04.02.2014

Т. Касьцюшка - "Нямецкія Старонкі", №174 23.08.1814

Гэты пераклад не мае прамога дачыненьня да Магілёва, але ў агульным сэнсе закранае гісторыю ўсёй Беларусі.
Прысьвячаецца народзінам Тадэвуша Касьцюшкі (04.02.1746), вайсковага і палітычнага дзеяча сусьветнага масштабу, героя Беларусі, Польшчы і ЗША. 

А таксама ў якасьці супрацьвагі Патоцкаму. Абодва жылі ў адзін час, і абодва гралі сваю ролю ў гісторыі нашай краіны пад час апошніх падзелаў РП. 

Нажаль у нас, на радзіме героя, няма настолькі ўзьнёслага апісаньня яго жыцьця, як у гэтым артыкуле зь нямецкай газэты. Спадзяюся, калісьці мы таксама навучымся шанаваць сваіх герояў...

"Нямецкія Старонкі", №174 ад 23.08.1814
ст. 632

Галерэя найважных сучасьнікаў.

V. Касьцюшка (з наступнага 5-га тому Conversation-Lexicon)

    Касьцюшка (Тадэвуш), апошні вярхоўны галоўнакамандуючы Польскай Рэспублікі, адзін з найвялікшых мужэй нашага часу. Таленты палкаводца, адвага, і больш за ўсё: чалавечнасьць, любоў да айчыны, строгая справядлівасьць і чысьцейшая бескарыслівасьць ставяць яго высока сярод яго сучасьнікаў і ў вачах нашчадкаў. Смелы і ўпарты ў сваіх аперацыях, цьвёрды і разважлівы ў шчасьці, спакойны і годны ў няшчасьці, такі ж актыўны, як і ашчадны ў гандлі, верны Праву, Праўдзе, Волі і Айчыне, перажыў ён той выпадак, каб зараз (у 1814м годзе) спадзявацца на яго аднаўленьне і пагадніць лёс з сабою. – Польшча, заблытаная прускімі ўладамі, была разарваная на часткі праз жудасную, пазаконную палітыку яе суседзяў і праз здрадніцкія партыйныя раздоры знутры, без славы, без моцы, без права яна была вымушана выдаць новую канстытуцыю, была вераломна абрабаваная, і была як дзяржава і нацыя падведзеная да прорвы. Катарына ІІ і Фрыдрых Вільгельм ІІ прымусілі ў 1793-м гародненскі Сейм пагадзіцца з адасабленьнем зямельных тэрыторый на 5000 квадратных метраў. Але нават рэштка, траціна былога каралеўства, паводле прадпісаньняў расейскіх паслоў, графа Северскага і генэрала Ігельштрёма, які адначасова быў камандуючым расейскімі войскамі ў Варшаве і паслом (!), была як дзяржава настолькі залежная ад Расеі, што яна, без Расейскага дазволу, ніколі не магла зьмяніць, ці палепшыць навязаны ёй дзяржаўны лад. Тады шляхта ў Польшчы, эмірганты ў Саксоніі, і ў іх на чале ў Ляйпцыгу Касьцюшка, які ў Амерыцы пад Вашынгтонам чыста і цьвёрда выкаваў свой палітычны і вайсковы характар і закаліў яго таксама ў 1782-м ў апошняй кароткай бітве супраць Расеі, у згодзе з аднадумцамі ў вёсках, тайна вырашылі адважыцца на крайнасьць, ці з гонарам пасьці. Польскае войска была часткова далучанае да расейскага, часткова павінна было быць паменшаным да 16000 чалавек. Расейцы пад началам самавольнага, жорсткага і неразумнага Ігельштрёма трымалі занятымі Варшаву і шматлікія гарады Польшчы. Тады ў Польшчы 1400 палякаў выступілі супраць рэдукцыі са зброяй у руках; Мадалінскі распачаў дзеяньні раней, чым трэба было, атакаваў расейскія і прускія войскі, захапіў запасы, і выступіў з паўднёвай Прусіі на Кракаў; Касьцюшка аднак, 23-га красавіка 1794 авалодаў горадам Кракаў, дзе ён у якасьці галоўнакамандуючага Кракаўскай Канфедэрацыі заклікаў палякаў аднавіць Кантсытуцыю 30га траўня 1791. Вакол яго сабралася войска з 27000 чалавек. З 4000 чалавек ён 4-га сакавіка 1794 разбіў 12000 расейцаў пры Рацлавіцах. Варшава і Вільня, пасьля таго як яны забілі ці захапілі расейскія гарнізоны, абвясьцілі ў сакавіку свой удзел у справе Айчыны. Надыйшлі жахі рэвалюцыі; але што іх выклікала, калі не салдацкі ціск і здрада? Хто іх спыніў? – Законная, стойкая адвага аднавіцеля волі: Касьцюшкі. – Кароль Прусіі з 50000 расейцаў і прусаў аблажыў Варшаву; але агульнае паўстаньне ў паўднёвай Прусіі пад началам Дамброўскага, страта артылерыйскага транспарту і Касьцюшка з 15000 чалавек прымусілі яго зьняць аблогу. Такім чынам адважны ваявода і нацыя умацаваліся з 20000 чалавек рэгулярных войскаў і 40000 дрэнна ўзброеных сялян, якіх адзін толькі Касьцюшка мог навучыць дысцыпліне і мастацтву вайны, умацаваліся супраць чатырох варожых войскаў, якія разам складалі каля 150000 чалавек. Яго найбольшая моц была ў даверы яго суайчыньнікаў. Пляменьнік караля, у будучым яго генэрал, служыў пад яго началам. Ніхто не сумняваўся ў яго грамадзянскай дабрадзейнасьці, якая ўражвала народ праз сапраўдную рэлігіёзнасьць. Касьцюшка кіраваў Рэспублікай як дыктатар, аднак з Вашынгтонаўскім прававым разуменьнем і Цэзарскай дзейнасьцю. Ён клапаціўся аб усім, аб забеспяченьні войскаў, аб пакрыцьці ваенных патрэбаў; ён асабіста вёў усе прыходы і расходы, каб прадухіліць плюндраваньне і махлярства; з дзяржаўнай рады ён ляцеў на поле бою. Яго дні і яго ночы, усе яго сілы, кожная думка былі прысьвечаныя Айчыне. Адначасова ён забяспечваў ажыцьцяўленьне законнасьці, скасаваў прыгон, гучна абвясьціў, што Польшча не жадае быць вольнай паводле французскіх ці якабінскіх прынцыпаў, і нарэшце 29га траўня на нацыянальнай радзе, якую ён стварыў, вярнуў нацыі давераную яму найвышэйшую ўладу. Такі Арыстыд і Цынцынат як грамадзянін, палітычны дзеяч і ваявода, ён быў адначасова і салдатам, падданым і рэгентам. Але ён занадта мякка абыходзіўся з нягоднымі сярод яго землякоў; ён жадаў каб закон і гонар рабілі ўплыў там, дзе толькі вяроўка можа запалохаць баягузаў і здраднікаў. Калі б нацыя ўзнялася да яго, яе б ніколі не пала. У чэрвені польскія войскі напаткалі шматлікія наўдачы пад Шчэкоцынамі і ў другіх месцах. Інтрыганы, эгаістычныя камандзіры і баязліўцы зноўку вялі сваю старую праклятую гульню. Фрыдрых Вільгельм сумняваўся перамагчы Касьцюшку. Ён рабіў яму бліскучыя прапановы; як дрэнна ён ведаў чалавека з Вашынгтонаўскай школы!

    Нарэшце, Кацярына вырайшыла бітву праз перавагу ў памерах войскаў. Сувораў разбіў палякаў пад началам Серакоўскага ў Валыні пад Брэстам 17-га і 19-га верасьня. Репнін прарваўся праз Літву і аб'яднаўся з ім; расейскі генэрал Ферзен з 12000 чалавек павінен быў далучыцца да іх. Каб гэта прадухіліць, Касьцюшка вярнуўся з Варшавы яму напярэймы з 21000 чалавек. Ферзен атакаваў яго 10-га кастрычніка пры Мацяёвіцамі (12 міль ад Варшавы), быў 3 разы адбіты, аднак падчас чацьвёртай атакі прабіз лінію палякаў; яны былі разьбітыя; Касьцюшка пакрыты ранамі са словамі: Finis Poloniae; паваліўся з каня, і трапіў у варожыя рукі. У ім яго Айчына страціла ўсё. Суворов штурмаваў Прагу 4-га лістапада. Варшава здалася 9-га. Мадалінскі пакінуў Вялікую Польшчу. Аўстрыйскае войска прасунулася ў Польшчы да Любліна. Паміж шляхтай і грамадзянамі ў Польшчы не было еднасьці, Нацыянальная рада ня мела сілы; замежная дапамога не зьявілася: так пала Польшча. Але для сваёй Айчыны тыя, хто ахвяраваў сябе ёй, не палі бескарысна. Грамадская думка Эўропы праз высакародня пакуты пераможаных была на баку няшчаснай Польшчы, і Александр здаецца жадае ажыцьцявіць найдарагую надзеяю нацыі, з якой яе так жудасна расчараваў Напалеон.

    Касьцюшка жыў з некаторымі сваімі сябрамі ў Расеі як дзяржаўны палонны. Павал І асабіста вызваліў гэтых прыстойных людзей і вылучыў Касьцюшку праз шматлікія доказы сваёй прыхільнасьці. Ён адарыў яго 1500, а яго сябра, паэта Немцэвіча, 1000 сялян. Абодва падаліся праз Лондан, дзе Касьцюшка быў прыняты з выключнасьцю, у Амерыку; апошні паслаў імператару Паўлу назад атрыманы ад яго падарунак у 12000 рублёў; ён таксама павінен быў не прыняць штогадовы пенсіён з 6000 рублёў. Яго маёмасьць была нязначная. Амерыка дала яму, калі ён па сканчэньню амерыканскай вайны за незалежнасьць вяртаўся на Айчыну, Цынцынацкі крыж і штогадовы даход. Але больш за гэта каштавала яму сяброўства Вашынгтона. Нават цяпер ён знайшоў у свайго бравага амерыканскага сябра заступніцтва і ўвагу. Тады Напалеон склаў плян, праз аднаўленьне Польшчы зрабіць боль Расее і падрыхтаваць сабе ўладарства над усходняй Эўропай. Шмат палякаў жыло ў Парыжы. Касьцюшка аднак ня мог прыняць удзел у іх барацьбе пад кіраўніцтвам Дамброўскага ў 1806 і 1807 гадах, яго стрымлівала не толькі хвароба, але ў большай ступені слова, якое ён даў Паўлу І, не служыць супраць Расеі; усё ж такі 1 лістапада 1806 ён выдаў у Парыжы заклік да сваёй Нацыі. Ён надалей заставаўся ў Парыжы, дзе назіраў за лёсам сваёй няшчаснай Айчыны. Нямцэвіч, як вядома, вярнуўся ў актыўную грамадзянскую кар'еру ў Варшаве. Калі нарэшце рэшткі польскага войска, пасьля падзеньня Напалеона, іх уладара, 11-га красавіка былі пастаўленыя Аляксандрам пад камандваньне вялікага князя Канстанціна, і ў чэрвені 1814 вярнуліся ў Польшчу, дзе цяпер Дамброўскі нанова зьбірае польскае войска, і ёсьць надзея, што Польшча, аб'яднаная з Расеяй, павінна атрымаць аналягічную Канстытуцыю, як яны была ў 1793 годзе: тады таксама і Касьцюшка накіраваўся б да вяртаньня на сваю Айчыну.

    Станаўленьне і лёс гэтага чалавека атрымалі свой першы накірунак праз няшчаснае каханьне. Здарэньне, якое выклікала яго сімпатыя да дачкі маршала Літвы, сасноўскага, прымусіла яго пакінуць Польшчу. Адзінокае навучэньне, галоўным чынам у гісторыі і матэматыцы, і яго высакароднай успрымальнасьці здольнасьць да адукацыі падрыхтавалі яго да школы вайны, свабоды і жыцьцёвай мудрасьці, у якую ён цяпер уступіў пад началам Вашынгтона. Ён вылучыўся ў Амерыцы пры шматлікіх выпадках праз веды і мужнасьць, асабліва пры аблозе Нінэці-Сікс. У вайне сваёй Айчыны, у 1792 годзе, пры сустрэчы на ДУбенцы ён на працягу 6 гадзін трымаўся з прыкладна 4000 чалавек супраць 16000 расейцаў у фартэцыі, на ўмацавеньне якой ён меў толькі 24 гадзіны часу, і адступіў без значных стратаў. Гэты ўчынак заснаваў яго вайсковую славу. Плян вызваленьня, які ён абмеркаваў з сябрамі ў 1794 годзе, быў яшчэ няспелы, калі Мадалінскі і іншыя гарачыя галовы праз свае неабдуманыя гвалтоўныя дзеяньні вымусілі таксама й Касцьюшку дзейнічаць адкрыта. Сойм называе Маніфест, які ён выдаў супраць імператрыцы і караля, неразумным, бо ён зьмяшчае асабістыя абразы; нават жорсткі тон апошніх быў запісаны на рахунак польскай нацыі, і гнэў рэспубліканца простых і строгіх традыцый, якім быў Касьцюшка, мусіў разгарэцца, калі фанабэрыстыя ўладары свавольна абвінавацілі бедны, прыгнечаны народ, палякаў, ў якабінскіх прынцыпах і злачынствам усея Эўропы, і таму абвясьцілі вайну законным крокам нацыі і караля Станіслава па стварэньню даўгавечнай канстытуцыі. Тое, да чаго Кацярына прымушала штыкамі, тое Фрыдрых Вільгельм ІІ зрабіў магчымым праз вераломнае скасаваньне абарончага саюзу, які ён заключыў з Польшчай. Падобная палітыка мусіла ўзняць любога дзеяча, сэрца якога таксама належыла яго Айчыне. Касьцюшка валодаў неабмежаванай уладай. Ён карыстаўся ей з законнасьцю, мудрасьцю і мяккасьцю. Яму робяць дакор, што ён па заступніцтву папскага легата замяніў для біскупа Хельма і Любліна, Скаршэўскага, сьмяротнае пакараньне, якое яму прызначалася па закону, турмой. Ён толькі хацеў пашкадаваць адданы духоўнасьці розум народу. Каб ён только выказваў больш строгасьці да вялікіх асоб, якія нічога не хацелі ведаць аб падпарадкаваньні і строгасьці! З каралём Станіславам ён абыходзіўся з увагай, аднак яму было немагчыма дазволіць гэтаму сумніцельнаму і ненавіснаму слабаку удзел ва ўладзе, якую нацыя перадала яму аднаму. Магчыма дакоры, якія робяць яму як ваяводзе, зьяўляюцца абгрунтаванымі. Ён даў узброеным сялянам косы, калі пікі ўсё ж з'яўляюцца лепшай зброяй. Толькі ён мусіў змагацца без салдатаў, без зброі, без грошай. Вораш ужо стаяў у краіне. Ён быў акружаны, і ў самой Польшчы ніякай згоды, ніякага агульнага запалу! Яго абарона ў варшаўскім лагеры, дзе ён быў заперты, будзе аб'яўленая знаўцамі, як майстэрская. У сустрэчы пад Шчэкоцынамі наадварот быў недахоп выведданых, што ён ня ведаў аб аб'яднаньні расейцаў з прусамі; таксама здаецца здрадзіла няведаньне мясцовасьці, што ён даў Ферзену атакаваць сябе пад Мацяёвіцамі. Аднак адвага толькі тады атрымлівае аплядысменты, калі яна перамагае. З вопытнымі расейскімі салдатамі ён быў бы непераадольным; і калі б усе палякі ажыцьцявілі яго ідэю, яго Айчына ніколі б не пала. – Існуе яго вельмі трапны партрэт выгравіраваны Крюгерам у Дрэздэне паводле карціны Косвэя і малюнка Дэміяні.



Гэнерал Тадэвуш Касьцюшка (04.02.1746 — 15.10.1817). 

Комментариев нет:

Отправить комментарий