03.12.2014

Габрэйскі пралетарыят у Магілёве - частка 4

Апошняя частка артыкула "Адносна становішча габрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры", 1902, №34 газэты "Die Welt" (Сьвет), цэнтральнай газэты сіянісцкага руху.

Спасылка на першую частку перакладу: ТУТ
Спасылка на другую частку перакладу: ТУТ
Спасылка на трэцюю частку перакладу: ТУТ
Апошняя частка пераклада: Праект доктара Кацэнэлензона на апошнім сіянісцкім кангрэсе ў Базэлі. – “Габеты”. – “Пушке”. – Да характарыстыкі яўрэйскай дабрачыннасьці ў Магілёве на Дняпры. – Агульнае заключэньне

„Die Welt“
 
Nr. 34, 22.08.1902
“Сьвет“
Цэнтральны рупар сіянісцкага руху


Адносна становішча яўрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры.

(заканчэньне)

    Аднак ня трэба папракаць у гэтым яўрэйскую дабрачыннасьць Магілёва. “Ажыцьцяўленьне дзейнасьці”, карыстаючыся выразам Спэнсэра, маецца таксама й тут у лепшым сэнсе і прыносіла ды прыносіць шмат дабра. Аднак з адзіных і прынцыповых пунктаў гледжаньня гэтае дзеяньне не адбываецца. Бо паколькі яўрэйскія дабрачынныя ўстановы Магілёва ствараюцца багатымі яўрэйскімі жыхарамі гарадскога цэнтра, то ў іх не будзе прадугледжана ніякага вялікага разуменьня прычынна-сьледчай сувязі эканамічнага бедства тых, каго яны падтрымліваюць.
    Нядаўна пан д-р Кацэнэлензон з Ліепая прапанаваў на апошнім сіянісцкім кангрэсе ў Базылі заснаваць па ўсяму раёну аселасьці распаўсюджаныя ў вялікай цішыні крэдытныя таварыствы і пашырыць іх на патрэбы яўрэйскіх рамесьнікаў і дробных бакалейшчыкаў. Гэтую прапанову можна было б улічваць ва ўсіх напрамках.
    Аднак аўтарка ня мела ніякай магчымасьці зрабіць больш дакладныя вывучэньні гэтых крэдытных арганізацый, некаторыя зь якіх ужо павінны быць у дзейнасьці. Аднак, падрабязнае вывучэньне арганізацый руска-яўрэйскага пралетаріяту прадаставіла ёй позірк у глыбокі таварысцкі характар яўрэйскага народу. Гэты характар мог бы даць гарантыі таму, каб дальнабачная прапанова пана д-ра Кацэнэлензона пры належным выкананьні была каранаваная посьпехам.
    У якасьці доказа гэтаму павінен быць прыведзены найпрымітыўны характар яўрэйскага таварыства ў Магілёве. Яно настолькі прымітыўнае, што тут не можа йсьці гаворка ані пра якую актуальную эфектыўнасьць; аднак як раз у сваёй прымітыўнасьці яна і зьяўляецца ўласьцівай, бо яна прынцыпова ўвасабляе тую сваеасаблівую і цудоўную арганізацыйную здольнасьць, якая адна толькі трымала разам яўрэйскі народ ва ўсіх яго вандраваньнях і трымае нават сёньня. Неазнаёмлены сябар народу павінен разглядаць у іх моцную адпраўную кропку для сваіх прадпрыемстваў, бо там хаваюцца жыцьцяздольныя зародкі, якія пры належным доглядзе могуць страшэнна разрасьціся.

    На цёмнай паверхні гаротнасьці і нястачы апісанай вышэй часткі насельніцтва Магілёва зьяўляецца падчас сьветлы прамень самаахвярнай любові і клопату ў асобе так званай “габеты”. Звычайна гэта старая жанчына, часта з асяродзьдзя бядноты, якая ўжо пачынае думаць пра сьмерць ды той сьвет і спрабуе выратаваць сваю душу праз адданасьць бедным. Яна звычайна ўсталёўвае адносіны з багацейшым насельніцтвам горада, каб зьбіраць ад іх унёскі на карысьць бедных сваёй вуліцы. Паколькі яна асабіста ведае кожнага з гэтых жабракоў, то праз сваю дапамогу яна заваёўвае іх поўны давер.
    Тады паводле яе прапановы і пад яе наглядам бедныя яўрэйскія жанчыны яе вуліцы ўтвараюць сваеасаблівы тып кас узаемнай падтрымкі, якія крэпка зьвязаныя з агульнымі звычаямі і традыцыямі яўрэйскага народу і называюцца хэўрамі (таварыствамі). Колькасьць іх чальцоў невызначаная і вольная, і яе верхняя межа залежыць ад колькасьці яўрэйскай бядноты гарадскога квартала, у якім яны ўтвараюцца. Іх цэнтр заўсёды складаюць габеты і іх дапаможніцы. Кожны чалец мае прыбітую да сьцяны сваёй кватэры “пушке”, бляшаную банку, ключ ад якой захоўваецца ў “габеты”. Час ад часу ўладальнікі гэтай банкі кідаюць у яе проразь медную манету, якую яны лічаць недатыкальнай і маёмасьцю хэўры. Дарэчы, гэта стары, распаўсюджаны сярод усіх яўрэяў незалежна ад іх дастатку і стану звычай, мець падобную банку і па зьдзяйсьненьні нейкіх жаданьняў (акрыяньне, посьпех у пэўным прадпрыемстве) ахвяраваць нешта “ў банку”, каб потым выкарыстаць гэта дзеля мэтаў дабрачыннасьці. Такім чынам гэты звычай таксама і тут трымае разам арганічную ашчадкасу жабракоў. Паколькі да радасных падзей гэтых людзей адносіцца перад усім нечаканы эканамічны посьпех, то выкананьне абяцаньня, у падобных выпадках ахвяраваць нешта ў банку, робіцца адначасова выкарыстаньнем шчасьлівых выпадковасьцей для значна больш частых выпадкаў агульнай безпрацоўнасьці.

    Грошы з банак зьбіраюцца “габетай” раз у месяц і раздаюцца звычайна ў зімовыя месяцы, час хваробаў і беспрацоўнасьці, сярод чальцоў, якія найбольш пакутуюць. Таксама і мужчыны пад кіраўніцтвам “габэ” маюць на шматлікіх вуліцах падобныя хэўры, якія дапаўняюць дзейнасьць жаночых хэўраў. Канечне гаворка пры гэтым ідзе пра настолькі дробныя зборы (3 – 5 рублёў штомесяц), што нямагчыма казаць пра вырашальны ўплыў хэўры ў жыцьці бядноты. Аднак прынцыпова яна напоўненая сапраўдным сэнсам, бо спрабуе вызваліць людзей ад капрызаў лёсу; там, дзе яна – напоўненая гэтым прынцыпам – аперуе большымі сродкамі, яе ўплыў таксама зусім іншы.
    Тут не месца, абмяркоўваць тыя астатнія выпадкі, якія маюць найбольшае значэньне для ўсяго сацыяльнага жыцьця руска-яўрэйскага пралетарыяту. Дазволю сабе толькі прывесьці наступны пункт з агульнага заключэння спецыяльна для яўрэйскай дабрачыннасьці.
    Той, хто як аўтарка, меў магчымасьць на працягу доўгага часу жыць у маленькім горадзе руска-яўрэйскай рысы аседласьці і назіраць за дзейнасьцю тамашніх яўрэйскіх філантропаў, ведае, што руска-яўрэйская інтэлегенцыя песьціць лепшыя намеры для сваіх бедных аднаверцаў. І ўсё ж – калі чалавек глядзіць на яўрэйскія дабрачынныя інстытуты, у іх шэрагу кухні для бедных, школы для бедных, жаночыя аб’яднаньні і г.д., то чалавек натыкаецца на поўнае бясьсільле. Тут можна заўважыць абсалютны недахоп народнага падмурку, і жабрак успрымаецца тут як нешта цалкам чужое, як аб’ект для падтрымкі, але не як суб’ект, якому жадаюць дапамагчы.
    Інтэлегентная руска-яўрэйская моладзь паказвае інстынктыўнае разуменьне недахопу гэтых інстытутаў. Ва ўсялякім разе з іх боку амаль кожны год узьнікаюць праекты новых дабрачынных арганізацый, якія здаецца кіруюцца новым прынцыпам. Аднак таксама і тут няма ніякай сапраўднай узаемасувязі.
    Замест таго, каб распрацоўваць праекты, філантрапічная руска-яўрэйская моладзь павінна была б за маральна дапушчальны кошт здабыць сабе актыўны ўплыў у існуючых філантрапічных інстытутах. Чаго нам не хапае, гэта аб’яднаньня ўсіх арганізацыйна актыўных яўрэйскіх філантропаў у адзіную эфектыўную супольнасьць. У гэтай супольнасьці, аднак, у першую чаргу мусяць быць надзеленыя вялікімі правамі ўдзельніка прадстаўнікі з народу ў асобах “габеты” і “габэ”.
    Канечне, на сходах жаночых камітэтаў у Магілёве звычайна прымаюць удзел таксама і “габеты”, якія па загаду гэтага камітэту раздаюць у бедных кварталах невялікія грашовыя сумы ў форме падтрымкі, ці беспрацэнтнай пазыкі. Але пасада гэтых “габет” цалкам падначальная. Як шмат, аднак, можна было б даведацца ад іх, калі б ім далі магчымасьць выступіць на роўных правах, і з павагай выслухалі б іх меркаваньне! Аўтарка сама ўдзячная за вялікую частку сваіх ведаў пра яўрэйскі пралетарыят Магілёва адной такой “габеце” па імені Цырэле, з якой яна гутарыла на працягу доўгага часу амаль штодзень і зь яе дапамогай выканала частку свайго апытаньня.
    Мне добра вядома, што меркаваньне “габеты”, і адпаведна “габэ”, не заўсёды ёсьць дакладнае і адзінае слушнае. Яно часта вельмі недальнабачнае і напоўненая вузкімі цікаўнасьцямі аднаго квартала, ці адной вуліцы. Аднак, ва ўсялякім выпадку, яно заслуговае быць уважліва выслуханым. Толькі потым можна будаваць наступны крытэрый на падмурку народнага выраку. І чым больш у маленькіх гарадах рысы аседласьці “габеты” і “габэ” будуць прыцягвацца да парады ў філантрапічных прадпрыемствах, тым больш дальнабачнымі зробяцца таксама і яны самі. Гэткім чынам яўрэйская фідантрапія можа знайсьці моцны корань у народзе, замест таго, каб рабіцца органам для ажыцьцяўленьня гуманітарных парываў багатых.
    Мэтай наступнага твору будзе паказаць пазітыўныя шляхі ў гэтай галіне.

Комментариев нет:

Отправить комментарий