер
    Як я пісала раней, дачка маёй цётушкі Груна заняла месца маёй маці ў выхаваньні і клопатах пра ўсе мае патрэбы, што да вучобы, што да забаваў. Яна брала мяне на шпацыры і на фэсты, якія ладзілі з вялікай урачыстасьцю да дня народзінаў рускага імпэратара ці яго каранацыі і нараджэньня дзяцей ў яго сямьі. Вялікі і прыгожы сад, што ляжаў на гары, быў напоўнены вялікім мноствам кветак, а вакол яго адкрываўся цудоўны далягляд. Адтуль была бачная рака Дняпро з усіх бакоў. Каля гэтага саду стаяў палац губэрнатара. Гэтае месца заўсёды выклікала ў нас страх і трапятаньне, і пры гэтым заўсёды было шмат мінакоў, што атрымлівалі асалоду ад цудоўнага выгляду гэтага месца пад час фэстаў, якія ладзіў урад да ўрачыстых дзён. Аднойчы я шпацыравала разам з маёй выхавальніцай падчас падобнага фэсту, падняўся моцны ўраган, які зрываў тое, што было на галовах мінакоў, а ў мяне з рук выхапіў мой маленькі і прыгожы парасон ад сонца з зялёнага шоўку, які я атрымала ў падарунак на дзень майго нараджэньня. Мой смутак з нагоды гэтай страты быў надта вялікі, і калі мы знайшлі яго ў аптэцы каля нашага дому, ён быў зламаны і парваны і ляжаў бязжызьненны; і мне не заставалася нічога, як абняць яго і плакаць па ім і па таму кароткаму часу, што я ім карысталася. Хаця гэтыя рэчы неістотныя для чытача і нават для мяне самой, бо цяпер я ведаю, што такое сапраўдны смутак і пакуты, пасьля вялікага мноства пакутаў, якія я сустрэла за сваё жыцьцё; але тады, у сем год, калі я знайшла свой паламаны парасон, я думала, што няма большага бедства, чым тое, што адбылося ў мяне, а з новым парасонам я ўжо забылася на ўсе пакуты, што прынёс мне ўраган.

У доме маёй добрай бабулі
    Было премна, вельмі прыемна, калі я вярталася са школы ў халодныя дні і ўваходзіла ў пакой маёй бабулі, якая сядзела там за столікам каля палаючага каміну, а самавар кіпеў, і на століку ляжалі кнігі “Цэна-уРэна” (“Падыміцеся і глядзіце”, перасказ Торы на ідыш з каментарамі і дадатковымі гісторыямі з Вуснай Торы напісаны ў 17ст. Якавам бен Іцхакам Ашкеназі. Вельмі папулярная кніга сярод жанчын) і іншыя падобныя, якія яна чытала. Акрамя сьвяцільні, што была запаленая ў цэнтры пакоя, на стале таксама стаяла сьвяча, што асьвятляла літары РаШ”І (скарачэньне ад рабэйну Шлома Іцхакі (наш настаўнік Шлома Іцхакавіч), знакаміты каментатар Пісьмовай і Вуснай Торы, які жыў у Францыі ў другой палове ХІ ст.) ў “Цэна-уРэна”. Сьвяча выкарыстоўвалася таксама, каб смажыць на ёй маленькіх вэнджаных рыбак (якія называліся: флундэркес), якіх мая бабуля заўсёды рыхтавала мне па вяртаньню са школы, і іншыя рэчы, пра якія мая добрая бабуля ведала, што яны мне смачныя. Добрая бабуля балавала мяне больш за ўсіх сваіх унукаў і ўнучак, бо я была малодшая сярод іх, і яна заўсёды рыхтавала для мяне гэткія сюрпрызы, якія прыносілі мне радасьць. Яна радавалася глядзець, як я слухаю яе словы і яе расказы, якія яна распавядала пра дні, калі яны з дзядулей Шмар’яй Лурыя, вечнай памяці, (якога я не ўдастоілася застаць) і з усёй сям’ёй езьдзілі ў Ерусалім, і якім доўгім было падарожжа па моры, і небясьпека, якая вісела над імі, калі яны плылі на парусным караблі на працягу 2х месяцаў, ці нават болей. Тады ўжо Ерусалім знайшоў сабе месца ў маім маленькім мазгу, і я марыла пра яго мары “1000 і адной ночы”, пакуль у рэшце рэшт мае мары не спраўдзіліся.



Комментариев нет:

Отправить комментарий