15.10.2015

1598 - Польшча ў "Касмаграфіі" Мюнстэра

Пераклад аднаго аркуша са знакамітай "Касмаграфіі" Себасьцяна Мюнстэра, выданьня 1598г.
2 старонкі (ст. 1247-1248) тэкста з малюнкамі распавядаюць пра каралей РП 16ст., пра захоп маскавітамі Смаленска (дзякуючы здрадзе знутры горада), а таксама пра геаграфічнае разьмяшчэньне Польшчы адносна суседніх зь ёй краін. + Аповяд пра "монстра".

Вокладка нямецкага выданьня "Касмаграфіі" 1598г.

Cosmographia, Sebastian Münster, 1598.
Кніга 4-я
Пра Польшчу

Пра польскіх каралей, якія ўладарылі да нашых часоў. Гл. LVVII

    У 1492-м годзе сабраліся найшаноўныя людзі краіны і абралі Яна Альбэрта каралём. Ён жыў на пасадзе нядоўга, меў няшмат посьпехаў у войнах, нічога не пабудаваў, і суайчыньнікі не былі прыхільныя да яго з прычыны бітвы, якую яны перанесьлі ў Валахіі. Ён атрымаў удар і памёр у 1501-м годзе. Уладзіслаў, яго першы брат, быў каралём Венгрыі і Багеміі, як паведамляецца ў яго мясцовасьці. Пасьля таго як Ян Альбэрт памёр, яго брат Аляксандр, які быў вялікім князям літоўскім, быў абраны на каралеўскі пасад. Ён быў чалавек моцны целам: але ў характары і спрытнасьці ён саступаў усім сваім братам. Ён уладарыў 4 гады і памёр у Вільні, падчас паходу супраць тартараў. І тады заставаўся толькі меншы брат, якога звалі Сігізмунд, і спачатку ён праз добрую волю свайго брата Ўладзіслава, які быў каралём Багеміі ды Венргыі, у 1500-м годзе ад нараджэньня Хрыстова стаў князям Глогаў у Сілезіі, а пасьля, у 1506-м годзе ён стаў каралём Польшчы і стала ўладарыў да нашага часу, вёў буйныя войны з прылеглымі краінамі і асабліва з маскавітамі, якіх ён з 30000-мі разьбіў у 1514-м годзе ад нараджэньня Хрыстова. Са сваёй першай жонкай ён меў толькі адну дачку, якая ўзяла шлюб з маркграфам Йоахімам Курфюрстам. Але зь іншай, якую звалі Бона, ён нарадзіў Сігізмунда Аўгуста і 4 дачкі, сярод якіх старэйшая была замужам за Янушам, каралём Венгрыі. Яе звалі Ізабэла. Гэтая Бона памёрла ў студзені ў 1557-м годзе ў Бары ў сваім княстве.


    На мяжы польскіх зямель стаіць выбітны замак, які завецца Смаленск, ён доўгі час служыў усяму каралеўству перашкодай супраць маскавітаў, і літвіны валодамі ім каля 100 гадоў, што зараз зрабілася невыносным для маскавітаў, і таму яны разам зь іхнім князем Васілем цэлыя 2 гады трымалі яго ў аблозе ды непакоілі, але ніколі б не авалодалі ім, калі б ён не дастаўся ім праз здраду ў 1513-м годзе ад нараджэньня Хрыстова. Гэта непрыступны замак, які стаіць на водах Барысфена і які з даўніх часоў належаў да маскавіцкіх уладаньняў, але быў захоплены Вітаўтам, літоўскім князем, і быў заняты імі каля 100 гадоў, і з такой дбайнасьцю ўмацаваны, што яго немагчыма было перамагчы ані стрэлам, ані прыступам. Не таму, што яго муры былі моцныя, але таму, што ён меў бастыёны зробленыя зь вялікіх дубовых бярвеньняў і запоўненыя зямлёй ды каменьнем, і пасьля быў замкнёны дубовымі платамі, з аднаго боку меў імклівыя воды Барысфена, а з астатніх бакоў багністую мясцовасьць, якую немагчыма было пераадолець ані чалавеку, ані быдлу. Хаця к. Васілі і перамог, гэта каштавала яму столькі крыві, што яму было лягчэй пабудаваць яго нанова на роўным месцы, чым заваёўваць з гэткімі стратамі. Пасьля замак быў зноўку захоплены палякамі і вынішчаны. Кароль Сігізмунд памёр на 82-м годзе жыцьця, на 42-м годзе кіраваньня, і пасьля яго ў 1549-м годзе ўладу прыняў яго ўласны сын Сігізмунд Аўгуст, які ўзяў у шлюб дачку к. Фердынада, якая памерла ў 1545-м годзе, пасьля яе сьмерці ён узяў у шлюб яе сястру Кацярыну, якую ён пасьля зноўку адаслаў дадому. Пасьля таго, як кароль Сігізмунд сканаў у Літве ў першы дзень сяннога месяца 1572-га году, на 52-м годзе жыцьця, пасьля яго каралём быў абраны Генрых князь Анжуйскі, брат караля францыі Кароля ІХ, які таксама напрыканцы наступнага 73-га года прыбыў у Польшчу, каб атрымаць карону. Аднак ён нядоўга прабыў у краіне, але, калі яго брат Кароль 28-га траўня 74-га году памёр, ён пакінуў Польшчу і ўцёк да Вены, прыбыў празь Італію ў Францыю, каб там прыняць сваё ўспадкаванае каралеўства. Пасьля сыходу караля Генрыха, стан новых выбараў быў крыху няпэўны, паколькі некаторыя жадалі Імп. Максыміліяна, каб запрасіць яго прыняць каралеўства. Але іншыя прапаноўвалі Стэфана Баторыя з Шомля, вайводу Сяміградзкага, які, хаця й не бяз моцнага супрацьстаяньня, атрымаў большасьць галасоў: тады ён у 1576-м годзе ўзяў у супружніцы сястру памерлага караля, Ганну, імпэрскую інфанту, і атрымаў карону. Гэты нарадзіўся 27-га чысла восеньскага месяца 1533-га году і памёр у 1586-м годзе, пасьля яго сьмерці супрацьстаялыя бакі каралеўства былі зноў няпэўныя: бо некаторыя жадалі Максыміліяна, брата імпэратара Рымскай Імперыі Рудольфа ІІ, разумнага і шчырага князя, іншыя аддалі галасы за Сігізмунда, сына швецкага караля Йохана ІІІ, які і сёньня стаіць на чале каралеўства.


Пра асаблівасьці ўладаньняў Польшчы. Гл. LVVIII

    Польшча падзяляецца на вялікую і малую Польшчу. Гэтая малая ахапляе вытокі Віслы і горад Кракаў. Вялікая ўключае 2 мясцовасьці: Гнезна і Познань: і таксама Памор’е і Прусію: але Прусія знаходзіцца над Віслай на Ўсход. У вялікай Польшчы знаходзіцца зямля Мазовія, гэта надзел Паморскай дзяржавы, і яе сталіца завецца Варшава, ці Varsovia, там вырабляюць найлепшую медавуху, якую яны завуць Тройнік. Да Мазовіі прылягаюць Літва і Жамайція, якая знаходзіцца на паўнач ад Літвы. Падолія належыць да Русі, таксама як і Раксаланія, і спавядае грэцкую веру. Яе сталіца завецца Камянец. У краіне ёсьць біскупства, арцыбіскупства ў Гнезьне, арцыбіскупства ў Лемберзе ў Русі. І таксама біскупства ў Кракаве, ва Ўладзіславе ў Куявах, у Познані, у Плоцку ў Мазовіі, у Пржэмысьле ў Русі, у Хольме, таксама ў Русі, у Камянцы, у Кіеве і ў Луцку. А таксама адно у Варміі ды адно ў Хэльмна ў Прусіі. Самыя высокія пасады ў краіне займаюць пфальцграфы, бургграфы, якіх яны завуць кашталянамі, і ландфогты, якіх яны завуць ваяводамі. Гэтая цудоўная выява была прадстаўлена ў 1543 годзе на Зварот сьв. Паўла ў Ўінстэрсвэйке ў Нідэрляндах, у адной жанчыны нарадзілася дзіця зь вялікімі, круглымі і вогненымі вачыма, яго нос быў як бычы рог, на яго грудзях два жывёльных твары, з дзьвума кашачымі вачыма над пупком, на локцях і каленях сабачыя галовы, рукі і ногі лебедзя, хвост з круком даўжынёй у локаць, яго сьпіна была шэрай ад валасоў як у сабакі, ён заставаўся жывым да 3 гадзін: што потым аказалася публічным падманам, хаця некаторыя сьведчаць, што гэта дзіця нарадзілася ў Кракаве.

Комментариев нет:

Отправить комментарий