27.02.2018

Магілёў 1918 у польскай газэце

Новы, вельмі цікавы пераклад артыкула з польскай газэты 1918 года пра Магілёў і падзеі 1917-1918.

Хацеў прытрымаць яго да выставы "Невядомы Магілёў #1918", якая мае адбыцца напырканцы верасьня ў Музэі гісторыі Магілёва. Але вырайшыў такі апублікаваць яго ў яцасьці рэклямы : )

То запрашаю ўсіх, паглядзець на рэвалюцыйны Магілёў вачыма яго польскіх жыхароў.


Магілёў на Дняпры ў цяперашней вайне.

    Здаецца, што Гамлет узгадваючы пра рэчы, якія не сьніліся нашым філосафам, ня меў на ўвазе ані Брэст, у якім вырашаюцца сусьветныя справы, ані Магілёў на Дняпры, горад з некалькіх дзесяткаў тысяч людзей розных народнасьцей (палякаў, літвінаў, расейцаў, беларусінаў і габрэяў), які цяпер атрымаў неверагоднае значэньне ў гісторыі Расеі, а потым і цэлага сьвету, і да Польскай гісторыі дадаў яскравую старонку, часткова жудасную, часткова прыгожую.

    У гэтым горадзе амаль увесь час ваенных аперацый на усталяваным усходнім фронце цяперашней жахлівай вайны знаходзіўся цар Мікалай ІІ, і праз гэта той горад лічыцца сьмяротным ложам расейскага самадзяржаўя. Каб замест расейскіх палітычных дзеячаў і вярхоўных стратэгаў дэлегіраваць туды філасафаў і паэтаў, можа чалавецтва атрымала б больш трывалы матэрыял для скарбніцы досьведа нацый, што мае вобраз слабага сасуда, у які дэман гісторыі паклаў на доўгі век лёсы сотняў мільёнаў людзей, у тым ліку сотні тысяч добрых і злых, разумных і глупых. Тут насельніцтва цэлага горада назірала на працягу доўгіх месяцаў жыцьцё таго слабага, нікчэмных здольнасьцей чалавека, яго спакойнае сямейнае жыцьцё, яго штодзённыя шпацыры да царквы і паездкі на аўтамабілі, і магло задаць сабе пытаньне, дзеля чаго лёсы столькіх дзесяткаў народаў былі затаўканыя ў той слабы сасуд, у тую шэрую, слабага цялеснага і духоўнага здароўя сямью. 
    Калі адбыўся вялікі расейскі пераварот, калі было зламанае ярмо, то ў Магілёве адбылося абмеркаваньне, ці чакаць рашэньня наконт сваёй асобы, альбо апынуцца ў сталіцы, як некалі Напалеон вяртаючыся з Эльбы, каб зачараваньнем меркаванай велічы сьвятой улады ўратаваць тое, што было канчаткова разбурана; выбрана было апошняе. Паехаў, але не дабраўся да сталіцы; адрокся ў Пскове.
    Перад тым, як пакінуць Магілёў, небарака пайшоў да царквы і коратка разьвітаўся з людзьмі перад царквой, але ніхто яму не адказаў ані слова; адны праз пагарду, іншыя з недахопу разуменьня, а шмат хто праз тое, што не маглі з'арыентавацца, ці называць яго "Велічеством", ці неяк інакш, але як? - у тую секунду, і таму майчалі.

    І надыйшла новая кароткая эпоха, у якой месьцічы Магілёва захапляліся вялікім чалавекам таго часу, Керанскім, найвысокім саноўнікам без бліскучых гузікаў, які шмат разоў наведваў стаўку. Перад месьцічамі сьціплага горада прадэфіліравалі таксама ўсе галоўнакамандуючыя, сапраўдны калейдаскоп: Аляксееў, Брусілаў і той самы Керанскі, Карнілаў, Духонін і нарэшце багатыр бальшавікоў, новы правадыр мільёнаў, колішні дробны чыноўнік з Кароны Польскай, якому ліберальная Расея дала мянушку "таварыш Абрам", "вярхоўны кіраўнік" Крыленка, які казаў тагачаснаму камандуючаму, генэралу Духоніну, аддаць яму вярхоўнае кіраўніцтва войскам.
    Духонін з годнасьцю прапанаваў Крыленку прыехаць у Магілёў (як некалі спартанцы адказалі персам: "прыйдзіце і вазьміце").

    І вось 20-га лістапада 1917 Магілёў стаў сьведкам сымбалічнай трагедыі, пакутніцкай сьмерці апошняга прадстаўніка царскай арміі, а Крыленка меў магчымасьць (якую не скарыстаў) пераканацца ў сур'ёзнасьці сваёй новай улады: казаў Духоніну накіравацца ў Пецербург, запэўніў аб поўнай бяспецы, а як толькі генэрал сеў у вагон, яго атакавала чырвоная гвардыя тых самых бальшавікоў, забіла яго зьверскім чынам і выкінула з вагону з сігарай укладзенай у вусны, як сьведчаць нашыя ўцекачы.
    Польская абшчына ў Магілёве перажыла такі самы цяжкі боль. Душой усіх польскіх арганізацый там быў мясцовы пробашч, ксёндз Сьвятаполк-Мірскі, якому удзячныя сваім існаваньнем: польская школа, швачная мануфактура, кнігарня з бібліятэкай і сталовая, а перад усім таварыства хрысьціянскіх працоўных, антытэза бальшавізму.
    За гэта таксама мясцовы бальшавізм, роўна як і расейскі, і польскі з нейкім панам Трэвіцкім на чале, лічылі ксёндза Мірскага за самага вялікага ворага. Таксама не доўга было чакаць да арышту гэтага мужнага філантропа. Яго заключэньне было строгім, нікому не дазвалялася наведваць вязьня, пакуль нарэшце не надышоў дзень суда. Калі ж у судовай залі ў той дзень (27-га лютага) сабраўся народ, нехта з натоўпу выказаў абурэньне. Гэта вымусіла бальшавісцкую ахову выхапіць рэвальверы і адразу пачаць страялць па людзям. Шмат было паранена, адна (пані Якубоўская) памерла ад ран. Па знаку падсуднага народ паклаўся на зямлю.
    Залу бальшавікі замкнулі і выпусьцілі народ толькі пасьля строгай праверкі дакументаў кожнага. Суд быў адкладзены, але ў хуткім часе вязьня зноўку прывезьлі, асудзілі без сьведкаў і адвезьлі да так званага Лупалава пад горадам дзеля выкананьня сьмяротнага выраку.
    Паводле апавяданьня шафёра, які прывозіў ахову з падсудным, той папрасіў, каб вырак быў выкананы не хрысьціянінам, і тады габрэй, нейкі Аронаў, адказаў па расейску, што будзе мець за гонар пазбавіць яго жыцьця, і забіў няшчаснага стрэлам з рэвальвера ў вока. Іншыя распавядалі, што яго катавалі акрамя габрэя яшчэ адзін расеец і адзін паляк. Такім самым чынам быў выкананы сьмяротны вырак таксама двум міліцыянтам, якія ў судзе спрабавалі перашкодзіць бальшавікам страляць ў людзей.
    Калі б яны не пасьпяшаліся, той мужны, ўсяго толькі нейкіх 40 год узросту, філантроп выжыў бы, бо ўжо 3-га сакавіка бальшавікі ўцеклі, а 10-га сакавіка прыйшлі легіёны польскія.
    І тады Магілёў cтаў адзінай на зямным шары з часоў падзелу пляцоўкай ваеннай польскай адміністрацыі. У прыгожых мундзірах прыбывалі атрады, граючы мазурку Даброўскага, ураджэнца горада, агалошвалі распараджэньні, якія падпісвалі начальнік войска Канарэўскі і камендант Панятоўскі.
    Кс. Мірскі меў у польскай абшчыне асабістых паплечнікаў, на чале якіх сталі п. Галеро, пані Гвэркін, пані Маркоўская і шмат іншых.

    О, дзіўны лёс! На браме былой стаўкі Мікалая ІІ апынуліся два вялікіх польскіх арла. І яны трымаліся там каля трох месяцаў, пакуль улада не была перададзеная ў рукі нямецкіх войск.

                J.P.

Tygodnik Illustrowany Nr. 31-32. 10.08.1918

1 комментарий: