10.08.2015

Літва і Русь 1493г. з Хронікі Шэдэля

Пераклад 278й старонкі з "Хронікі сьвету" (Нюрнбергскай хронікі) Гартмана Шэделя 1493 г.
Не адносіцца на прамую да Магілёва, але апісвае тагачасную Літву і Русь з погляду нямецкага вучонага ХV ст.
Цікавыя зьвесткі пра норавы літоўцаў і крывавыя забавы знакамітых князёў.


Старонка 278а

Літва
Літва зьяўляецца далёкім краем, які прымыкае да Польшчы на ўсходзе, які ўвесь пакрыты азёрамі і лясамі. Вітаўт, брат Уладзіслава, кіраваў ім пасьля адыходу ад паганства, разам з каралеўствам Польскім прыняўшы Сакрамэнт Хрыстовы і ў свой час меўшы вялікае імя. Паколькі яго падданыя такім чынам вельмі баяліся быць катаванымі, калі выклікаюць яго нянавісьць; то яны хацелі лепш быць паслухмянымі, чым трапіць у яго няміласьць. Тых, што выступалі супраць яго, ён загадваў зашыць у скуру мядзьведзя, а потым кідаць жывым мядзьведзям, каб яны разадралі яго, і перасьледваў таксама іншымі жудаснымі катаваньнямі; дзе ён скакаў, ён браў паўсюль нацягнуты лук, калі ён тады заўважаў кагосьці, хто састаяў у пары інакш, чым спадабаецца князю, таго ён адразу забіваў стралой, і забіў шмат людзей праз гульню гэтай крывавай лютасьці. Сьвідрыгайла, яго пасьлядоўнік, выкарміў мядзьведзіцу, якая прывыкла браць хлеб зь яго рук; часта бегала ў лясы і вяртаючыся ішла да княскай спальні і шкрабла ўсе дзьверы, і грукала па ім лапамі, то калі яна хацела есьці, князь забіваў кагосьці і давай ёй для ежы. Некалькі шляхетных юнакоў зрабілі замах на гэтага князя і прыйшлі са зброяй у руках да княскай спальні пагрукаўшы ў дзьверы падобна таму, як грукала мядзьведзіца. Сьвідрыгайла падумаў, што прыйшла мядзьведзіца, і адчыніў дзьверы, і быў адразу заколаты шляхціцамі. Пасьля таго панаваньне краінай перайшло да Казіміра. Улетку з-за вады дабрацца ў Літву не проста, узімку можна ехаць па замёрзлым азёрам. Купцы едуць па лёду і сьнегу і бяруць з сабой ежу на шмат дзён. Там няма ніякага добрага, брукаванага шляху, таксама там рэдка трапляюцца гарады і мала вёсак. У літоўцаў

найбольшай гандлёвай каштоўнасьцю зьяўляюцца футравыя вырабы, і выкарыстаньне грошай невядомае, замест грошай яны выкарыстоўваюць футравыя вырабы, як собаль і падобнае. Шляхетныя жанчыны афіцыйна маюць лёкая, ці прыслужніка з лёсам яе супруга, яны называюць іх “дапаможнікамі шлюбу”. Мужчынам не годна, але ганебна мець іншых жанчын акрамя законнай жонкі. Яны лёгка разводзяцца са сваіх шлюбаў, а потым зноўку сыходзяцца. У Літве здабываюць шмат воску і мёду, якія даюць дзікія пчолы ў лясох, ужываньне віна ў іх вельмі рэдкае і амаль чорны хлеб, затое яны маюць шмат малака ад быдла. Мова гэтага народу вендская, паколькі гэта вельмі шырокая мова, то яна падзяляецца на 6 сэкт, дзе некаторыя з вендаў адносяцца да каталіцкай царквы, як далматы, харваты, крайны і палякі. Некаторыя да грэцкай ерасі, як балгары, русы і літоўцы. Некаторые выдумалі іншыя ерасі, як Багемія, Маравія і Босныя. Сярод гэтых большасьць народу сьледуе разнастайным вар’яцтвам. Некаторыя таксама жывуць у цемры паганскай сьлепаты, як шматлікія з літоўцаў, вялікая колькасьць якіх вярнулася да хрысьціянскай веры, калі Ўладзіслаў прыняў у гэтым народзе каралеўства польскае, бо да таго некаторыя літоўцы маліліся зьмеям, кожны бацька дому меў у куту зьмяю і карміў яе. Некаторыя лічылі сьвятым агонь, некаторыя сонца і надзвычай велізарны лядовы молат, некаторыя лес, ад усіх гэтых ерасей і павер’яў яны былі вернутыя да Хрыста адным чалавекам з Прагі, якога цяпер завуць Еронімусам, ён ўцёк з Багеміі ў Польшчу ў часы зараджэньня і пачатка гусіцкай ерасі, атрымаў ад польскага караля Ўладзіслава пісьмовы загад, быў прыняты літоўскім князем Вітаўтам, прыбыў у Літву і выдаліў з народу раней узгаданую ерась.


Зямля Русаў


Русы прымыкаюць да літоўцаў, грубы, цёмны народ. Там знаходзіцца вялікі горад Ноўгарад, куды нямецкія купцы дабіраюцца зь вялікімі складанасьцямі. Там маецца вялікае багацьце, шмат срэбра і прадаўцоў ды пакупнікоў каштоўных футравых вырабаў, срэбра важаць і выкарыстоўваюць без чаканкі. Там пасярод рынку ёсьць чатырохкутны камень, хто на яго ўзьбярэцца і не будзе скінуты, той атрымае панаваньне над горадам.

3 комментария:

  1. "...Сьвідрыгайла падумаў, што прыйшла мядзьведзіца, і адчыніў дзьверы, і быў адразу заколаты шляхціцамі.." - толькі пасьля таго закалоту Сьвідрыгайла пражыў 20 год.

    Спробу замаху ўначы 1 верасьня 1432 году ажыцьцявілі ў Ашмяне Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Іванавіч Гальшанскі (праваслаўны), але Сьвідрыгайле пашчасьціла ўратавацца і ўцячы ў Полацак.

    ОтветитьУдалить
  2. а вось наступнік Жыгімонт Кейстутавіч як раз і быў забіты ў выніку замаху ў 1440
    (за 12 гадоў да сьмерці Сьвідрыгайлы, якога ён "забіў")

    ОтветитьУдалить
  3. мажліва, у вобразе Sindrigal зьліліся Сьвідрыгайла і Жыгімонт Кейстутавіч
    (бо менавіта другому зь іх пасьля ягонага забойства паступнічаў Казісмір)

    ОтветитьУдалить