25.04.2014

"Der erhabene Adler in der Maske des Falken" частка 1

Кніга "Der erhabene Adler in der Maske des Falken: oder Kaiser Josephs II. Reise nach Rußland unter dem Namen eines Grafen von Falkenstein" (Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна). Аўтар Johann Georg Mayer, надрукаваная ў Аўгсбурзе ў 1780м годзе.

    Вельмі падрабязнае апісаньне падарожжа аўстрыйскага імпэратара, дзе канечне ж не забыліся пра Магілёў. Падзеі ў Магілёве апісваюцца два разы. Спачатку коратка і агульна, а потым больш падрабязна, з апісаньнем падзей амаль кожнага дню. Таксама не забылі і пра здарэньне з панам Патоцкім, якое аказалася не адзіным падобным выпадкам ;)

У гэтым посьце я дадам первую частку. Другая зьявіцца крыху пазьней.

"Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна", Ян Гэорг Майер, Аўгсбург, 1780

старонкі 15-19

    Наступным доказам яго ўзьнёслых над усімі чульлівасьцямі поглядаў зьяўляецца наступнае: у Лемберзе жадалі зрабіць вялікае мерапрыемства, каб прыняць Імпэратара сапраўды раскошна, аднак тамашні губэрнатар быў вымушаны з дакладнейшага загаду Імпэратара забараніць гэта. - Акрамя таго, там настолькі павялічылася колькасьць чужых, што больш немагчыма было знайсьці ніякай кватэры. - Тое самае адбывалася таксама і ў Полацку і ў Магілёве, бо гэтыя [гарады] былі пазначаныя імпэратарскім спадарожнікам як найлепшыя і выбітнейшыя. Таму вялікая колькасьць чужых вырашыла рабіць намёты і спыняцца ў іх. -
    Таксама і расейцы зрабілі ўсе магчымыя намаганьні, каб належным чынам ушанаваць сваю вялікую Імпэратрыцу. Урачыстасьці, якія гэнерал Зорыч арганізаваў у Шклове, дзе Імпэратрыца павінна была сустрэць графа Фалькенштайна, выдаліся неверагодна раскошнымі. Аднак яны каштавалі, як стала вядома з некаторых паведамленьняў, суму ў 80000 рублёў. -
    Імпэратар не паехаў, як ён вырашыў спачатку, з Лемберга цераз Замосьць, але простым шляхам на Кіеў. - Князь Карл Радзівіл, ваявода Віленскі, які засьведчыў Імпэратару сваю павагу ў Магілёве, паводле некаторых паведамленьняў з Літвы, у кампаніі адной шляхетнай пані пры выезьдзе з лесу быў атакаваны некалькімі людзьмі ў масках, якія зрабілі 2 стрэлы ў яго карэту. Праз гэты выпадак князь Радзівіл быў паранены ў левую руку, а вось пані атрымала небяспечнае раненьне. - Іншыя польскія паны, якія хацелі паехаць у Магілёў, вярнуліся назад з яго аколіц, бо ў некалькіх мілях ад Магілёва была выстаўлена нешта накшталт кардонаў з расейскіх войскаў, дзе ніхто больш не мог праехаць без адпаведнага пашпарту. - Атрыманье яго падтрабавала таксама шмат складанасьцей, бо ён мусіў быць падпісаны некалькімі ўпаўнаважанымі на гэта асобамі. -

    Другога чэрвеня граф Фалькенштайн нарэшце пасьпяхова трапіў у Магілёў, на 2 дня і 4 гадзіны раней за манархіню Кацярыну ІІ, і тайна назіраў за раскошным прыездам Імпэратрыцы. Князь Чартарыйскі, гэнерал Падоліі, меў гонар прымаць Ёзафа ІІ ў Валыні пад час яго падарожжа ў Палонію. Добразычлівы манарх міласьціва гутарыў зь ім на працягу доўгага часу і нават дазволіў яму атрымаць вялікі гонар, суправаджаць яго на шпацыры. - Калі ж, як ужо было пазанчана вышэй, Ёзаф працягнуў сваё падарожжа на Магілёў; князь аднак паехаў праз Камянец на Хоцім. Прыезд Імпэратара прайшоў у поўнай цішыні; толькі жыхары праз ажыўленыя праяўленьні выказалі сваю вялікую радасьць. Прыкладна ў тысячы кроках ад гарадской брамы была пабудаваная цудоўная трыумфальная арка з надпісам: Felici Adventui: па нашаму, шчасьлівага прыезду; і як толькі Яе Моц праехала паўз яе, з валоў быў зроблены моцны стрэл. Перад гарадской брамай стаяла габрэйства; унутры муроў аднак стаялі на парадзе самі гараджане са сьцягамі і штандарамі па абодзьвум бакам. За старанныя, і вядома не няўхвальныя, дзеяньні гараджан высокая Імпэратрыца выказала ім сваё найласкавае задавальненьне. Перад Яе карэтай ехалі 12 фурманаў з паштовым афіцэрам, за імі ўсьлед полк гусараў, за ім атрад уланаў, і тыя і тыя зусім нова і каштоўна апранутыя, пасьля іх ішла шматлікая колькасьць польскай шляхты ў раскошных строях; усе забяспечаныя найвытанчанымі экіпажамі; і потым ехала Яе Моц, Расейская Імпэратрыца ўласнай асобай, на цудоўнай дзяржаўнай карэце, з амаль незямным відовішчам тысячы грацый пырхаючых вакол. - Заключэньне складаў атрад кірасіраў выбітнага росту. Уся ўрачыстая працэсія рушыла адразу да царквы, дзе праведная Кацярына зрабіла ласку прыняць удзел у імшы. Калі тая скончылася, Яе Моц паднялася ў падрыхтаваны менавіта для яе высокай асобы палац, дзе ў прысутнасьці найвысокай колькасьці шляхты Яе Моц падтрымала асабліва прыязную размову з узгаданым графам Фалькенштайнам. Пасьля чаго адбылася ўрачыстая трапеза пададзеная абодвум высокім асобам на залатых сталовых прыборах, астатнія высокія госьці частаваліся са срэбра. - Чацьвёртага чэрвеня, увечар, да 6-ці гадзін прысутнічалі абодва высокія Ўладары разам з усім дваром на італьянскім вадэвіле, які быў граны па загаду Імпэратрыцы ў хутка завершаным тэатры. - Сустрэча ў Магілёве прайшла пасьпяхова. - Ці яна ўжо прайшла? Так!! яна прайшла. - Што было вырашана? Я ня ведаю. - Так так!! Эй эй! - Гэта ўсё, што мы дакладна ведаем. Моркаваць можна тое і гэтае. - Тое, што добрыя мусульмане пры гэтым былі не надта радыя, вядома дакладна. Зыходзячы з надзейных лістоў з Канстанцінопаля, шмат хто зь тых, што прымаюць вялікі ўдзел у кіраваньні пралівам, прызнаюць, што зь іх дзяржавай не ўсё будзе так добра, і што ёй прадстаяць вялікія важныя перамены, бо гонар мусульман узьняўся нават занадта высока. - Некаторыя зь іх сьвятароў хацелі нават праз прароцтвы абвясьціць хуткае падзеньне іх манархіі. - Аднак разумнае меркаваньне кажа: ім лепш было б пазьбегчы апошняй вайны з Расеяй: бо цяпер іх вялікая рэпутацыя зьнікла з Эўропы, пасьля таго як там ведаюць усе іх моцныя і слабыя бакі; яны дакладна больш ня будуць такімі жахлівымі ва ўсіх астатніх частках сьвету, як яны былі раней. - Ну, яны таксама ведаюць аб гэтым. -

2 комментария:

  1. Анонимный13.05.2014, 22:34

    Felici Adventui ( шчасьлівага прыезду).
    Прыкладна ў тысячы кроках ад гарадской брамы была пабудаваная цудоўная трыумфальная арка з надпісам: Felici Adventui: па нашаму, шчасьлівага прыезду...
    Это арка напротив бывш.гостиницы Днепр ?

    ОтветитьУдалить
  2. Арка каля гасьцініцы Дняпро была пабудаваная гадоў на 20 пазьней. Гэта была брама саборнай плошчы, калі на месцы гасьцініцы стаяў Ёзафаўскі сабор (закладзены Кацярынай як раз у гонар той самай сустрэчы, і пабудаваны адпаведна пасьля таго).

    ОтветитьУдалить