02.06.2014

"Der erhabene Adler in der Maske des Falken" частка 3

    Апошняя частка перакладу пра сустрэчу Ёзафа ІІ з Кацярынай ІІ з кнігі "Der erhabene Adler in der Maske des Falken: oder Kaiser Josephs II. Reise nach Rußland unter dem Namen eines Grafen von Falkenstein" (Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна), Аўгсбург, 1780 г.
Апавяданьне пра 2 трагічных здарэньняў пад час высокай сустрэчы і пра ад'езд манархаў з Магілёва.
Першая частка тут: Візыт Ёзафа ІІ ў Магілёў, частка 1.
Другая частка тут: Візыт Ёзафа ІІ ў Магілёў, частка 2.



"Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна", Ян Гэорг Майер, Аўгсбург, 1780

старонкі 41-45

    Вось зноўку наблізіўся час ад'езду; абодва Высокія Ўладары спачатку хацелі зноўку падарожнічаць па асобку, аднак супраць усіх чаканьняў хутка рашэньне зьмянілася. -

    Аднак, перад тым як я канчаткова пакіну Магілёў, я павінен узгадаць два няшчасных здарэньня, якія павінны выклікаць спачуваньне ў кожнага, хто пра іх будзе чытаць. Першае адносіцца да барона Кокцэі [Baron Cocceji, Карл Фрыдрых Эрнст Кокцэі (1725 - 1780), генэрал караля Польшчы станіслава ІІ Аўгуста], другое - графа Патоцкага і яго супругу. - Гэта я хачу распавесьці спачатку. - - Пан Барон Кокцэі, генэрал каралеўскай пяхотнай гвардыі і рыцар ордэна сьвятога Станіслава, у суправаджэньні князя Станіслава Панятоўскага, генэрал-лейтэнанта каралеўскага войска, чальца папячыцельскай камісіі і рыцара ордэна Белага Арла і ордэна сьвятога Станіслава, ехаў са сваёго маёнтку ў Полацк, і ўжо прыняў цьвёрдае рашэньне адправіцца ў Магілёў і сустрэцца з Імпэратарам. - Аднак Звыш яму была наканаваня сьмерць праз некалькі дзён; - - сьмерць, якая хаця і выглядае дзіўнай, аднак усё ж такі паказвае, як часта дробязі вядуць да найгоршых наступстваў. - Таму што, калі ў падарожжы падчас знаходжаньня ў Полацку гэты высокі генэрал хацеў адчыніць бутэльку з духмянай вадой, зь ім здарылася няшчасьце, якое потым зрабілася вельмі сур'ёзным, шкло разьбілася, і адзін кавалачак парэзаў яму далонь. Гэты была на выгляд проста нязачная ранка? Аднак, як часта нязначныя дробязі не прыводзяць да найзначных наступстваў? Кокцэі не прыдаў сэнсу гэтаму невялікаму пашкоджаньню, таксама яго фельдшэр, які заўсёды быў дасьведчаным чалавекам, не думаў, што гэта можа зайсьці так далёка, і таксама пагэтаму апрацаваў яго зусім лёгка. - Таксама незважаючы на гэта генэрал працягнуў сваё падарожжа ў Магілёў. Аднак шкода дзень на дзень рабілася ўсё большай, рана гнаілася, адным словам, рана паступова пагоршылася настолькі, што на ёй распачалася халодная гангрэна. - Цяпер небяспека вырасла да найвысшага ўзроўню, яго фельдшэр не мог больш нічым дапамагчы без парады іншых. З гэтай нагоды быў сабраны кансіліюм з найдасьведчаных лекараў, якіх толькі можна было знайсьці. Усе разам яны прытрымліваліся меркаваньня, што лепшым сродкам, на які аднак трэба было вырашацца адразу, была б ампутацыя рукі. Аднак гэтая прапанова, якая сама па сабе ўжо для такога чалавека была дастаткова цяжкай і значнай, была зроблена нажаль занадта позна. - Дапамагчы ўжо было немагчыма, і гэты шаноўны генэрал мусіў памерці яшчэ да таго, як магла быць прадпрынята аперацыя. - Усе, хто яго ведаў, запэўнівалі, што ён быў разважным, мужным і добразычлівым панам. - Нават яго падначаленыя, зь якімі ён абыходзіўся найміласьцівым і найпаблажлівым чынам, выказалі свой найглыбокі смутак. - Карацей. - Высокія і нізкія смуткавалі па ім не толькі праз яго ваенны вопыт, і асабліва пры настолькі рэдкай вучонасьці для чалавека яго стану, але таксама праз яго добрыя якасьці і яго прыстойны характар. - Полк каралеўскай гвардыі страціў у ім шмат, бо ён за той час, што быў пры іх, падняў іх да найлепшага і бездакорнейшага стану. Усё ж такі яшчэ да сваёй сьмерці ён атрымаў тое, што падштурхнула яго на гэта падарожжа, а дакладна, мець магчымасьць выказаць сваю вернападданейшую павагу Яе Імпэратарскай Моцы, што ён таксама і зрабіў ужо амаль напярэдні сьмерці з вельмі хворай рукой. - -

    Другая нататка закранае значнае рабаваньне графа Патоцкага [навіны пра гэта здарэньне надрукаваныя ў нямецкіх газэтах таго часу можна прачытаць тут], калі менавіта гэты граф разам са сваёй супругай з найвялікімі каштоўнасьцямі, якія яны ўзялі з сабой, ехалі ў Магілёў, то ў 2-х мілях ад гэтага горада, як раз калі яны падабраліся да густога лесу, яны былі атакаваныя надта моцнай бандай рабаўнікоў, што нечакана выскачылі са сваіх сховішчаў, і абрабаваныя на 60000 дукатаў наяўнымі грашыма. - Яны выцягнулі графа і яго супругу з карэты і прывялі з сабой у лес, і графіня здолела адкупацца толькі меўшыміся пры сабе ўпрыгожваньнямі, і прыйшла са сваім супругам ледзь не голая ў Магілёў, дзе яна распавяла Імпэратрыцы пра гэта здарэньне. - Манархіня адразу паслала 400 вершнікаў, якія схапілі трох, сярод якіх быў таксама і той, хто меў нахабства падставіць лязо да грудзі графіні і сказаць, што рабаўніцкі намер яго паплечнікаў зусім не быў накіраваны на графа Патоцкага, але на адну больш высокую асобу. - То былі гэтыя гайдамакі, навалач, што па-большасьці харчуецца з крадзяжу і плюндраваньня. Сярод цудоўных каштоўнасьцей графа знаходзіўся таксама надзвычай вялікі дыямант выраблены ў форме гальштука бабачкі, які прыкладна 20 гадоў таму яго айцец набыў у пана Опенхаймэра ў Вене за 15000 дукатаў; рэдкая каштоўнасьць, якая верагодна будзе знойдзеная пры продажы тым ці іншым з той банды рабаўнікоў. -


    Спачатку Імпэратар зьбіраўся крыху болей затрымацца ў Магілёве, аднак, каб не павялічваць заплянаваны час свайго знаходжаньня ў Магілёве, ён вырашыў зьехаць адтуль і суправадзіць Імпэратрыцу да Смаленска. - Жыхары горада былі праз гэтую навіну не мала засмучаныя толькі на такі кароткі час прымаць у сваіх мурах 2 такіх высокіх асобаў. Трэба таксама адзначыць, што ўсе разам найлепшым чынам паўплывалі на тое, каб зрабіць абодзьвум высокім падарожнікам іх знаходжаньне настолькі прыемным, насколькі магчыма. Тады штодня разьмешчаныя паблізу расейскія войскі рабілі ваенныя манёўры, за якімі назіраў нават Імпэратар на кані недалёка ал карэты Імпэратрыцы. Расейскія афіцэры найвысшага рангу да субалтэрн-афіцэраў увесь час спаборнічалі, каб пабачыць высокую асобу Ёзафа; таксама і князі і знатныя людзі гэтай Імпэрыі ніяк не маглі насыціцца слухаць яго, размаўляць зь ім, ці нават толькі бачыць яго. - Больш за 300 вазоў з іншаземным панствам сабралося тут. - Адным словам, горад быў так запруджаны іншаземцамі з Венгрыі, Расеі, Польшчы, Семіградска, Польскай прусіі, Курляндыі і Ліфляндыі, што кватэр ва ўсім горадзе больш не даставала, каб зьмясьціць усіх тых, па большай частцы, знакамітасьцей. - Пагэтаму на адлегласьці мілі вакол горада мусілі быць пастаўленыя намёты, каб усё ж такі ніхто не быў вымушаны застацца пад адкрытым небам. -

    Ад'езд быў прызначаны на 10-е чэрвеня, і ў гэты дзень абедзьве высокія асобы пакінулі горад пад громкія віньшаваньні народу і грукат гарматаў. - Да Кобленца іх суправаджалі 6 асобаў, а дакладна князь Пацёмкін, фрэйліна фон Энгельхард, прыдворная дама Імпэратрыцы, граф Раманцаў, якога Імпэратар сустрэў на мяжы, і імпэратарскі міністар Графэн.


P.S>
Невялікі дадатак з кнігі "La cour de la Russie" (345-346) аб уражаньні імпэратара Ёзафа ІІ аб Кацярыне ІІ і іх сустрэчы:

"Вярнуўшыся ў Вену Ёзаф скардзіўся ў размове з ангельскім паслом Кэйтам, што сярод Кацярынінскага асяродзя няма нікога, хто мог бы трымаць яе фантазыі ў разумных межах; Остэрман - марыянэтка, Безбародка - выскачка, якому не дазволена мець ніякай ўласнай думкі, Панін - у няміласьці, Пацёмкін - гультай, без уласнага выхаваньня і цалкам залежны ад імпэратрыцы, вучнем якой ён быў і застаецца. Імпэратар ухваляў розум імпэратрыцы, аднак заўважаў, што яна жанчына і не перастае думаць і дзейнічаць як жанчына: зносіны зь ёй патрабуюць найвысшай асьцярожнасьці; толькі той, хто быў у Расеі, мог бы скласьці ўяўленьне ад гэтых адносінах."

2 комментария:

  1. "граф Раманцаў" - напэўна, граф Румянцаў?

    ОтветитьУдалить
  2. Верагодна, але я пісаў як у арыгінале - Graf Romanzow

    ОтветитьУдалить