20.10.2014

Габрэйскі пралетарыят у Магілёве - частка 2

Працяг артыкула "Адносна становішча габрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры", 1902 №33 газэты "Die Welt" (Сьвет), цэнтральнай газэты сіянісцкага руху.

Спасылка на першую частку перакладу: ТУТ
Другая частка пераклада: Лішак людзей пры таваразвароце. – Фарміраваньне руска-яўрэйскіх гандляроў. – Так званыя “люмпен гандляры”. – Каробачнікі.

„Die Welt“
 
Nr. 33, 15.08.1902
“Сьвет“
Цэнтральны рупар сіянісцкага руху


Адносна становішча яўрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры.

(працяг)

    Штучная скучанасьць вялікай колькасьці рускіх яўрэяў у адносна маленькім “раёне аседласьці”, што стварыўся праз рускі перасьлед яўрэў, прывёў да таго, што амаль у кожным горадзе пэўная колькасьць яўрэяў сапраўды асуджаная да павольнай галоднай сьмерці.
    Што прыводзіць да зусім сваеасаблівага марнаваньня чалавечай працоўнай сілы, запавольваньня працэсаў вытворчасьці і таваразвароту, выкліканага перавышэньнем прапановы чалавечых паслуг. Бо нястача не можа ані спыніцца, ані пачакаць: яе трэба проста задаволіць; прынцып меншых стратаў ёй не вядомы.
    На шляху паміж вытворцай і спажыўцом яна ўсоўвае перад усім цэлы шэраг змучаных ёю істотаў, якія чапляюцца з адчайнай сілай за свае жаласныя норы. Калі яны зьнікнуць са сцэны таваразваротнага працэсу, то ніхто гэтага нават не заўважыць, бо яны нікому не патрэбныя. Аднак пакуль яны ёсьць, ім патрэбна быць занятымі, і яны будуць трымацца гэтага з упартасьцю прагі жыцьця, пакуль яшчэ ў некай ступені іх надзяляюць цярпеньнем традыцыя і звычкі.

    Такім чынам фарміруецца руска-яўрэйскі гандляр, гэтая мішэнь антысеміцкіх нападак, гэтае ўвасабленьне знежывеньня і галечы, гэты цень жыцьця, гэтая цацка сьмерці ў заблытанай сетцы дробязнага бою за існаваньне.
    Далей трэба прывесьці два тыпу прадстаўнікоў гэтага закінутага клясу людзей: так званы яўрэйскі “люмпен гандляр”, “пасрэднік сельскай вытворчасьці з гарадскім спажываньнем”, і яўрэйскі каробачнік, у большай ступені яўрэйская каробачніца, які, ці якая, рэалізуе “цыркуляцыю тавараў у горадзе”. Якая галеча хаваецца пад гэтымі навучнымі апісаньнямі, будзе бачна з наступнага нарысу:
    “Люмпен гандляром” называе сябе яўрэйскі дробны гандляр, які вандруе па вёскам з таварамі якіх толькі магчыма відаў паводле патрэбы сялянскага падвор’я, якія ён сам альбо набывае на рынку, альбо ў маленькіх крамах, і потым мяняе гэтыя тавары на прадукты сельскай гаспадаркі. Ён выбірае свой занятак не з эканамічнага разьліку, але як вынік свайго гаротнага становішча. Увесь яго асноўны капітал складаецца з простага драўлянага воза і маленькай, таннай кабылкі, зь якімі ён вандруе па вёскам. Аднак нават гэты капітал ён вінен клапатліваму ліхвяру, які спраўна атрымлівае свае працэнты, як гэта будзе падрабязьней прыведзена далей. Зваротны капітал люмпен гандляра (сума яго зваротнага тавару) складае 3 – 10 рублёў, якія звычайны растрачваюцца напрацягу аднаго дня.

    Яго занятак пачынаецца з самага ранку. Тады ён звычайна закупае свае тавары на рынку: жалезныя інструмэнты, танную вопратку, табак, колышкі, запалкі і падобнае. Частка гэтых тавараў часта набываецца таксама ў дробязных крамах, якія са свайго боку выступаюць працадаўцамі для дробных яўрэйскіх індывідуальных майстроў. З гэтым грузам залазіць наш люмпен гандляр на свой вазок і накіроўваецца ў суседнія вёскі адзін, ці ў кампаніі сваёй жонкі, ці аднаго з дарослых сыноў. Там прапаноўвае ён сялянскім жыхарам свае дробязі і мяняе іх потым на птушку, пер’е, яйкі і іншыя прадукты сельскай гаспадаркі. Звычайна ён працуе толькі ўлетку падчас сезону працы ў полі; узімку селянін сам прывозіць свае тавары на рынак і мяняе іх на грошы. Калі абмен ажыцьцявіўся, люмпен гандляр вяртаецца позна вечарам да дому ў горад, дзе яго звычайна ўжо чакаюць яўрэйскія бакалейшчыкі, каробачнікі і каробачніцы, якія разбіраюць атрыманыя ім тавары. Падчас таксама ў гэты працэс можа праціснуцца маклер, калі ў люмпен гандляра атрымаецца прыцягнуць да дому нейкую большую здабычу (мелкае быдла, тканіну). Пры добрым ходзе справаў гэты гандаль прыносіць яму ў сярэднем 2 1/2 – 5 рублёў штотыдзень; такім чынам, не прымаючы да ўвагі мінімальны прадпрыемчы даход і заробак, і прымаючы ў сярэднім яго зваротны капітал за 10 рублёў, то гэты капітал налічвае сабе працэнты пры штодзённым звароце ад 13 да 26 разоў у год. Такім чынам пры падобных карлікавых таваразваротах гаворка ідзе пра цалкам надзвычайнае павышэньне стаўкі працэнта.
    У краме, як і ў каробачніка, тавар таксама не залёжваецца. Бакалейшчыкі прадаюць яго ўжо ў перыферыйных кварталах горада, дзе жыве ўвесь яўрэйскі пралетарыят, аднак каробачнікі прадаюць яго ў горадзе на рынках, на вуліцах ці ў дамах. Іх заробак складае 5 – 10 капеек штодзень.

    З 1000 яўрэйскіх сямей, якія былі апытаныя аўтаркай, былі занятыя: у якасьці “люмпен гандляроў” 20, у якасьці каробачнікаў 107 чалавек, зь іх 100 жанчын, сярод якіх 25 удоў і 5 дзяўчынак; у якасьці дробных бакалейшчыкаў са збытам на той самай вуліцы, дзе былі закупленыя тавары, 72 чалавека, зь якіх жанчын 35, сярод якіх 7 удоў. Зразумела, што пры гэткай канкурэнцыі барацьба за грошы настолькі вялікая, што ўсялякі эканамічны разьлік адсоўваецца на задні плян.
    Спынімся на кароткі момант на каробачніцах. Толькі невялікая частка зь іх, а менавіта “больш выбітная”, займаецца распаўсюдам набытых у люмпен гандляроў тавараў (курэй, пер’я, яек). Яны рэгулярна займаюцца сваім рамяством і маюць звычайна свае асаблівыя колы кліентаў. Разам зь імі маецца прыкладна 5 малочніц, для якіх кола пакупнікоў таксама вызначана.

    Усё інакш у большай колькасьці астатніх, якія мусяць літаральна высочваць спажыўца і вельмі часта мусяць спадзявацца толькі на яго літасьць. Садавіна, картопля, якая купляецца ў сялян на рынке, ці выпечка і танныя ласункі разносяцца імі па рынку і на вуліцах; іх штодзённы таваразварот складае часта не больш за 50 капеек і таксама толькі тады, калі яны цэлы дзень знаходзяцца на нагах. Недахоп грошай – бо нават гэтыя невялікія сумы выглядаюць тут як капітал – надае гэтаму рамяству спарадычны характар. Гэтым займаюцца не тады, калі чалавек лічыць рынкавае становішча асабліва выгодным, але калі чалавек назапасіў некалькі капеек. Такім чынам, з эканамічнага погляду гэта цалкам і абсалютна бескарысна, аднак гэты гешэфт з кропкі гледжаньня індывідуальнай эканомікі зьяўляецца незамянімай крыніцай падрымкі мізэрных заробкаў галавы сям’і (Сярод 100 апытаных аўтаркай каробачніц 25 былі ўдовамі, 2 дзяўчынкамі: жонак грузчыкаў і іншых падзёншчыкаў 21, жонак фурманаў 20, жонак “люмпен гандляроў” 2, жонак шаўцоў 7, жонак цесьляроў 7, жонак сынагогскіх служкаў 5, жонак краўцоў 3, жонак мясьнякоў 1, жонак працаўнікоў цыгарэтнай фабрыкі 1).
    Такім чынам, у масе яўрэйскага “прадпрыемчага пралетарыяту” гаворка йдзе пра эканамічна цалкам і абсалютна залішнія элементы, якія могуць існаваць толькі пры зусім гаротным побыце, і якія верагодна поўнасьцю абсарбіруюцца ў буйную індустрыю Магілёва, якая верагодна ўзьнікне праз маючую адбыцца будоўлі чыгункі.


Чакайце працягу...
__________________________________

Комментариев нет:

Отправить комментарий