02.04.2014

1812 год вачыма саюзьнікаў Напалеона

Яшчэ адзін нумар той самай газэты, аднак цяпер без Магілёва. Проста ў працяг тэмы вайны 1812 вачамі саюзьнікаў Напалеона (і канечне не без элементаў інфармацыйнай вайны).
У артыкуле прыводзіцца інфармацыя пра бой пад Дрысай і пра актуальныя на той момант навіны з фронту. 

 
"Вялікакняская Гэсэнская газэта", № 102 ад 25.08.1812

Парыж, 17-е жніўня

    Сьвяжэйшая зводка Вялікага Войску. Віцебск (Witepsk), 4-е жніўня. Перахвачаныя лісты з лагера Багратыёна (Bagration) гавораць аб стратах, якія гэты корпус пацярпеў на шляху, у магілёўскім баі і ад велізарнага дэзерцірства. Усе, хто былі палякамі, засталося ў краіне, такім чынам гэты корпус, які разам з казакамі Платава (Platow) 50000 чалавек меў, зараз не налічвае нават і 30000 чалавек. Далей, пазіцыя Войска на 4-ае жніўня:
    Стаўка знаходзіцца ў Віцебску (Witepsk) з 4-мя мастамі цераз Дзьвіну (Düna);
    4-ты корпус знаходзіцца пад Суражам (Suraj) і трымае Веліж (Velij), Парэччэ (Porjeczie) і Усьвяць (Usviath) захопленымі;
    Кароль Неапаля (der König von Neapel) знаходзіцца пад Рудняй (Rudina) з трыма першымі кавалерыйскімі карпусамі;
    Першы корпус, пад камандай маршала князя Экмюльскага (Marschall Fürst von Eckmühl), стаіць пры ўпадзеньні Бярэзіны (Berezina) ў Барысфен (Borysthenes, Дняпро) з 2-мя мастамі цераз апошнюю раку, адным мастом цераз Бярэзіну (Berezina), і з 2-мя плацдармамі;
    Трэці корпус, пад камандай маршала герцага Эльхінгенскага (Marschall Herzog von Elchingen), стаіць пад Льёзна (Liozna);
    8-мы корпус, які ўзначальвае герцаг д'Абрантэ (Herzog von Abrantes), стаіць пад Оршай (Orsza) з 2-мя мастамі і плацдармам цераз Барысфен (Borysthenes, Дняпро);
    2-гі корпус, пад камандай маршала герцага Рэджыо (Marschall Herzog von Reggio), стаіць на Дрысе (Drissa), перад Полацкам (Poloczk), на шляху на Себеж (Sebej);
    Князь Шварцэнберг (Fürst von Schwarzenberg) стаіць са сваім корпусам пад Слонімам (Slonim);
    7-мы стаіць пад Ружанамі (Roszana);
    4-ты корпус стаіць са стралковай дывізіяй пад камандай генэрала графа Латур-Мобурга (Gen. Graf Latour-Maubourg) перад Бабруйскам і Мозырам (Bobruysk und Mozir).
    10-ты корпус, які ўзначальвае герцаг Тарэнта (Herzog von Tarent), стаіць перад Даўгапілсам і Рыгай (Dünaburg und Riga);
    9-ты корпус пад герцагам Белуна (Herzog von Belluno) сьцягваецца ў Тыльзіце (Tilsit);
    11-ты корпус, пад камандай герцага Касьцільёнэ (Herzog von Castiglione), стаіць у Шчэціне (Stettin).
    Яго Вялікасьць паставілі войска на адпачынак і аднаўленьне.
    Сьпякота надзвычай вялікая, і мацней, чым у Італіі. (ст. 877) Тэрмометр стаіць на 26-27 градусах, і нават ўначы сьпякотна.
    Генэрал Каменскі (Gen. Kamenskji), які з 2-ма дывізіямі быў адрэзаны ад корпуса князя Багратыёна (Fürst Bagration), і ня мог болей зь ім аб'яднацца, вярнуўся на Валынію (Bolhynien), дзе ён далучыўся да рэкруцкіх дывізій пад камандай генэрала Тармасава (Gen. Tormassow), і рушыў супраць 7-га корпусу. Ён напаў і акружыў саксонскага брыгаднага генэрала Кленгеля (sächsischer Brigadegeneral Klengel), які меў пад сабой авангард з 2х батальёнаў і 2 эскадроны з палка прынца Клеменса (Prinz Clemens). Пасьля 6-гадзіннага супрацьстаяньня большая частка авангарду была забіта ці ўзята ў палон; генэрал граф Рэньё (General Graf Regnier) здолеў прыйсьці яму на дапамогу толькі 2 гадзіны пазьней. Князь Шварцэнберг (Fürst Schwarzenberg) вырайшыў 30-га ліпеня далучынцца да генэрала Рэньё (Gen. Regnier) і рашуча йсьці на варожыя дывізіі.
    19-га прусскі генэрал Гравэрт (preuß. Gen. Grawert) напаў на расейцаў у Іецаве і Курляндыі (Eckau und Kurland), ўзяў 200 палоннымі і забіў значную колькасьць ворагаў. Генэрал Гравэрт (Gen. Grawert) хваліць маёра Штырна (Major Stiern), які з Першым прускім драгунскім палком прыняў вялікі ўдзел ў баі. Разам з генэралам Кляйстам (Gen. Kleist) генэрал Гравэрт (Gen. Grawert) жыва адкінуў ворага на рыжскім шляху і захапіў тамашні плацдарм.
    30-га Віцэ-кароль (Vizekönig) адаслаў лёгкую кавалерысцкую брыгаду на Веліж (Welij). 200 чалавек напалі на 4 складскія батальёны, што рушылі на Цьвер (Twer), разьбілі іх, узялі 400 палоннымі і захапілі 100 вазоў са зброяй.
    31-га ад’ютант Трыайрэ (Adjutant Triaire) прыбыў да Усьвяці (Usviath) з каралеўскім драгунскім палком каралеўскай італьянскай гвардыі, дзе ён узяў у палон капітана і 40 чалавек, акрамя таго ў яго рукі трапілі 200 вазоў з мукой.
    30-га маршал герцаг Рэджыо (Marschall Herzog von Reggio) перасунуўся на Себеж (Sebej). Ён далучыўся да генэрала Вітгенштайна (General Wittgenstein), які быў узмоцнены корпусам князя Рэпніна (Fürst Repnin). Пад замкам Якубава (Schloss Jаcubovo) адбыўся бой. 26-ы лёгкі стралковы полк пакрыў сябе славай. Дывізія Легран (Division Legrand) з гонарам вытрымала агонь усяго варожага корпусу.
    31-га вораг накіраваўся на Дрысу (Drissa) каб атакаваць фланг герцага Рэджыо (Herzog von Reggio) на яго маршы. Маршал заняў пазіцыю за Дрысай. 1 жніўня вораг зрабіў глупства перайсьці цераз Дрысу і выступіць у баявым парадку перад 2-м корпусам. Герцаг Рэджыо (Herzog von Reggio) даў палове варожага корпусу перайсьці цераз раку, і, калі ён бачыў прыблізна 15000 чалавек і 14 гармат на гэтым баку, то дэмаскіраваў батарэю з 40 гармат, якія на парцягу паўгадзіны вялі карцечны агонь. У тый жа час дывізіі Легран і Вэрдьё (Divisionen Legrand und Verdier) рушылі наперад у штурмавым маршы з насаджанымі штыкамі і адціснулі 15000 расейцаў у раку. Вынікамі гэтага бою сталі: захоп усіх варожых гармат і парахавых вазоў, 3000 палонных, сярод якіх знаходзілася шмат афіцэраў і ад’ютант генэрала Вітгена (Adjutant der General Wittgen), 3500 чалавек, якія былі забіты ці ўтапіліся.
    Бой на Дрысе (Drissa), а таксама пад Астроўна (Ostovno) і пад Магілёвам (Mohilow) у іншых войнах маглі б называцца 3 бітвамі.
    Герцаг Рэджыо (Herzog von Reggio) выказаў найвялікшую хвалу генэралу графу Леграну (General Graf Legrand), чыё хладнакроў’е на полі бою вартае ўвагі. Ён таксама высока адзначыў дзеяньні 26-га лёгкага стралковага і 56-га лінейнага палкоў.
    Расейскі цар абвясьціў збор рэкрутаў у абодзьвух губэрнях, Віцебскай і Магілёўскай. Але пакуль яго ўказы прыбылі, мы ўжо валодалі абодзьвума правінцыямі. Таму гэтыя мерапрыемствы ня мелі ніякага посьпеху. У Віцебску мы знайшлі пракламацыі прынца Аляксандра Вюртэмбэрзскага (Prinz Alexander von Würtemberg) і даведаліся, што ў Расеі забаўляліся са сьпевамі літаній у гонар перамог заваяваных расейцамі. Гэты дзіўны дакумэнт заслугоўвае, каб зь ім азнаёміліся.

(Ён, разам з лістом да графа Луі Сэн-Прысцкага (Graf Louis von St. Priest) і расейскім царскім загадам наконт рэкруцкіх збораў у Беларусі (Weißrußland) па 5 чалавек на 500 душ, дадаецца да зводкі і гучыць наступным чынам:
    Ліст Аляксандра Вюртэмбэрзскага (Alex. von Würtemberg), генэрал-губэрнатара Беларусі, грамадзянскаму губэрнатару Віцебска, ад 19-га ліпеня:
    “Я атрымліваю такім чынам ад ваеннага міністра прыемнае паведамленьне: Гасподзь абараніў нашы войскі, і першыя намаганьні ворага аказаліся марнымі. Перамога каранавала нашу зброю. Авангарды князя Багратыёна, якія знаходзіліся на манёўры, каб аб’яднаць сябе з першым войскам, напаткалі варожую кавалерыю. Пасьля цяжкага бою 9 французскіх палкоў былі разьбітыя. Больш за 50 афіцэраў і 1000 жаўнераў узятыя ў палон. І зараз, пасьля гэтай перамогі, нічога (ст. 878) больш не перашкаджае другому войску неўзабаве сустрэцца з першым, і абодзва разам несумненна ня будуць доўга чакаць, каб распачаць помсту несправядлівым захопнікам нашае Бацькаўшчыны. Яго Правасхадзіцельства, ваенны міністр дадае, што на правым фланзе першага войску генэрала Кульнева (General Kulniew), які кіруе авангардамі вітгенштайнаўскага корпусу, цалкам разьбіў варожую кавалерыйскую брыгаду, якая складалася з 2-х палкоў. Генэрал Сэн-Жэні (General St. Genie's) і мноства жаўнераў былі ўзятыя ў палон. Тым часам вораг быў пабіты пад Даўгапілсам (Dünaburg) са значнай стратай забітымі і палоннымі. Хутка прыйдзе таксама паведамленьне, што генэрал Платаў (General Platow) нанёс поўную паразу 4-м варожым палкам.
    Гэта былі толькі прадвесьнікі канчатковай перамогі. Жаданьні жыхароў і войска былі нарэшце пачутыя. Адначасова з тым, як я распавядаю вам аб гэтых хуткіх перамогах, я загадаў начальніку паліцыі Полацка, ва ўсіх грэцкіх і рымскіх царквах горада сьпяваць літаніі, каб падзякаваць Госпада за гэтыя вялікія перамогі. Я запрашаю Вас, зрабіць тое самае ва ўсіх раёнах Віцебскай губерніі, і даць шырокі агалос ўсім гэтым паведамленьням.”)

    20-га былі атрыманы лісты з Віцебска ад 5-га жніўня; Яго Вялікасьць дагэтуль знаходзяцца ў гэтым горадзе і прыбываюць у лепшым здравіі. Кожны дзень Яны слухаюць даклады розных вайсковых карпусоў. Калі зыходзіць з Іх вялікалепнага стану, ніхто б не паверыў, што Яны зрабілі такія вялікія паходы.
    Штодзень прыбываюць шматлікія вайсковыя саставы. – Пан генэрал барон Касонскі (Gen. Baron von Cosson), камандзір Мозэльскага аддзела (Kommandant des Moseldepartements), атрымаў ад Яго Вялікасьці кіраваньне ў Штральзунде (Stralsund). 14-га ён пакінуў Мэс (Meß), каб перайсьці да месца свайго прызначэньня. – Пан генэрал Дюсрэсе (Gen. Düsresse), камандзір аддзела абодзьвух Паўноччаў (Department der beiden Severs), быў прызначаны Яго Вялікасьцю губэрнатарам Шчэціна (Stettin).



Комментариев нет:

Отправить комментарий