12.11.2014

Габрэйскі пралетарыят у Магілёве - частка 3

Працяг артыкула "Адносна становішча габрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры", 1902 у №34 газэты "Die Welt" (Сьвет), цэнтральнай газэты сіянісцкага руху.

Спасылка на першую частку перакладу: ТУТ
Спасылка на другую частку перакладу: ТУТ
Трэцяя частка пераклада: Лішак людзей пры таваравытворчасьці. – Аб’яднаньне працоўных. – Немагчымасьць эканамічнага пашырэньня. – Ліхвяр у асобе “Wocher”а. – Ліхвярства пры крэдытах на набыцьцё. Ліхвярства пры крэдытах на часовыя патрэбы.

„Die Welt“
 
Nr. 34, 22.08.1902
“Сьвет“
Цэнтральны рупар сіянісцкага руху


Адносна становішча яўрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры.

(працяг)

    Аналягічны лішак людзей мы сустракаем таксама ў галіне таваравытворчасьці. Нам дастаткова толькі разгледзіць тып аб’яднаньняў працоўных, якія зьявіліся тут ад гаротнага стану. Зьвярнуся зноўку да майго апытаньня. Пасьля таго, сярод 1000 апытаных мной краўцамі назвалі сябе 45, швачкамі 69, шаўцамі 55, панчошніцамі 19, цесьлярамі 51, пекарамі 46.

    Паколькі для большасьці гэтых рамесьнікаў гаворка ідзе пра дробных майстроў, якія займаюцца вытворчасьцю толькі для таго квартала, у якім жывуць, альбо для абмежаванай колькасьці наяўных гарадскіх крам, то можна падумаць, які маленькі попыт выпадае на кожнага зь іх. Таму тут працуе сьцвярджэньне Бюхера (заўвага перакл.: Карл Бюхер (ням. Karl Wilhelm Bücher; 16.02.1847 — 12.11.1930) — нямецкі эканаміст, гісторык народнай гаспадаркі і статыстык, прадстаўнік новай (маладой) гістарычнай школы ў палітычнай эканоміцы. Прафесар палітэканоміцы ў Ляйпцыгскам унівэрсітэце (1892-1917)) : “Выконваемая праца можа быць менш за наяўныя чалавечыя сілы. Тады чалавечыя сілы не будуць поўнасьцю выкарыставанымі, калі працоўны будзе абмяжоўвацца толькі гэтай адной працай. Узгаданая праца не будзе таксама здольная стварыць аснову прафесыйнага жыцьця, якое корміць чалавека.” Такім чынам таксама і ў нашым выпадку знаходзяцца камбінацыі рознай прыроды. Я знайшла, напрыклад, наступныя камбінацыі: шмат маляроў, якія звычайна знаходзяць занятак па сваёй прафесыі ўлетку, узімку займаюцца кравецкай справай, альбо ліцьцём галёшаў; бакалейнікі часта былі таксама краўцамі, шаўцамі, падзёншчыкамі і г.д.

    Амаль любая магчымасьць эканамічнага прасоўваньня па-за сваёй прафесыяй для маленькага чалавека тут выключаецца. Кожнае арыгінальнае прадпрыемства патрабуе грошай, а грошы можна здабыць толькі адным шляхам: цалкам пакласціся на міласьць і няміласьць ліхвяра.
    “Wocher”, так называецца ліхвяр на яўрэйска-нямецкім жаргоне, аднак слова гэтае не паходзіць ад нямецкага “Wucherer“ (заўвага перакл.: "ліхвяр"). Яно паходзіць ад слова “Woche“ (заўвага перакл.: "тыдзень"), бо грошы тут пазычаюцца пад тыднёвыя, а не пад гадавыя працэнты, і менавіта наступным чынам: даўжнік абавязваецца плаціць крэдытору 1-3% штотыдзень за пэўную пазычаную суму, і менавіта велічыня працэнтнай стаўкі ўсталёўваецца аднойчы і назаўсёды, пакуль не выплацяцца апошнія грошы пазыкі. Такім чынам, калі напрыклад А пазычае В 100 рублёў пад 3 працэнта, то В павінен плаціць яму штотыдзень, пакуль ён яшчэ вінен яму хаця б якую частку ад тых 100 рублёў, 3 рублі тыднёвых працэнтаў, і нават калі яго пазыка паступова паменшылася да аднаго рубля. Паколькі, аднак, маленькі чалавек можа вяртаць свае пазыкі толькі паступова, то гэта прыносіць “Wocher”у цалкам незьлічоны прыбытак ад працэнтаў.
    Аднак, пры той рызыке, якой падвяргаецца ліхвяр у падобных гешэфтах, і пры хуткім звароце дробнага гандлю гэтая сума не будзе здавацца настолькі жудасна вялікай, як на першы погляд. Аднак пры высокіх капітальных інвестыцыях (машыны ў краўцоў, пра якія яшчэ будзе йсьці гаворка ніжэй; коні і вазы для фурманаў і люмпен гандляроў) гэтая сума дае ўжо амаль саму сябе. Перад усім, аднак, пры крэдытах на набыцьцё і крэдытах на часовыя патрэбы ён паказвае усе свае пагібельныя наступствы. У таго, хто праз шматгадовую працу і нястачу здолеў адкласьці нешта на дасягненьне лепшага існаваньня, ён хітрыкамі выціскае ўсе накапленьні; таму, хто нічога не мае акрамя свайго жыцьця, ён абкладае працэнтамі кожны крок, кожны ўкус, кожны подых.
    У першым выпадку ліхвяр уражвае сваю ахвяру ў той момант, калі тая, шчасьлівая ўладальніца невялікага капіталу, пачынае насіцца з ідэяй, набыць свой уласны домік. Жаданьне быць панам у сваім уласным доме зьяўляецца не толькі ўласьцівай клясу фабрыкантаў патрэбай. Таксама як заходнеэўрапейскаму працоўнаму не дорага ніякае іншае жаданьне, акрамя жаданьня назваць нават невялікі кавалак зямлі сваёй маёмасьцю, то таксама і яўрэйскі пралетарый бачыць у магчымасьці, валодаць сваім уласным домам, вяршыню эканамічнай незалежнасьці. Усё ж такі нават тут, ня гледзячы на параўнальна з эўрапейскімі танныя кошты на зямлю, кватэрнае пытаньне зьяўляецца найтужлівым фэномэнам у жыцьці пралетарыяту! Амаль ніхто з апытаных мной сямей не жыў у сваёй кватэры больш за 2-3 гады, і амаль заўсёды менавіта ўладальнік дома быў тым, хто першым скасоўваў арэнду.

    Як толькі ў гэткага кватэраздымшчыка атрымліваецца накапіць капітал у 50-100 рублёў, ён адразу пачынае азірацца, ці не выпадзе яму магчымасьць набыць, альбо пабудаваць сваю хатку. Магчымасьць выпадае лёгка, патрабуе аднак у два, ці тры разы больш грошай, чым маецца ў чалавека. Тады як раз зьяўляецца “Wocher” са сваёй паслугай і цяпер больш паслужлівей, чым калі. Бо ў гэткіх выпадках ён атрымлівае сабе гарантыю тым, што адпаведны дом будзе набыты ў якасьці заклада на яго імя, і ён можа ў любы момант забраць яго сабе, калі выплаты працэнтаў, ці пазыкі пачнуць замаруджвацца.
    Пры поўнай юрыдычнай непісьменнасьці даўжніка судовая цяжба апошняга са сваім “Wocher”ам выйдзе нялёгкай.
    Яшчэ больш тужлівым робіцца гэта выцягваньне там, дзе даўжніка ставяць перад альтэрнатывай: браць крэдыт, ці памерці з голаду. Доўгімі зімнімі месяцамі, калі надыходзіць беспрацоўе з усімі яго катастрафічнымі наступствамі, бедныя яўрэйскія жыхары перыферыйных кварталаў Магілёва вядуць адчайны бой з галоднай сьмерцю. Тут нават “Wocher” не прыходзіць ім на дапамогу: іхныя уласныя суседзі робяцца для іх ліхвярамі. Уплыў “Wocher”а зьяўляецца тут па-большасьці ўскосна. Дробны бакалейшчык, які звычайна вінны “Wocher”у, выступает перад неплацёжаздольным пакупніком яго тавараў у якасьці крэдытора; хаця ён не патрабуе ніякіх працэнтаў, аднак зразумела, што “ў крэдыт” выдаюцца толькі самыя дрэнныя тавары за больш высокі кошт, чым пры аплаце наяўнымі грашыма. Таксама гэты дробны бакалейшчык зьяўляецца адзіным, хто запісвае гэты крэдыт, і нельга чакаць, што ён, хто сам церпіць нястачу, не скарыстаецца сваім самаўпраўствам над сваім яшчэ больш няшчасным даўжніком.

    Гэта той пункт, дзе павінна выкарыстоўвацца сістэма дабрачыннасьці, калі гэта наогул будзе мець нейкі сэнс. Мэта ўсялякай дабрачыннасьці, а менавіта забяспечыць пражытковым мінімумам тых, хто церпіць нястачу, магла бы быць прыблізна дасягнутая тут праз выдачу танных крэдытаў. Ніякіх сур’ёзных шляхоў у гэтым напрамку яўрэйскімі дабрачыннымі інстытутамі аднак не было зроблена.
Чакайце працягу...
__________________________________

Комментариев нет:

Отправить комментарий