27.09.2018

Магілёў 1822 - частка 1

Пачынаю публікаваць пераклад, які дагэтуль можна было прачытаць толькі ў папяровым зборніку.
Гаворка ідзе пра грунтоўнае і вельмі цікавае апісаньне горада невядомым падарожнікам з Галіцыі ў 1822 г. Апісаньне друкавалася на працягу трох нумароў "Разнастайнасьцей" (Rozmaitości), літаратурнага дадатку да польскамоўнага выданьня "Газэты Львоўскай" (Gazeta Lwowska) у 1824 г.
Тэкст узяты з артыкула "Заўвагі Галічаніна з падарожжа ў Літву і Беларусь, што адбылося летам 1822 г."
"Разнастайнасьці", № 15, 14 красавіка 1824 г.


    Магілёў, пад 53° 54‘ шырыні і 48° 4‘ 30” даўжыні; сталіца аднаймённай губерні, зьмяшчаецца на абодвух берагах Дняпра. Рэзыдэнцыя ваеннага і цывільнага губэрнатара і губэрнскіх уладаў, як таксама і каталіцкага арцыбіскупа і грэцкага арцыбіскупа, ці метрапаліта. Назва таго места паходзіць ад магіл, якіх шмат у той аколіцы. Таму па руску – Магілёў, ці места Могілёў. Пад расейскім панаваньнем гэтае места зрабілася значна прыгожым; а паколькі маё знаходжаньне тут было даўжэйшым, чым трэба, то спынімся на ім падрабязьней. Горад зьмяшчаецца над судаходнай ракой Дняпро, каля вусьця Дубравенкі, на правым беразе. Ад Шклова яго атачаюць раўніны, з поўдня і з усходу – Дняпро, а з захаду рачулка Дубравенка, невялікая, але шыбкая, а па-за ёй далейшы гарызонт хаваецца за ўзгоркамі і часткай лесу. Ляжыць на ўзгорку. Калісьці горад мусіў быць умацаваным, бо ён мае свае вялікаія і высокія валы з боку Дняпра, а з іншых бакоў малыя, амаль ужо зніклыя. Горад падзяляецца на 4 часткі. Першая складаецца з малага замку, аточанага земляным валам, у гарыстай мясцовасьці паміж Дняпром і Дубравенкай; другая частка ляжыць таксама на ўзгорку і аточаная насыпаным з зямлі валам, у ёй маецца 2 вуліцы і рынак, 3 царквы і ратуша, і яшчэ дыкастэрыя, дом губернатара і віцэ-губернатара, і вайсковая канцэлярыя, уласьцівасьць горада; трэцяя частка складаецца з трох прадмесьцяў, якія праз найвялікшую колькасьць насельніцтва становяцца на адзін ўзровень з цэлым горадам, яны аточаныя земляным валам, даўжыня якога расьцягваецца на тры вярсты. Адно называецца Лупутава, ляжыць за Дняпром, дзе калісь быў расейскі склад, і дзе стаяць яшчэ тыя самыя будынкі. Акрамя прадмесьцяў, ёсьць яшчэ паселішча ўздоўж нізкага берага Дняпра, якое называецца Пакроўскім, каля самай гары, на якой стаіць замак і крэпасьць. Другі вал за Дубравенкай, які ідзе вакол прадмесьцяў, мае можа 20 лакцёў вышыні, прасечаны брамамі, ад якіх разыходзяцца дарогі ў розныя напрамкі. Увесь дол па-за валам, што цягнецца аж да Дняпра, як і ўзгоркі з двух бакоў горада населеныя рознымі людзьмі і габрэямі, якія маюць 2 сінагогі. Днепр па вясьне можа заліваць усю прастору паміж узгоркамі, а дзе-недзе можа дайсьці і да паўмілі ў шырыню. Праз гэта дольняе прадмесьце штогод бывае залітае вадой, а людзі дабіраюцца да сваіх дамоў на чаўнах і вымушаныя жыць на стрэхах. На Дняпры тут ёсьць мост на сваях, зьбітых адна каля другой, па некалькі штук разам, а на іх пакладзены памост. Той мост пад едучым экіпажам прагінаецца, аж пакуль вада не праступае наверх, але ён вельмі добры. Аднак насупраць бернардынаў (хаця трохі далей маецца сталы мост) час ад часу людзей на другі бок перавозіць кабета, якая мае свой доўгі човен, у якім часта сядзяць разам 10 чалавек. Гледзячы на тое, як яна ўпраўляецца са стырном, можна падумаць, што яна нашчадак Харона. Ну другім баку Дняпра, за прадмесьцем Лупутава, каля 1500 крокаў ад берага, ёсьць мураваны млын велізарнага памеру, але часткова разубраны і спалены. Хаця ён і стаіць на ўзгорку, аднак з яго не адкрываецца прыгожай панарамы Магілёва, толькі абмежаваная, толькі трошкі паказваюцца самые правыя вежы і дахі, а правае прадмесьце зьнікае зусім.
    Горад налічвае 2109 дамоў і прыкладна 18000 сталага насельніцтва; а паколькі большая частка беларускай шляхты падчас зімы перасяляецца сюды, колькасьць насельніцтва ў тую пару бывае памножанай. У 1783 годзе мелася толькі 1778 хрысьціянскіх і 225 габрэйскіх сямей; у 1817 г. мелася 2000 дамоў і 12000 насельніцтва, а ў 1818 г. 13000 сталага насельніцтва. Шмат будынкаў пабудаваны з каменьня, але большасьць гладка пабудаваныя з дрэва у рознай архітэктуры (асноўнай зьяўляецца дарычная, дзе часта можна бачыць па 6 трыгліфаў) і размаляваныя цёмна – аліўкавым, белым і іншымі колерамі, з вокнамі і дзьвярмі заўсёды таго самага колеру. Усе будынкі прыгожыя і пакрытыя гонтам. Вуліцы шырокія і цалкам брукаваныя, хаця брук у Магілёве дарагі, бо брукаваньне вуліцы на 100 локцяў мае каштаваць 1000 рублёў асігнацыямі, з прычыны што камень, якога зусім няма з ваколіцах Магілёва, прывозяць з гор па Дняпру.


    Вуліца ад Шклова аж да рынку над Дняпром найгодная і доўгая, брукаваная і забудаваная прыгожымі прыватнымі і ўрадавымі будынкамі. Тут таксама жыве галоўнакамандуючы. Тут стаіць прыгожая грэка-расейская царква с. Ёзафа; насупраць якой ужо скончаны да муроў велізарных памераў будынак вайсковых практыкаваньняў, які называецца Manege; даўжынёў на 170 крокаў і шырынёў за 55 крокаў. Наверсе ад плацдармаў будзе мець жылыя памяшканьні, з тыльнага боку зямля ўнізе адкінутая, што дазваляе трапіць у ніжнія памяшканьні. Гмах будзе вялікі, хаця просты, але прыгожы. Кроквы на даху будуць з мачтавага дрэва, каб вытрымаць на сабе 96 пудоў жалезнай бляхі; то бок: прыкладна 3800 фунтаў. Дах мусіць быць пафарбаваным у белае. У Магілёве пражывае шмат мясцовых і чужаземцаў, што маюць свае хаты і крамы, цукерні, Marchandes de modes і г.д. На васьмікутным грамадскім рынку, аточаным мураванымі будынкамі, знаходзіцца ратуша з каменьня пабудаваная, двухпавярховая з высокай вежай, у тым самым будынку зьмяшчаюцца купецкія крамы, і там жа знаходзіцца будынак дыкастэрыі, насупраць таго досыць вялікага гмаху стаяць два іншых будынка, прадназначаных для пражываньня губернатараў. Другая вуліца ў паралель з галоўнай таксама прыгожая, на ёй стаіць паштовая кантора і дом для салдацкіх сірот, прыгожа і з размахам пабудаваны на імпэратарскі кошт.
    Цэркваў маецца шмат як у горадзе, так і на прадмесьцях. То бок: 20 цэркваў, грэцкіх і ўніяцкіх, сярод іх 10 драўляных, а астатнія мураваныя. Лацінскіх касьцёлаў толькі 4, то бок: катэдральны, кармеліцкі, бернардынскі і езуіцкі. Адна царква лютэранская, два грэцкіх манастыра. Шэсьць альбо сем царквей мураваных паводле пабудовы, здаецца, маглі быць калісьці лацінскімі, аднак пра гэта немагчыма казаць з упэўненасьцю. У цэрквах грэцка-расейскіх маюцца велізарныя званы, якіх добра чуваць з далячыні.


    Катэдральны касьцёл маленькі, мабыць найстарэйшы з тутэйшых храмаў, і перабудаваны раней за рускімі, і ўжо быў зруйнаваны французамі, а цяпер адрамантаваны, таму тым часам катэдра была перанесеная да кармелітаў. Базіліка, з усходу зьнешне мае карынфскі стыль, а далей тасканскі; непасуючая сумесь; пры ёй з бакоў маюцца прыдубовы, ператвораныя ў жылыя, дзе нават маецца шмат неахайнасьцей, выкарыстаньня дрэва і г.д. Касьцёл Кармелітаў (дзе зараз катэдра) досыць прасторны, прыгожы і вельмі сьветлы. Звонку іанічны, знутры composite і размаляваны alafresco; алтары без стылю, формы і кампазыцыі. Месцы канонікаў і сталец біскупа бедныя. Іконы пасрэдныя, аднак аздобленыя срэбнымі вотамі, сукенкамі і г.д. Алтара вялікага няма, пры гэтым у тым месцы катэдры алтар высунуты на сярэдзіну, а дараносіца зьмяшчаецца ў алтару з боку па правай руцэ. Касьцёл Бернардынаў таксама вялікі, але занядбаны, што бачна з усіх бакоў, аднолькава бедны знутры за выключэньнем {выявы} сьв. Антонія ў першым алтары, з асобнай галерэяй. Пры касьцёле Бернардынаў жывуць манахіні марыявіткі, якія не маюць уласнага касьцёла. Невядома, ці гэта заканамернасьць, бо я бачых іх і ў Оршы не маючых свайго касьцёла, што ўскладняе адукацыю паненак.


    Асабаліва тут уражвае вочы замежніка, што ксяндзы сьвецкія і законныя носяць на шыях хусткі і белыя каўнеры, як прафаны. Законьнік, напрыклад кармелітаў, не мае на галаве вянка, камізэлькі ці хусткі, праз рукавы бачная каляровая кашуля з перкалю; калі надзене сюртук, то відавочна ніхто не прызнае яго за сьвятара. У Вільні я бачыў аднаго падобнага каноніка, які ўзыйшоў на сваё месца ані разу не павярнуўшыся да алтара, але бесперапынна рабіў пантамімы элегантна пакручваючы акулярамі, што магло засмуціць нават прафана. Тут бачыў двух такіх падобных канонікаў, але ў адрозьненьні ад таго кармеліта гэтыя, здаецца, былі прафанамі.


    Калегіюм езуітаў быў заснаваны Аляксандрам Гасіеўскім, ваяводай смаленскім. Езуіцкі касьцёл маленькі і дастаткова бедны, знутры досыць добра размаляваны alfresco Карнэліям Янам Горскім у 1803-м годзе. Астатнія абразы, здаецца, былі нядаўна ўстаўленыя ў алтары, бо яны карацей за месца ў алтарах, але аркі майстэрскай працы, рамы каштоўнай разьбы з пазалотай. Пан Езус на крыжу, на левым баку ад уваходу, вельмі дасканалай разьбы, якую рэдка дзе можна ўбачыць. У астатнем аднак надта шмат прыгожай прастаты. Ківорый, амвон узорныя; першы ў дарычным стылі, як таксама і вялікі алтар, другі гладкі, толькі з лаўрамі і разэткамі, а наверша з арабескамі ў пазалоце, просты, але прыгожы. Вартых увагі абразоў 10, і яшчэ два ці тры ардынарных, ва ўсім касьцёле іх больш няма. Паміж першымі маюцца такія самыя 4, бо акрамя рам яны маюць можа толькі 12 – 24 цалі ў вышыню; такі голы касьцёл. Што да зьнешней прыгажосьці, то той касьцёл найаздоблены. На вежы пры касьцёле ёсьць гадзіньнік. Калегіюм у прапорцыі да касьцёла досыць вялікі.


    Пакуль набажэнства вядзе сьвецкі сьвятар; але кажуць, што тут будуць дамінікане. У гэтым месцы варта прывесьці колькі словаў пра езуітаў. (...).


!!! Працяг чытаем па спасылцы: Магілёў 1822 - частка 2 !!!

1 комментарий: