01.09.2015

Іван Васільевіч праяўляе агрэсію

Зноўку пераклад не пра Магілёў : ( Але надта ўжо цікавы.
Саму кнігу мы ўжо закраналі раней у "Магілёў у кнігах 16 ст.", бо наш горад там таксама пазначаны. Тут аднак я прывяду ўрывак з астатняга тэксту пра нечалавечую лютасьць Івана IV Васільевіча, а таксама пра захоп ім Полацка (навіны пра які ўскалыхнулі тагачасную Эўропу).
Кніга: „Цудоўныя, жахлівыя, нечуваныя апавяданьні і праўдзівыя гісторыі: а менавіта пра жыўшага нядаўна вялікага князя Масквы Ioan Basilidis (названага на іх мове Іванам Васільевічам).“ (Wunderbare / Erschreckliche / Unerhörte Geschichte / und wahrhaffte Historien: nehmlich des nechst gewesenen Großfürsten in der Moschkaw / IOAN BASILIDIS (auff ire Sprach Iwan Basilowitz genannt) Leben)
Аўтар: Paulus Oderborn, царкоўнік з Коўна, ВКЛ. Пераклад з лацінскай на нямецкую мову зрабіў Heinrich Räteln у 1588 г. Кніга выдадзеная ў горадзе Görlitz у 1596 г. у друкара Johan Rhambaw.

У БІБЛІЯТЭЦЫ можна спампаваць сабе ПДФ пераклада з прадмовай і ўрыўкам пра Магілёў.

  ХХХ
...............
Цяжарным, дзецям, уражлівым, людзям з настабільнай псіхікай ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ
тэкст зьмяшчае сцэны неверагоднай бесчалавечнасьці і гвалту
калі вы ня ўпэўненыя ў сваёй душэўнай раўнавазе
лепш не чытайце далей
1577
... Аднак ня трэба тут паведамляць, колькі тысяч чалавек ён пакараў ганебнай сьмерцю, якімі разнастайнымі чынамі і прыладамі ён калечыў людзей, як ганебна ён аддаваў на згвалтаваньне замужніх матрон і нявіньніц. Бо калі ён заваяваў Ашэрод (Ашэрод (ням. Ascherod, Ascheraden) – стары замак пабудаваны нямецкімі крыжакамі ў ваколіцах сучаснага горада Айзкраўклэ ў Латвіі), ён загадаў аддаць 500 нявіньніц з шляхты разам з іх маткамі некалькім лютым татарам і вылішыць іх чэсьці на яго вачах, здалёк было чуваць, як яны з енкам плакалі і крычалі, што маглі разжаліць нават камень. З гэтага атрымалася, што, калі маскавіты абклалі Вэндэн (Вэндэн (ням. Wenden) – Кесь, сучасная назва горада: Цэсіс у Латвіі), і кабеты і нявіньніцы горада спужаліся аналягічнай пагарды, яны ўсе разам сабраліся ў царкве, дзе захоўваўся порах, там яны спачатку ўзьнесьлі свае малітвы да Бога, а пасьля падпалілі царкву, і калі агонь дайшоў да пораху, уся царква разам з жанчынамі і нявіньніцамі ўзарвалася і ўзьляцела ў паветра. Усе гісторыі праўдзіва паказваюць, што, калі параўнаць усіх тыранаш сьвету з гэтай пачварнай бестыяй, то на сьвеце ніколі не было больш жудаснага Monstrum і пачвары. Бо супраць гэтай бяздушнасьці зьяўляецца дзіцячай забавай тое, што пішуць пра Nerone, Caligula, Domitiano і іншых ворагаў рода чалавечага. Яго забаўляльным спектаклем было назіраць, як ганебна караюць сьмерцю і засякаюць нявінных людзей, якіх ілжыва абвінавацілі і абгаварылі. Аднак давайце прапусьцім яго старыя ганебныя ўчынкі і паслухаем пра якуюсь сьвежую выхадку. Маскавіты трымалі ў Маскве, сярод іншых шматлікіх палонных, каля 378 асоб з Вэндэна, Обэра (Обэр (ням. Ober) – Обэрпален у Эстоніі, пасьля 1917г. – Пылтсмаа. У 16 ст. Быў сталіцай Лівонскага каралеўства), Польшчы і Кукенойса, над імі ён задумаў праявіць сваю тыранію, і каб яны не надта доўга жылі і не захацелі паўсталі супраць лютага пана, ён зрабіў у 1578м годзе так, што яны ўсе мусілі прадстаць перад ім і вялікім народным сходам, тады ён пажадаў даведацца, колькі іх, і як пажывае кожны зь іх. Паколькі аднак сярод іншых палонных там таксама стаялі некалькі жанчын з іх малымі дзецьмі і сьціпла шукалі літасьці, тыран зрабіў выгляд, быццам бы ён жадае адпусьціць іх усіх, і загадаў спытаць у кожнага палоннага асабліва, ці яны таксама з радасьцю хацелі б зноўку наведаць сваю айчыну? Гэта канечне спадабалася ашуканым людзям, аднак яны сказалі, што яны не зьбяруцца пайсьці да дому раней, чым спачатку папросюць літасьці і прабачэньня ў Вялікага князя, яны думалі значна палепшыць свае справы падобным адказам і даверыліся вялікакняскай прапанове. Бо кожны зь іх імкнуўся да сваёй айчыны. Аднак гэты адказ вылішыў іх жыцьця. Бо Вялікі князь палічыў гэта за пагарду, нібыта яны пагарджалі яго Вялікасьцю і яго зямлёй. Таму няшчасныя людзі праз гэты бязшкодны адказ былі адразу асуджаныя на сьмерць. Тады апячаленыя людзі, ўдовы і вешчуны, старыкі і моладзь, кабеты і нявіньніцы пачалі з енкам скардзіцца, горка плакаць і скуголіць, аднак Вялікі князь сьмяяўся над імі, па яго загаду палонныя мужчыны і жанчыны, і маленькія дзеці былі вывядзеныя перад горадам і супраць усялякай справядлівасьці, без усялякай літасьці, жаласна і ганебна задушаныя і забітыя. Калі іх вялі да месца пакараньня, яны жалобнымі галасамі сьпявалі на сваіх мовах розныя псалмы і заклікалі праз іх Бога, каб Ён пажадаў дараваць ім блаславёны скон. Пасьля гэтага схапілі і зьняславілі нявіньніц, якія не маглі вызваліць сябе ад гэтай выхадкі ані просьбамі, ані прапановамі вялікай сумы грошай. У раке Нягліне былі ўбітыя стаўбы, а на іх быў пабудаваны мост, на якім стаяў жахлівы мясьнік гэтых нявінных людзей і жалезнай булавой разьбіваў кожнаму па чарзе шыі, што яны адразу падалі ў ваду і танулі ў вірах, такім чынам дэспат з вар’яцтва, альбо з дэспатычнай бяздушнасьці, альбо з нянавісьці да немцаў, жудасна абыходзіўся з няшчасным народцам кабет, нявіньніц і малых дзетак і адразу аддаваў іх на гвалтоўную сьмерць, і атрымліваў ад гэтага асалоду, стаяў і цэлы дзень назіраў разам з абодвума сваімі сынамі: Iuano і Fedrone (якіх у нас называюць Ioan і Theodorum). Аднак малодшы сын, Fedron ці Theodorus (які цяпер зьяўляецца вялікім князем у Маскве), не мог больш глядзець на гэтую несправядлівую падзею і гараваў з-за няшчасных, заплаканых і скуголіўшых ад болі людзей, і таму вярнуўся ў горад з адным выбітным дваранінам Мікітай Раманавічам.
    Калі чарга быць пакаранымі сьмерцю дайшла да некалькіх вельмі прыгожых нявіньніц з нямецкай пароды, ня гледзячы на тое, што некаторыя з дваран прапаноўвалі аддаць за іх вялікія сумы грошай, яны аднак не маглі вызваліцца, хаця звычайна дэспат быў вельмі прагны да грошай. З гэтай прычыны нявіньніцы страцілі цярпеньне і пракліналі дэспата, папракалі яго ў тым, што ён дэспатычна і бесчалавечна абыходзіцца з імі, як палоннымі, і дзейнічае супраць усіх законаў вайны і пераўзыходзіць усе подласьці сьвету, і заклікалі да Бога ў Нябёсах, каб Ён паводле сваёй справядлівасьці адпомсьціў за гэтую зьдзейсьненую Яму несправядлівасьць і ганебную зьнявагу. Ад гэтага вялікі князь яшчэ больш успылаў у гнэве і прыдумаў для іх значна больш жудасныя пакуты і катаваньні, і спачатку яны мусілі назіраць, як іншых астатніх палонных часткова кідаюць у ваду, часткова разрываюць жудаснымі прыладамі, аднак нявіньніцы запэўнілі яго, што яны жадаюць мужна выцярпець і перанесьці падобныя пакуты і сьмерць паводле волі ПАНА Хрыста. Затым каты мусілі зачыніць і прыціснуць нявінным дзяўчынам рукі і ногі паміж дзьвума зьвязанымі вяроўкай дошкамі і зьбіваць іх палкамі, разрываць сьцёгны, праз што пакуты доўжыліся яшчэ больш, такім чынам яны паступова і марудна мучыліся і пакутвалі да сьмерці праз разнастайныя пакараньні і катваньні. Няшчасныя нявіньніцы няспынна заклікалі імя Езуса пад гэткімі катаваньнямі і гэтым палягчалі свае цяжкія пакуты, і дзякавалі яму, што яны могуць з гэткай вялікай мужнасьцю трываць настолькі цяжкія катаваньні, і не скардзіліся ані на што з гэтых вялікіх пакутаў, але наадварот нават сьціпла прасілі, каб БОг пажадаў дараваць і прабачыць ім іх грахі, і не спынялі пры гэтым папракаць дэспата ў яго ўпартай злосьці, брыдкім абліччы, жудасным нораве, жахлівым голасе і яго дэспатычным панаваньні і існасьці. Але ён жахнуўся з гэткай стойкасьці нявіньніц і думаў, як ён можа яшчэ больш люта катаваць іх. Бо ён не хацеў дапускаць, што ўсе яго спробы, праз якія ён думаў зламаць іх цярпеньне і стойкасьць, павінны быць марнымі. Пагэтаму чым больш стойка яны заставаліся ў сваім цярпеньні, тым больш ён накідваўся на іх з новымі лютымі катаваньнямі. Калі ён пачуў, што яны ў сваіх катаваньнях усхваляюць і заклікаюць ПАНА ЕЗуса, але яго (вялікага князя) паносюць і ганьбяць, ён загадаў выразаць ім языкі, аднак нявіньніцы яшчэ больш заклікалі ў сваім сэрцы і ў душы да свайго Бога, і паколькі яны не маглі ніякім іншым чынам, то яны сваім тварам і абліччам паказвалі, што бязбожны дэспат чыніць ім гвалт і несправядлівасьць і атрымае за гэта сваю расплату. І калі вялікі князь насыціўся іх пакутамі, ён загадаў пратыкнуць іх распаленымі шампурамі. Пасьля гэтага ён не пашкадаваў нават іх мёртвыя целы, бо ён загадаў запаліць вялікі ахапак дроў і спаліць іх на ім, а попел выкінуць у воды Neglinnam, і загадаў задушыць усіх іншых палонных і зкінуць іх з маста ў раку. Тады мужчыны мусілі назіраць, як іх жонак, жонкі, як іх мужчын, дзеці, як іх бацькоў, бацькі, як іх дзетак гэтак бязжаласна караюць і забіваюць, і яны плакалі і галасілі па ім. Разрубленыя і бязжаласна зьнявечаныя целы мусіла прыняць Neglinna, і зрабілася ад гэтага крывава чырвонай. Усё гэта (пра што жухліва чуць) мусілі цярпець лівонцы. Іх суседзей літоўцаў маскавіт атакаваў таксама, ён выказаў пагарду каралю Sigismundum Augustum, каралю ў Польшчы, і каралю Heinricum з Францыі, зьдзекваўся з іх паслоў і прычыніў ім непрыемную ганьбу. На Віцебскай мяжы ў Вялікім княстве Літоўскім ён пабудаваў крэпасьць і загадаў там праз сваіх ваявод часткова пакараць сьмерцю, часткова бязлітасна плюндраваць і рабаваць каралеўскіх падданых, я маўчу пра тое, як ён нечакана адняў у караля Sigismundo (якога ён праз лісты запэўніваў у міры) горад і крэпасьць Полацк, і на той час настолькі спужаў усю Літву, што жыхары славутых гарадоў абмяркоўвалі ўцёкі і дзеля паратунку адпраўлялі ў Прусію свае каштоўнасьці і лепшыя прыпасы, каб яны не дасталіся ворагу.

Полацк
    Тут я павінен крыху распавесьці пра зьмяшчэньне і памеры горада Полацка: ён ляжыць у 50 вялікіх мілях ад Вільні, дзьве глыбокія ракі, Дзьвіна і Палота, цякуць шырока вакол яго, ён ляжыць у стромкай даліне. Ён добра абаронены мурамі, бастыёнамі і валамі, ён спрадвеку быў буйным горадам, і туды прыходзіла шмат купцоў з-за яго знакамітых кірмашоў. Цяпер ён крыху меншы, аднак мае вельмі моцны замак. Там жывуць разам з мясцовымі шмат чужынцаў і замежнікаў, якія дзеля больш зручнага вядзеньня гандлю пераехалі сюды з суседніх краін і засталіся. Таксама спрадвеку ён быў вольным горадам, і нават у наш час падпарадкоўваецца свайму ўраду, аднак ён часта сядзеў пад апекай караля Польшчы, і калі здаралася вайна, трымаў яе разам з каралём і аказваў яму без усялякіх запярэчваньняў дапамогу і садзеяньне. Гэты горад маскавіцкі вялікі князь Basilidis вельмі хацеў мець пад сваёй уладаў, таму што гэты горад пераважна сваім зьмяшчэньнем і вялікаму розгаласу далёка паспаўсюдзіў сваю славутасьць, і таму што там знаходзіцца неверагодны запас усемагчымых рэчаў першай неабходнасьці (з якіх яго войска можа харчавацца без страт для яго краіны), і што ён дае добрую магчымасьць яшчэ больш зручна разьмясьціць у Літве яго войска, а потым больш зручна і ладна працягнуць з гэтага гораду свае наступныя ваенныя дзеяньні супраць літоўцаў. Пагэтаму дзеля пашырэньня яго ўладаньняў і дзеля дасягненьня перамогі ён увесь час думаў, як яму атрымаць той горад, і рабіў хітрыя, падманныя нападкі на яго, і загадаў пісась да караля Sigismundum Augustum сяброўскія лісты, у якіх ён прапаноўваў яму сваё сяброўства, мір і саюз, нібыта ён хацеў забыцца на ўсю ганьбу і несправядлівасьць, якую шмат год чынілі яму каралеўскія камандзіры, асабліва таму, што кароль не меў ніякай у тым віны, але ўсё ўскладалася на нахабны запал тых камандзіраў і ваяроў. Таму ён прагнуў, каб Sigismundus Augustus пажадаў адразу неадкладна накіраваў да яго сваіх дарадчыкаў, якія знайдуць кампраміс паміж імі абодзьвума і складуць пакт саюза, ён не мае ніякіх сумневаў, што БОг прыдасьць гэтаму намеру добрую, радасную і пажаданую хаду, а таксама посьпех і блаславеньне гэтай пабожнай і добрай справе. Кароль Sigismundus Augustus цешыў добрую надзею, што словы маскавіта будуць сур’ёзнымі, а гэтая справа прывядзе да ўсяго добрага, таму ён вырайшыў падтрымаць жаданьне вялікага князя, параіўся на гэты конт са сваімі ваяводамі і прыняў рашэньне, што можно вольна заключыць мір з маскавітам.
    Вялікі князь быў не толькі падступным, але таксама з доўгай практыкі і перажытых посьпехаў і няўдач вельмі вопытным і дасьведчаным ў ваенных справах, акрамя гэтага ён меў сярод сваіх высоку, магутную рэпутацыю і меў ціск, каб яго парады і загады выконвалісь і ажыцьцяўлялісь, таксама ён у любы час меў у запасе вялікае войска. Пагэтаму ён меркаваў, бо ён цяпер даў Польшчы надзею на будучы мір і гэткім чынам супакоіў яе, што цяпер ніхто не перашкодзіць і не заблытае яго на шляху да заплянаванаў перамогі. Пагэтаму ён моцна выступіў на Полацк з неверагодным войскам колькасьцю да 300.000 чалавек. Горад быў забяспечаны гарматамі, порахам і зброяй, а таксама добрай колькасьцю ваяроў. І калі маскавіт загадаў моцна абстраляць іх, то нават кабеты і старыкі пабеглі да абароны, і шматлікія дні яны люта змагаліся адныя з аднымі. Аднак князь Basilides не мог супакоіцца, пакуль не атрымае перамогі, таму ён не даў ворагам, якія дарэчы яшчэ не падрыхтаваліся да гэткіх спраў, ніякага спакою каб абараняцца, але паслаў да гарадскіх брам некалькі герольдаў і загадаў папярэдзіць палачан, што ён абыйдзецца зь імі надта варожа, калі яны ад гэтай гадзіны не пакінуць замак. Тым аднак жыхарам у горадзе, якія добраахвотна здадуцца, ён абяцаў бяспеку і ўсялякі дабрабыт.
    Імя тырана мела вялікую павагу праз яго ваенныя посьпехі і яго лютасьць і строгасьць, і таксама ён меў пры сабе жудасных і адважных ваяроў у магутнай колькасьці. Пагэтаму гульня вельмі хутка павярнулася да таго, што палачане, якія дагэтуль так адважна і мужна змагаліся, пасярод бою раптам зрабіліся баязьлівымі, з-за таго, што дагэтуль ніхто не прыйшоў ім на дапамогу, і яны страшыліся унутранага бунту ў горадзе, і што вораг можа падпаліць прадмесьці, жыхары горада вырашылі здацца, бо калі максавіты выкапалі траншэі бліжэй да муроў, палачане адмовіліся ад супраціву і ня ведалі, як яны павінны іх атакаваць. Такім чынас вялікі князь хутка завалодаў горадам Полацкам, польскім ваярам ён падараваў жыцьцё і выгнаў іх дадому за мяжу, літоўцаў і русаў ён узяў палоннымі і загадаў гнаць іх у Маскву, жыдоў сярод іх, якія не пажадалі хрысьціцца, ён загадаў кінуць у Дзьвіну і ўтапіць. Ён атрымаў вельмі вялікую здабычу ў горадзе, больш чым ён чакаў. Гэтая падзея прынесла Літве вялікія страты і трапна зачапіла караля Sigismundo Augusto тым, што ён страціў лепшую абарончы пост на мяжы, таму яму прыпісвалі як злачынства, нібыта ён свае сачыў за сваімі акопамі і надта шмат верыў і давяраў гэтаму падступнаму ворагу.


і, прабачце, не ўтрымаўся...

Комментариев нет:

Отправить комментарий