17.04.2015

Пастырскі ліст С. Б.-Сестранцэвіча, 1779

З нагоды выхаду ў сьвет майго пераклада кнігі "Дзіўныя паведамленьні пра езуітаў Беларусі" выстаўляю прыведзены ў ёй пастырскі ліст арцыбіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, напісаны ім у 1779 г. у яго магілёўскай рэзыдэнцыі. Ліст цікавы сваёй асаблівай мовай, якая адлюстроўвае дыпляматыю Эўропы 18 ст. Тым і цікавы : )
Падрабязьней пра кнігу тут: ФБ паведамленьне пра выхад кнігі

Пад кіраўніцтвам Катарыны ІІ
Імпэратрыцы і Самадзержацы
ўсяе Русі і г.д.
нашай усеміласьцівай пані.

Станіслаў Сестранцэвіч фон Богуш Божай міласьцю біскуп у Беларусі, Апостальскі дэлегат, Ордэнскі рыцар Белага Арла і сьвятога Станіслава.

Шаноўным сьвецкім і ордэнскім духоўнікам, а таксама нашай рымска-лацінска-каталіцкай пастве па ўсёй Імпэрыі, збаўленьне ды бласлаўленьне.

    Паколькі Папа Клеменс XIV, варты найслаўнейшай памяці, праявіў такую вялікую схільнасьць выконваць пажаданьні магутнейшай расейскай Імпэратрыцы, нашай найлітасьцівай пані, што ён, каб дагадзіць Яе Моцы, адмовіўся ад выкананьня ва ўсіх раёнах Яе Імпэрыі загада, які пачынаецца з: Dominus ac Redemptor noster; паколькі таксама Яго не менш годна славы кіруючая Сьвятасьць Папа Пій VI праяўляе такую самаю падпарадкаванасьць жаданьням Яе імпэратарскай Моцы і не забараняе, каб звычайныя сьвятары суполкі Езуса, нягледзячы на раней узгаданы загад, захавалі на землях Яе Моцы свой стан, сваё адзеньне і сваё імя: такім чынам мы (бо мы менавіта гэтай найвялікшай Манархіні, нашай літасьцівейшай пані, як з-за гэткай вялікай колькасьці каталіцкіх цэркваў у яе вялікай Імпэрыі, так і з-за нас саміх, так моцна абавязаны, асабліва таму, што сама Яе Сьветласьць вусна і пісьмова загадала, што мы павінны ўсёй магчымай для нас карыснасьцю падтрымліваць вышэй узгаданых сьвятароў суполкі Езуса, і клапаціцца аб іх далейшым існаваньні) ня можам у справе, якая нам па сілах, адмовіцца ад нашага абавязку і ўдзячнай рыхтоўнасьці да службы. Паколькі на гэтых землях раней не было ніякага паслушэнства, і паколькі вядома, што іх колькасьць паступова памяншаецца настолькі, што яны болей ня ў стане працягваць выкананьне сваіх функцый, каб служыць сваім грамадзянам, таму мы паклапаціліся перадаць ім дазвол прымаць паслушнікаў.
    Пасьля таго, як мы з гэтай мэтай падчас фэсту сьвятых апосталаў Пятра і Паўла выканалі ахвярапрынашэньне імшы, заклікалі іх заступніцтва зьверху для прасьвятленьня і выслухалі справаздачу нашага сабранага кіраўніцтва сабору Беларусі; мы яшчэ раз зачыталі дэкрэт Яго Сьвятасьці Пія VI, які ён выдаў 9 жніўня 1778, і які з дазволу Яе Моцы быў цалкам і без абмежаваньняў публічна абвешчаны 2 сакавіка гэтага году, і які гучыць наступным чынам:

"З аўдыенцыі Найсьвяцейшага Айца, якая адбылася 9 жніўня 1778.

    Яго сьвятасьць Пій VI, божым наканаваньнем Папа, дзеля захаваньня і аховы распаўсюджваньня рэлігійных ордэнаў у мясьцінах, якія знаходзяцца ў расейскім рэгіёне, міласьціва выдаў, бо я, які падпісаўся ніжэй як Сакратар сьвятой Кангрэгацыі па распаўсюджваньню веры, прадставіў яму справу, на тры гады дазвол прападобнаму пану Станіславу Сестранцэвічу біскупу Малінскаму, у Беларусі, ажыцьцяўляць штатную юрысдыкцыю над ордэнскім духавенствам у тых частках дыяцэзій, якія яму давераныя, і менавіта такім чынам, каб гэты біскуп сыходзячы з гэтага папскага дазволу ці самастойна, ці празь іншых пабожных і дасьведчаных людзей, так часта, як ён гэта знойдзе добрым, мог сыходзячы са сьвятога Прадпісаньня трыдэнтыйскай Царкоўнай Рады наведваць з Апостальскім паўнамоцтвам рэгуляваныя мужчынскія і жаночыя кляштары, прыяраты, прэпозытурыі ўсіх, і таксама жабрачых, ордэнаў, як і Гаспітальераў, калі б яны таксама былі прывілеяваныя і непасрэдна падпарадкаваныя Апостальскаму Стальцу, ці забясьпечаныя ячшэ нейкімі прывілеямі, то таксама і іх кіраўніцтва, нарады, універсытэты, калегіюмы і асоб, каб ён мог іх стан, арганізацыю, правілы, звычаі, звычкі, побыт, норавы, распаўсюджваньне, разам, ці лепш як у вярхах, так і сярод чальцоў, добра дасьледаваць і так часта, як ён характэрна абставінам у адпаведнасьці з Апостальскім Вучэньнем і прадпісаньнямі сьвятых канонаў і агульных кансілій, і сьвятых айцоў знойдзе неабходным нешта зьмяніць, палепшыць, адмяніць, абнавіць і аднавіць, мог нешта зьмяняць, паляпшаць і зноў ствараць, мог ды імкнуўся, як яму падказвае справядлівасьць і розум, зноў створаныя, калі гэта не супярэчыць сьвятым канонам і трыдэнтыйскай Кансіліі, сьцвярджаць, публікаваць і выконваць, скасоўваць усе злоўжыванні, аднаўляць і абнаўляць усе статуты, канстытуцыі і царкоўныя дысцыпліны паўсюль, дзе яны прыйшлі ў заняпад, і дакладна дасьледваць, паляпшаць, караць, і вяртаць сьвятароў да ладу жыцьця, які ўзвышае душу, таксама й прывілеяваных, і прывілеяваных асоб, калі яны жывуць вольна ці адхіляюцца ад сваіх статутаў; і тое, што ён загадае і пастановіць, тое павінен ён, нібыта гэта была пастаноўлена Апостальскім Стальцом, дакладна накіраваць да выкананьня без таго, каб нейкае неспрыяльнае прадпісаньне стаяла на яго шляху і яму перашкаджала. Выдадзена ў Рыме, з палацу сьвятой Кангрэгацыі, 15 жніўня 1778.
            Стэфан Борджыа, сакратар сьвятой Кангрэгацыі па распаўсюджваньні веры.
"

    Сыходзячы з гэтай нашай штатнай юрысдыкцыі і ўлады над усімі манахамі па ўсёй расейскай Імпэрыі, і таксама над усімі сьвятарамі Суполкі Езуса, мы даем, з найважкіх на тое прычын, уладару вышэй узгаданых сьвятароў Суполкі Езуса дазвол стварыць паслушэнства і набіраць паслушнікаў у іх Суполку, і даем ім у той самы час наша біскупскае бласлаўленьне.
    Але каб гэта зрабілася вядома ўсім, хто належыць да нашай паствы, то загадваем мы, каб гэты тэкст быў зачытаны народу перад катэдрай на працягу кожнай з трох першых нядзель месяца, растлумачаны ў скарочаным варыянце на мясцовай мове, прыбіты на царкоўную браму, і каб ад кіраўнікоў нам было дадзена паведамленьне аб яго атрыманьні.

Выдадзена ў Магілёве на Дняпры, у нашай звычайнай рэзыдэнцыі, у дзень пасьля фэсту сьвятых апосталаў Пятра і Паўла 1779.

Станіслаў, Біскуп.

Копія арыгінальнага ліста мае на сабе наступныя адбіткі засьведчаньня праз руку натарыюса:
Я сьведчу, што дадзеная копія супадае са сваім арыгіналам; з гэтай нагоды я прыкладаю сваю пячатку ды распісваюся сваёй рукой. Выдадзена як пазначана вышэй. Ігнаць Мунегевіч, натарыюс кансісторыі ў Беларусі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий