18.01.2019

ВКЛ і Масковія з "Касмаграфіі" 1545 - ч.1

Першая частка пераклада артыкулаў з "Касмаграфіі" Себасьцяна Мюнстэра пра Літву, Жамайцію, Русь і Масковію.
Тэкст суправаджаецца арыгінальнымі ілюстрацыямі з выданьня 1545 і 1598 г. і будзе разьбіты на 3 публікацыі: Літва і Жмудзь, Літоўскія гарады і Русь, Масковія.


Касмаграфія, альбо апісаньне Зямлі
Себасьцяна Мюнстэра
(1545 г., Базэль)
Кніга Чацьвёртая 
ст. 640-643

Літва

    Літва прымыкае да Польшчы і большай часткай пакрытая балотамі і лясамі, і таму не так проста туды дабрацца, асабліва на конях, акрамя як у зімовы час, калі балоты і азёры пакрытыя крыгой, і сьнег ляжыць у краіне. Бо звычайна там гандляры рухаюцца па вадзе як па мору і арыентуюцца толькі па зорам альбо па компасу, таму што іншай ніякай дарогі там няма. Літва мае мала гарадоў і вёсак.

    Яе багацьце складаюць быдла і мех разнастайных жывёл. Воск і мёд маюць яны звыш меры. Яны не карыстаюцца грошамі. Мужчыны дазваляюць, каб іх жонкі мелі палюбоўнікаў, якіх яны завуць дапаможнікамі шлюбу. Аднак, калі мужчына мае яшчэ адну жанчыну акрамя сваёй законнай жонкі, гэта лічыцца заганным. Яны вельмі проста разрываюць шлюб пры згодзе абодвух і бяруцца шлюбам з іншымі. У гэтай краіне рэдка можна знайсьці віно. Хлеб чорны, зроблены з грубай мукі. Яны карыстаюцца ячменем і пшаніцай, і выпякаюць іх разам з клеверам. Аднак паны карыстаюцца белым хлебам. Іх заробак складаецца амаль толькі з быдла. Адносна мовы яны падобныя да палякаў. Паводле рэлігіі ў Літве ёсьць шмат тых, што вядуць багаслужэньне на грэцкі манер. Таксама сярод іх там яшчэ можна знайсьці некаторую колькасьць паганцаў, якія пакланяюцца ідалам. Сталіца гэтай краіны – Вільня, і там таксама маецца біскупства, і горад гэты такі самы вялікі як Кракаў з яго прадмесьцямі. Аднак ніводны дом не стаіць паблізу ад іншых, але ўсе дамы маюць паміж сабой сад і двор як у вёсках. Там жыве таксама некаторая колькасьць татараў, пад Вільняй у пэўных вёсках, і яны працуюць на зямлі і перавозюць тавары гандляроў з аднаго гораду ў другі, карыстаюцца татарскім языком і вызнаюць магаметанскую веру. Літва гэта вялікае і шырокае герцагства, якое раскідваецца далёка на поўнач, бо ў Вільні Полус падымаецца на 54 градуса //Касмаграфія 1598: "... на 54 градуса. А некаторыя кажуць, 57 градусаў"//. Гэты народ у мінулым //Касмаграфія 1598: "некалькі стагодзьдзяў таму"// быў у вялікай пагардзе з боку русінаў, што князь кіеўскі з-за іх жабрацтва патрабаваў ад іх толькі вяроўку-пояс і некалькі садовых слупоў, што яны павінны былі даць у знак свайго падпарадкаваньня яму. Аднак паўстаў у Літве герцаг, якога звалі Віцень, ён быў непакорлівы русінам і сам сябе прызначыў герцагам сярод простых людзей, і таксама пачаў вайну супраць русінаў і ў гэтым паводзіўся настолькі мужна і асьцярожна, што ўтрымаў поле //перамог// і такім чынам атрымаў перавагу ва ўладзе, што да яго адыйшла нават некаторая частка Русі, якая мусіла плаціць яму даніну. Яго нашчадкі частка нападалі на русінаў, як таксама і на прусаў, маскавітаў і палякаў, і рабавалі іх, пакуль герцаг Конрад, які валадарыў над мазовіяй , не заклікаў нямецкіх братоў крыжа з Прусіі і не папрасіў абараніць ад літвінаў і іх набегаў. Такім чынам нямецкія браты падпарадкавалі сабе літвінаў да часоў двух братоў Ольгерда і Кейстута. Кейстут быў вялікім перасьледчыкам хрысьціян, які ў адным баю тройчы трапіў у палон да братоў крыжа з Прусіі, і кожны раз супраць іх волі хітрасьцю выбіраўся з вязьніцы. Аднак нарэшце ён быў забіты сынам свайго брата, Ягайлам, які хутка пасьля таго хрысьціўся і быў названы Ўладзіславам у 1386-м годзе хрыстовым, і пабраўся шлюбам з дачкой польскага караля, атрымаўшы таксама і яе дзяржаву. Калі гэта адбылося, ён накіраваў шмат намаганьняў на тое, каб яго народ, літвіны, таксама сталі хрысьціянамі, таму ён узяў біскупа і іншых духоўнікаў і разам з некаторымі землеўласьнікамі ў годзе, які лічаць 1387-м, уторгся ў Літву і дасягнуў таго, каб літвіны прынялі сьвятое хрышчэньне, а да таго яны пакланяліся агню, лясам і зьмеям.
Агонь іх сьвятары падтрымлівалі ўвесь час нязгасным, зьмей і вужакаў яны трымалі ў сваіх хатах таксама як і сваіх хатніх ідалаў. Аднак кароль Уладзіслаў пагасіў агонь у Вільні, разьбіў храм і алтар, высек лес, якому яны пакланяліся, і загадаў, каб людзі забівалі зьмей. Калі гэта адбылося, яны перайшлі ў хрысьціянскую веру і хрысьціліся. Потым у Вільні таксама была фундаваная саборная царква, і яе алтар быў пастаўлены на тое месца, дзе дагэтуль гарэў вечны агонь.


Жамайція

    Зямля Жамайція ляжыць на поўначы, прымыкае да Літвы, Прусіі і Ліфляндыі, яна аточаная лясамі і рэкамі і зьяўляецца халодным краем.
    Людзі там – ладныя і высокія, аднак грубага і лютага нораву. Яны сілкуюцца малай колькасьцю ежы, пьюць ваду, зрэдку піва ці таксама медавуху. Некаторы час таму яны ня ведалі ані золата, ані срэбра, ані жалеза ці нават віна. Мужчына можа мець шмат жонак, і калі бацька памірае, то сын можа ўзяць сабе сваіх сводных маці, альбо жонку свайго брата. Яны маюць бедныя, нікчэмныя хаты зроблены з дрэва, саломы і гноя, у форме жалезнай гуты, і ў іх маецца зьверху адно вялікае, шырокае акно, якое дае сьвятло ўсёй хаце. Там знаходзіцца бацька сямейства, яго жонка, дзеці, слугі, прыслужніцы, быдла, збожжа і ўсе хатнія прылады. Там яны таксама падтрымліваюць вечны агонь, вакол яго яны сядзяць і не толькі вараць на ім, але таксама і бароняцца ад лютага холаду, які амаль увесь год пануе ў іх. Народ там схільны да чарадзейства //Касмаграфія 1598: "да рабаўніцтва"//, і акрамя іншага яны пакланяюцца агню. Бо яны мяркуюць, што ён ёсьць сьвятой і вечнай рэччу. Ён быў закладзены на высокай гары адным сьвятаром, які ўвесь час падкідвае дровы. Кароль Уладзіслаў паскакаў да вежы, у якой быў агонь і загасіў яго, і загадаў высеч тыя дрэвы ў лясох, якім яны пакланяліся. Таму што яны меркавалі, што лясныя птушкі і дзікія зьверы там зьяўляюцца сьвяшчэннымі. І калі нехта ішоў у лес і нешта там псаваў, то яму чорт перакручваў рукі і ногі, таму яны былі вельмі зьдзіўленыя, што польскія слугі не мелі нічога супраць таго, каб пасекчы дрэвы.
Яны таксама мелі вогненныя печы ў лясах, для кожнага полу асобна, на якіх яны спальвалі памерлых з конямі, сёдламі і з лепшай вопраткай. Яны таксама ставілі там крэслы і клалі на іх выпечку ў выглядзе сыра і вылівалі медавуху на печ, мяркуючы паводле сваёй веры і глупства, што душы памерлых прыходзяць ноччу і харчуюцца там. Калі ж кароль Уладзіслаў падпарадкаваў жамайтаў адносна веры, ён загадаў хрысьціць іх усіх і заснаваў біскупства ў Медніках. Потым ён перадаў вялікае герцагства Літоўскае і Жамайцію сыну свайго брата, якога звалі Вітольд і які быў дзёрзкім ваяром. Ён таксама захапіў пад сваю ўладу герцагства Пскоўскае і герцагства Новаградскае, якое называюць Ноўгародчынай, і трэцім герцагства Смаленскае, і калі ён задаволіўся, то рушыў супраць татар і захапіў сабе вялікую колькасьць татараў, якіх ён пасяліў у Літве, і яны дагэтуль яшчэ знаходзяцца там. Пасьля гэтага ён з вялікай моцай рушыў у Татарыю, аднак яго людзі былі разьбітыя, а ён сам уцёк і вярнуўся ў Літву. Тады імпэратар Жыгімонт вырашыў пасеяць разлад паміж каралём Уладзіславам і герцагам Вітольдам, і паведамў герцагу Вітольду, што ён хоча зрабіць яго каралём Літвы, і даслаў яму дзеля гэтага карону праз Марк і Прусію. Аднак шляхта з Польшчы не хацела дапусьціць гэтага і зладзіла варту з выведчыкамі. Што калі паслы імпэратара наблізіліся да іх, то з жаху адразу павярнулі назад.

!!! Працяг чытаем па спасылцы: Касмаграфія 1545 - частка 2 !!!

Комментариев нет:

Отправить комментарий