02.05.2016

Вайна 1655 і аблога Магілёва

Сёньня прадстаўляю вашай увазе вельмі рэдкі і не менш цікавы тэкст. Гэта апісаньне падарожжаў сірыйскага праваслаўнага патрыярха Макарыюса, запісаныя яго атэндантам Паўлам. Падчас падарожжа, у 1655 г., дэлегацыя апынулася ў Маскве ў якасьці гасьцей маскоўскага цара.
Кніга была напісаная ў 17ст. па сірыйску, а потым у 1836 г. перакладзеная на ангельскую.
Цяпер і мы маем магчымасьць азнаёміцца з урыўкамі адткуль, якія датычацца нашай гісторыі і апісваюць вачыма гасьцей маскоўскага цара падзеі вакол вайны 1655 г. і асобна аблогу Магілёва.

Тэкст яскрава паказвае, як тагачасныя падзеі падаваліся ў Масковіі, і што там нічога за 350 год не зьмянілася ў метадах прапаганды і фальсіфікацыі фактаў.

Такім чынам, запрашаю ўсіх чытаць далей ->

Падарожжы Макарыюса,патрыярха Антыохіі:
напісаныя яго атэндантам архідыяканам, Паўлам з Алепо, па арабску.

Том ІІ

пераклаў
F. C. Belfour, A.M. Oxon. M.R.A.S.
доктар права ў Грэцкім Універсітэце Корфу, і г.д. і г.д.

Лёндан: надрукавана для фонда бліжнеўсходніх перакладаў Велікабрытаніі і Ірландыі;

1836

КНІГА ІХ

ГЛ. ІХ
Працяг гісторыі з Радзівілам. – Вераломства Палякаў.

...
    У той дзень да Імпэратара прыйшлі навіны, што ліхадзейны Радзівіл, яго вораг, як толькі пачуў пра прыбыцьцё Імпэратара ў Маскву, вярнуўся са свайго далёкага рэйду і прыйшоў з 12 000 войска, каб абкласьці адзін са сваіх гарадоў, які раней узяў Імпэратар, называемы горад Магілёў, што мае вялікую важнасьць і моцную знакамітасьць сярод купцоў, якія называюць яго Горадам Багацьця; акрамя таго ўсе яго жыхары зьяўляюцца гандлярамі. Калі Імпэратар моцай зброі ўзяў гэты горад, ваявода, які быў прадстаўніком Радзівіла ў губэрні, прыйшоў да яго і прасіў яго літасьці; якую Імпэратар падараваў яму. Ён папрасіў таксама хрышчэньня, і Імпэратар загадаў яму зрабіць гэта; выказаўшы яму, акрамя ўсяго, ласку, што ён і далей застаўся губэрнатарам горада ў саюзе з адным з Імпэратарскіх ваяводаў, што мусіў кіраваць войскамі. Гэта было пасьля таго, як ён пакляўся, на крыжы і эвангельлі, што ён не будзе няверным Імпэратару. Але прысяга палякам была адкінутая; і гэта той грэх здрады, які зламаў усе іх справы. Іх прысягі ідуць не далей іх вуснаў, і яны не маюць ані ўстойлівасьці, ані вернасьці да сваіх дамоваў. Такім чынам яны шмат разоў дзейнічалі ў дачыненьні да гетмана Хмеля, калі ён пераважваў іх і меў намер іх зьнішчыць: яны кляліся яму ў цьвёрдай і сталай вернасьці, і ён абыходзіўся зь імі з міласьцю і адпускаў іх на волю: яны тады парушалі свае прысягі і ішлі на вайну супраць яго, як і раней. Але гэтае злачынства здрады, у апаганьваньні імя Боскага, прынесла ім гібель; і рука Бога, з Хмелем, выцягнулася супраць іх; таму што ніхто не чуў пра Хмеля, за гэтыя дзесяць год, нічога акрамя таго, што ён заўсёды перамагаў іх і ніколі не быў пераможаны імі. Паколькі здрада не была грахом у іх вачах, таму вось гэты ваявода ўцёк патаемна адной ноччу з усімі сваімі людзьмі; і пайшоў да свайго заступніка, Радзівіла, з кім ён вярнуўся і абклаў горад аблогай. Калі аблога стала ціснуць, жыхары паслалі паведаміць Імпэратару і запыталі яго падтрымкі. Не пасьпеў Імпэратар пачуць пра гэтае здарэньне, як яго ахапіў люты гнэў: ён даў патрыярху лісты, каб адразу зачытаць іх у царкве, бо патрыярх быў начальнікам яго тайных дарадчыкаў. Абодва дакладна разумелі, што палякі не жадалі нічога большага, як толькі вяртаньня Імпэратара ў яго сталіцу: мы самі назіралі, што калі нікога няма ў полі, то палякі вылазяць на вайну; аднак калі яны здалёк чуюць гукі маршу, яны неадкладна кідаюцца на ўцёкі, і хаваюцца ў глыбінях сваіх гротаў. Так паводзяць сябе палякі цяпер. Калі Імпэратар знаходзіцца сярод іх са сваімі войскамі, найвялікіы жах пераважае ў іх гарадах, з якіх ён скарыў больш за 50, і з якіх ён узяў шмат тысяч палонных; і ніхто зь іх не пажадаў выйсьці супраць яго, альбо застацца, каб змагацца зь ім; і гэта было так на працягу гэтага году і папярэдняга. Пагэтаму цяпер Імпэратар прыняў рашэньне, абраць 6 з яго 12 міністраў, і паслаць іх перад сабой, у той жа дзень, каб яны са сваімі войскамі сустрэлі атрад ліхадзейнага Радзівіла; з намерам хутка пасьледаваць за імі асабіста; і гэта пасьля таго, як увесь народ разьлічваў, што ён будзе сьвяткаваць зь імі сьвята Пасхі ў найвялікай радасьці і ўрачыстасьці. Мы, у прыватнасьці, спадзяваліся, што Імпэратар уладкуе нашы справы на пасхальных сьвятах, чакаючы, што потым ён паедзе і пакіне нас. Але ніхто ня ведаў намераў яго сэрца; бо гэта не звычай каралёў, пасьвячаць іншых людзей у свае таямніцы: а што тычыцца Маскавітаў у цэлым, аніякі інтрыган, альбо сэкта ці племя ніколі не дасягнуць іх у хітрасьці, альбо ў сакрэтнасьці іх плянаў. Затым ён напісаў імёны шасьці міністраў, і іх прызначэньні, уласнай рукой у царкве; і пасьля таго, як два патрыярхі выйшлі ад алтара, і патрыярх Маскоўскі заняў сваё месца каля амвону і прачытаў пропаведзь прысьвечаную гэтаму дню, прапаведваў наконт яго і, растлумачыўшы вельмі працягла яго значэньне, скочыў службу; і спусьціліся разам з нашым панам, каб дабраславіць Імпэратара згодна са звычаем, і пажадаць яму здароў'я дзеля паста. Цяпер Імпэратар уласнай рукой прадставіў 6 міністраў патрыярхам; сам ішоў вонкі за дзьверы царквы, на захад, і клікаў іх па іх імёнам, аднаго за адным, каб прадставіць іх; молячы патрыярхаў чытаць над імі малітвы дзеля вайны, якую Бог будзе мець ласку весьці і дапамагаць ім супраць іх ворагаў. Яны зрабілі так, маліліся над кожным зь іх, па асобку. Заўвага пра тыя дзеяньні князя, ці хутчэй Сьвятога, сьведкамі якіх мы сталі ў той дзень! Ён не застаўся на сваім месцы і не паклікаў аднаго са сваіх пісараў, каб напісаць імёны міністраў: ён спытаў на чарнілы і паперу і напісаў іх імёны сваёй уласнай рукой. Па-другое, ён не паслаў паклікаць міністраў аднаго са сваіх лёкаяў: але пайшоў асабіста і, паклікаўшы іх, уласнай рукой праводзіў іх да вялікага шчасьця - я маю на ўвазе дабраславеньне патрыярхаў над імі і іх малітвы ад іх імя: такім чынам пра веліч нашага зьдзіўленьня, мы былі цалкам у захапленьні ад масштабаў таго, што мы бачылі наконт яго пакорлівасьці, якая не паддаецца апісаньню. Потым патрыярхі падалі кожнаму з міністраў крыж дзеля пацалунку і пырскалі на іх асьвячэньне, і тыя пайшлі.
    У той момант прыбыў метрапаліт Наўгародскі, які, як мы ўзгадвалі раней, з'яўляецца першым з мітрапалітаў; і ён у гэты дзень апрануты o свой касьцюм, адпаведна яго пастаяннаму звычаб, і ў суправаджэньні мітрапаліта Ратоўскага, у яго фелоні. Яны прыбылі са сваіх Катэдраў, каб засьведчыць сваю пашану да Імпэратара, і кожны зь іх, пасьля паклону, падараваў яму 10 упрыгожаных золатам выяў Сьвятых, імя якіх носяць іх біскупскія цэрквы; Імпэратару, Імпэратрыцы, іх сыну і сёстрам і дачкам Імпэратара.
    У той дзень мы не пакінулі імшу да поўдня; і не маглі паверыць, калі апынуліся зноўку ў манастыры, у нашых цёплых кватэрах там, напаўмёртвыя ад стомы і стаяньня на нагах на працягу ўсяго ранку, з улікам таго жудаснага холаду. Але мы суцешыліся задавальненьнем ад назіраньня за цудоўнай трываласьцю гэтага народу ў яго стаяньні на халодным жалезным бруку ад ранку да ночы ў тую нядзелю. Да ўсяго папярэдняга ў нас амаль не было часу, каб сесьці за стол, пакуль званы не прагучалі да дзённай малітвы, за якой як звычайна ішла вячэрняя. Да вячэрняй імшы Імпэратар прыйшоў з Імпэратрыцай у жаночы манастыр насупраць нас, у якім, як мы згадвалі раней, знаходзяцца магілы ўсіх імпэратрыц.

...

КНІГА Х

ГЛ. І
Паход супраць палякаў пад началам Радзівіла. – Адпяваньні.

    На працяге першага тыдню вялікага паста, Імпэратар адправіў шэсьць архонтаў, якія мелі з сабой, як мы казалі, больш за трыста тысяч войска: і было распаўсюджана паведамленьне, што Імпэратар усласнай асобай хутка пасьледуе за імі: бо ён быў надзвычайна раздраднёны, калі яму былі прынесеныя дзьве навіны; адна, што пракляты Радзівіл абклаў горад Магілёў; і іншая, пра тое, што адбывалася ў казацкай краіне – пра спусташэньні, забойствы, рабаўніцтвы і падпалы, якія былі зьдзейсьненыя там; асабліва калі ён убачыў дасланых яму Хмелем палонных, узятых з татараў, палякаў, венграў, малдаван і немцаў; і калі ён пачуў пра Хмеля, як Бог дараваў яму перамогу над імі, з мужнасьцю Імпэратарскага двараніна, і трапятаньнем ад яго імя. Мы, у сваю чаргу, не маглі паверыць пра хуткі ад’езд Імпэратара; бо ён не прабыў нават і месяца ў сталічнай рэзідэнцыі. Аднак, калі мы ўпэўніліся ў праўдзівасьці гэтага, наша радасьць, якая пачалася з яго прыездам, улятучылася; і наша гора і смутак павялічыліся, калі наблізіўся час яго ад’езду. Мы пачалі ўзносіць малітвы, з глыбіні нашых сэрцаў, супраць ворага Бога і Хрысьціянскай Царквы, Радзівіла; як мы раней накіроўвалі нашы праклёны супраць Стэфана Бега з Малдавіі; бо, без сумневу, Творца узняў гэтых дваіх дзеля пакараньня Хрысьціян. Нехта падумае, што гэтыя ворагі Бога зьявіцца, у наш час, толькі дзеля таго каб павялічыць смутак, трывогу і хаос, якія прагналі нас з нашай краіны і не пакідаюць нас. Адна прычына, чаму мы меркавалі, што Боская помста спасьцігла яго Царкву, была выведзеная з таго, што адбылося праз Васіліся ў той час, калі ён сеў на прастол; чыімі рукамі былі забітыя больш за сто тысяч хрысьціян з малдаванаў, валахійцаў, венграў, грэкаў, сэрбаў, балгараў, арнаутаў, туркаў, арабаў, татараў, палякаў, казакаў і іншых народаў. За гэта, аднак, мы не плакалі, але таму што Ўсемагутны не меў цярпеньня з намі ўсяго на 15 дзён – з чацьвера перад пальмавай нядзеляй да чацьвера пасьля пасхі; як абяцаў нам Васілі пра той час, каб зрабіць нам усякую даброту – пагасіць пазыкі нашы, упрыгожыць нас сьвятарскімі ўпрыгожваньнямі, каштоўнымі каронамі і гэдак далей. Калі б мы правялі пасхальныя сьвяты з ім, мы б павіньшавалі сябе атрымаўшы усе гэтыя выгады: ён паслаў бы нас сюды без клопату і праблем: і мы былі б упэўненыя ў часе свайго вяртаньня ў нашу родную краіну, і не былі б затрыманыя тут дагэтуль. Другая прычына складаецца ў тым, што гэты пракляты Радзівіл у гэты час знаходзіцца ў полі, і абудзіў драмаўшы гнэў Імпэратара; хто, да гэтага моманту, меў намер правесьці сьвята пасхі з намі; і мы радаваліся чаканай магчымасьці стаць аб’ектамі яго ўвагі і ў надзеі, што ён разгледзіць нашы абставіны: бо раней мы амаль страцілі надзею ўбачыць яго, і не маглі паверыць нашым вачам, калі мы мелі шчасьце сузіраць яго доўгі час. О, Гасподзь, паглядзі на наша становішча! Як доўга ты будзеш адварочваць тваю ўвагу ад нас? Ва ўсіх абставінах, мы ўдзячныя Табе; і пасьля ратунку ад праблем Малдавіі мы меркавалі, што нашы пакуты скончыліся; аднак яны ніколі не пакідаюць нас нават дагэтуль. О, Бог! Пашлі Радзівілу хваробу і немач прапарцыйна таму, як ён ішоў па крыві тысяч і ператварыў наш камфорт і радасьць у неспакой і журбу! Гэты пракляты мярзотнік, як мы ўжо ўзгадвалі раней, быў крыніцай ўсіх гэтых бед, будучы чалавекам загубленых абставін, без фартуны ці посьпеху ў вайне, і без сілы. Калі Імпэратар ішоў на Смаленск з больш чым шасьцю сотнямі тысяч людзей, гэты ўзгаданы чалавек прыйшоў на бой зь ім з трыццацю тысячамі. Як толькі першыя атрады Імпэратара сустрэлі яго, яны разагналі усе трыццаць тысяч вастрыём мяча; як маглі яны супрацьстаяць у дваццаць разоў большай колькасьці? Што за дзёрзкасьць і нахабства спрабаваць зрабіць гэта! Сам мярзотнік, як толькі ён убычыў твар ворага гатовага да бою, у гэткім адзеньні, каб ніхто не пазнаў яго, пакінуў свае войскі ў бядзе і ў руках ворага, пастаўленымі перад горшай з бед, амаль усе ваяводы былі захопленыя, і толькі некаторыя ўцяклі зь ім. Яму ж не было дастаткова кінуцца ў гэтыя ганебныя ўцёкі; але ён мусіў цяпер вярнуцца, з дванаццацю тысячамі, каб плюндраваць краіну. Глядзі, разумны і разважлівы чытач, на гэтую дзёрзкасьць, гэтую гардзялівасьць і жаласную подласьць! У другой частцы нашага тому мы дапоўнім гісторыю гэтай справы з дэталямі, каб ты мог ведаць, што гэта ад Бога ўсе імпэрыі і панаваньне; і што той, хто карыстаецца імі з пакорлівасьцю, узвышаецца ў магутнасьці і кіраваньні; але таму, хто пагардлівы і тыранічны, Бог адводзіць месца на кучы гною, сярод бруду і сьмецьця, абрынуўшы яго нобілей і ваяроў, як гэта здарылася зараз, каб быць прыніжанымі і растаптанымі пад нагамі сваіх ворагаў.

...

ГЛ. ІІ
Падрыхтоўка да ад’езду Імпэратара. – Аблога Магілёва, і канфуз Радзівіла.

    На самым ранку другой нядзелі вялікага паста, яны выклікалі нас, і мы пайшлі да сабору. Пасьля таго, як патрыярхі выказалі сваю адданасьць іконам і апрануліся ў свае рызы, прыбыў Імпэратар. Як толькі ён выказаў сваю адданасьць усім іконам і мошчам сьвятых, а пеўчыя прасьпявалі яму поліхроніён, ён падышоў бліжэй да дзьвух патрыярхаў: і патрыярх Маскоўскі, спусьціўшыся са свайго трону, пайшоў яму насустрач і блаславіў яго крыжам, завяршаючы сваё дабраславеньне асьвячэньнем. Падобным чынам зрабіў і наш пан. Потым архідыякан вынес наперад вялізны крыж з золата, з іншым меншым. Патрыярх Маскоўскі блаславіў Імпэратара адным зь іх, двойчы; і Імпэратар дакрануўся да яго сваёй правай рукой, на посьпех у вайне. Падобным чынам і нам пан блаславіў яго другім крыжом і даў яму дакрануцца да яго; кажучы яму з дапамогай перакладчыка: “Як Бог калісьці, з дапамогай вялебнага крыжа, падараваў Імпэратару Канстантыну Вялікаму перамогу над яго ворагамі, так цяпер і я малю Яго падараваць гэта Вам”. Імпэратар адказаў, “Амінь!” і пацалаваў руку нашаму пану; а ён пацалаваў галаву Імпэратара. Цяпер, гэта было прароцтва нашага Госпада прамоўленае патрыярхам: бо Імпэратар чуў, што ў адным з манастыроў Сьвятой Гары, вядомым пад назвай Παντοκρατωρ, што значыць “Усемагутны”, быў сапраўдны крыж Імпэратара Кантантына, які грэцкі Імпэратар падараваў гэтаму манастыру згодна з Χρυσόβουλλο, ці “Залатым быком”. Таму ён паслаў спытаць манастыр, каб яны паслалі яго яму, з мэтай атрымаць ад яго дабраславеньне, і потым на сьвята пяцідзесятніцы яны паслалі яму той сапраўдны крыж, пакуль ён знаходзіўся ў Польшчы. Мы самі бачылі яго пасьля і блаславіліся ім, як пра гэта будзе распавядацца ў далейшым. Імпэратар пакланіўшыся абодвум патрыярхаў пайшоў і ўстаў каля свайго крэсла, і паслаў нашаму пану праз архідыякана прыгожы сакас, што зьдзіўляе кожнага, хто яго бачыць, вытанчанасьцю працы, бяскам фарбаў, і зьзяе ў цемры. Таму мы зьнялі з яго сакас, які быў на ім, і замянілі яго новым. Гэтая падзея была для нас прычынай вялікай радасьці і весялосьці; бо гэта адбывалася перад такой вялікай колькасьцю народу, чые вочы былі накіраваныя на нас, у захапленьні вялікай любові Імпэратара да нашага пана. Падчас гэтай падзеі, і ў той момант, гэта каштавала падобна залатым скарбам: бо гонар належыць не багацьцю, але статусу. “Няхай Бог падоўжыць твае дні, о Імпэратар Пакаленьня! І дасьць табе перамогу над тваімі ворагамі, ва ўсе часы і пры ўсіх абставінах! Вашаму ўзьнёсламу розуму было не дастаткова займацца падрыхтоўкай да вашага паходу, о Найвялікі з Цароў Зямлі, Імпэратар Новага Рыму, які знаходзіцца ў Маскве, Самадзержац Вялікай і Малай Русі, і Μεγας Αυθεντης πασης Γης Βορραιας (Вялікі князь усіх зямель паўночных)! але вы не забылі таксама і Кіра Макарыюса, патрыярха Антыохіі! Няхай Бог падаруе вам перамогу над вашымі ворагамі, дэманамі, і ўвекавечыць ваша праўленьне да веку! Амэн!”
   &nbspПасьля таго, як наш пан апрануў сакас, ён падышоў да Імпэратара, разам з перакладчыкам, і пакланіўся яму, дзякуючы за яго дабрыню, малючыся за яго і бласлаўляючы яго; і пацалаваўшы яго ў галаву вярнуўся на сваё месца. У той дзень адбылася таксама ардынацыя сьвятароў і дыяканаў; і ў час Εισοδον (Уваход), перад тым як архідыякан сказаў Σοφια ορθοι (Прамудрасьць), два дыякана прадставілі патрыярху аднаму з сьвятароў, які пакланіўся яму, і ён блаславіў яго і прачытаў над ім малітву дзеля службы архімандрыта; такім чынам ён паставіў яго галавой манастыря, які знаходзіцца ў межах горада, прысьвечаны тытулам Боскага Хрышчэньня. Прыкрыўшы яго рукавамі і паклаўшы побач з ім упрыгожваньне, што нагадвала каштоўныя камяні, ён паклаў яму на галаву мітру і блаславіў яго. Потым яны павялі яго ўніз да патрыярха, кланяючыя падчас адыходу; а потым да нашага пана, які таксама блаславіў яго. Затым ён пайшоў па кругу да кіраўнікоў духавенства, архімандрытаў і сьвятароў, што стаялі на кожным баку; і цалаваў іх у вусны, паводле іх звычая, калі яны бласлаўлялі яго. Потым ён стаў на сваё месца; а архідыякан прамовіў Σοφια ορθοι, мы скончылі нашу пятую імшу ў прысутнасьці Імпэратара, і нашу сёмую ў кампаніі патрыярха Маскоўскага. Пасьля таго, які апошні скончыў малітвы, і яны увайшлі ў рызьніцы, каб зьняць свае мантыі, яны выйшлі блаславіць Імпэратара. У гэты момант наш пан маліў Імпэратара, каб ён адпусьціў паслаў яго. Той адказаў: “Не, мой айцец; аднак, наадварот, я малю вас, каб вы засталіся тут і маліліся за мяне, каб Бог дараваў мне перамогу над маімі ворагамі, каб я мог вярнуцца ў радасьці, і паглядзець на вашы справы і ўзнагародзіць вас прыхільнасьцю, якая вам адпавядае. Наш пан адказаў: “Вы ведаеце, мой Гаспадар, што да гэтага часу я ўжо больш за чатыры гады адсутнічаю ад маёй епархіі; быў затрыманы, да майго вялікага няшчасьця, у шляху, і ў Малдавіі і Валахіі, амаль увесь час. Калі, такім чынам, ёсьць на тое ваша царская ласка, звольніце мяне.” Імпэратар адказаў яму: “Вы згубілі шмат часу ў замежных краінах; застаньцеся тады таксама і ў маёй, бо яна можа блаславіцца вашай прысутнасьцю: бо з вашымі малітвамі і маім мячом, я атрымаю перамогу над маімі ворагамі.” На гэта наш пан прамаўчаў і не адказаў нічога. Тады Імпэратар узяў яго за руку і прадставіў яго патрыярху Маскоўскаму, кажучы: “Гэта мой намесьнік: пакідаю вас пад яго апеку. Усё, што вы пажадаеце, прасіце яго”. Затым, разьвітаўшыся зь імі, ён сышоў; а мы вярнуліся ў наш манастыр.
    Патрыярх паведаміў нам вярнуцца праз некалькі гадзін, каб разьвітацца апошні раз з Імпэаратарам; да каго, пад гудзеньнем вялікага звана, імкнуліся гараджане з усіх канцоў гораду, каб разьвітацца. Мы таксама накіраваліся да царквы; дзе ў рызьніцы два патрыярха апранулі свае мантыі разам з кіраўнікамі духавенства, сьвятарамі і архімандрытамі. Потым мы выйшлі да Νάρθηξ, ці бабінцу, дзе кіраўнікі манастыроў занялі свае звычайныя месцы, пакуль гудзеў вялікі звон. Калі патрыярхі спускаліся са сваіх палацаў, яны званілі разам ва ўсе званы; так што ўся зямля трэслася, а нам заклала вушы. Два патрыярхі выйшлі потым, каб сустрэць Імпэратара і даць яму сваё дабраслаўленьне. Ён быў апрануты ў свае імпэратарскія адзеньні з венецыянскай залатой парчы вялікай прыгажосьці, што асьляпляла вочы; усё акантаванае, на шырыню чатырох цаляў, жэмчугам, каштоўнымі каменьнямі і золатам; падобна на вопратку грэцкіх імпэратараў. Ён не спыніўся на сваім звычайным месцы; але пайшоў і стаў каля нас за калёнай па праваму боку, якая была пакрытая чырвоным покрывам, як распавядалася раней. Тады яны пачалі чытаць малітвы ваеннай імшы з падтрымкаў дзьвух хораў, у надзвычай прыгожай мелодыі; а Імпэратар зьвярнуўся да патрыярха, які сышоў са свайго трону на ніжнюю прыступку, і перадаў яму ліст, які той зачытаў. Перакладчык растлумачыў гэта нашаму пану. Там ішла гаворка пра ваяводу Магілёва: – “То, калі пракляты Радзівіл абклаў іх горад і завалодаў лініяй земляных валоў, войскі Імпэратара зрабілі вылазку супраць яго з вялікай мужнасьцю і захапілі пазіцыі вакол усяго гораду. Туды прыйшлі таксама з часткі гетмана Хмеля, адзін з яго высакародных палкоўнікаў, вядомы пад імем Залатарэнка, у суправаджэньні 40 тысяч адборных казакоў. Яны атакавалі Радзівіла з чатырох бакоў; пакуль з гораду па ім вялі бесперапынны агонь з усёй зброі. Бачачы помсту вакол сябе з ўсіх напрамкаў ён, як і раней, быццам сатана зьмяніў сваю вопратку і кінуўся на ўцёкі з некалькімі атэндантамі. З рэшткаў яго войска ніхто ня зьбег.” – Мы ўзрадаваліся гэтым добрым навінам.

...

Комментариев нет:

Отправить комментарий