13.05.2014

"Der erhabene Adler in der Maske des Falken" частка 2

    Працяг апавяданьня пра сустрэчы Йзафа ІІ з Кацярынай ІІ з кнігі "Der erhabene Adler in der Maske des Falken: oder Kaiser Josephs II. Reise nach Rußland unter dem Namen eines Grafen von Falkenstein" (Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна), Аўгсбург, 1780 г.
Падрабязнае апісаньне распарадку дня і ўрачыстых мерапрыемстваў у гонар высокіх госьцей.
З першай часткай можна азнаёміцца тут: Візыт Ёзафа ІІ ў Магілёў, частка 1.




"Узвышаны арол пад маскай сокала: ці Імпэратар Ёзаф ІІ. Падарожжа ў Расею пад імем графа Фалькенштайна", Ян Гэорг Майер, Аўгсбург, 1780

старонкі 33-41

    Хаця Імпэратрыца і спадзявалася прыбыць у Магілёў раней за графа Фалькенштайна. Аднак Ёзаф паскорыў сваё падарожжа, рушыў цераз Кіеў і Чарнігаў, і вандраваў больш за 50 міль са сваімі нешматлікімі спадарожнікамі праз лясы і пусткі. - Пад Кіевам ён пераплываў цераз Днестр [верагодна памылка і меўся на ўвазе Дняпро] на пакрытым драпіроўкай і багата абсталяваным караблі, з 13 карабельшчыкамі апранутымі ў зялёнае, а ў іх валасы былі заплеценыя шоўкавыя стужкамі. 2-га чэрвеня ён прыбыў, як ужо было паведамлена вышэй, у Магілёў. На наступны дзень туды прыбылі князь Пацёмкін і граф Кобэнцль, на дзень раней сваёй Манархіні, і мелі гонар уручыць графу Фалькенштайну ад імя Расейская Манархіні ліст, у якім Яе Моц выбачаецца за тое, што яе ўзрост не дазваляе зрабіць падарожжа настолькі хуткім, як яна б таго насамрэч жадала, таму яна аднак паслала перад сабой гэтых дзьвух паноў, каб мець гонар скласьці кампанію Яго Моцы. Калі Імпэратрыца на наступны дзень, як ужо распавядалася вышэй, 4-га чэрвеня ў 8 гадзін раніцы трымала свой урачысты ўезд, Імпэратар стаяў сярод іншых гледачоў у зялёнай уніформе без аніякіх ордэнаў ці іншых узнагародаў, апрануты як расейскі афіцэр. Ня гледзячы на гэта, Імпэратрыца адразу заўважыла яго, калі яна праязжала побач, і зрабіла яму свой камплімэнт. - Як толькі яна сышла з карэты, князь Пацёмкін правадзіў Імпэратара да яе, павітаў яго, і накіраваўся побач з графам Фалькенштайнам у яе кабінэт, дзе яна гутарыла зь ім на працягу 2х гадзін. Імпэратрыца была апранутая неверагодна раскошна, аднак з такім густам і разважлівасьцю, як гэтага можна было чакаць толькі ад такой высакароднай пані. Таксама і ўсе яе прыдворныя былі найбліскуча прыбраныя; і абодва гатэля, якія былі абраныя для дзьвух настолькі яснавяльможных падарожнікаў, былі вельмі прасторныя і вытанчана абсталяваныя.
Пад час першай дзяржаўнай сустрэчы гэтая высакародная пані была апранутая ў прывабны строй амазонкі, упрыгожаная ўсімі сваімі ардэнамі, а ўся сукенка абсыпаная дыямантамі. Манарх аднак быў зноўку таксама ў вельмі простым зялёным мундзіры, таму што ён рашуча жадаў быць прыніяты не інакш, як граф Фалькенштайн. Пад гэтым імем ён быў прадстаўлены Імпэратрыцы праз сваіх паслоў пры расейскім двары; як граф Фалькенштайн рабіў ён свае першыя візыты да выбітнейшых асобаў з суправаджэньня Імпэратрыцы; і ў сілу гэтага патаемнага імя ён адмовіўся таксама ад усіх ушанаваньняў, ад усіх арганізаваных урачыстасьцей і сьвятаў, якія павінны былі быць аказаныя Яму паводле яго высокага стану. -
Сустрэча маскавіцкіх і польскіх кавалераў была незвычайна вялікай; кожны ціснуўся каб пабачыць абодвух высокіх асобаў разам. Польскія паны і пані, якія з цікаўнасьці прыехалі сюды, відаць ад прагі да імітацыі моцна спрачаліся між сабой; вялікія сумы былі выйграныя, аднак таксама і прайграныя. Жаноцтва ў грубай і халоднай Расеі настроенае даволі па-французску; ня гледзячы на тое, што яны па-большасьці добра адукаваныя, аднак ўсё ж надта моцна карыстаюцца вельмі шкоднай касметыкай, і ў сваіх паўночных гарадах так добра забяспечаныя раскошнымі строямі і ўздымаючыміся ў неба прычоскамі, як найдалікатнае жаноцтва Парыжу. -
Сярод гэтых пані асабліва вылучылася графіня Чэрнічэва [Czernichew], таму што яга яшчэ ў той жа дзень запрасіла абодвух высокіх асобаў на баль, якія яна зладзіла ў іх гонар. - У панядзелак, пятага чэрвеня, адбылася адкрыты сьняданак у Імпэратрыцы. На ім прысутнічалі як Імпэратар, так і шмат расейкага і польскага панства.
Увечар для расейскай імпэратрыцы італьянскімі опэрістамі была граная опэра пад назвай: Il finto amatore (па-нашаму, Фальшывы палюбоўнік), у якой грала сіньёра Данія [Signora Dania]. - Імпэратрыца сядзела ў партэры ў фатэлі, а крыху ў баку сядзеў Імпэратар на нізкім крэсле. Недалёка ад опэрнага тэатру пасьля опэры быў учынены баль, які адкрылі польскім танцам граф Маріскін [Graf Mariskyn] і фрэйліна Энгельхард [Fräulein Engelhard]. Імпэратрыца прысутнічала там з графам Фалькенштайнам да 10 гадзін. Каля 11 гадзін яна пайшла на вячэру, за якой сьледавала раскошная ілюмінацыя горада. -
Імпэратар прыйшоў на Опэру прыкладна на паўгадзіны раней за Імпэратрыцу і размаўляў гэты час з рознымі панамі, асабліва з прынцам Панятоўскім. - Аднак як толькі ўвайшла Імпэратрыца, Імпэратар выйшаў ёй насустрач і павёў яе пад руку ад аркестру. - -
    6-га чэрвеня пры двары адбыўся буйны канцэрт, падчас перад абодзьвума Высокімі Ўладарамі асабліва праявілі сябе сьпявак Компанучы [Companucci] і сьпявачку Бонафіні [Bonafini]. На гэтых урачыстасьцях Імпэратар зьявўляўся па большасьці ў белым фраке з лацканамі вішнёвага колеру, пры гэткай жа камізэльцы, радзей аднак у зялёным мундзіры з чырвонымі лацканамі. - -

    7-га Імпэратрыца агледзіла ўсе дыкастэрыі горада Магілёва. Пасьля чаго яна накіравалася ў Кармеліцкі касьцёл, дзе біскуп Полацкі правёў урачыстую імшу ў прысутнасьці Імпэратара, пасьля абеду яна накіравалася з апошнім да агляду палка Прынца Пацёмкіна. Увечар была граная італьянская опэра; пасьля якой быў учынены баль маскарад, які доўжыўся да ранку.
Толькі Імпэратрыца пакінула яго па сваёй звычцы ўжо каля 10 гадзін вечара. -
    Восьмага Імпэратрыца прысутнічала разам з графам Фалькенштайнам на імшы ў капліцы, дзе сьпевакі праявілі сябе перад Імпэратрыцай праз вытанчаную вакальную музыку. Пасьля абеду быў учынены канцэрт пры двары. Дзевятае чэрвеня прайшло без асаблівых урачыстасьцей пры двары; аднак увечар была граная італьянская опэра Il Filosofi (Філёзафы), і побач з опэрнай залай адбыўся баль маскарад. - -


    Дзесятага чысла ў прысутнасьці Імпэратара Імпэратрыца ўласнай рукой заклала першы камень расейскай капліцы ў Магілёве. Гэта быў асаблівы экспанат з надпісам: Гэты камень Імпэратрыца Кацярына ІІ заклала ў прысутнасьці Імпэратара пад імем графа Фалькенштайна ўласнай рукой 10-га чэрвеня 1780. - Адразу пасьля абеду Імпэратрыца паехала з Імпэратарам у Шклоў. - У Магілёве кожны жыхар найлепшым чынам намагаўся зрабіць абодзьвум Высокім Уладарам знаходжаньне ў гэтым выбітным горадзе як мага больш прыемным. - Бо ўсё перад вачыма такой літасьцівай Манархіні трымалася поўным павагі, і аднаго намёку было дастаткова, каб кожнае яе пажаданьне адразу ажыцьцяўлялася. - На рынке на працягу знаходжаньня ўсе дамы, палацы і кляштары былі падсьветленыя. - Езуіцкія вучні паказвалі сярод іншых выяў сонца, якое мела наступны надпіс:

                "Sol graditur nostrum /Catharina/ per Orbem;
                 Hinc vibrat radios, haec benefacta iacit."

Што па нашаму гучыць:
        Кацярына, велічнае наша сонца,
        Праз землі крочыць шчасьліва свае;
        Вакол сябе струменіць промні дабрадзейства -

        і радасьць кожнаму нясе.

Побач з сонцам блішчэў месяц з настыпнымі словамі:

                "Crescit eundo."

Па нашаму:
        Ідучы сваім шляху павялічвае ён сябе.

Таксама наступны надпіс быў даданы да гэтых словаў:

                "Adventu Dominae Populis ut gaudia crescurt;
                 In Dominam Populi sic quo que crescit amor. -"

Па нашаму:
        Захапленьні радасьці з прыезду нашай Пані
        Бязьмерна множацца сярод людзей, -
        Таксама штодня робіцца мацней каханьне
        Да вас, народаў Уладарка і зямель.

 

2 комментария:

  1. Анонимный16.03.2015, 14:01

    Офигенно, спасибо

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. няма за што : )
      глядзіце таксама іншыя пераклады (і трэцюю (апошнюю) частку гэтага апавяданьня пра візыт Катарыны ІІ : )

      Удалить