04.02.2016

"Вялікае майстэрства артылерыі" - уступ (ч.1), 1676

Першая частка (бо тэкст даволі вялікі) перакладу ўступа і зварота да чытача са знакамітай кнігі "Вялікае майстэрства артылерыі" Казіміра Семяновіча (1650г.).
Пераклад зроблены з нямецкага выданьня 1676г. і утрымлівае ўводныя словы нямецкага перакладчыка і пераклад з латыні арыгінальнага зварота Семяновіча да чытачоў яго твора.

Дасканалае майстэрства гарматнага, фэерверкавага і палявой зброі рамяства: раней на лацінскай мове апісанае і з стараннасцю сабранае КАЗІМІРАМ СІМЕНОВІЧАМ, Карал. Моцы і Кароны Польскай генералам-лейтэнантам артылерыі.

Сапраўдна высакародным, велічным, шляхетным,
надзейным, высокаадукаваным, прадбачлівым, высока і
сапраўдна мудрым панам, імпэрскаму старасьце,
бургамістрам, судзям і радзе шаноўнага, вольнага
імпэрскага, абранага і гандлёвага горада
Франкфурта на Майне, маім шчырым
высокашаноўным і адукаваным
панам.


Сапраўдна высакародныя, велічныя, шляхетныя, надзейныя, высокаадукаваныя, прадбачлівыя, высока і сапраўдна мудрыя, асабліва выдатна добразычлівыя, высокаадукаваныя і ўладныя паны,

    Калі абмеркаваць у верных думках, што на сёняшні дзень ажыцьцяўляецца і робіцца ў Сьвеце праз цудоўнае гарматнае, фэерверкавае і палявой зброі майстэрства, якое яшчэ звычайна называюць французскім словам ARTILLERIE, то можна знайсьці такія рэчы, што адначасова зьдзіўляюць і прыводзяць у жах. Са зьдзіўленьнем чуе чалавек падобны грому ды настолькі хуткі і праўзыходны выбух і гук агнядышных гармат і картаўнаў, і бачыць з дрыготай і жахам Effect і наступствы іх падчас вайны пры аблозе гарадоў і крэпасьцей; бо няма ніякага муру/вежы, ніякага больверку, якім бы моцным і цьвёрдым ён не быў, які не быў бы закіданы імі цераз дамы і разбураны, ніякіх праходаў ці брам, нават абароненых жалезам, замкамі і заваламі, што не былі б у імгненьне ўзарваныя і адчыненыя з дапамогай петардаў, ды, так бы мовіць, у сьвеце няма амаль нічога настолькі вечнага і добраўмацаванага, што не было б зьнішчана і зроўняна з зямлёй пасродкам прыладаў гэтага майстэрства. Аднак таксама як узгаданае гарматнае і фэерверкавае майстэрства ў такіх сур’ёзных справах як бітвы і аблогі са страхам і жахам паказвае сваё жудаснае дзеяньне; так паказвае яно сябе зусім наадварот надзвычай прыгожа і прыемна падчас наступаючых мірных часоў, каралеўскіх і вялікакняскіх вясельляў, хрышчэньняў дзяцей, і іншых высокашаноўных сьвятаў радасьці, калі яно праз свае гуляючыя фэерверкі, высока ўзлятаючыя ракеты, вясёлыя шуціхі, сыпаючыя агнём шары і тысячы іншых вытанчана майстэрскіх вынаходак хутчэй прыносіць сваім гледачам вялікае зачараваньне і радасьць, і яно пагэтаму можа справядліва называцца разумнай крыніцай шматлікіх цудоўных і амаль пераўзыходзячых чалавечае разуменьне рэчаў, і адначасова абагульненьнем усіх майстэрстваў і мэханічных навук. Як раз пра гэтыя машыны і рэчы, прыдуманыя як дзеля сур’ёзных спраў, так і дзеля забавы, распавядае гэтая кніга, першая частка якой была падрабязна апісаная на лацінскай мове панам Casimiro Seminowiczам, раней Каралеўскай Моцы і Кароны Польскай гэнерал-лейтэнантам артылерыі. Гэтую першую частку пераклаў тут цяпер на нашу высока-нямецкую мову выдавец пан Ян Давыд Цунэр, грамадзянін і гандляр кнігамі, і таму што другая частка не зьявілася на дзённае сьвятло праз заўчасную сьмерць пазначанага пана Seminowiczа, то ўзгаданы пан выдавец папрасіў мяне, нявартага, каб я пажадаў узяць на сябе клопат і дадаць гэтаму твору другую частку. Аднак я з задавальненьнем прызнаю, што я недастаткова дасьведчаны і блізкі да падобнага мерапрыемства, бо мне добра вядома, якія асаблівыя навукі і вопыт патрабуюцца на гэта; аднак любоў да агульнай карысьці і мой невялікі Talent, які я з Божай дапамогай праз старанную ўважлівасьць і пастаянныя практыкаваньні час ад часу сабраў дзеля таго, каб быць карысным на гэта, незважая на тое, што майстар Разумнік са сваімі насьмешкамі паспрабуе тут запярэчыць, падбадзёрылі мяне ўзяць пяро і ўсё тое, што Я праз доўгі вопыт запомніў і ў разнастайных выпадках уласна ўжыў, апісаць дрэнна і проста, без усялякай грацыёзнасьці ладу пісьма ці мовы (якіх у мяне, салдата, ані шукаць, ані знайсьці), і выдаць праз публічны друк.
    Паколькі, аднак, мне была патрэбная моцная апека, каб абараніць сябе супраць гэтых зайздросных і непазбежных крытыкаў (якіх я аднак з радасьцю ўхвалю, калі яны захочуць ці змогуць напісаць нешта лепшае і вернае наконт гэтай тэмы, і ад якіх я тады з задавальненьнем жадаю вучыцца), то я адважыўся шукаць такога заступніцтва ў Высакародных Сапраўды Шляхетных Моцным і Велічных і апярэдзіць гэты творчык іх сусьветнавядомымі імёнамі, як гэтага таксама патрабуе мой належны абавязак, выказаць і праявіць мой удзячны характар да Іх за незаслужана аказаную мне міласьць, што Яны прынялі мяне на Сваю службу.
    Таму гэтым накіроўваецца Высакародным Сапраўды Шляхетным Моцным і Велічным мая вернападданая просьба, каб Яны пажадалі добразычліва зрабіць ласку, адзначыць сваёй міласьцю гэтае, хаця й дзёрзкае, але ўсё ж такі добранамеранае прадпрыемства, прыхільна прыняць невялічкі падарунак выкліканы належным і абавязаным характарам, і застацца ва ўстойлівай міласьці маімі высокімі патронамі і заступнікамі. Дзеля чаго наступным Я выкажу і абвяшчу найлепшым чынам у найглыбокай покоры маё пажаданьне ад Бога ўсялякага ўласнажадаемага блаславёнага росквіту ім самім і ўсёй гэтай шаноўнай Рэспубліке.


Выс. Сапр. Шлях. Патр. і Велічн.
Пакорліва паслухмяны служыцель
Даніэль Эльрых / Капітан артылерыі.
Франкфурт на Майне / 13-га Сакавіка, 1676




Да чытача.

    Тут ты, дарагі чытач, маеш майстэрства, якое ніколі не было вядомае ані тым старажытным рымлянам, што калісь панавалі над усімі народамі і былі вядомыя па ўсяму сьвету праз вынаходку ваеннага майстэрства і ўжываньне зброі, ані тым грэкам, якія былі добра вядомыя праз свае праўзыходныя ўменьні, і таму лёгка мелі перавагу перад іншымі народамі свайго часу. Я не хачу закарнаць больш старажытны, залаты, час, які нічога ня ведаў не толькі пра зброю і войны, але нават пра злосьць і заганы, пра што і напісаў паэт:

Nondum præcipites cingebant, &c. (“Мэтамарфозы” Авідія, Кніга І, Фабула ІІІ, 9 радок: “Не атачалі яшчэ стромныя [ірвы гарады]”)

    За гэтым часам прыйшоў горшы, у які, калі штодня павялічваліся прагнасьць і славалюбства, і калі злосьць пасварылася з сумленнасьцю і нявіннай прастатой, вырасьлі сварка і разлад. Затым прыйшла непрыемная вайна, як жудасная і шкодная ўсяму чалавечаму роду bestie. Тады людзі схапіліся за зброю: аднак яна была яшчэ зусім дрэнная, ці такая, якую не ўменьне ці разуменьне, але сама натура дала ў рукі дзеля самааховы, ці каб offendiраваць (біць) зь яе дапамогай іншых. Такім чынам пачатак вайны быў пакладзены ікламі, кулакамі і нагамі і іншымі часткамі цела: аднак хутка гнэўны Ваяр Mars, калі целы ўжо разагрэліся, прывабіў схапіцца за больш моцную і больш зручную дзеля зьнішчэньня ворагаў зброю. Тады ў адначасьсе можна было пабачыць, як некаторыя з вялікім стараньнем вырывалі з зямлі дрэвы з каранямі, іншыя адламывалі вялікія галіны, і нападалі на ворага з кіямі ды доўбнямі, а некаторыя згіналі ў лук меншыя галіны, што толькі дазвалялі сябе згінаць, і зьвязвалі канцы ліпай, і без вялікага майстэрства стралялі невядома куды стрэламі ці завостранымі палкамі, іншыя кідалі камяні рукамі паблізу, ці з пасу ў далячыню. Адтуль бяруць сваё паходжаньне лукі, стрэлы і прашчы. Тыя, хто аднак сьцярог сябе ад сьмерці і ранаў, зубамі ці пазногцямі зьдзіралі кару з дрэў і пакрывалі ёю свае голавы і целы. Зь іх бяруць сваё паходжаньне шаломы і кірасы. Паколькі аднак усялякая злосьць зьяўляецца яшчэ і разважлівай, то таксама і ваенныя вынаходкі праз перакручаны розум злых людзей памнажаліся штодня да агульнага няшчасьця: бо праз некалькі год зброю пачалі здабываць з нетраў зямлі, дзе былі знойдзены жалезаносныя жылы: распачалася кавальскае майстэрства, паўсюль выдумалі збройныя майстэрні, і пачалі каваць мячы, дзіды і наканечнікі для стрэлаў, булавы, жалезныя крылы, панцары, шаломы, шчыты і іншае падобнае ўзбраеньне. Таксама пагэтаму тыя, хто вынайшаў падобныя даспехі і навучыўся праз частыя практыкаваньні адшліфоўваць іх выкарыстаньне, наводзілі жах на іншых няўмелых: але прырода навучыла баязьлівых абараняць сябе з дапамогай больверкаў і замкаў, а больш моцных станавіцца насуперак нвалам і нападам. Адтуль пайшлі першыя пачаткі і Instuction майстэрства ваеннай будоўлі. Тым не менш бедныя людзі былі за мурамі і больверкамі яшчэ недастаткова ў бяспецы. Бо шалёныя, абуджаемыя вайной і прагай валодаць усім, і накіраваныя ні на што акрамя гвалту, таксама вынайшлі прыдатную дзеля зусім простага зьнічшэньня падобных нораў зброю і Machinas.
    Таму што яны адразу пабеглі ў лясы, нахапалі адтуль вялізных дрэў, зрабіўшы зь іх прылады для штурму, якія найбольш моцныя маладыя хлопцы трымаючы рукамі і плячыма выкарыстоўвалі, каб шматлікімі ўдарамі разбіць і штурмаваць зачыненыя муры: праз падабенства іх назвалі Arietes ці баранамі; некаторыя, што былі больш вынаходлівыя, рабілі сабе лесьвіцы, іншыя – яшчэ розныя прылады, каб мець магчымасьць здалёк наносіць пашкоджаньне ворагам і кідаць у іх вялікія камяні і стрэлы. Тады сьвет упершыню пабачыў лесьвіцы і ваенныя прылады Sambucas, Balistas, Catapultas, Scorpiones, і іншыя, бо я тут не магу пералічыць іх усе.
    Таксама знайшліся некаторыя, што зрабілі, так добра, як змаглі ў тыя няўмелыя і непісьменныя часы, вогненыя гарматы і марціры, і кідалі іх у ворага, і падобныя прылады тады называліся faces, malleoli, Phalaticæ, што значыць факелы, вогненныя стрэлы, штурмавыя стрэлы і іншыя: якія разам былі прадвесьнікамі нашай Pyrotechnie. Аднак, вяртаючыся да маёй першай мэты, то калі б я хацеў дасьледваць імёны ўсіх, хто вынайшаў падобныя тэхнічныя Machinas і зброю, то я б сапраўды дарэмна працаваў, бо усё ж са старажытных кніг немагчыма даведацца нічога дакладнага, і таму таксама не належыць прыводзіць гэта тут.
    Аднак я хачу коратка і абагульнена паведаміць крыху пра гэта: так адпаведна мяркуе Eusebius (Еўсеві Кесарыйскі (к. 263 – 340) – рымскі гісторык, айцец царкоўнай гісторыі. Да стварэньня яго «Царкоўнай гісторыі» твор на падобную тэму склаў Гегесып, але ад яго захавалася толькі назва), і за якім ідзе Justus Lipsius (Юст Ліпсі (18.10.1547 – 24.03.1606) — паўднёва-галандскі гуманіст і знаўца клясічнай латыні, вядомы сваімі тэорыямі наконт палітыкі і маралі. Да нашых дзён дайшла яго вялікая карэспандэнцыя на латыні), што як Боскае служэньне, паліцыя і ўсе іншыя ўменьні, такім чынам таксама і гэтае перацякло з паўднёвых краін у астатнія часткі сьвету і там распаўсюдзілася, і што Маісей быў майстрам шматлікіх відаў зброі, аб чым можна дастаткова даведацца з Ezechiele (Кніга прарока Езэкііля) і іншых месцаў Сьв. Пісаньня. Тым не менш ёсьць шмат тых, хто прыпісвае гэта рымлянам і грэкам; аднак няма ніякіх дакладных зьвестак, які народ першым вынайшоў зброю, ці рымляні навучыліся гэтаму ад грэкаў, ці самі па сабе, Atheneus (Афіней (жыў на мяжы ІІ і ІІІ ст.) – старажытна грэчаскі граматык з Наўкратіса ў Эгіпце. Дэталі біяграфіі невядомыя. Аўтар зборніка “Пір мудрацоў” (варыянта назова “Піруючыя мудрацы”, “Піруючыя сафісты” – ст.-гр. Δειπνοσοφισταί), у 15 частках («кнігах»)) лічыць, што рымляне павінны былі навучыцца ад тых грэкаў, аднак маюцца таксама не малаважныя абгрунтаваньні таму, што яны зрабілі гэта самі па сабе, аб чым я буду tractiраваць (распавядаць) падрабязьней у іншым месцы.
    Але калі сьледаваць агульнаму меркаваньню гісторыкаў, можна дакладна сказаць, што і рымляне, і грэкі прасунуліся настолькі далёка ў ваенных Inventioнах (вынаходках), што яны нават верылі, што іх нашчадкам ужо немагчыма будзе вынайсьці ці дадаць нешта новае. Таму таксама Aristoteles называе Machinas і зброю свайго часу выдатнымі і дасканалымі. Аднак усё ж такі неспасьцігальная прырода трымала да апошняга часу схаванай ад старага і зьнікаючага Сьвету крыніцу і пачатак усіх навук і цудоўных вынаходак, лютую і жудасную Invention нашага майстэрства, пра якое я вырайшыў tractiраваць у гэтым творы. Ня трэба пытацца, чаму так здарылася, бо нават цяпер яшчэ схаваныя шматлікія майстэрствы, якія пазьней павінны быць знойдзеныя, і менавіта каб яны потым зноўку зьніклі і былі забытыя. Бо такім чынам піша Aratus (Арат з Солаў (каля 315 да н. э. – 240 да н. э.) – грэчаскі дыдактычны паэт. Працаваў пры двары македонскаша цара Антыгона II Ганата. Яму належыць аўтарства астранамічнай паэмы “Зьявы” і паэмы “Прызнакі надвор’я” (як часта аб’ядноўваюць пад агульная назвай “Зьявы”). Паэма напісаная на гамэраўскам дыялекце і можа разглядацца як узор вытанчанага эліністычнага стылю).

Πάντα γὰρ ὔπω &c. (Арат, “З’явы”, (радкі 765) “не ўсё даў ведаць ...”)

Што азначае:
    Не ўсё даў ведаць Jove тым людзям: але шмат чаго схаваў і пакінуў, чаму Jupiter, калі пажадае, сам можа навучыць. Таксама гэты апошні час [як нам аб гэтым сьведчыць Сьв. Пісаньне] мае шмат рэчаў, праз якія яны маглі па справядлівасьці больш цудоўна і высакародна праславіць сябе перад іншымі папярэднікамі і ўхваліць таксама ўладарыцу папярэднікаў. У тыя дні, калі рымляне праз грэкаў і амаль увесь сьвет узьнялі сваё панаваньне да найвысокай дасканаласьці і былі надта магутнымі, быў жалезны час: цяпер жа, аднак, хутчэй вогненны час; і хаця жалезны час паслабіў, перамог і пераадолей ад іншых металаў названыя часы: але цяпер вогненны час пераадолеў яго, перамог, і нават ператварыў у попел, у амаль нішто.
    Рым, які быў галоўным у сьвеце і стаў вельмі знакамітым праз сваю зброю, нарэшце перадаў вогненным народам вялікую колькасьць залатых карон, што ён праз сваю зброю зьняў з галоў іншых народаў і ўшанаваў імі сваю, ці хутчэй абцяжарыў. І veneriret (пакланяецца) ледзь жывы, пазірая са сваіх Ruin і попелу, нямецкаму Martem (Марсу). Усё яго хараство і яго пануючая веліч былі спачатку азмрочаныя частымі рабаваньнямі і бруднымі пажарамі, а потым перайшлі да тых, хто быў мацней праз вогненную, боскую (бо яна была ўзятая зь Неба), зброю. Такім чынам нямецкая годнасьць атрымала трыумф над імпэрыяй і яе зброяй, чыю моц раней зьведалі Barbaren.
    Тут трэба зьвярнуць увагу таксама на цудоўную зьменлівасьць і непастаянства чалавечых рэчаў, як такія жудасныя і моцныя Machinæ продкаў, дзеля excoliren (будоўлі) і perfectioniрваньня (паляпшэньня) якіх найлепшыя ingenia (галовы) працавалі на працягу шматлікіх стагодзьдзяў, поўнасьцю зьніклі, як толькі паказаліся мушкеты.
    Вынаходніка я не хачу тут называць; аднак агульна вядома, што гэта быў немец і па свайму Profession манах ці хімічны Philosophus, што сярод вучоных dato (дагэтуль) яшчэ не decidiравана (вызначана). Аднак ён можа быць кім хоча, бо усё ж ухваляць яго варта за яго стараннасьць і розум: таму што ён упершыню publiciраваў сьвету дагэтуль нячутную і нябачную, аднак для чалавечага роду вельмі хвалюючую і небясьпечную, вынаходку. Якая яго адразу так спалохала, што страцілася ўся вера ў чалавечую моц: і ўзгадаліся словы Archidami сына Agesilai (Архідам, сын Атылая – цар Спарты), калі ён упершыню пабачыў Catapultam прывезеную з Sicilien і сказаў: Απόλωλεν άνδρός άρετὰ : на гэтым скончылася чалавечая моц. І нездарма кожны ў тыя часы асьцерагаўся, бо што мог чалавечы розум выдумаць больш жудаснага і моцнага дзеля свайго ўласнага зьнішчэньня? Ім відаць здавацца, што гэта вынаходка не была зробленая праз чалавечыя сілы, але што ў стварэньні настолькі жудаснай і вынаходлівай Machinæ па большай частцы дапамагалі Mars і Pallas, часткова таксама Bellona, Mercurius, Vulcanus ды іншыя богі і багіні. Ніякія муры, ніякія запоры, ніякія закаваныя ў жалезныя даспехі салдаты не маглі вытрымаць яе моцных удараў: але мусілі разлятацца на часткі і падаць ніцма.
    Сваім выбухам яна падобная грому, ці нават пераўзыходзіць яго, па моцы ж яна не меншая за громавую стралу ці маланку. Таму зразумела, што гром і маланка робяцца не толькі прыродай, але і людзьмі. Калі паглядзець на полымя, чорны дым і невыносны смурод, то адразу ўзгадваецца пекла; і я не сумняюся, што калі б тытаны ў мінулыя часы з падобнай зброяй выступілі супраць Jupiterа, то ён бы страціў сваё царства і мусіў бы пакінуць паўшыя нябесныя муры.
    Што такім чынам людзі атрымалі добрага ці дрэннага праз вынаходку нашага тытана, усё гэтае ахапляе наша майстэрства, якое цяпер звычайна называюць ARTILLERIE, і якое бярэ свой пачатак адтуль. Якое хаця і мела спачатку (што агульна для ўсіх майстэрстваў) слабае пачынаньне, аб гэтым будзе ў свой час паведамляцца падрабязьней, аднак жа ў сярэдзіне страшэнна падскочыла, і, калі Яно нарэшце ўзьнялася да найвысшага піку, заслугоўвае называцца Вялікім Майстэрствам. І насамрэч, калі добра абмеркаваць тое, што сёняшні час робіць у сьвеце зь яе дапамогай, то можна знайсьці такія рэчы, якія выклікаюць нічога акрамя толькі вялікага зьдзіўленьня. Б’юся аб заклад, што як Martes, так і Hercules, якія калісь бясстрашна стаялі супраць зброі свайго часу: калі б яны толькі пачулі громавы выбух нашых Machinarum і пабачылі іх effect, то ці не напоўніў бы іх душы зьмешаны з жахам перапуд, і ці не панізіў бы жах іхную мужнасьць? Нават надзень яны жалезныя даспехі, ці старыя панцары, праз якія не пройдзе ніякая страла, ды нават будзь яны самі з жалеза, аднак жа яны не маглі б ніякім чынам выстаяць перад стралой, якую накіроўвае нашае майстэрства, і зваліліся б адразу нежывыя.
    Я не хачу нічога сказаць пра звыш моцныя гарады, нават калі б яны мелі слаўныя ці дыямантавыя муры: аднак жа наша майстэрства навучае сродкам і шляхам, каб прабіць іх і зьнішчыць. Можна зачыныць брамы як заўгодна тоўстымі жалезнымі бляхамі, зачыніць завесамі, замкамі, заваламі і засовамі: таксама і кратамі і наймоцнымі ланцугамі, аднак мы ў адно імгненьне разабьем і разарвем гэта ўсё. Мы разабьем шлагбаўмы, рагаткі, завалы і краты, частаколы і пад’ёмныя масты: самыя вялікія земляныя валы і таксама найвысокія горы ў сьвеце мы зраўняем з зямлёй: мы разьнясем і зьнішчым муры дамоў і ўсе цудоўныя будынкі Architectur: мы спусташым гарады агнём: і запалім у вадзе і пад вадой нязгаснае полымя. Мы раскідаем цэлыя флаціліі і патопіх іх у бездані: шматлікія тысячы людзей мы вылішым жыцьця ў імгненьне, мы напоўнім моры і рэкі моцным полымям і агнём: мы з громам і маланкай перавернем увесь сьвет. І ўсё гэта, і нават яшчэ большае, зьдзейсьнім мы з дапамогай нашага майстэрства. Ці не мусіць назваць яго пагэтаму Вялікім, і таксама выканаўцам і настаўнікам цудоўных і пераўзыходзячых чалавечы розум рэчаў? Акрамя таго яно адное толькі зьяўляецца Centrum і таксама абагульняючым паняцьцем усіх майстэрстваў і мэханічных навук. Тут лічыць свае лічбы Arithmeticus: Geometra вымярае свае памеры; Physicus ці прыродазнаўства exercыруюцца (практыкуюцца) тут далікатнымі пытаньнямі прыродных зьяў. Mechanicus важыць тут сваімі інструмэнтамі, уздымае, сьціскае і расьцягвае. Chymicus растварае і coaguliren сваім агнём. Дойлід са сваімі Eurythmiam і Symmetriam у Proportioniрваньні subtiльных (далікатных) вымярэньняў не можа без розных прац і большасьці спраў гэтага майстэрства: ваенны архітэктар аднак ва ўсёй Fortification: Tacticus падчас упарадкаваньня ваенныя гарматаў паміж Trouppen у палявых бітвах: Pneumaticus і Hydraulicus у цудоўных subtiliтасьцях (вытанчонасьцях) трубак і клапанаў, праз якія праводзіцца і выпускаецца паветра ці вада: і ніводная навука не можа абыйсьціся без нашага майстэрства.
    Мастак і Optici са сваім майстэрствам вельмі добра пасялілісь тут: я змоўчу гісторыкаў і паэтаў, ды іншых, якія ўсе шмат за што ўдзячныя гэтаму майстэрству і часта бяруць нешта зь яго. Якое, з вышэй узгаданых майстэрстваў, займаецца (само па сабе) такой колькасьцю спраў, як гэтае Наша? І хаця нехта набярэць некалькі такіх, дзе Наша не прымае ўдзелу, то ён пашкадуе сваіх стараньняў і стратаў на стварэньне падобных рэчаў, якія ёсьць у нашым майстэрстве.
    Што да рамёстваў, то тут сыходзяцца ганчары, разьбары, меднікі, гравёры, муляры, токары, цесляры, сталяры, слесары, кавалі, мечнікі, залатых спраў майстры, шорнікі, карэтнікі, рымары, вяровачнікі, бондары і яшчэ іншыя, якія ўсе аказваюць карысную дапамогу паводле прадпісаньняў гэтага ўмелага майстэрства. І абвяшчаюць разам аднадушна, што гэта вялікае майстэрства, якому мусяць служыць шмат іншых.
    Мы хочам таксама разглядзець ваенны стан і ордэн. Ці не надаецца тут таксама гэтаму майстэрству найвысокая вартасьць? Так, сапраўды: бо Яго гэнерал і прадстаўнік называецца гросмайстрам і мае асаблівы Digniтэт (пасаду) пасьля гэнерал-фельдмаршала і гэнерала кавалерыі. Ён мае сваіх лейтэнантаў ды ішых Officianтаў разнастайных парадкаў і гатункаў, сярод якіх таксама былі тытулаваныя некаторыя шляхцічы, Ён мае сваю ўласную Cassa, свой асобны лагер, да чаго Яму выбіраецца галоўнае і найлепшае месца, як Яму таксама пры старажытным рымлянах (калі была толькі цень нашага майстэрства) давалася найлепшае месца ў намёце ваеннага скарбніка па правую руку ад гэнерала ці ваяводы, і бліжэй да Яго нават за легатаў і ўсіх ваенных прыладаў і спарудаў (зь якіх пачалося нашае майстэрства). Калі хто спытае пра перавагу і вольнасьці адносных да гэтага асобаў і тых, хто робіць з гэтага майстэрства Profession, то ён знойдзе, што яны маюць найбольшыя сярод усіх іншых, што знаходзяцца на вайне. І гэта таксама справядліва, бо калі я абыйду ўсіх іншых асобаў высокай вялікасьці і пашаны, на якіх часта ляжыць посьпех усяго войска, і якія могуць карыстацца ўсімі іншымі; то адзін толькі канстэбль ці гарматны майстар зьяўляецца лепшым за 100 звычайных салдатаў, і таксама мае значна большую перавагу над імі, нават калі яго назва і ранг супадае зь іншымі. Таксама тыя, хто навучаў ваеннаму вопыту, могуць сказаць, што нашыя гарматы і ўсё, што абагульняе нашае майстэрства, ёсьць сэрца усёй вайны, ці не зьяўляюцца таксама тыя, хто гэта tractіруе, асноўнымі чальцамі ўсяго ваеннага Corporis? Якія, калі яны маюць недахоп вучонасьці, ці яшчэ чаго, псуюць увесь Corpus.




Комментариев нет:

Отправить комментарий