06.12.2016

Падарожжа па Беларусі, 1827

Публікую сёньня ўрыўкі з дарожных уражаньняў аднаго расейца з Пецярбурга, які ўлетку 1827 г. ехаў з Піцера на Каўказ і па дарозе дасылў сваім блізкім лісты з уражаньнямі ад падарожжа. Гэтыя лісты былі потым знойдзеныя адным немцам, які пераклаў іх на нямецкую мову і выдаў у выглядзе кнігі.

Перакладзеныя мной урыўкі закранаюць адрэзак падарожжа ад Віцебска да Чарнігава і ўтрымліваюць шмат цікавых заўваг, як таксама і стандартных міфаў, што сядзелі ў галовах расейцаў (а часам сядзяць і дагэтуль, у асаблівасьці адносна габрэяў). Аўтар вінаваціць габрэяў у гаротным становішчы сялянства, хаця і сам прызнаецца, што сяляне пакутуюць ад панскага прыгнёту і свавольства (аднак гэта ён лічыць нормай, і каб не габрэі-карчмары, то сяляне б дасягнулі ўжо даўно неверагоднага росквіту ; )
То прадстаўляю вашай увазе: "Падарожжы аднаго рускага, па Белай-, Малай- і Новай Расеі, па, правінцыі данскіх і чарнаморскіх казакаў, Каўказу і Грузыі, прадпрынятыя ў 1827-м годзе", Цэрбст, 1832, Надрукавана і выдадзена Густавам Адольфам Кумэрам.

Публікую тут толькі ліст з Магілёва з апісаньнем Шклова і Магілёва, а таксама заўвагамі наконт жыцьця беларусаў і параўнаньне падарожжа па Рас.Імп. з падарожжамі па заходнім краінам ; )


Трэці ліст
   З Магілёва

   Падарожжа па Расеі мусіць далёка адставаць ад падарожжа па большасьці астатніх эўрапейскіх краін па цікавасьці і прыемнасьці, гэта я ўсё больш адчуваў пад час цяперашняга, чым больш я ў ім знаходзіўся. Гарады ў Расеі стаяць надта далёка адзін ад аднаго, вёскі трапляюцца таксама рэдка, падарожніка паўсюль суправаджае невыносна нудная манатоннасьць. Зусім іншыя краявіды адкрываюцца яму пры аб’езьдзе Нямеччыны, Італіі ці Францыі. Тут за вёскай ідзе за вёскай, гарады стаяць побач амаль у суседскіх масштабах, у сельскай мясцовасьці ён едзе толькі праз ураджайныя палі і сады, паўсюль бачыць ён утульныя корчмы, гасьцінных карчмароў, прывабных дзяўчын, якія красуючыся ўсімі прывабнасьцямі маладосьці стараюцца яму прыслужыць. – У нас, нават у тых правінцыях, якія адносна колькасьці насельніцтва яшчэ могуць параўнацца з некаторымі мясьцінамі Нямеччыны і Францыі, ён не сустракае нічога з гэтага, ён едзе нібыта па пустыні. Прычына гэтага хаваецца ў тым, што Расея забудаваная пакуль што зусім малай колькасьцю гарадоў, а вёскі пачварна вялікія, шмат з іх займаюць па шырыні нямецкую мілю, таму і ляжаць яны таксама на вялікіх адлегласьцях адна ад адной. У астатняй Эўропе кожнае трошкі істотнае места адразу завецца горадам, сяляне жывуць у раскіданых паўсюль каля дарог вёсках, якія складаюцца з некалькіх, а часта нават з адной хаты, кожны селянін валодае сваімі па большасьці з сапраўдным клопатам дагледжанымі палямі і садамі; усё там нясе адбітак значна большага і больш жывога людскога натоўпу і мае пагэтаму для падарожніка, вандруе ён пеша, альбо на дыліжаньсе, цікавасьць разнастайнасьці, што ўвесь час зьмяняецца і заўсёды застаецца новай; да гэтага дадаецца цікавая кампанія спадарожнікаў, якія там часта выпадкова едуць з ім разам, у іх зьмястоўных размовах яму робяцца больш прывабнымі тыя мясьціны, якія ён наведвае, перавага, якой ён пры цяперашнім стане рускай пошты яшчэ цалкам вылішаны.
   Віцебск я пакінуў ранкам пасьля амаль чатарохдзённага прыпынку, апоўдні таго самага дню я прыбыў у Бабіновіч, гарадок, што ляжыць у рамантычнай даліне – а ўвечар дабраўся да Воршы на Дняпры (які раней называлі Барысфенам), яна належыць ужо да Магілёўскай губерні і мае вялікую колькасьць насельніцтва праз аб’яднанне некалькіх трактаў, як пецярбурзскі, маскоўскі, рыжскі, смаленскі і іншыя, якія перасякаюцца тут. Шлях ад Віцебска да сюды атрымлівае вельмі прыемны выгляд праз шчыльна пакрытую лісьцем алею з бярозаў, якімі ён на ўсёй працягласьці абсаджаны з абодвух бакоў. Хаця найвысокі загад прадпісвае падобнае ўсім астатнім паштовым дарогам у эўрапейскай Расеі, аднак прыняты ён да ажыцьцяўленьня толькі ў некалькіх мясьцінах. Ворша зрабілася знакамітай у айчыннай гісторыі праз некалькі сражэньняў, якія адбыліся 300 год таму на яе зямлі паміж расейцамі і літоўцамі, і ў незабыўным 1812-м праз вядомае адступленьне Напалеона.

   Наступным ранкам я дабраўся да мястэчка Шклоў, пра якое сьцвярджаецца ў гісторыі Расейскай Імперыі Карамкзіна: некаторыя вучоныя хочуць вывесьці з яго назву славянскай народнасьці (* заўвага аўтара: Іншыя аднак з большай прычынай (выводзяць назву славян) з рускага слова “Слава”). Мне на самой справе здаецца трошкі сьмешным паверыць, што настолькі распаўсюджаная руская народнасьць магла пазычыць сваю назву ад невядомага месца, якое само верагодна атрымала яе ад рачулкі Шклоў, паміж якой і Дняпром яно стаіць. Шклоў гэта толькі мястэчка і ні ў якім разе не раённы горад, ён аднак заслугоўвае гэтага рангу больш за некаторыя іншыя гарады нашай краіны, бо ён мае істотны памер, пэўную колькасьць дзяржаўных будынкаў, мураваны гандлёвы двор і вядзе шырокі гандаль. Тут на працягу году праводзяцца вельмі папулярныя ярмаркі, дзе падчас набываюць замежныя прадметы раскошы, якія ў нашай паўночнай рэзыдэнцыі не знайсьці ні за які кошт, бо яны, верагодна, належаць да недазволеных тарыфам. Катарына ІІ падаравала гэтае мястэчка графу Зорычу, які заснаваў тут на ўласныя сродкі кадэтскі корпус, што пасьля шматлікіх пераменаў месца цяпер нарэшце замацаваўся ў Маскве. Наша войска ўдзячнае гэтай вайсковай школе шматлікімі дасьведчанымі афіцэрамі. – Таксама і ў Шклове я сустрэў празьмерную колькасьць габрэяў.

   Магілёў на Дняпры, (бо ёсьць яшчэ іншы на Днястры), ёсьць другі цэнтральны горад Беларусі і пабудаваны часткова на ўзвышшах, часткова ў нізінах, праз што ён атрымлівае аднак вельмі прыгожае размяшчэньне. Магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп, які мае ў Петэрбурзе сваю сталую рэзыдэнцыю, зьяўляецца галавой па-над усімі рымска-каталіцкімі хрысьціянамі ў Расеі. Памерлы тут у 1826 годзе ва ўзросьце 90 год арцыбіскуп Сестранцэвіч быў вельмі адукаваным чалавекам і разам з некаторымі іншымі хрысьціянамі быў таксама стваральнікам гісторыі Крыма. – Магілёў мае шмат сапраўды прыгожых будынкаў, яго жыхары такія самыя як і ў Віцебску: народныя беларусы, габрэі, палякі, і сярод усіх таксама і рускія. Паколькі ўжо шмат год у Магілёве нязьменна знаходзіцца штаб першай Арміі, то колькасьць яго жыхароў атрымала істотны прырост вайскоўцаў.
   Беларускі дыялект, на якім размаўляюць абарыгены абодвух губерняў, Віцебскай і Магілёўскай, мае зусім адрозныя ад польскага асаблівасьці, якія можна таксама заўважыць у звычаях і ладзе жыцьця гэтых народаў. Хаця яны і надзвычайна бедныя, але любяць ганяцца за асалодамі. У нядзелі і сьвяты з кожнай карчмы, якія маюцца ў гэтай губерні ў бясконцай колькасьці, можна пачуць, як граюць на скрыпках і танчуць танцы. Легкадумнасьць здаецца зьяўляецца галоўнай рысай характару гэтага народу. Супраць сваіх паноў яны вядуць вечную скаргу, гэта ўлюбёная тэма іх размоваў, нават з незнаёмымі чужакамі.
   Абедзьве апісаныя тут губерні знаходзяцца зараз сараўды ў вартым жалю стане – і калі краёвыя ўлады хутка і сур'ёзна не задумаюцца над мерапрыемствамі, накіраванымі на паляпшэньне духоўнага і фізычнага стану іх жыхароў, то ў бліжэйшы час няма адкуль чакаць выратаваньня з іх галечы. Галоўная праблема тут, таксама як і на Віцебшчыне, складаецца ў габрэях, якія паўсюль узначальваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы; гэтая атрутная расьліна ўсіх народных промыслаў мусіць быць цалкам вынішчаная з гэтых мясьцін, сяляне мусяць быць прыцягнутыя да большай стараннасьці ў апрацаваньні сваёй зямлі, землеўласьнікі мусяць аднак стрымліваць самаўпраўства, а іх паводзінам у дачыненьні да сялян мусяць быць прадпісаныя больш строгія прававыя нормы. Прызначаныя да сельскай мясцовасьці сьвятары павінны былі б мець больш пільную адукацыю, чым тыя, што знаходзяцца там зараз. Агульна вядома, як добра сьвятары могуць павялічваць мараль і чысьціню традыцый праз настаўленьні і парады, праз асабістыя ўзорныя паводзіны. Гэтае пажаданьне распаўсюджваецца на ўсю Расею, аднак яно таксама ў некаторых мясцінах Імперыі ўжо прыведзенае да ажыцьцяўленьня эфектыўнай стараннасьцю ўладаў. – Калі б прызначаныя да сельскіх прыходаў сьвятары мелі яшчэ і некаторыя веды практычнай медыцыны, то ў сваёй сучаснай прафесыі яны маглі б стаць насамрэч найкарыснымі грамадзянамі; бо гэта амаль неверагодна, колькі людзей гэтага сельскага народу за недахопам усялякай урачэбнай дапамогі штогод робіцца ахвярамі грубага невуцтва (* Заўвага аўтара – з усёй колькасьці прыкладаў прывяду тут толькі адзін. У той самы дзень, калі я ехаў праз мястэчка Бабіновіч, адзін сялянін пахаваў сваё дзіця, немаўля непоўных васьмі месяцаў узростам, чыім забойцай стаў няўмысна сам айцец. Той хварэў некалькі дзён запар, айцец, пачуўшы, што вада зьяўляецца добрым сродкам супраць бяды, прымусова выліваў яму ў рот некалькі разоў штодзень грубую порцыю, няшчаснае дзіця памерла ўжо на другі дзень). Дарагія дактары і медыкаменты ў настолькі далёкіх гарадах пры іх беднасьці зьяўляюцца недасяжным сродкам.


Поўны тэкст пераклада (з апісаньнямі Віцебска, Гомеля і Чарнігава, а таксама з іншымі вельмі цікавымі каментарамі) можна спампаваць у Бібліятэцы суполкі (зправа зьверху)!

Комментариев нет:

Отправить комментарий