08.08.2018

Ружаны ХІХ ст. вачыма Іты Елінай

Не зусім пра Магілёў, але даволі цікавы тэкст. Самы пачатак успамінаў Іты Елінай (Пінс), якія я публікаваў раней: першую частку можна прачытаць > ТУТ. У новым перакладзе даецца апісаньне першых шасьці год жыцьця Іты, праведзеных ў Ружанах.

Тэкст узяты з кнігі успамінаў Іты Елінай (Пінс). Кніга была выдадзеная на іўрыце ў 1938 г. ў Ізраілі і больш не перавыдавалася. Даволі рэдкая бібліяграфічная каштоўнасьць.

Іта Еліна паходзіць з высакароднай габрэйская сямьі (род Пінс і род Лур'е), яе продкі былі мудрацамі Торы і выбітнымі дзеячамі габрэйскай супольнасьці. Яе тата, Йехіэль Міхл Пінс, быў равінам у Ружанах, а потым у 1870х быў прызначаны ў камітэт Мошэ Монтэфіорэ і займаўся арганізацыяй ашкеназскага паселішча (ішува) ў Ізраілі, куды ў 1881-82г. перавёз усю сямью і быў гэткім чынас адным з першых сіяністаў і прадвестнікаў стварэньня дзяржавы Ізраіль.



Дні майго дзяцінства (ч. 1)
1. У Ружанах

    Я нарадзілася ў Ружанах, што ў Гародненскай губерні, у дзень 17 кіслева 5629 г. (01.12.1868) у бацькоў р. Йехіэля Міхла з дому Пінс і Хаі Цыпоры дачкі знакамітага пана р. Шмар’і з дому Лурыя, абодва гэтых дома вялікія ў Торы, у мудрасьці, у дабрачыннасьці, у гасьціннасьці, і іншых падобных якасьцях.
    І нават сёньня яшчэ праходзіць перад маімі вачыма жыцьцё ў нашым доме ў тым маленькім, ціхім мястэчку.

Дом, і бабуля, і сьвяточныя дні
    З дзён майго дзяцінства я ўспамінаю зараз наш прасторны і прыгожы дом; вялікую пляцоўку, дзе гуляліся мы, чатыры сястры і дзеці нашага дзядзькі; нашу сукку (будан, у якім павінны жыць габрэі падчас сьвята Суккот), што стаяла ў нашым двары, якую таксама і я разам з дарослымі дапамагала ўпрыгожваць прыгожа прыгожа; тое, як мы сідзелі ў ёй разам з нашай мудрай і шляхетнай бабуляй і разам з бацькамі, сёстрамі і шматлікімі дзядзькамі і цёткамі. Я ўспамінаю зараз асабліва сьвята Пэсах, з накрытым вялікім сталом, які быў упрыгожаны кветкамі (ужо ў той час!) і срэбранымі прыборамі і найлепшым фарфорам (тыя рэчы з славутага мінулага дагэтуль знаходзяцца ў доме дзяцей Эліэзара і ў доме рава Ар’е Фінгенбойма, якія атрымалі іх у падарунак ад маіх бацькоў, сьветлай памяці), а зьверху пад стольлю вісеў раскошны сьвяцільнік, які даваў сьвятло ўсяму пакою, і жанчыны апраналіся ў шоўк і аксаміт, а іх галовы, і рукі, і грудзі былі ўпрыгожаныя выкшталцонымі каштоўнымі каменьнямі, якія нас моцна ўражвалі і дадавалі жанчынам прыгажосьці і шляхетнасьці. Колькі было прыгажосьці і раскошы! А мужчыны апраналіся ў найлепшыя белыя кітэлі (доўгі, прыгожы халат, які габрэйскія мужчыны апранаюць у асабліва сьвяточныя дні) з ільна, а на іх галовах былі кіпы (галаўны ўбор габрэйскіх мужчын, ярмолка) з такога самага мацерыялу, і ў нашых вачах, і ў вачах усіх прысутных яны выглядалі падобна анёлам.


Пасхальны стол на малюнку з ружанскай агады 1920х

Пярэдадзень Йом Кіпура
    Перад маімі вачыма стаіць, нібыта жывая, выява дня перад Йом Кіпурам (дзень Адкупленьня – сьвяточны пост на 10-ы дзень пасьля габрэйскага Новага Году) у Ружанах, калі мне было 5 год. Мой тата, сьветлай памяці, стаіць на прыступках цокальнага паверху нашага дому і рэжа капарот (куры, альбо пеўні, якіх рэжуць перад днём Адкупленьня, каб потым аддаць іх жабракам у якасьці ахвяраваньня (каб праз гэтую дабрачыннасьцю атрымаць больш літасьці ад Бога ў дзень Адкупленьня)) бясконца. Прычынай гэтаму была спрэчка паміж рэзьнікамі і гаспадарамі дамоў, што першыя адмаўляліся рэзаць. Тады мой тата прыняў на сябе абавязак рэзьніка, пакуль не скончыліся ўсе капарот, якія трэба было зарэзаць у той дзень, і ўсё зноўку мірна стала на свае месцы.

Ноч Ханукі
    Якімі прыгожымі былі вечары Ханукі! Ды й наогул усе нашы народныя сьвяты. Колькі было унутранай прыгажосьці ў сьвятах, зусім інакш чым сёньня. Уся сямья сьвяткавала дома, сярод знаёмых і сяброў. Паводле тагачаснага звычая сьвяты не выходзілі за межы дома, таму ўся сямейная велічнасьць і чароўнасьць атрымлівалі зусім іншую ўнутраную прыгажосьць, нават без уліку ўсёй сьвятасьці і традыцыі. Вось я памятаю адну ханукальную ноч. Мой тата ў той вечар вярнуўся з Брэсту і прывёў з сабой некалькі гасьцей, якія ўвайшлі ў залу, дзе былі ўсе члены сямьі. Усе былі ў прыемным настроі і гулялі ў карты, у Аку ці Прэферанс (Брыдж і іншыя мы тады ня ведалі), і яны таксама прывезьлі ў наш дом падарункі: машынку каб драбіць цукар (яна засталася ў мяне на памяць дагэтуль) і два саўка, каб выграбаць вугольлі і залу з гарачай печы. Падобныя прылады, якія так моцна зьзялі сваёй прыгажосьцю, я бачыла ўпершыню, і таму яны засталіся ў маёй памяці дагэтуль, і я не магла ўявіць у сваім маленькім узросьце, як можна было выграбаць агонь настолькі прыгожымі прыладамі і не сапсаваць іх. Да іх дадаліся яшчэ медзяныя прылады, якія зьзялі нібыта полымя на вялікай і чыстай кухне. Тыя прыгожыя рэчы, якія прывёз нам мой тата, былі тады цудам не толькі ў маіх вачах, але і ў вачах іншых.

Вясельле майго дзядзькі
    Я памятаю вясельле майго дзядзькі Абы. Я яшчэ бачу прасторныя пакоі, адчыненыя праходы, праз якія праходзілі ў даўжыню з пакою ў пакой, і па ўсёй даўжыні віселі на столі раскошныя сьвяцільні, на кожнай зь якіх мелася каля 20 воскавых сьвечак, і ўвесь дом выглядаў тады нібыта напоўнены электрычным сьвятлом (тады яшчэ ў нашым горадзе не было электрычнасьці). І сваты прыехалі з Варшавы, з Магілёва, Гродна і Коўна, і ўсе спыняліся ў пакоях, якія кожная з сямей падрыхтавала ў доме да прыёму. Мы сьвяткавалі вясельле 7 дзён і 7 начэй, і ўвесь горад стаяў на вушах.

„Хэдар”
    Вось я яшчэ ўзгадваю “хэдар”, дзе я вучылася. І таксама прыслужніка, які прыходзіў раніцай і адводзіў мяне і маю старэйшую сястру Сару-Рохэль, сьветлай памяці, у хэдар, які стаяў на адной тэрыторыі з йешывай. Хэдэр быў доўгі і вузкі. Вакол стала сядзелі вучаніцы, і слухалі ўсё, што зьлятала ў настаўніка з вуснаў, а мы паўтаралі за ім. Не памятаю, каб я калісьці атрымлівала ад настаўніка аплявуху, бо я тады была 5-ці гадовай дзяўчынкай, а настаўнік заўсёды лічыўся з выхадцамі з сямьі Пінс, і стрымліваў свой гнеў і вяртаў паднятую руку на стол, альбо ў кішэні сваёй вопраткі. Прыслужнік прыносіў нам ежу ў абед, а ўвечар вяртаў нас да дому з ліхтарыкам у рках, бо нам трэба было перайсьці мост, пад якім было возера, што адасабляла горад ад тэрыторыі сінагогі. Была небяспечнасьць, што нейкая з гарэзьлівых дзяўчынак захоча паспрабаваць гуляцца ў вадзе, таму прыслужнік ахоўваў нас вельмі добра, пакуль мы не вярталіся да дому з мірам.


Ружанская сінагога, пач. ХХ ст.

Зімовымі вечарамі дома
    Як прыемна было вяртацца да дому і сядзець у цёплым і чыстым пакойчыку пасьля 10 гадзін бесперапыннага сядзеньня ў цесным і цёмным хэдары. Нас там было каля 10 дзяўчынак. Усе з вельмі радавітых і багатых сямей Ружанаў. Я і мая сястра заўсёды паўтаралі перад нашым татай усё, чаму нас вучыў настаўнік, а тата заўсёды тлумачыў нам Пяцікніжжа, Пяцікніжжа было дарагое, выданьня Філіпзона з малюнкамі і тлумачэньнямі па нямецку. Не лёгка нам давалася паўтарэньне перад татай, вечнай памяці, бо ён патрабаваў ад нас слушных тлумачэньняў, і ён не заўсёды быў задаволены адказамі, якія мы давалі яму. Потым ён вырашыў запрасіць нам да дому “рэбе” (настаўніка), каб ён вучыў нас дзеля лепшага вывучэньня іўрыта.


Мой дзядуля р. Ноах і мая бабуля Гінда, бацькі майго таты, вечнай памяці

Сямья
    У майго дзядулі Ноаха Пінса было чатыры браты, і ў кожнага з іх сыны і дочкі і вялікае багацьце. Яны былі ўладальнікамі мануфактур, дзе выраблялі коўдры і шарсцяныя дываны, большасьць якіх пастаўлялася ў царскую армію Расеі; і таксама талмуд-тораў, лякарняў, і акрамя таго ўсе цэнтры Торы і дабрачыннасьці кіраваліся сямьёй Пінс, якая ўладарыла ў горадзе і аколіцах, утвараючы дзяржаву ўнутры дзяржавы.


Талмуд-Тора ў Ружанах

    У майго дзядулі Ноаха, вечнай памяці, было шэсьць сыной і тры дачкі, і ўсе яны пабраліся шлюбам з вельмі радавітымі і багатымі семьямі таго часу. Зэев Яавец (26.09.1847 – 24.01.1924, габрэйскі гісторык, настаўнік і лінгвіст іўрыта), Берл Фрыдленскі і Лейбуш Давідзон былі жаніхамі, і я веру, што ёсьць яшчэ людзі, у якіх з сэрца яшчэ не сьцёрлася памяць пра іх, і іх ведаюць, бо яны былі вялікімі людзьмі, падобных якім у нашым пакаленьні амаль не знайсьці. Таксама і для сыноў знайшлі радавітых і заможных нявест з сямьі Шмар’і Лурыя і іншых; а трое з сыноў узялі нявест знутры сямой сямьі Пінс, каб узмацніць гонар гэтай дынастыі, і не пажадалі зьмешвацца з іншымі семьямі, як гэта было звычаем тады сярод высакародных сямей.


Рахэль, цётка аўтаркі, жонка Лейбуша Давідзона

Мянушка маёй бабулі і родзічаў
    Маю бабулю, маіх дзядзькаў і цётак называлі не іх сапраўднымі імёнамі, але паводле назваў гарадоў, адкуль яны паходзілі. Маю бабулю называлі “ды Варшэвэрн” (Варшавянка), цётку маю называлі “ды Лембергерн” (Львоўка), дзядзькаў звалі “Лейба Ваш” (Лейба з Вацу) і “Лев Пожнак” (Лев з Познані), адну цётку называлі “Бэйла ды Новардыкерын” (Бэйла з Наваградку), і ўвесь горад ведаў, да каго зьвяртаецца паводле гэтых імёнаў.

Праца
    Мая бабуля Гінда прывучала мяне да працы. Часам яна звала мяне ў сталовы пакой, дзе на стале стаяў самавар і шмат кубкаў для гарбаты, і загадвала мне пачысьціць іх. Я памятаю дагэтуль мяккі чысты ручнік, які мне вельмі падабаўся, і я з вялікім жаданьнем чысьціла ім кубкі, якія зьзялі вельмі прыгожа, і кожнаму, хто заходзіў у пакой, бабуля паказвала вынік маёй працы, а я атрымлівала шматлікія пацалункі, і прыгожыя падарункі, і ўхваленьні за маю пасьпяховую працу.

Палац
    Я памятаю палац, які называлі “Палац”, і які ў мінулую вайну спалілі расейцы. Да гэтага палацу, у якім жылі шмат хто з нашых сямей Пінс і Мінц, мы хадзілі кожны шабат, каб праведаць дзядзькаў і цётак. Вакол яго былі будынкі пабудаваныя накшталт замку. І раскошныя памяшканьні. Пасьля польскага паўстаньня палац перайшоў у рукі расейцаў, а потым перайшоў да прыватных асобаў.


Ружанскі палац, пач. ХХ ст.

Косава
    Я не забылася таксама і пра Косава, што знаходзіцца недалёка ад нашага гораду, і таксама раскошны дом з вялікім садам, які належыў нашаму дзяьдзку Іцхаку Пінсу. Адной ноччу я вярталася ад іх з маёй маці да дому, і ў тую ноч прыйшлі рабаўнікі, якія зьбіраліся забіць і абрабаваць дзядулю з бабуляй (потым каля іх ложку знайшлі нож), і толькі праз цуд яны ўратаваліся ад жудаснай сьмерці і пражылі яшчэ шмат год, шмат працуючы на карысьць жыхароў Косава і Ружанаў.

Як мне пракалолі вушы
    Я памятаю, як аднойчы мой дзядзька Лейба пасадзіў мяне на доўгі стол, што стаяў у сталовым пакоі, каб пракалоць мне вушы і павесіць на іх плацінавыя завушніцы з каштоўнымі каменьнямі, гэта быў падарунак, які я атрымала на народзіны, калі мне споўнілася 5 год.

Начны жах
    Той дзядзька любіў прывучаць нас, мяне і маю сястру, што старэйшая за мяне на паўтара гады, каб мы не баяліся выходзіць вонкі ноччу. І аднойчы ў якасьці выпрабаваньня нам трэба было цёмнай і змрочнай ноччу прыйсьці адным да яго дому, які стаяў насупраць нашага, што нам трэба было толькі перайсьці на другі бок шырокай вуліцы, і мы вытрымалі выпрабаваньне без страху і з мужнасьцю, што ў тыя дні мы лічылі геройствам.

Комментариев нет:

Отправить комментарий