23.01.2014

Аўгсбургскія газэты 1780 - напад на Патоцкага

2 ўрыўка з Аўгсбурскіх газэт 1780 г.
Абодва артыкула распавядаюць пра цікавае здарэньне ў Магілёве, пад час знаходжаньня Кацярыны ІІ у горадзе. Граф Патоцкі, вялікі каралеўскі харунжы Літвы трапіў у рукі злачынцаў.


Augspurgische 'Extra'-Zeitung
Nr 165 аўторак, ад 11-га ліпеня 1780 года.

Магілёў, 10-е чэрвеня
    Сярод іншых значных асоб з Польшчы і Літвы, якія прыехалі сюды каб аказаць прыём абодвум Імпэратарскім Вялікасьцям, знаходзіўся таксама пан граф Патоцкі, вялікі каралеўскі харунжы Літвы, які разам са сваёй супругай паклаў да ног Яе Расейскай Імпэратарскай Моцы Андрэйскі ордэн, які яму пакінуў яго нябожчык айцец граф Патоцкі пасьля сваёй сьмерці. Гэты пан меў няшчасьце у 2-х мілях адсюль быць атакаваным на адкрытым шляхе 40 пераапранутымі вершнікамі, якія адразу выцягнулі графа і яго супругу з карэты і прывялі іх з сабой у бліжэйшы лес, каб без залішніх акалічнасьцей пагубіць іх у сваіх забойскіх кіпцюрах. Графіня ў такіх жудасных абставінах вымушана была ніякім іншым чынам ратавацца, як паабяцаць забойцам, не толькі дабраахвотна і шчыра аддаць ім усе наяўныя грошы і не выдаць нікога зь іх, але таксама перадаць ім адразу ўсе свае раскошныя ўпрыгожваньні, што яны маюць пры сябе, усе пярсьцёнкі і каштоўныя каменьні, якія яны тайна схавалі ў сваёй карэце, калі толькі яны яе разам з яе супругам пажадаюць прывесьці назад да ўзгаданай карэты. Тыя далі сябе пераканаць да гэтага, і ўсё тое, што гэтыя дзьве асобы мусілі перадаць забойцам дзеля выкупу свайго жыцьця як наяўнымі грашыма, так і вытанчанымі каштоўнасьцямі, паводле найменьшага кошту і ацэнкі складала 60 тысяч галандскіх дукатаў. Гэткім чынам граф Патоцкі разам са сваёй сьвітай, якая складалася прыкладна з 12 асоб, прыйшоў голы і босы сюды і распавёў Яе Расейскай Імпэратарскай Моцы пра сваё сумнае здарэньне. Манархіня, надзвычайна кранутая гэтым, адразу дала загад, узяць 400 вершнікаў і захапіць забойцаў жывымі. Тры зь іх былі насамрэч дастаўленыя, сярод якіх быў той, хто сапраўды хацеў усадзіць забойскую сталь у сэрца графіні і нават меў заганную сьмеласьць казаць, што рабаўніцкія намеры яго паплечнікаў былі накіраваныя зусім не на графа Патоцкага, але на адну больш высокую асобу. Ад гэтага часу было зроблена найсур'ёзнае намаганьне схапіць таксама і астатніх злодзеяў, каб можна было прыцягнуць іх да належнага пакараньня.




Augspurgische Ordinari Postzeitung
Nr 168 пятніца, ад 14-га ліпеня 1780 года.

Лемберг у Польшчы, 27-е чэрвеня
    Ужо 3 месяцы размешчаная тут пад арышт сястра польскага шляхціца Чайзейскага (Czeiseiski), 10 год таму абезгалоўленага ў Літве за ўсялякія зьдзейсьненыя бясчынствы, якая, як гэта вядома ва ўсёй Польшчы, адну вядомую вялікую княжну ілжыва і зламысна з прывядзеньнем 11 ілжывых сьведак назвала віноўніцай той сьмерці, пазаўчора раніцай была знойдзеная ў вязніцы мёртвай. Таксама тут атрымалі паведамленьне пра сумны выпадак, які нядаўна здарыўся з графам Патоцкім і яго супругай у дзьвух мілях ад Магілёва. Усе яго грошы, каштоўныя каменьні і ўпрыгожваньні, якія ў яго аднялі рабаўнікі, якія па большасьці былі калмыкамі, скаладалі суму ў 60 тысяч польскіх дукатаў. Аднак тым часам, пасьля арганізаванай вострай пагоні за гэтай дзёрзкай бандай рабаўнікоў, зараз ужо затрымана шасьцёра, якія ў Магілёве пасьля атрыманых бізуноў чакаюць заслужанага пакараньня свайго злачынства.

"Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна"
Ян Гэорг Майер, Аўгсбург, 1780

Другая нататка закранае значнае рабаваньне графа Патоцкага, калі менавіта гэты граф разам са сваёй супругай з найвялікімі каштоўнасьцямі, якія яны ўзялі з сабой, ехалі ў Магілёў, то ў 2-х мілях ад гэтага горада, як раз калі яны падабраліся да густога лесу, яны былі атакаваныя надта моцнай бандай рабаўнікоў, што нечакана выскачылі са сваіх сховішчаў, і абрабаваныя на 60000 дукатаў наяўнымі грашыма. - Яны выцягнулі графа і яго супругу з карэты і прывялі з сабой у лес, і графіня здолела адкупацца толькі меўшыміся пры сабе ўпрыгожваньнямі, і прыйшла са сваім супругам ледзь не голая ў Магілёў, дзе яна распавяла Імпэратрыцы пра гэта здарэньне. - Манархіня адразу паслала 400 вершнікаў, якія схапілі трох, сярод якіх быў таксама і той, хто меў нахабства падставіць лязо да грудзі графіні і сказаць, што рабаўніцкі намер яго паплечнікаў зусім не быў накіраваны на графа Патоцкага, але на адну больш высокую асобу. - То былі гэтыя гайдамакі, навалач, што па-большасьці харчуецца з крадзяжу і плюндраваньня. Сярод цудоўных каштоўнасьцей графа знаходзіўся таксама надзвычай вялікі дыямант выраблены ў форме гальштука бабачкі, які прыкладна 20 гадоў таму яго айцец набыў у пана Опенхаймэра ў Вене за 15000 дукатаў; рэдкая каштоўнасьць, якая верагодна будзе знойдзеная пры продажы тым ці іншым з той банды рабаўнікоў. -

Граф Станіслаў Шчэсны Патоцкі (Станіслаў-Фелікс Францэвіч Патоцкі; польск. Stanisław Szczęsny Feliks Potocki; 1753 — 14.03.1805). Біяграфія на Вікіпедыі

Комментариев нет:

Отправить комментарий