23.01.2019

ВКЛ і Масковія з "Касмаграфіі" 1545 - ч.2

Працяг пераклада "Касмаграфіі" С. Мюнстэра. Першую частку пра Літву і Жмудзь можна пачытаць па спасылцы: Касмаграфія 1545 - часта 1.
Другая частка распавядае пра выбітныя гарады ВКЛ і пра Русь, як яе разумелі тагачасныя эўрапейцы


Касмаграфія, альбо апісаньне Зямлі
Себасьцяна Мюнстэра
(1545 г., Базэль)
Кніга Чацьвёртая 
ст. 643-645

Пра некаторыя гарады ў Літве

    Вільня, як было сказана, ёсьць сталіцай у Літве і ляжыць у 60 мілях ад Прусскага мора. Аднак ад Рыгі налічваецца да Вільні 70 міль.

    Ад Кіева, дзе зьліваюцца вялікі і малы Барысфен, якіх цяпер завуць Дняпро і Буг, да гэтага месца налічваецца 70 міль, і там край мяжы літвінаў. Аднак, калі лічыць з іншага боку, ад Паркова, што ляжыць на мяжы Літвы, да Вільні налічваецца 120 міль. Таксама ад Кракава да Вільні налічваецца 100 нямецкіх міль. Ноўгарад і Ноўгародчына, гэта горад, які таксама належыць да Літвы, зьяўляецца трошкі больш шырокім за Рым. Бо Рым займае з сваімі ваколіцамі 6 нямецкіх міль з паловай, але Ноўгарад мае 7 поўных міль у сваёй акружнасьці. Ён ляжыць у трох мілях ад мора і мае выключна драўляныя будынкі. Яго захапіў Іван, гэта Іоан Маскавіт, да гэтай падзеі налічваецца ад нараджэньня Хрыстова 1479 год, і загрузіў там тры сотні вазоў срэбрам, золатам, каштоўнымі каменьнямі і іншымі каштоўнымі рэчамі і гандлёвымі таварамі. Бо там знаходзілася шмат заможных гандляроў. Гэты горад мае столькі цэркваў, як дзён у годзе. Ён ляжыць так далёка на поўначы, што ўлетку каля дня сьвятога Яна пасьля закату сонца застаецца настолькі сьветла, што шавец і кравец усю ноч бачаць як шыць. Пскоў – гэта іншы выбітны горад, вялікі і аточаны мурам, але ён меншы за Ноўгарад, ён ляжыць паміж Літвой і зямлёй Маскавітаў. Яго жыхары аднолькавыя з русінамі што да традыцый і да мовы, яны не стрыгуць ані бараду, ані воласы. Ад гэтага гораду край назван Пскоўскім і мае 60 міль у даўжыню і 40 у шырыню. У Літве ёсьць чатыры мовы. Першая – ятвяжская, і на ёй мала хто размаўляе. Другая гэта літоўская і жамойцкая. Трэцяя гэта пруская //верагодна мелася на ўвазе русінская, бо пруская, ці нямецкая, ўзгадваецца далей//. І чацьвёртая гэта латвійская, ці ліфляндская, вакол горада Рыгі. Аднак польская і нямецкая мовы прынятыя амаль паўсюль у Прусіі, Літве і Ліфляндыі.
    Трэба адзначыць таксама, што пад Вільняй жыве некаторая колькасьць татараў, як ужо раней паведамлялася, і таксама маюцца ў Літве жыды, асабліва ў горадзе Трокі.
    Таксама ў Літве пачынаецца малы Дон, ці Танаіс, таксама выцякае з яе Дняпро, ці Барысфен, і цячэ праз Смаленск і Кіеў пэўна 300 міль да Понтыйскага мора. Таксама Вілія, іншая рака, пачынаецца пад Вільняй і бяжыць пэўна 30 міль на ўсход, дзе разам з Вілам, іншай ракой, упадае з воды Нёмана, які цячэ амаль кругам і ўпадае ў Прусскае мора каля замка Коўна. Дзьвіна, вялікая рака, пачынаецца ў Масковіі і цячэ праз Літву, праходзіць каля Рыгі ў Ліфляндыі і ўпадае ў тое самае мора.
    Яны маюць у Літве разнастайныя медавухі, ад якіх яны нават робяцца пьянымі, аднак просты народ пье ваду. Край мае разнастайнае быдла і шмат дзічы з вялікіх неабжытых мясьцін, і шмат лясоў, дзе таксама можна знайсьці велізарных дзікіх жывёл, такіх як першабытныя буйвалы і дзікія быкі, якіх яны называюць турамі і зумбрамі, дзікія аслы і коні, алені, казлы, барсукі, мядзьведзі і інш.
    У Літве ёсьць нават дрэнная звычка сярод моцных, калі яны разам зьбіраюцца ў карчме, то сядзяць яны з поўдня да поўначы і напаўняюць сябе больш і больш, пакуль іх не ванітуе, а потым яны зноўку пачынаюць жэрці. Гэтая звычка таксама распаўсюджаная ў зямлі маскавітаў і сярод татараў. Таксама ў гэтых краях ёсьць стары звычай, што людзей прадаюць як быдла, і вольныя людзі сярод бедных прадаюць ад жабрацтва сваіх дзяцей, каб яны атрымлівалі такім чынам ад свайго пана дастаткова ежы, якой бы грубай яна ні была.


Русь

    Русія і Рутэнія, якую таксама называюць Падоліяй, у мінулым называлася Раксаланія. Яна ляжыць за Польшчай і прымыкае на поўдні да Малдавіі і Валахіі. Гэта вельмі ўрадлівы край і мае вельмі шмат мёду. Таму тут толькі трошкі апрацоўваюць зямлю плугам і кідаюць туды зерне, а яна дае тры гады ўраджай, аднак калі пакінуць трошкі зерня ў зямлі падчас збору збожжа, то яны вырастуць без усялякай іншай апрацоўкі зямлі.
Пчолы пакідаюць свой мёд не толькі ў сваіх вульлях і пустых дрэвах, але паўсюль на берагах рэк і ў пячорах скал, там яны зьбіраюць свой мёд, з якога людзі робяць смачную медавуху і вялікія воскавыя кругі.
    У гэтай Русі знаходзяцца вобласьці Галіцыя, Пржэмыслія, Занок і Львоў. Гэты Львоў ці па нямецку Лемберг зьяўляецца сталіцай у Русі, ён набыў сваё імя ад імпэратара Льва ў памяць аб вялікай перамозе, якую той атрымаў над народамі гэтай зямлі. Тут вядуць вялікі гандаль турэцкія і хрысьціянскія гандляры, ён ляжыць у 50 мілях за Кракавам.
На поўначы знаходзяцца панствы Хельм і Бельзэн. З Масковіі цячэ рака Барысфен, ці Непр, які аднак жыхары гэтага краю называюць Дняпро, і ён бяжыць праз Літву і белую Русь у Понтыйскае мора. У Русі не расьце ніякага віна, але яго прывозюць туды з Венгрыі, Малдавіі і Валахіі. Там робяць шмат разнастайнага піва, маецца шмат коней, кароў, быкоў і авец, шмат кунічага і лісьега меха. Таксама маецца шмат рыбы ў рэках. Там садзюць у ваду маленькага малька, бо дзе ёсьць вада, кажуць яны, там завядуцца й рыбы ад расы нябёснай. У гэтым краі здабываюць соль з аднаго возера, якое называецца Кацібей, асабліва пры сухім надвор’і, з гэтай нагоды русіны таксама ўвесь час знаходзяцца ў стане вайны з татарамі.
    Край Белай Русі, які ляжыць за Дняпром, мае шмат аеру каля Дону, гэта Танаіс, таксама маецца шмат рэвеню там і ў Літве, і таксама шмат іншых траваў і карэньняў, якія больш нідзе не знайсьці. У Хельмскім краі маецца шмат крэйды, якую здабываюць і экспартуюць да нас. У Русі пражывае шмат жыдоў, якія забясьпечваюць сабе жыцьцё апрацоўкай палёў і гандлям. Яны таксама трымаюць мытні і іншыя падобныя службы. У горадзе Камень і ў Лебмерзе жывуць армяне, вельмі славутыя гандляры, якія вандруюць да Кафы, Канстантынопаля, Александрыі, Алькаіра і Калькуты, якія ўсе зьяўляюцца вялікімі гандлёвымі гарадамі. Русіны маюць асаблівы шрыфт, аднак па стылю падобны да грэцкага. Жыды карыстаюцца таксама сваім шрыфтам і вывучаюць сярод сябе астраномію і медыцыну. Армяне карыстаюцца сваім шрыфтам і сярод іншых сьвятых апосталаў шануюць Юду Тадэя, кажуць, ён прывёў іх да веры. Яшчэ яны шануюць Барталамея, ад якога яны перанялі шмат артыкулаў веры.
    У Лемберзе маецца арцыбіскупства, пад якім знаходзяцца русіны і літвіны. Там спыняюцца хрысьціяне, грэкі, армяне, жыды і туркі, якія ўсе прыбываюць з сваім гандлярскім скарбам.
     У Кіеве калісьці таксама было арцыбіскупства, пад якім знаходзіліся грэцкія біскупы праз Малдавію і Валахію да Тонава. Белые русіны знаходзяцца пад князем Масковіі. Пад ім таксама знаходзіцца вялікі горад Ноўгардыя ці Ноўгарад, пра які тут раней у апісаньні Літвы шмат было сказана. Пра гэты горад пайшла вось такая прымаўка: хто можа йсьці супраць Бога і супраць вялікага Ноўгарада.

!!! Працяг чакаем на наступным тыдні !!!

1 комментарий:

  1. прусский был, и это не немецкий.вымер вместе с ятвяжским

    ОтветитьУдалить