30.04.2015

Падарожжа з Віцебска ў Магілёў, частка 1

Нарэшце скончыў пераклад урыўка з неверагодна цікавай кнігі 1844г. "Падарожжа па эўрапейскай Расеі, 1840-1841 гадоў" (аўтар: Ёган Генрых Блазіюс).
Два тома кнігі распавядаюць пра падарожжа аўтара з сябрамі па тагачаснай Расеі. Першы том апісвае цэнтральную частку, а другі - паўднёвую. Як раз па дарозе з поўначы на поўдзень, на адрэзку Смаленск-Кіеў, аўтар спыняецца на 8 дзён у Магілёве (сярэдзіна кастрычніка 1840 году).
Цікавы, насычаны вострымі каментарамі аповед пра наш горад, мяркую, нікога не пакіне абыякавым. Тым больш, што апісаньне гэтае гучыць настолькі па сучаснаму, нібыта за апошнія 170 год нічога і не зьмянілася.
Пераклад заняў 9 старонак 12м шрыфтам, таму разьбіў яго на 2 часткі, першая з якіх чакае вас унізе.


Арцыбіскупская царква ў Магілёве

VI
“Падарожжа з Віцебска ў Магілёў”

    Ясны восеньскі ранак пры сьвежым паўночна-заходнім ветры, які жыва зрываў зжаўцелае лісьце бяроз і раскідваў яго над палямі і дарогай, вёў нас да Магілёва. Калі чалавек выбіраецца з шмат разоў перарванага лесу даўжынёй у шматлікія мілі, на адлегласьці ў 4 вярсты перад сабой ён бачыць горад.
    Найбольш высокія будынкі і вежы шчыльна прыціснуўшыся складаюцца ў імпазантную масу. Зьлева ад гэтай групы, далей на ўсход, на такую самую вышыню ўздымаюцца шмат дзе ў гэтым горадзе пасаджаныя ліпы і бярозы. На захад ад асноўнай групы праз глыбокую пойму Дубравенкі можна глядзець у далячыню, а на правым беразе гэтай рэчкі бачныя схаваныя пад шатамі дрэў цэрквы і хаты гэтага ніжняга прадмесьця, што падымаюцца да самага верху.
    У пятніцу, 11-га кастрычніка, каля 2 гадзін пасьля поўдня, мы дабраліся да паўночнай брамы, якая, не замацаваная далей у навакольлі, ў’яўляе сабой арку Сьв. Марціна ў Парыжы.
    Мы толькі пасьпелі зарэгістравацца ў аднаго рускамоўнага, польска-нямецкага гаспадара, як ужо накіраваліся здабыць першае ўражаньне ад горада і яго цэркваў. Да нападак паліцыі я быў ужо гатовы. Толькі я спыніўся ў цэнтры рынка, каб разглядзець навакольныя будынкі, як адназу паказаўся паліцэйскі афіцэр у форме, які нібыта фаўстаўскі пудзель тры разы абыйшоў мяне па сьпіралі, а потым з непадабаючай адлегласьці, зусім зблізу, моўчкі, нібыта экзатычны драпежнік, разглядаў, аднак не перашкаджаў мне хадзіць паўсюль.
    Пад час маляваньня драўлянай царквы сьвятых Барыса і Глеба, якая кінулася мне ў

Царква сьвятых Барыса і Глеба

вочы праз свой барочны выгляд, каля нас прайшлі ізраэліты, якія мяне з такім зьдзіўленьнем разглядалі, што я адразу зразумеў, яны хочуць заявіць на мяне ў паліцыю для больш падрабязнай размовы. Пасьля таго, як яны ўжо хьвілін пяць як зьніклі, яны вярнуліся з іншым паліцэйскім афіцэрам у форме, які дапытаўся ў нас пра ўсё магчымае: імя, прозвішча, чын, мэту малявання, падарожжа, месца, адкуль і куды, і як там звычайна падобныя паліцэйскія анкеты гучаць далей. Калі з усяго шэрагу ён пачуў адзін чын і таксама не знайшоў яго ў пашпарце, ён некалькі раз прыязна сумнеўна пакачаў галавой, а суправаджаўшыя яго прыватныя-паліцэйскія-ізраэліты, чыі вочы не адрываліся ад вачэй паліцэйскага і ажыўляліся ім, выглядалі настолькі незвычайна лісьліва, нібыта яны раптам пераканаліся, што схапілі добрую здабычу. На гэты раз аднак уся кампанія выдалілася, і мы свабодна пайшлі далей.
    Калі мы наблізіліся да царквы брацкага манастыра, мы таксама пабачылі першага паліцэйскага, які хадзіў па блізу, таму я цалкам ўпэўніўся, хутка ён нападзе. Ён аднак аддаў перавагу спачатку задаволіцца жывым назіраньнем за намі і наблізіўся да нас толькі, калі мы ў прысьмерку павольна вярталіся да нашага гасьцінага дому ўверх па вуліцы. Зноўку нас сустрэлі тыя самыя пытаньні, аднак без усялякага зьдзіўленьня адказам. Ён выглядаў як просты чэсны чалавек, які нічога не таіць, і быў цалкам прыдатны, каб выклікаць давер. Пасьля вуснага выпрабаваньня ён пажадаў азнаёміцца, ці хаця б пабачыць мае пісьмовыя працы, мой скамбінаваны дзёньнік-альбом. Замест гэтага я адразу паказаў мой пашпарт і спытаў, ці ён жадае бачыць малюнкі з цікаўнасьці, альбо ў якасьці паліцэйскага. Ён так кранальна казаў пра свае паліцэйскія абавязкі, што я паказаў яму выявы. Аднак, калі ён працягнуў руку, каб захапіць усю кнігу, я схаваў яе і выказаў сваю нязгодную пазіцыю. Калі мы дастаткова пагутарылі адзін з адным, ён правёў нас моўчкі да дзьвярэй гасьціннага дому, каб паглядзець, дзе мы праводзім ноч, і ўзяў нашыя пашпарты на подпіс і праверку.
    Мы пасьпелі спакойна павячэраць і забыцца на ўсе паліцэйскія недарэчнасьці, як прыкладна ў сярэдзіне ночы паліцмейстар, стары палкоўнік, вышэй узгаданы першы паліцэйскі і наш гаспадар раптам зьявіліся ў нашым пакоі, а дзьверы і вокны трымалі пад аховай тузінам паліцэйскіх салдатаў. Увесь дом знутры і звонку нібыта ў адначасьсе запоўніўся паліцыяй, а паліцэйскі палкоўнік пачаў неверагодна неадшліфаваным вулічным тонам тлумачыць нам: што ён хоча атрымаць маю кнігу, якая ляжала перада мной на стале, што не дазволена маляваць пляны, што нашых пашпартоў і падарожных, якія паходзілі часткай з Пецярбурга і Масквы, часткай ад генэрал-губэрнатара з Віцебска і ўжо некалькі дзён састарэлі, не дастатковыя і цалкам могуць быць падробленымі і г.д. Хутка ён яскрава паказаў сваю натуру і погляд і зрабіўся непрыстойным. Таксама і гаспадар выказаў сваю пазіцыю пра тое, што тут са шпіёнамі і баламутамі трэба быць заўсёды напагатове, і што тут часта бываюць людзі з фальшывымі пашпартамі. У адказ на гэта праз пытаньне, ці ён таксама зьяўляецца паліцэйскім, на якое ён аднак адказаў адмоўна, я папрасіў яго пакінуць памяшканьне і параіў яму лепш абыходзіцца з пастаяльцамі.
    Паліцмейстар аднак не пажадаў прыслухацца да словаў і намераваўся сам завалодаць кнігай, пакуль я не папярэдзіў, што застрэлю першага, хто да яе дакранецца. Зараджаныя пісталеты, якія ляжалі на стале каля маёй рукі, па меншай меры давалі падобную магчымасьць, і паліцмейстар апамятаўся і пачаў грунтоўна разьмяшчацца ў пакоі. Я адкрыта заявіў яму, што яго далейшая кампанія мне непрыемная і дакучлівая, і я не намераны цярпець яе нават яшчэ чвэрць гадзіны, таму ён мусіць знайсьці сабе іншы прытулак у гэтым доме.
    Зіноўеў тым часам зноўку апрануўся, каб пасярод ночы шукаць дапамогі супраць гэтых нязваных гасьцей у губэрнатара Энгельхарда, які ўжо быў папярэджаны з Віцесбка праз генэрал-губэрнатара пра наш прыезд.
    Праз некаторую замінку паліцэйскі палкоўнік атрымаў параду прасьледаваць за Зіноўевым да губэрнатара і атрымаць асабіста ад яго тлумачэньне, што з-за прасрочаных пашпартоў нельга дазваляць сабе зьдзеквацца з падарожнікаў і дакучаць ім сярод ночы. Паліцэйская аблога нашай гасьцініцы, якая дагэтуль заставалася, зьнікла так сама ціха, як і прыйшла, а мы былі цяпер вызваленыя ад усіх далейшых нападак.
    Таксама і надалей я ўжо менш трапляў у гвалтоўныя стасункі з рускай паліцыяй, як і раней, да таго, як я закрануў правінцыі старай разадранай Польшчы, а цяпер Белай, ці Заходняй Расіі. У цэнтры Расіі паліцыя працуе сваім звычайным ладам і турбуе падарожнікаў значна менш, чым у большасьці мясьцін Нямеччыны. Толькі для Польшчы і неспакойнага Захаду Эўропы здаецца накіраваная больш строгая ахова, і ахоўнікі ў наяўных выпадках відавочна не маюць намеру, спадзявацца на выказваньне з Эвангельля ад Мацьвея ХХVІІІ 13, каб прадухіліць астатні зьмест гэтай главы.
    Горад Магілёў мае маляўнічае размяшчэнне, якое ў шматлікіх дачыненнях нагадвае смаленскае, толькі ляжыць наадварот адносна краю свету. Дняпро, які разнастайнымі выгібамі ўецца на поўдзень праз сваё шырокае, плоскае ложа палёў, на паўночным канцы горада раптам мяняе свой бег, паварочваецца, напалову абцякаючы горад, на захад і прымае тут маленькі прыток, рачулку Добровенку, якая таксама цячэ з паўночнага боку. Доўгая рука землянога ўзвышша працягваецца паміж абодзьвух рэк з поўначы на поўдзень крута абрынаючыся па ўсім тром бакам сьвету. На гэтай высокай, крута абрэзанай, падобнай на язык паласе зямлі ляжыць цэнтр горада з афіцыйнымі будынкамі і вялікімі цэрквамі ды манастырамі. Дзьве вуліцы праразаюць гэтую частку з поўначы на поўдзень, а шматлікія драбнейшыя з усходу на захад. Другая частка горада ляжыць на захад ад першай, на правым беразе Добровенкі, падымаючыся на захадзе ад поймы ракі да ўзвышшаў. Тут можна пабачыць амаль толькі драўляныя хаты, драўляныя цэрквы і жыдоўскія селяшчы. Трэцяя частка горада, яшчэ менш істотная за папярэднюю, ляжыць на ўсход ад першай, на роўнай даліне правага берага Дняпра. На поўдзень ад горада, на левым беразе Дянпра, ляжаць яшчэ некаторыя прадмесьці з нізкімі драўлянымі хатамі, якія здаюцца найменш істотнымі і гэтым сваім разьмяшчэньнем, толькі наадварот, адпавядаюць прадмесьцям Смаленска, што ляжаць на правым беразе Дняпра на поўначы.
    Толькі цэнтр горада на ўзвышшы сістэматычна забудаваны, як у Смаленску, і з гэтага ўзвышша адчыняецца чароўны позірк на раскіданыя ўнізе хаты і купкі дрэў навакольных раёнаў горада, ад якіх бачныя амаль толькі дахі ды шпілі, а ад прамінаючых людзей амаль толькі галовы. Паўсюль, дзе толькі можна падыйсьці да краю гэтага высокага плато, маецца галавакружная прорва каля 200 футаў вышынёй і небяспека абрынуцца на ўбогія, струхнелыя жыдоўскія жыльлі і галовы жыдоў.
    З паўднёвага піка высокага плато, з правага стромкага дняпроўскага берага, адчыняецца панарама, падобную якой могуць прапанаваць мала якія гарады: усе часткі горада ў стракаткай групоўцы, далёкія даліны Дняпра з прыгожай, спакойнай стромай, вузкая даліна Добровенкі, разнастайныя стромкія бакі цясьнін абедзьвух рачных далін, якія ўразаюцца з усіх бакоў паміж жылых масіваў, а на ўсходзе і поўдні блакітныя далечы зноўку падымаючагася левага берага дняпра, нібыта абрыс далёкіх гор. Калі б астатнія часткі горада, замест таго каб быць проста нашпігаванымі вартымі жалю, распадаючыміся хаткамі, былі б хаця б навалову падобныя на цэнтр горада; то Магілёў мусіў бы стаць адным з найпрыгожых гарадоў Эўропы. Аднак ён, як Смаленск і Віцебск, так і застаўся далёка па-за гэткай магчымасьцю.
    Доўгі час Магілёў быў залежны ад Смаленскага і Віцебскага княстваў, у 1381 трапіў да Літвы, а ў 1654-м быў зноўку захоплены рускімі. Праз 8 год жыхары паўсталі, выгналі рускіх і заставаліся да 1772 г. пад Польшчай. Падабенства Смаленска, Віцебска і Магілёва ў настолькі шматлікіх дачыненьнях тлумачыцца такім чынам ужо з падобных лёсаў гэтых трох гарадоў.
    Горад мусіць мець 21 000 жыхароў, чвэрць з якіх складаюць ізраэліты. Здаецца, што тут для рэлігіёзных патрэбаў дастаткова недзе 20 цэркваў і 4 манастыроў. Цэрквы пад час імшы былі значна менш напоўненыя, чым у сапраўдных рускіх гарадах, дзе на гэткую колькасьць насельніцтва нярэдка налічваецца ўдвая больш цэркваў. Колькасьць католікаў тут адносна большая, чым у Віцебску; яны валодаюць тут 5 касьцёламі і 2 кляштарамі. Таксама Магілёў мае каталіцкага біскупа, які зрабіўся вядомым па ўсяму сьвету праз руска-папскую рэлігійную спрэчку.



Чакайце працягу!!!

У наступнай частцы вы знойдзеце: крытычнае апісаньне магілёўскіх храмаў, апісаньне магілёўскіх ваколіц, крыніцы, становішча сялян.
А таксама: дрэнныя дарогі і "пошту Расеі".

Комментариев нет:

Отправить комментарий