28.05.2020

Цмокі з "Касмаграфіі" 1545

Не зусім пра Магілёў, але проста цікавы пераклад.
Апісаньне натуральных цмокаў у энцыклапедыі 1545 г. - "Касмаграфіі" Себасьцяна Мюнстэра.
Дарэчы, наш сегалаўскі цмок з ропісаў Халоднай сінагогі 1740 г. вельмі падобны на свайго мюнстарскага продка з 16ст. ;)


Касмаграфія, альбо апісаньне Зямлі
Себасьцяна Мюнстэра
(1545 г., Базэль)
Кніга Пятая 
ст. 1249-1250

Пра цмокаў

    Таксама і ў гэтым краі, як і ў зямлі маўраў, можна знайсьці цмокаў; і гэта вялікія зьмеі, якія маюць вострыя і розна нахіленыя зубы, нібыта ў добра і якасна завостранай пілы. Аднак яны больш моцныя сваім хвастом, чым зубамі, і таксама маюць не столькі шмат атруты як іншыя зьмеі. Калі яны сьціскаюць кагосьці сваім хвастом, то забіваюць яго, і для іх нават слон не дастаткова моцны, пры тым які ён вялікі. Бо яны хаваюцца і кладуцца каля дарог, дзе звычайна ходзюць сланы, і чакаюць на яго, зьвязваюць яму хвастамі ногі, што ён больш не можа йсьці, і душаць яго.

    Ён мае атруту ў языку і ў жоўці, і больш ані ў якой частцы цела, пагэтаму маўры ядуць мяса цмокаў акрамя языкоў. Пліній таксама піша, што атрута ў іх языках такая моцная, што язык увесь час тырчыць вонкі, і паветра трошкі распаляецца ад гарачай атруты, што людзі мяркуюць нібыта цмок плюецца агнём. Таксама часам здараецца, калі цмок сьвісьціць, ён выпускае пры гэтым атрутную пару, ад якой забруджваецца паветра, і гэта прыводзіць да заразнай хваробы. Пліній піша далей, што у зямлі Маўраў сустракаюцца цмокі, якія ў даўжыню маюць 20 локцяў, і там 14 ці 15 зь іх зьбіраюцца разам і плаваюць з паднятымі галовамі па балотам і іншым вадаёмам, каб знайсьці сабе харчаваньне. Яны маюць вечную вайну з сланамі, бо цмокі зьвязваюць слану яго ногі хвастом, як было сказана, што слон падае, а слон наступае на цмока, ці кідае яго сваім хобатам, што той памірае. Бо ён настолькі моцны сваім хобатам, што ён з яго дапамогай можа выдраць дрэва з каранямі. І калі ён гэтак робіць, ён устае на свае заднія ногі, асабліва калі ён бачыць цмока, свайго сьямротнага ворага, сідзячым на дрэве, то ён прыкладвае да дрэва ўсю сваю моц, каб зкінуць цмока разам з дрэвам, і калі цмок гэта ўбачыць, ён скочыць на слана з намерам укусіць яго за нос і выдрапаць яму вочы. Таксама часам ён скочыць яму на сьпіну, кусае яго і смокчыць кроў, пакуль той нарэшце не стане настолькі слабым, што вымушаны паваліцца, і калі ён падае, забівае слон цмока, які сядзіць на ім, і забіваюць адзін аднаго, тобок паміраюць абодва. Тое, аднак, што цмок такім чынам вельмі прагны да слановай крыві, не мае ніякай іншай прычыны, акрамя таго што гэтая кроў халодная, і цмок мяркуе асцьюдзіць сваю гарачыню з яе дапамогай. Ён шмат жыве ў балотах і рэках, аднак больш за ўсё ён знаходзіцца ў пячорах і норах, і сьпіць вельмі рэдка, але прыслухоўваецца да птушак і жывёл, каб іх праглынуць. Ён мае настолькі востры зрок, што ён кладзецца на гару, і з далячыні можа разглядзець сваю здабычу. Акрамя таго ў Індыі сустракаюцца пітоны, якія маюць 9 лакцёў у даўжыню, і вялікія крылатыя скарпіёны, яны, аднак, зусім не шкодныя і не прыставучыя да чалавека, як іншыя маленькія зьмейкі, якія ў даўжыню не больш за трэску, і якія знаходзюцца ў хатах, у посудзе і ў плотах і кусаюць неахайных людзей, а як толькі чалавек паранены імі, то ўся кроў з яго цела выцякае з усіх дзірак, і ён хутка памірае, калі за адну гадзіну яму не дапамогуць лекамі. Таксама сустракаюцца ў некаторых мясьцінах зьмеі ў 2 локці даўжынёй, якія маюць крылы як у начных кажаноў, і яны звычайна лётаюць ноччу і кожны раз выпускаюць кропелькі мачы, а хто дакранецца да гэтых кропель, той робіцца забыўчывым і аблезлым.

А вось і "магілёўскі" цмок намаляваны Хаімам Сегалем на купале Халоднай сінагогі ў 1740г. пад выявай горалда Вормса.

Комментариев нет:

Отправить комментарий