23.01.2014

Гамбургская газэта, No. 8, 1793 год

Калі мы ўжо закранулі графа Патоцкага. То прывядзем яго прамову на Гародненскім сойме 30.12.1792 года.
Прамова перакладзеная з "Гамбургскай газэты".
Прамова зьяўляецца ня менш актуальнай і ў нашыя дні, калі рыторыка палітычных дзеячаў накіраваная на "заспакойваньне" народу, калі гучнымі словамі накшталт "спакой", "стабільнасьць", "мір" падкупляюць прагу людзей да свабоды.

"Гамбургская газэта", No. 8, 1793 год
Старонка 6
Гародня, 30-е сьнежня.
    Граф Патоцкі, маршал Канфэдэрацыі, выдаў наступны цыркуляр да 10 буйных гарадоў Кароны Польскай:
    Пасьля таго, як Гэнеральная Кафэдэрацыя абодвух аб'яднаных вольных нацый зрабіла галоўнай мэтай сваёй дзейнасьці шчасьце дзяржавы і грамадзянаў, а таксама замацаваньне і аднаўленьне старога рэспубліканскага кіраваньня, гэткім чынам лёс гарадоў Рэспублікі, якія зьяўляюцца вялікай карысьцю для краіны, не можа пазьбегнуць яе ўвагі.
    З гэтай мэтай яна ўжо абрала 5 гарадоў у кожнай правінцыі, і загадала нам, яе маршалам абодвух нацый, абвесьціць вам, што ўжо 15га лютага 1793 у Гародню павінны прыбыць па 2 дэлегаты ад кожнага гораду, каб паведаміць жаданьні і патрэбы ўсіх гарадоў. Гэтыя дэлегаты павінны быць абраныя з грамадзянства, як яно існавала да 1790.
    Дзеля выкананьня майго загаду я маю такім чынам задавальненьне праінфармаваць аб гэтым магістрат гораду N., каб яны зкіраваліся да выбараў двох грамадзянаў, якія будуць у пэўныя дні знаходзіцца ў Гародні, каб выказваць накіраваныя на дабро і карысьць гарадоў, і адпаведна ўсёй Рэспублікі, ідэі.
    Дабрадзейныя грамадзяне! Вядомыя ва ўсе часы праяўленьнем лаяльнасьці Рэспубліцы! Не давайце ўвесьці сябе ў зман спакуслівымі новаўвядзеньнямі тых, хто сваімі асабістымі жаданьнямі праз злачынныя прадпрыемствы прыводзіць толькі да агульнага няшчасьця.
    Парадак, гэтая аснова грамадскага шчасьця, у рэспубліканскай дзяржаве ня можа без наступстваў складацца з гвалту і прывілеяў.
    Супрацьпраўная і ажыцяўляемая адной асобай улада дае існаваньне тыранам, аточаным рабамі: але небяспечныя наступствы неўтаймаванай і адной асобай да сябе вырванай улады робяць кожнага індывіда ты-

Старонка 7
ранам грамадства, а грамадства рабом кожнага.
    Найжахлівейшая форма ўлады тая, дзе ў кожным чалавеку бачыцца тыран ці дэспат, які можа нас прыгнятаць.
    Правы чалавека у простым прыродным стане не могуць быць прымененыя да грамадства.
    Найсьвяцейшае права чалавека ў грамадстве гэта асабістая бясьпека і бясьпека яго ўласнасьці. Тая форма ўлады, якая прадастаўляе абедзьве перавагі, зьяўляецца добрай формай улады. Там, дзе цякуць струмені крыві, дзе кожны выдзірае ў іншага яго ўласнасьць, там знаходзіць канец усякі парадак, і на яго месца прыходзіць агіднейшая анархія.
    Генеральная Кафэдэрацыя абодвух аб'яднаных нацый, якая займаецца выключна абслугоўваньнем парадку і бясьпекі Рэспублікі і яе грамадзянаў, хоча прадаставіць і забясьпечыць гарадам рэальнае і стабільнае шчасьце.
    Таму яны могуць з поўнай упэўненасьцю прапаноўваць свае ідэі, пакуль толькі іхнія ўнёскі маюць мэтай мір, спакой і парадак, бо толькі гэта ёсьць крыніцай агульнага дабрабыту.
    Я, для сваёй асобы, лічу за шчасьце, што нацыя даверыла мне тую пасаду, якую я займаю, у той час, калі Генеральная Канфэдэрацыя разглядае адзінай мэтай сваіх намаганьняў усталяваньне парадку ва ўсіх частках дзяржавы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий