12.08.2014

Габрэйскі пралетарыят у Магілёве - частка 1

    "Адносна становішча габрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры"
Артыкул надрукаваны ў 1902 у 33м і 34м нумарах газэты "Die Welt" (Сьвет), цэнтральнай газэты сіянісцкага руху (друкавалася ў Базэле).

Артыкул зьяўляецца вытрымкай з доктарскай дысертацыі студэнткі з Фрайбурга (Нямеччына), Сары Рабіновіч.
Першая частка пераклада: Уводзіны. – Першае уражаньне. – Яўрэі гарадской перыферыі. – “Прадпрыемчы пралетарыят”.

„Die Welt“
 
Nr. 33, 15.08.1902
“Сьвет“
Цэнтральны рупар сіянісцкага руху


Адносна становішча яўрэйскага пралетарыяту ў Магілёве на Дняпры.

Сара Рабіновіч (Фрайбург у.Б.)
Гэтая праца зьяўляецца вытрымкай з доктарскай дысертацыі, якая ў бліжэйшыя месяцы зьявіцца ў “Народнагаспадарчых навучных працах бадэнскіх інстытутаў” у выдавецтве Брауна ў Карлсруэ. Аўтар бачыць сябе абавязанай зрабіць гэтую вытрымку, што грунтуецца на асабістых назіраньнях, даступнай таксама больш шырокім колам, таму яна склала яе адмыслова для газэты “Сьвет”.

    У цэнтры індыстрыяльна беднай часткі Беларуі, у баку ад усіх чыгуначных шляхоў знаходзіцца губернскі горад, у якім асабліва яскрава і ясна працякае сваеасаблівае жыцьцё руска-яўрэйскага пралетарыяту. Гэты горад завецца Магілёў на Дняпры.

    Той, хто ўпершыню трапляе на параходзе ў Магілёў з заходняй эўропы, на прычале не заўважае звычайна нічога надта асаблівага, акрамя людскога натоўпу, які верагодна можна параўнаць толькі з натоўпам на скрыжаваньні буйных эўрапейскіх транспартных шляхоў. Нешматлікія добраапранутыя пасажыры, што сыходзяць з параходу, літаральна падвяргаюцца людскому штурму, 5-10 яўрэйскіх насільшчыкаў прапаноўваюць сябе кожнаму, каб паднесьці яго багаж да брычкі; фурманы палка спрачаюцца за гонар, прывезьці яго ў горад, каробачніцы, таксама яўрэйскага паходжаньня, хрыплым голасам агалошваюць свае тавары: булкі, пірагі, каўбасу, садавіну сумнеўнай чысьціні і проста страшэннай таннасьці.
    На бліжэйшых да прычала вуліцах заўважае ўзброены дарам назіраньня чужынец аналягічны неспакойны, снуючы рух: ён заўважае несуразьмерна вялікую колькасьць маленьніх, яўрэйскіх крам, і зноўку і зноўку яўрэйскіх насільшчыкаў, рамізьнікаў і каробачніц, якія прапануюць амаль умольным голасам свае паслугі. Аднак, калі чалавек трапляе ў цэнтр горада, карціна цалкам мяняецца.
    Спакой, цішыня пануе там, як ні ў якім іншым горадзе з падобнай колькасьцю жыхароў (Магілёў налічвае 46 918 чалавек насельніцтва). Нідзе не пачуць грукату экіпажа; амаль сонным, зусім без аніякай сьпешкі здаецца тут кожны пешаход. Калі зьдзіўлены чужынец зьвернецца да статыстыкі, каб неяк пратлумачыць сабе гэткі кантраст, то ён даведаецца, што Магілёў налічвае 216 фабрык і майстэрняў, якія ўсе разам з 606 працоўнымі і 614 532 рублямі капіталу займаюцца вытворчасьцю амаль толькі для мясцовага збыту; што такім чынам высьвятляе галечу адных і відавочную бесклапотнасьць іншых слаёў насельніцтва зусім не як арганічнае цэлае сьветлага і цёмнага бакоў высокаразьвітай індустрыі.
    Прычына гэткай сваеасаблівасьці робіцца зразумелай толькі таму, хто прыклаў намаганьні накіравацца ў перыферыйныя, населеныя амаль выключна яўрэямі кварталы горада, каб атрымаць нейкае ўяўленьне пра іх становішча. Яўрэі, якія налічваюць 12,4 адсотка насельніцтва Магілёўскай губэрні (Лічбы для горада Магілёва нажаль не магчыма было вызначыць.), насяляюць у Магілёве пераважна гэтыя кварталы.

    Паміж брудных, небрукаваных вуліц, на якіх нават пры сонечным надвор’і ногі патанаюць у гноевай вадкасьці, хаатычна ляжаць маленькія, старыя, напаўспустошаныя драўляныя хаткі з нізкімі вакенцамі і разбітымі комінамі. У гэтых хатках пануе голад, мароз, масавая сьмяротнасьць дзяцей і амаль безнадзейная залежнасьць ад ліхвярства дарослых. Дзень за днём гэтым пралетарыям пагражае небясьпека, страціць нават тыя нікчэмныя магчымасьці заробку, праз якія яны ніяк не могуць забясьпечыць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх сямей.
    Адсюль і гэты неспакойнае, спалоханае снаваньне, якое накладае тут свой адбітак на усё эканамічнае жыцьцё, падштурхнутыя няспыннай небясьпекай памерці з голаду сотні кідаюцца да тых крыніц заробку, якія іх могуць абараніць іх толькі ад галоднай сьмерці, і гэтая небясьпека – а зусім не эканамічны прынцып як мага найменшых выдаткаў пры як мага большых прыбытках – вызначае тут эканамічны занятак кожнага. Тут гандляру патрэбен пакупнік; а вытворцу спажывец, а не наадварот. Такім чынам тут будуецца, у адрозьненьні ад усіх заходнеэўрапейскіх зьяў, не працоўны, але так бы мовіць “прадпрыемчы пралетарыят”: тутэйшы яўрэйскі пралетырай прадае не толькі сваю працоўную сілу, але ён таксама пастаянна мусіць спачатку здабыць рынак для яе.
    Штучная скучанасьць вялікай колькасьці рускіх яўрэяў у адносна маленькім “раёне аседласьці”, што стварыўся праз рускі перасьлед яўрэў, прывёў да таго, што амаль у кожным горадзе пэўная колькасьць яўрэяў сапраўды асуджаная да павольнай галоднай сьмерці.

Чакайце працягу...

Комментариев нет:

Отправить комментарий