Успаміны палоннага немца Вільлі Станіка пра жыцьцё ў магілёўскіх лагерах пасьля вайны.
Шмат хто памятае мемуары вязьня магілёўскіх лагераў Г. Грывэля.
І вось нядаўна ўсплыла іншая мала вядомая кніга мемуараў іншага палоннага немца, які таксама прайшоў праз сістэму Магілёўскіх лагераў.
Паколькі друкаваць гэтыя ўспаміны ніхто не будзе, то буду перакладаць наўпрост у сеціва. Няхай памяць пра тыя падзеі будзе агульнадаступнай!
Вільлі Станік, Выжываць па-за калючым дротам 1944-49.
"Памяці маіх таварышаў, што назаўсёды засталіся ў невядомых магілах у Расеі."
АГЛАЎЛЕНЬНЕ
Прадмова
На фронце ў Балтыцы
Захоп у палон
Марш да часовага лагеру Дынабург (Даўгаўпілс)
Часовы лагер Дынабург
Перавод з Дынабургу ў Магілёў/Беларусь
Атрад будоўлі дняпроўскага маста
Зіма 1944/45 у лагеры Магілёў-311
“Чалавек - бесчалавечны”
Каляды 1944
1945
Лясны атрад
Шпіталь ваеннапалонных Халмы
Лагер 311/ІІ, “Шоўкавая фабрыка”
Штрафны атрад у лагеры 311/ІІ
Атрад перагрузкі дрэва, Станцыя XV
1948
Ваенны калгас
1949
Лагер 7/7168 - Менск, “Гмах”
Лагер 14/7168 “Трактарны завод”
Лагер 11/7168 “Аўтамабільны завод”
“Ён сапраўды паўстаў”
Вяртаньне да дому
У якасьці пасьляслоўя
Пра асобу аўтара
Дадаткі
1 - Мапа з месцамі падзей
2 - Паведамленьне пра зьніклага бяз зьвестак
3 - Заклік “Нацыянальнага камітэта Вольнай Нямеччыны” да баявых войскаў
4 - Гарадскі палн Магілёва
5 - Ліст ваеннапалоннага “Паштоўка Чырвонага Крыжа”
6 - D2 - пасьведчаньне аб вызваленьні
7 - Саюз вяртанцаў
8 - Віза Беларускага консульства дзеля наведваньня Магілёва ў 1994
9 - Бой за Магілёў у 1941
Прадмова
Як бачна з пасьведчаньня D2 (пасьведчаньне аб вызваленьні з ваеннага палону), медыцынскі дыягназ гучаў “хранічны ацёк - Temp Unfit”, то бок непрацаздольны. У першую палову года майго акрыяньня праз частыя кашмары я спрабаваў сьпісаць з душы гэты час пакутаў. У гэтыя дні і тыдні, неўзабаве пасьля вяртаньня да дому, тыя жудасныя гады былі яшчэ сьвежыя ў памяці ад першага да апошняга дню. Таму зразумела, што сёньня я магу паведаміць пра гэткія дэталі як імёны, даты і г.д., якія я браў з напісанага у той час рукапісу. Пасьля майго акрыяньня для мяне пачалася “барацьба на свабодзе”, каб нагнаць страчаныя гады, каб час гэткім чынам быў цалкам напоўнены.
Чытач непазбежна спытаецца: “чаму зараз, праз 48 год пасьля вяртаньня, гэтая справаздача?” Мой адказ:
Дзьве падзеі падштурхнулі мяне выканаць абяцаньне, якое я калісьці даў сам сабе - задакументаваць гэтыя гады.
У красавіку 1994 я атрымаў магчымасьць зноўку наведаць мясьціны маіх страчаных юнацкіх год у межах дастаўкі гуманітарнай дапамогі ахвярам Чарнобыля. Пра гэта я распавёў у пасьляслоўі. Калі мы ехалі праз лясы і палі пазначаныя шыльдамі на мясцовай мове: “Радыяктыўнае выпраменьне! Забаронена харчаваньне пладамі з гэтай зоны, і таксама вырубка і выкарыстаньне дрэва”, то мясьціны накшталт Менск, Магілёў, Стары Быхаў цалкам выклікалі ў маёй памяці гады паміж 1944 і 1949.
Трошкі больш за два гады як я жыву ў былым ГДР, дзе тэма “савецкага ваеннага палону” для былых савецкіх саюзьнкаў была абсалютным табу. Яны меркавалі, што тагачасныя кіраўнікі з Крамля дазволілі міласэрнасьці пераважыць справядлівасьць і адправілі “ваенных злачынцаў” і “людзей без твару” да дому ў якасьці спазьнелых вяртанцаў. Сёньня, у 1997, расейская юстыцыя ўжо рэабілітавала калісьці абвінавачаных як “ваенных злачынцаў” салдат. У размовах з былымі афіцэрамі ННА /*Нацыянальная Народная Армія ГДР*/ колішнія ўдзельнікі “Камітэта Вольнай Нямеччыны” і потым “Антыфашысцкага Камітэта” дагэтуль узгадваюцца ў зьзяні славы. Нават сёньня яшчэ пануюць часта памылковыя ўяўленьні пра жыцьцё ў былым Савецкім Саюзе.
Я спадзяюся, што мае апісаньні, у тым ліку і апісаньні “учынкаў” асуджаных Савецкім Саюзам як “ваенных злачынцаў” таварышаў, пакажуць, што ў іх выпадку гаворка йдзе не пра злачынцаў, але пра верных вайсковаму абавязку салдатаў, якіх Сталін выкарыстоўваў проста як працоўныя сілы, а дакладней як рабоў. Нават тагачасны Прэзідэнт ЗША Эйзенхаўэр сказаў Адэнаўэру 23.6.1951, што “нямецкі салдат ані падчас, ані пасьля вайны не страціў свой гонар”. У 1957 савецкі маршал Жукаў выказаў меркаваньне, што яны “у якасьці нямецкіх салдат ведалі свае вайсковыя абавязкі ў баях і на службе”.
Наступныя запісы не пасуюць ані людзям з далікатнай душой, ані ў якасьці чытва перад сном. Некаторыя моманты магчыма будуць гучаць неверагодна. Я цалкам разумею, што чалавеку звонку можа не хапіць фантазіі, каб уявіць рэчаіснасьць, жыцьцё і выжываньне за савецкім калючым дротам. Я стараўся апісаць гэтыя жудасныя гады максімальна без эмоцый і факталагічна, з улікам колькасьці мінулых год. Я ведаю таксама, што некаторыя ваеннапалонныя перажылі гэты час зусім інакш, бо ўмовы ў асобных лагерах на прасторы вялікага тагачаснага Савецкага Саюзу былі надта розныя, “Расея вялікая - цар (Масква) далёка”.
Маё апісаньне год праведеных за калючым дротам зьяўляецца аўтэнтычнай справаздачай, якая была занатаваная з сьвежай памяці, неўзабаве пасьля вызваленьня з “Раю”. Усе імёны сапраўдныя. У некаторых я з зразумелых прычын пакінуў толькі ініцыялы прозвішч, мне ж яны канечне вядомыя ў позным фармаце.
У некаторых фрагментах я карыстаўся “жаргонам пленных”, “нямецка-расейскім піджынам”, які з цягам часу выпрацаваўся сярод нас, палонных. Верагодна гэта дапаможа лепш адчуць тыя сітуацыі. Расейскі тэкст, дзеля лепшага разуменьня, прыведзены не кірылічнымі літарамі, а ў транслітарацыі.
Пасьля прачытаньня апошніх радкоў маіх запісаў чытач не зьдзівіцца, што я пасьля ўсяго, што было перажыта і адбывалася, маю назаўжды агіду адносна ўсяго, што мае сувязь з гэтай чалавеказьневажальнай камуністычнай сістэмай, неважна дзе і ў якім выглядзе, бо
Я хачу назаўсёды ўцекчы з пекла.
Гота (Gotha), сьнежань 1997 Вільлі Станік
Ліпень 1944 - верасень 1949
Рэтраспектыўныя, дзёньнікападобныя запісы, неўзабаве пасьля майго вяртаньня з ваеннага палону да дому.
НА ФРОНЦЕ Ў БАЛТЫЦЫ
7-е ліпеня 1944
Пасьля сканчэньня Школы кандыдатаў у афіцэры ў Гогэнзальца /*Hohensalza*/ і кароткіх вакацый дома я еду разам з маім таварышам фанэн-юнкерам Рольфам /*Rolf*/ да франтавой пазіцыі Вірбален /*Wirballen*/. Тут, на нямецка-літоўскай (тады савецкай) памежнай станцыі нас забясьпечылі баявымі патронамі і загадам рушыць да зборнага пунтку 252-й Грэнадырскай дывізіі /*252. Grenadier-division*/, праз Коўна да Укмерге (Вількаміру) /*Ukmerge (Wilkomir)*/. Па прыбыцьці з Коўна - паветраная трывога.У Коўна ўжо расфарміруюцца салдацкія інтэрнаты. Усе запасы чырвонага віна, піва, цыгарэт, шакаладу раздаюцца салдатам. Праз горад рушаць калоны параненых. Пасьля таго як Цэнтр кіраваньня фронтам /*Frontleitstelle*/ вызначыў нам зборную пляцоўку нашай дывізыі, мы рушым на грузавіках далей ва ўсходнім напрамку. Укмерке быў ужо вызвалены ад нямецкіх салдат. Удалячыні чуваць гарматны гром. Калі мы прыбылі ў штаб 7-га пехотнага палку /*7. Infanterie-regiment*/, адзін маёр распавёў нам пра актуальнае становішча. Полк атрымаў цяжкія страты і рады любым рэзервам у сваіх шэрагах. Я быў накіраваны ў якасьці камандзіра ўзводу /*Zugtruppführer*/ у рэзервны батальён, які складаўся пераважна з Эльзас-Латарынгцаў. Пасьля вітаньня кандыдатаў у афіцэры батальённым камандзірам, былі занятыя новыя пазіцыі. Баявая пазіцыя ўзводу зьмяшчалася на ўзгорку, гэта былі могілкі з трымя здалёк бачнымі крыжамі, квазі Галгофа. Мы акапаліся. Пасьля гранатамётнага абстрэлу мы атрымалі першыя страты: камандзір узводу - прастрэл рукі, кулямётчык - паранены. Узгорак выглядаў спустошана. Крыжы раструшчаныя, ніякага камандзіра ўзводу, ніякага намесьніка. Я зьвязаўся з суседняй групай. У адным з стралковых гнёздаў сядзеў на картках малады эльзасец, які выў ад жаху як пабіты сабака. Наш камандзір роты, лейтэнант Людвігер /*Ludwiger*/, хацеў трапіць да баявой пазіцыі ўзводу. Падчас пераходу лагчыны ён быў зьняты снайперам: куля ў галаву - труп! Я сышоў з пазіцыі, каб паглядзець, хто яшчэ выжыў з узводу. Ноччу, каля 22:30, прыйшоў загад адступаць.
Наступным днём, адкамандзіраваныя да 9-й роты, мы занялі новую пазіцыю. Пасьля таго як вораг атакаваў пераважнымі сіламі, выйшаў загад на адыход. Падчас контратакі я атрымаў кулямёт. Іваны стралялі разрыўнымі кулямі, сярод дрэваў гэта гучала жудасна. Пасьля палудню паводле загаду батальёна я атрымаў пад сваё начала 1-ю групу 9-й роты. Гэтая група складалася з вопытных байцоў, усе старэйшыя- і штабс-ефрэйтары адзначаныя нагруднымі знакамі за бліжні бой і жалезнымі крыжамі. Я ў свае 19 год быў самы малады. Рота замацавалася на пакрытым лесам узвышшы. Раптам распачаўся гранатамётны абстрэл, потым падключыліся “сталінскія арганы” /*кацюшы*/. Аскепкі гранат, што ўзрываліся ў кронах дрэваў, сьвісьцелі ў нас над вушамі. Мой снайпер і санітар былі параненыя. Ноччу, каля 23 гадзін, прагучаў загад адступаць. Наш узвод быў у ар’ергардзе. Праз гадзіну пасьля таго як асноўныя часткі адступілі, мы таксама пакінулі пазіцыю. Пэўны час мы рушылі ў цемры шчыльна побач з рускай групай, чаго не заўважылі ані яны, ані мы.
Ранкам мы зноўку прыбылі ў роту. Мы акапаліся, можна было дзеля разнастайнасьці адпачыць. На пярэдняй лініі бою стаялі закінутыя падвор’і. Разам з закапаным салам мы знайшлі таксама бочку клубнічнага віна. Такім чынам фізіялагічны дабрабыт быў забясьпечаны. Праз тры дні прыбыў новы камандзір роты, лейтэнант Бівальд /*Biewald*/. Пасьля далейшых абарончых баёў з вялікімі стратамі, ноччу пачалося чарговае адступленьне. Падчас яго я сустрэў майго таварыша фанэн-юнкера Рольфа, які таксама быў прызначаны камандзірам групы. Каля раўніннай ракі за могілкамі мы занялі пазіцыю на пярэднім пахіле. Вораг атакаваў пераважнымі сіламі. Куды ні зірні, паўсюль масы гэтых людзей у жоўта-карычневай форме. Нас наадварот было зусім няшмат, кожныя 20-30 метраў страковае гняздо з дзвума людзьмі. Без артпадрыхтоўкі рускія атакавалі суседнюю роту вялікім натоўпам. Зноўку прыйшоў загад адступаць. Кулямётчык 1 - стрэл у галаву, цяжка паранены. Кулямётчык 2 - загінуў. Лейтэнант Бівальд, малодшы афіцэр Эндэ /*Ende*/, малодшы афіцэр Макс /*Max*/, Генрых Кляйн /*Heinrich Klein*/ (мы “неразлучныя”) прыкрывалі адыход. Рота панесла цяжкія страты, толькі ў маёй групе чатыры чалавекі. Тут я хачу апусьціць іншыя дэталі. Праз пераважныя сілы праціўніка пасьля кожнага кароткага абмену агнём, зноўку гучала: “адступаць!” Рота цяпер складалася толькі з максімум 30 чалавек. Мяне пырвставілі да Жалезнага крыжу ІІ ступені. Тады, як зусім малады фанэн-юнкер я канечне ганарыўся гэтым. У верасьні 1944 гэтую адзнаку разам з паведамленьнем аб страце бяз зьвестак уручыі маім бацькам у Нойштадце, Верхняя Сілезія /*Neustadt, Oberschlesien*/.
ЗАХОП У ПАЛОН
22-е ліпеня 1944
11:00 - рэшткі роты, якія сабраліся на лясной паляне перад адступленьнем, атрымалі ад сваёй уласнай артылерыі 2 прамых трапленьня. Да гэтага трэба яшчэ ўзгадаць, што мы амаль усю першую палову дню назіралі, як рускія рушылі зьлева і справа ад нас. Батальённы сьвязны верагодна больш не мог усталяваць з намі кантакт, каб перадаць загад на адступленьне. Пазьней мы даведаліся ад сяброў, што батальённая баявыя пазіцыя таксама была адрэзаная з флангу, таму і не магло быць больш ніякіх загадаў. З усіх бакоў паляны рускія кінуліся на нас з бязладнымі стрэламі і крыкамі “Ура”. Мы сядзелі ў пастцы, панаваў поўны хаос, кожны спрабаваў уратавацца. У мяне атрымалася яшчэ падхапіць майго цяжка параненага намесьніка камандзіра групы, штабнога ефрэйтара, і пешым крокам сыйсьці ў бок. Наўпрост за намі стралялі рускія. Мы дабраліся да падворку. Майго параненага штабнога ефрэйтара я пасадзіў на каня, які галопам паскакаў адтуль. Мяне па пятах перасьледвалі рускія з залпамі пісталетаў-кулямётаў і вінтовак, якія ўвесь час крычалі: “Kamerad stoi”! Наўкол мяне ўздымаліся маленькія аблокі пылу, якія ўздымалі кулі вінтовак. Сапраўдны цуд, што ніводная з іх не трапіла ў мяне! Я бег адзін на ўзгорак, рускія максімум у 30 кроках за мной. Каб беглася лягчэй я скінуў усе свае рэчы акрамя пісталета-кулямёту. Нарэшце я ўзабраўся на ўзгорак, кінуўся ў кусты і гэткім чынам пазбавіўся перасьледу. Зноўку ўратаваўся!
Трошкі пазьней я зноўку знайшоў майго параненага штабнога ефрэйтара з канём. Ефрэйтар быў паранены ў таз стрэлам і быў вельмі стомлены. Акрамя таго я сустрэў яшчэ майго старшага ефрэйтара, непараненага як і я сам, і таксама дагэтуль невядомага ефрэйтара з стрэлам у голені. Цяпер мы ўчацьвярох, штабны ефрэйтар на кані, спрабавалі выйсьці да нашага атраду.
20:00 - у аным падворку літоўскіх цывільных наш цяжка паранены быў перавязаны. Пры гэтым вы заўважылі, што якрамя раны ў тазу ён атрымаў таксама стрэл у голень. Ветлівыя літоўцы падсілкавалі нас малаком і хлебам.
21:00 - у адной хаце каля шашы мы спыталіся ў аднаго старога наконт нямецкіх і рускіх атрадаў. Мы даведаліся, што апошнія немцы праходзілі тут прыкладна 1,5 гадзіны таму. Рускіх пакуль яшчэ не бачылі. Нямецкі фронт павінен быў знаходзіцца каля мястэчка прыкладна ў 5 км. Пра гэта казалі пэўныя знакі. Пазьней я даведаўся, што гэта была вёска Пуня /*Puniai*/ ў 40 км на ўсход ад Поневежу /*Ponewesch*/.
23:00 - калі мы йшлі далей, раптам з кустоў выскачыў моцны вывед. атрад рускіх. Бязладныя стрэлы з абодвух бакоў. Але напалову поўны магазін майго пісталета-кулямёту надта хутка спусьцеў. Да нашай бяды цяпер яшчэ і нямецкія кулямёты адчынілі агонь па нам, хутчэй за ўсё яны ня ведалі, што тут адбываецца. Як толькі я хацеў схавацца ад нямецкіх кулямётаў, два рускіх схапілі мяне і пацягнулі мяне ва ўкрыцьце ў прыдарожную канаву, але ў адваротны бок. Я трапіў у палон наўпрост перад сваімі пазіцыямі!
Гэта была сьціслая справаздача пра апошнія дні і гадзіны перад маім “woina-plenni” часам.
Мы зрабілі прыпынак ў хляву на поле. Рускія абшукалі мяне і лёгка параненага ефрэйтара. Лёс астатніх двух таварышаў мне невядомы. Верагодна, яны загінулі ў перастрэлцы. Усё, што я яшчэ меў пры сабе, акрамя вопраткі, было забранае. У цемры ў мяне пакуль што атрымалася схаваць гадзіньнік, кальцо-пячатку, падарунак маёй сястры Евы, і грабянец. Для параненага ў бліжнім баі рускага хутка пабудавалі насілкі, і мы рушылі ў цемру насустрач невядомаму лёсу.
23-е ліпеня
Нас прывялі ў штаб, дзе пьяныя афіцэры і габрэй салдат абзывалі нас “фрыцамі” і “фашыстамі”. Зноўку і зноўку нам крычалі: “Chitler kaput - Woina skora kaput”! Толькі тут мы даведаліся пра замах на Адольфа Гітлера (20.7). Прыбыў грузавік з жанчынамі салдаткамі. Тут зноўку пачалася лаянка, “фашысты” і г.д. У нас увесь час пыталіся, ці не належым мы да СС альбо зьяўляемся афіцэрамі.
24-е ліпеня
Мы рушылі далей, цяпер у штаб дывізіі, дзе ўжо знаходзіліся 20 іншых таварышаў запертыя ў хляву. Нас дапытаў габрэй афіцэр, які добра валодаў нямецкай. Гэтая анкета з прыкладна 50 пытаньняў будзе перад усім яшчэ граць ролю ў 1949 годзе ў штрафным лагеры ў Менску. Пехатой, а нашы ахоўнікі побач на конях, мы рушылі цяпер да вёскі ў прыкладна 5 кіламетрах, дзе дзе ўжо знаходзілася прыкладна 50 новых сяброў па няшчасьцю, таксама запертых у хляву. Паколькі ўвесь час у нас не было чаго піць, мы пакутвалі ад смагі асабліва пад гарачай ліпенскай сьпёкай.
25-е ліпеня
Мы пайшлі маршам. Дзённы адрэзак павінен быў складаць 30 км. Але гэта былі рускія гумовыя кіламетры. Куды мы йшлі? Верагодна ў нейкі зборны лагер. Пасьля заходу сонца мы разьмясьціліся на начлег у стайні. Увесь час нас строга папярэджвалі: “за кожную спробу ўцёкаў будуць расстраляныя 10 таварышаў”! Нажаль мы таксама цалкам верылі гэтаму сур’ёзнаму папярэджаньню. На наступны дзень мы ўпершыню атрымалі нешта паесьці. Жменя “Sucharik”-аў (цьвёрды як косткі сухі хлеб) і брудна шэры бульён, дзе сярод муці плавала пярлоўка, быў пасьля чатырох дзён нашай першай стравай палону.


Комментариев нет:
Отправить комментарий