13.05.2015

Падарожжа з Віцебска ў Магілёў, частка 2

Другая палова перакладу з неверагодна цікавай кнігі 1844г. "Падарожжа па эўрапейскай Расеі, 1840-1841 гадоў" (аўтар: Ёган Генрых Блазіюс).
З першай часткай можна азнаёміцца ТУТ
Другая палова распавядае пра найбольш адметныя магілёўскія храмы. Пра геаграфію і геалогію магілёўскіх ваколіц. Пра жыцьцё сялян. І шмат чаго іншага.


    Сярод тамашніх цэркваў старыя драўляныя цэрквы дакладна зьяўляюцца найбольш цікавымі, паколькі яны насколькі магчыма яшчэ захоўваюць сьляды народнага архітэктурнага стыля. Адна з найбольш адметных – царква сьвятых Глеба і Барыса, чыі барочныя формы трапляюцца ў вочы на левым беразе Добровенкі амаль з кожнай высокай кропкі.
    Будынак складаецца з чатырох асобных цэркваў, якія складаюць разам форму крыжа: найбольшая на захадзе, сярэдняя на ўсходзе, і дзьве меншыя на поўначы і поўдні. Кожная з гэтых цэркваў аб’яднаных у агульную царкву выглядае як круглая вежа з вострым, канічным дахам і дзьвума падвойнымі купаламі, што стаяць адзін над адным. Уваходы вядуць у заходні асноўны будынак.
    Большасьць цэркваў Магілёва пабудаваная цалкам у стыле віцебскіх, і часта паказваюць толькі яшчэ большую разнастайнасьць і талерантнасьць у кабмінацыях форм.
    Адна з самых простых і неістотнейшых цэркваў гэтага тыпу, гэта каталіцкая царква на галоўнай вуліцы каля вялікай, брукаванай плошчы. Максімальна безгустоўны і безхарактарны ўздымаецца над дахамі абодвух, зусім аднолькавых бакавых нэфаў, галоўны нэф. Фасад просты, а абедзьве франтальныя вежы толькі на вышыні цэнтральнага даху, на трэцьцім паверсе, пачынаюць ствараць наверша, аднак настолькі сьпяшаюцца ў гэтым, што завяршаюцца максімальна кучарава і страката, хаця завастрэньне на чацьвёртым паверсе пачынаецца настолькі нечакана хутка і неабгрунтавана, што зусім не застаецца шырыні, каб гэтая разнастайнасьць была бачная з пэўнай адлегласьці. Гэтую царкву з літасьці надзялілі хоравым купалам. Супраць усіх парадкаў яе партал разьмешчаны на ўсходзе, а хоры на захадзе.
    Царква Брацкага манастыра ўжо прызначаная здавацца найбольш разнастайнай і ўнушальнай. Яе гарызантальны абрыс уяўляе рымскі крыж, перад папярочнымі перакладзінамі якога ўнізе разьмешчаныя бакавыя нэфы. Яе нэфы, вокны і дахі максімальна простыя і безхарактарныя. Фасад наадварот максімальна стракаты і ў асноўным складаецца з візантыйскіх элементаў, сам партал аднак трымаецца на грэцкіх калёнах, і над кожнай з гэтых калён уздымаецца завяршальная урна. Фасад зьверху завяршаецца дзьвума нізкімі вежачкамі, на якіх зноўку над византыйскімі элементамі налеплена максімальна шмат упрыгожваньнящ. Цэнтральны купал над крыжам выглядае пазьнейшай прыбудовай. Вельмі мадэрнізаваная візантыйская вежа праз багатыя ўпрыгожваньні навершаў пераходзіць у купал у выглядзе гарызантальна абрэзанага паўшар’я, на які зьверху паставілі яшчэ цалкам прыгожы ліхтар і невялікую, мангольска-рускую цыбулю. Тут можна спытацца, чаго яшчэ не хапае гэткай царкве, каб зрабіцца карткай узораў усіх магчымых архітэктурных элементаў. Дарма я шукаў старажытна-нямецкія элементы стральчатых арак; і такім чынам тут у кожным дачыненьні можна навучыцца, як нельга будаваць цэрквы.
    Арцыбіскупская царква на ўсходзе цэнтральнай часткі горада выглядае сінхронна і пасьлядоўна пабудаванай. Над фасадам таксама ўздымаюцца дзьве бакавыя вежы, тры паверхі якіх зьверху настолькі скарочаныя, што ніжнія адны толькі займаюць прыкладна палову вышыні. Над толькі крыху разьвітым крыжом стаіць шырокая вежа з купалам, які быў верагодна пастаўлены потым. Гэтая вежа адрозьніваецца аднак ад усіх астатніх тым, што непасрэдна да яе прычэпленыя чатыры рускіх бакавых купала, прыкладна ў стыле вежаў фасаду. У гэтых бакавых вежачках рускі дух праступае больш за ўсё. Гэтая царква тут адзіная, якая праз сваю архітэктуру, альбо фрэскі атрымала даволі гарманічнае адценьне на той час незамянімага наверша. Званіца, што стаіць у баку ад царквы, нясе на сваёй прыплюснутай, нязграбнай падстаўцы доўгую, тонкую іглу ў якасьці шпіля.
    Самая безгустоўная з усіх цэркваў, якая структурай яшчэ нагадвае гэты архітэктурны стыль, гэта каталіцкая царква на паўночным баку вялікай плошчы, паблізу ад раней узгаданай простай каталіцкай царквы. Масіўны фасад з трыма гарызантальнымі радамі вокнаў і каласальнымі іянічнымі калёнамі ўздымаецца амаль вышэй за абедзьве неістотныя бакавыя вежачкі. З рынку здаецца, што бачыш нейкі тэатар з дзьвума бакавымі капліцамі. Інтрэр’ер, як ва ўсіх каталіцкіх цэрквах таго часу, перапоўнены безгустоўнымі архітэктоннымі, страката размаляванымі ўпрыгожваньнямі. Царкоўны хор складаецца з па магчымасьці сярэдненькага аргана, які граў дрэнна і не па царкоўнаму, у акампанэменьце 2-3 хрыплых галасоў. Сьпеў і імша не закранулі ніводнага пачуцьця, акрамя паху, і здаваліся няздольнымі прывабіць празелітаў.
    Пэўную ступень рускай знакамітасьці заваявала царква сьв. Ёзафа, што само па сабе зразумела, бо архітэктар тут араў на зусім чужой цялушцы і адмовіўся ад усіх сьлядоў рускага ўплыву. Магчыма трэба яшчэ высьвятліць, ці падчас нараджэньня гэтай царквы меўся на ўвазе рымскі арыгінал, ці парыжская копія. Аднак, як бы там не было, майстар ўяўляў сабе адну зь іх.
    Наконт круглых вокнаў пад купалам трэба адзначыць, што з іх нічога асабліва ня бачна, і іх форма, месца і памер такім чынам могуць быць ацэненыя толькі паводле эстэтычных нормаў.
    Сьв. Ёзаф знаходзіцца ў цэнтры ўсходняга боку вялікай, прыгожай плошчы, якую ў кірунку з поўначы на поўдзень перасякае ўздоўж галоўная вуліца. Таксама на ўсходнім баку вуліцы, паўночна заходней ад царквы, знаходзіцца яе званіца, а паўднёва заходней – капліца. Другі бок вуліцы аформлены адпаведнымі ваеннымі будынкамі, а насупраць царквы, на заходнім баку плошчы, знаходзіцца ўваход да найбуйнейшага будынку Магілёва, экзэрцыргаўза.

Царква сьв. Ёзафа

    Абодва будынка пераважна кідаюцца ў вочы, калі глядзець на горад з паўночнага боку.
    Ужо ў першы дзень нашага знаходжаньня ў Магілёве, пад час нашага шпацыру ў горад і ў вузкую даліну Добровенкі, мы пераканаліся, што акрамя магутных пяшчаных пластоў, якія тут паўсюль маюцца ў наяўнасьці і выглядаюць усё яшчэ цалкам аднолькава з віцебскімі і шклоўскімі, мы наўрад ці сустрэнем нешта істотнае. Толькі ў зьнешнім слое гэтых пяшчаных пластоў знаходзіліся яшчэ некаторыя паўночныя наносы і таксама там сям на паверхні вялікія ледніковыя валуны. І хаця было раскрыта шмат стромкіх адхонаў, не было бачна аніякіх сьлядоў каменьня.
    Таксама рыбалка на Дняпры, якая знаходзіцца ў руках жыдоў, дала мала здабычы. Большая частка летняй рыбы ўжо зноўку сышла на поўдзень, а жыдоў ніякімі ўгаворамі немагчыма было прыцягнуць да рыбалкі, бо мы напярэдні не пажадалі скупіць усе іхныя запасы.
    Маленькія вандроўкі і шпацыры ў даліну Дняпра і ўрэзы прытокаў мусілі цяпер заняць час, пакуль не прыбудуць нашыя спадарожнікі. Некалькі разоў наc інфармавалі пра мінэральную крыніцу ў даліне Дняпра, на поўнач ад горада, вакол якой прыгожы і шляхетны сьвет Магілёва зьбіраецца ўлетку, каб папіць крынічнай вады.
    Каля Дняпра прырода раптам зьмяняецца. Высокая паверхня даволі стромкімі, маляўнічымі адхонамі зьніжаецца да паверхні ракі. Адхоны і схілы абодвух паверхняў пакрытыя найпрыгожымі дубовымі гаямі, у якія крыху прымяшаліся асіны і бярозы. Маленькія бакавыя даліны і каньёны, пакрытыя ўздоўж такімі самымі лясамі, цягнуцца да высокай паверхні плато і гонюць да Дняпра шматлікія крыніцы і ручаі.
    Мы зусім не зьдзівіліся, калі пры дакладным разгляданьні знакамітая мінэральная крыніца, якую заключылі ў басэйн, і якая часткова бье артэзіянскім струменем, аказалася надта добрай, але аднак таксама зусім звычайнай пітнай вадой. Добрая пітная вада тут зьяўляецца настолькі вялікай рэдкасьцю, як у іншых месцах знакамітая мінэральная вада. То пагэтаму мясцовая вада праз просты лягічны паварот, з-за сваёй рэдкасьці, атрымала тытул мінэральнай. Улетку гараджане натоўпамі едуць туды, садзяцца пад намётамі і дрэвамі і пьюць адтуль; а сьвятар вёскі грае тут ролю гаспадара купальні і раздае шнапс.
    Гэты сьвятар сустрэўся нам на ўваходзе ў даліну. Наш вазьніца, рускі, адвярнуўся, адразу сплюнуў тры разы і патрабаваў ад нас таго самага, бо інакш з намі можа адбыцца штосьці непрыемнае. Я пасьледаваў яго ўзору і затым пайшоў у даліну з дакладнай умовай, што сустрэну нешта прыемнае, што таксама не прымусіла доўга чакаць сябе.
    Толькі мы спыніліся каля крыніцы, як з лесу да дому сьвятара паўз нас праляцеў напаўзамёрзлы кажан. Вазьніца і сяляне адмовіліся схапіць яго, ці нават дакрануцца. Жывёла падалася ім настолькі прывіднай, што яны ад адной толькі думкі дакрануцца да яе яшчэ больш пляваліся, чым пры поглядзе на сьвятара. Як толькі я аднак praenumerando раздаў некалькі срэбных манет і паабяцаў яшчэ іншыя, калі яны сапраўды схопяць кажана; усялякая агіда адразу зьнікла, а дах і гарышча папоўскага дома былі атакаваныя і дасьледаваныя з такім імпэтам, што я спужаўся, што ўвесь дом разваліцца. Асаблівы непакой у мяне выклікала хуткае зьяўленьне сьвятара, якога мы напярэдні бачылі паблізу; аднак сяляне запакоілі мяне на гэты конт заўвагай, што дах і гарышча не належаць да дому, але знаходзяцца звонку, і поп, які акрамя таго зусім не небяспечны, нічога не мае супраць.
    Пасьля пасьпяховага паляваньня мы прайшлі дняпроўскую даліну на поўнач, не знайшоўшчы ніякіх сьлядоў выхаду геалагічных пародаў на паверхню. Даліна мае тут спакойны, ветлівы характар. Яна прадстаўляе сабой шырокія раўніны з прыгожымі лугамі, адзіночнымі дубамі, пашамі і кустамі ляшчыны, дзе там сям за адхонамі ляжыць загарадны дом з садамі і аранжэрэямі, з культурай садоўніцтва, якую можна чакаць ад паўночнай Нямеччыны. Даліна адмежаваная ад адхонаў, як у паўночных рэк, шэрагам аб’яднаных у адное прудоў і балотаў, што напаўняюцца дняпроўскімі паводкамі і некаторымі крыніцамі на адхонах.
    Становішча сялян тут па большасьці такое самае, як і ў астатняй Расіі. Жыды атрымалі менш улады над прыгоннымі сялянамі, чым у Віцебскай губэрні.
    Аднак лёс сялян праз гэта толькі часткова аблегчаны. Недахоп уласнасьці усё яшчэ вісіць праклёнам, што нясе ў сабе сумны вынік для ўсяго краю. Селянін ад гэтага прыходзіць да неабмежаванай ленасьці. Ён апрацоўвае сваё поле паводле традыцыйных прынцыпаў інэртнасьці і праводзіць большую частку года ў бязьдзейнасьці. Ён не захапляецца ніводнай зьменай, якая патрабуе працы. Ён зыходзіць з упэўненасьці, што кожная зьмена прыносіць выгаду толькі яго панам. Таму ён толькі ўгнаяе сваю гародніну, свой лён і каноплю, і пакідае свае ворныя землі ў звычайным спакоі. Без усялякага паляпшэньня, без угнаеньня, яны мусяць штогод прыносіць свае плады і такім чынам павольна набліжаюцца да разбурэньня, ці прыносяць толькі звычайны мінімум ураджаю. Калі селянін зьбірае больш збожжа, чым звычайна, ці зарабляе сабе нейкім незвычайным чынам нешта дадаковае да свайго гадавога прыбытку, то яго пан, ці ўпраўляючы адразу патрабуе лішак сабе. У падобных умовах селянін ніколі не можа здабыць ніякай уласнасьці. Неураджаў у сваю чаргу так сама мала клапоціць селяніна, як мала яго радуе надзвычайная ураджайнасьць. У галодныя гады пан павінен харчаваць яго. Таму ва ўсіх выпадках селянін дае волю сваёй прыроджанай ленасьці і бязьдзейнасьці.
    У апошнія часы нямецкія фермеры часта арэндуюць надзелы туташніх землеўласьнікаў, каб скарыстаць на сваю карысьць высокую ураджайнасьць глебы, хаця і не ў тым сэньсе, як жыды ў Віцебску. Сяляне пры гэтым абавязаныя ў законных межах падпарадкоўвацца воле гэткага арэндатара. Падобны надзел звычайна прыдбаюць па кантракту на 12 год. Тады нямецкія фермеры, паводле рацыянальных прынцыпаў, у першыя годы як мага больш інвестуюць у надзел, каб у наступныя годы атрымліваць з яго чаканую карысьць. Калі аднак у першыя гады прыбытак атрымліваецца невялікім у параўнаньні з выдаткамі, то гаспадар радуецца атрымліваючы сваю арэндную плату без посьпеху з боку арэндатара. Аднак калі наступныя годы на гэтай згаладнелай зямлі даюць 4х – 6ці разовы ураджай, адразу абуджаецца зайздрасьць і сквапнасьць. Маюцца прыклады, калі землеўласьнік тады зьбіраў вакол сябе сваіх сялян і тлумачыў ім, што арэндатар іх падманвае і дрэнна абыходзіцца зь імі. Судзьдзі, абраныя гаспадаром зямлі, паводле сялянскай скаргі канечне прымаюць бок падобным чынам пакрыўджаных сялян. Арэндатар паводле мясцовага права вымушаны пакінуць надзел у трэцім, максімум у чацьвёртым годзе, што землеўласьніку нават не патрабуецца асабіста ўмешвацца, каб здабыць высокія прыбыткі наступных гадоў.
    Паводле гэтага можна характэрызаваць перспектывы паляпшэньня агракультуры ў гэтых рэгіёнах. Зьдзіўляе толькі тое, што знаходзяцца прагныя да заробку нямецкія фермеры, якія да свайго так званага “шчасьця” спрабуюць зноўку паўтарыць гэты шлях.
    Ад недахопу уласнасьці залежыць недахоп сямейных сувязей, які характэрызуе рускіх сялян. Тутэйшы селянін не мае ніякага адчуваньня працягласьці роду. Калі спытаць яго, з якой сямьі ён паходзіць, то адказам будзе: я ня ведаю. Брат, ці дзед ўнутрана ўжо зусім мала блізкі селяніну, а бакавыя родзічы другой ступені не атрымліваюць нават традыцыйнага імя, не тое што пачуцьцяў. Такім чынам кожны жыве ў сваёй унутранай ізаляцыі і прывыкае да свайго асяродзьдзя, як конь прывыкае да свайго. Вынікам гэтага ёсьць недахоп прозвішчаў, які сярод рускіх сялян зьяўляецца амаль паўсюдным. Кожны мае толькі адно імя, да якога дадаецца імя яго бацькі. Старэйшы сын падчас атрымлівае імя дзеда, каб атрымаць ланцужок узаемасувязі; у шматлікіх сыноў гэтая узаемасувязь канечне таксама зьнікае. Калі нейкі селянін атрымлівае прозвішча, у выпадку пераходу ў стан грамадзяніна, то яно паходзіць звычайна ад нейкай адметнай асаблівасьці, мянушкі і таму падобнага. Гэткія прозвішчы маюць часткова непрыгожую, часткова прыгожую натуру, як напрыклад па нямецку: той, што з гнілымі вантробамі, маленькі Міхель і г.д. Нават вольныя землеўласьнікі падчас носяць імёны, якія нават у Расіі не ахвотна вымаўляюць. За невялікія грошы кожны можа зьмяніць сваё імя; аднак з недэлікатнымі імёнамі гэта па большасьці не адбываецца.
    Нашыя штодзённыя шпацыры без пэўнай мэты хутка пачалі губляць сваю радасьць. Штодня жоўтае бярозавае лісьце ўсё шчыльней зьбіралася на зямлі, а шкілет дрэваў рабіўся больш бачным. Стракатыя восеньскія лясы стаялі перад намі з суворым, перасьцерагальным выглядам, а цёмна-блакітныя далечы абуджалі ў нас моцную прагу падарожжаў, нібыта непераадольную тугу па радзіме, таму наш вымушаны прыпынак здаваўся нам жорсткім палонам.
    І яшчэ менш асьвяжальнымі за карціны прыроды былі тыя, якія прадстаўляў нам выгляд людзей. Вяртаемся мы ў прысьмерку з самотнай прыроды назад у горад; а нам насустрач жудасна гучаць меланхалічныя галасы вяртаючых да дому сялян. Каля нас цягнуцца шматлікія вазы з пьянымі сялянамі і іх заплаканымі жонкамі. Здаецца гэтыя няшчасныя напалову адчуваюць, што яны без аніякай ўласнай зацікаўленасьці цягнуцца па чужой зямлі, што яны не маюць ніякай будучыні, і што іх мінулае таксама несяброўскі глядзіць ім у сьлед. Селянін жыве ўсяго адзін момант, і праз момант будзе пахаваны, а яго найбольшае шчасьце складаецца ў тым, каб мець магчымасьць зьнішчыць у быдлячым пьянстве таксама нават само пачуцьцё гэтага моманту.
    Гарадскія ваколіцы і сам горад былі менш за ўсё прдатныя, каб прыкоўваць нас да нашага прыпынку. Хаця паліцыя і спыніла ўсе нечаканыя візыты пасьля няўдалага першага, аднак мы часта міналі людзей, якія разглядалі нас далёка больш чым з цікаўнасьці і йшлі за намі сьледам. Нават толькі ідэя падобнай радыкальнай пільнасьці прыгнятае, калі чалавек таксама яшчэ не адчувае сябе бяспечна.
    Нарэшце, пасьля больш чым васьмідзённага дарэмнага чаканьня, замест нашых спадарожнікаў прыйшоў ліст са Смаленска з паведамленьнем, што яны ўжо павінны былі выправіцца ў Чарнігаў. Ліст са звычайнай рускай поштай прайшоў недзе сто вёрст шляху за поўныя 10 дзён: несумнеўны доказ таго, што пошта тут яшчэ здольная на некаторае паскарэньне і дакладна выконваецца не пешаходамі, бо яны гэты шлях адолелі б за тры дні. А казак без падставы для выхваленьня мог бы праехаць гэты шлях за 5-6 гадзін.
    У адзін момант мы арэндавалі коней у аднаго жыда, каб апярэдзіць генэрала, што стаяў тут на якары і яшчэ спаў, а напярэдні падрыхтаваў і забраў сабе 24 паштовых каня, і адразу пакінулі горад.


VII
“Падарожжа з Магілёва ў Чарнігаў”

    У чацьвер, 17га кастрычніка, а другой палове дня мы выправіліся з Магілёва ў наступны шлях да Сошы. Наш намер накіравацца па вуліцы на захадзе ад Дняпра, на Бяразяну, быў неажыцьцявімы з-за непраходных дарог.
    З вышыні горада трэба было праехаць па ўсходняму раёну толькі дзьве вярсты па глыбокай дрыгве перш, чым дабрацца да Дняпра. Вялікія адрэзкі зарасьцей вербы ствараюць тут, так бы мовіць у цэнтры горада, рачное навакольле. Некаторыя дрэвы Salix alba, рэшткі старажытных, зьнішчаных лясоў і алей, дасягаюць вышыні 50-80 футаў і таўшчыні 4-5 футаў. Калі дрэвападобныя вербы па нейкай волі Нябёсаў дасягаюць максімума сваёй таўшчыні, то здаецца гэта адбываецца тут, каля Дняпра. Калі перасекчы Дняпро, то да брамы трэба праехаць яшчэ каля вярсты па паўднёвай частцы горада. Тут жывуць адны жыды, якія падаткнуўшы падол гразнуць па калені ў вулічным брудзе. Адзін толькі крок ускалыхвае крутую гнойную масу ў радыюсе 20 футаў, нібыта мяккае цеста. Толькі калі падняцца з поймы, недзе вярсту ад горада, дарога зноў робіцца праезнай і аточанай прыгожымі бярозавымі алеямі.
    Калі дабрацца ад Дняпра да вышыні зямлі, то трапляеш на здаецца цалкам плоскую раўніну без аніякіх няроўнасьцей. Бачна зусім мала лясоў, і тыя не працяглыя і цалкам ліставыя. Адзіныя рэзкія няроўнасьці зямлі, гэта магутныя курганы, якія паасобку і групкамі ляжаць паблізу ад дарогі, і пра якія мясцовыя жыхары кажуць, што яны засталіся ад сражэньняў з вялікім войскам Напалеона. Маладыя бярозы і елкі, якімі іх засадзілі, цалкам супадаюць з гэтым узростам.

Комментариев нет:

Отправить комментарий