09.01.2014

Катарына ІІ і Ёзаф ІІ у Магілёве

Вытрымка з ліста Франца Калатаі пра падарожжа імпэратара Ёзафа ІІ ў Херсон.
Тэкст узяты з Аўстрыйскага архіву гісторыі, земляапісаньня, краіназнаўства, мастацтва і літаратуры, Том 1, надрукаваны ў Вене ў 1831м годзе (Österreichisches Archiv für Geschichte, Erdbeschreibung, Staatenkunde, Kunst und Literatur)

Аўтар Каталаі Франц Ксаверы (Kalatai, Franz Xaver) біскуп Гросвардэйну (Bischof von Großwardein) 1.10.1722 - 27.03.1795. Каталаі належыў да невялікай сьвіты, якую ўзяў імпэратар Ёзаф ІІ ў сваё першае падарожжа ў Расею, у якое ён выправіўся 26.04.1780 і зь якога вярнуўся ў жніўні таго года.


    Пасьля трохдзённага знаходжаньня ў Кіеве ён (імпэратар Ёзаф ІІ) пачуў, што імпэратрыца прыбывае, і мы сьпяшаліся дзень і ноч, каб прыбыць раней за яе ў Магілёў, у які мы прыехалі 2-га чэрвеня. Магілёў мае прыемную абстаноўку, аднак пабудаваны па-большасьці з дрэва. Імпэратрыца ўехала сюды 4-га чэрвеня а 10-й гадзіне раніцы пад гром гарматаў і перазвон усіх званоў. Яна ехала ў карэце, якую цягнула дзесяць паштовых коней, зь ёй побач сядзела фрэйліна княгіня Пацёмкіна, наперадзе ехалі тры іншыя дамы першай шляхетнасьці, некаторыя буйныя асобы імпэрыі суправаджалі іх з сотняй вершнікаў, да якіх далучыліся толькі некалькі асоб з польскай шляхты. Яна была толькі крыху ўпрыгожаная і жадала, на колькі гэта дазволена велічнасьці ў Расеі, прыпадобніцца да прастаты нашага імпэратара. Калі яна ўехала ў горад, то накіравалася наўпрост у царкву і прысутнічала на пряцягу гадзіны на імшы, якую вёў схізмацкі біскуп, потым паехала ў падрыхтаваную для яе кватэру, якая была цалкам нанова пабудаваная з дрэва, аднак была вельмі ўтульная, дзе яе наведаў імпэратар у суправаджэньні генэрала Браўнэ. Ён быў апрануты ў простае, попельна шэрае адзеньне без ніякіх знакаў яго велічы; з вялікім жаданьнем чаканы імпэратрыцай, зь яшчэ большай прыхільнасьцю прыняты, ён гутарыў зь ёй між тым гадзіну з вока на вока, і пасьнедаў таксама ў яе, што адбылася ўпершыню за ўвесь час яго прыбываньня. Пад вечар ён вярнуўся ў гасьцінны дом, які ён арэндаваў за свае грошы, бо ён не ўзяў ані кватэру, якую імпэратрыца загадала падрыхтаваць для яго, ані прадуктаў, якія былі шчыра прапанаваныя яго сьвіце; ён нікога не турбаваў, не ўчыніў нікому расходаў, даваў заўсёды са свайго.

    Удзень дзеля забаўленьня такога госьця былі арганізаваныя розныя дзеяньні: балі, опэры, камедыі, ілюмінацыі, фэерверкі і г.д. Расейская імпэратрыца, хаця яна й знаходзіцца на сваім пяцідзесятым годзе, сьвежая, крыху большая за сярэдні памер і адносна поўная; у яе выглядзе, поўным высакароднасьці, спалучаюцца велічнасьць і ветлівасьць; яна звычайна абапіраецца на кій з тэрпеньціну; яна акружае ўсіх мацярынскай ласкай, і ўсе яе любяць. Аб яе ўсеабдымным розуме кажуць яе ўчынкі. Акрамя таго ў Магілёве і ва ўсёй зямлі, якая толькі нядаўна была вырваная ад Польшчы, можна знайсьці падобных адзінокім вераб'ям (passeris instar solitarii) езуітаў у іх былым стане і іх былым існаваньні, якіх імпэратрыца з-за навук і выхаваньня моладзі падрымлівае і моцна абараняе. Я наведаў айца правінцыяла, вельмі шаноўнага чалавека, і спытаў яго, якім чынам яны магуць супрацівіцца папскаму загаду? Ён адказаў: наша ўсеміласьцівая імпэратрыца бароніць нас, пакінуты народ мае патрэбу ў нас, Рым ведае гэта і не пярэчыць. Ён паказаў мне тады адзін ліст цяперашнега Папы (Пія VI), выданы адным з кардыналаў, у якім ён іх суцяшае і заклікае, каб яны між тым заставаліся тут да новай пастановы. Айцец правінцыял дадаў, што яны былі б (хаця расейская імпэратрыца і мяркуе распаўсюдзіць іх па ўсёй імпэрыі) гатовыя па папскаму знаку кінуць усё і раздзяліць лёс сваіх братоў. Вось гэта дух пакутуючых і па поўнаму праву няшчасных рэшткаў езуітаў! Яны складаюць у гэтай правінцыі 250 чалавек, яны прымаюць паслушнікаў таксама з іншых правінцый, калі тыя выказваюць жаданьне падставіць свае шыі пад скасаванае салодкае ярмо. Генэрал езуітаў зьяўляецца адначасова біскупам лацінскага абраду ў Магілёве, але хто можа сказаць, ці надоўга? Імпэратрыца хацела паглядзець на цэрымоніі рымскага абраду і прысутнічала са сваім спадарожнікам на ўрачыстай імшы, за якую яна загадала выдаць біскупу 1000 рублёў. Хаця наш імпэратар, як я часта заўважаў зь яго спачувальнай размовы, вельмі прыхільны да суполкі і ў іх царкве ў Магілёве двойчы з задавальненьнем слухаў езуіцкую імшу, аднак ён усё ж такі не вёў зь імі доўгіх размоў, як паведамляюць газэты, але калі яны стаялі ля дзьвярэй царквы каб яго прыняць, коратка зьвярнуўся да іх і павітаў. Так шмат з усёй шчырасьцю пра суполку. Расейская імпэратрыца раздала сьвіце як раз не экстраардынарныя падарункі; генэрал Браўнэ атрымаў партманэ з дыямантамі, астатнія атрымалі скарбонкі, пярсьцёнкі, гадзіньнікі. Я атрымаў залатую скарбонку цудоўнай работы, каштоўнасьцю ў сто пяцьдзесят дукатаў. Імпэратар даў расейскім людзям значна больш каштоўныя падарункі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий