29.10.2013

Encyklopädie des rußischen Reichs

"Versuch einer vollständigen geograph. -topograph. Encyklopädie des rußischen Reichs nach alphabetischer Ordnung.", Гётінген 1796.
Апісаньне горада з энцыклапедычнага слоўніка па Расейскай Імперыі 1796 году.
Галоўнае адрозьненьне да іншых апісаньняў у тым, што тут акрамя іншых зьвестак прыводзіцца кароткая гісторыя горада, нават са спробай вызначыць паходжаньне назвы.


Магілёў, сталіца Магілёўскай губерні, 534 вярсты ад Масквы, 169 ад Смаленску, 721 ад Пецярбургу цераз Нарву і Пскоў, і 1119 цераз Ноўгарад і Смаленск. Назва верагодна паходзіць ад слова Mogila (магіла). Бо ў старадаўнія часы меўся звычай, насыпаць над целамі сваіх уладароў вялікую земляную кучу (Kurgan), і магчыма гэта магло абдыцца таксама і з гэтай мясьцінай, нягледзячы на тое, што з гісторыі немагчыма знайсьці ніякіх сьлядоў , з якіх можна было б зрабіць выснову, што тут быў пахаваны выбітны ўладар. Акрамя таго, узгорак, на якім стаіць Магілёў, выглядае не як рукатворны, але як створаны прыродай; таму што, калі пад'язджаць да Магілёва з боку палёў, гэтае ўзвышша амаль не заўважнае, і яго строма заўважная толькі з Дняпра; таксама акрамя гэтага маюцца яшчэ іншыя ўзвышшы. Некаторыя вераць, што ўладзімірскі князь Леў, які ў 1220 г. з падтрымкаў князёў Сьвятаслава Кіеўскага і Дзьмітрыя Друцкага вёў вайну з літоўскім князем Райнхольдам, пасьля прайгранай бітвы каля Магільно на Нёмане ці Мемелі ўцёк пад Луцк, а адтуль далей у Расею, і скончыў сваё жыцьцё каля гэтых могілкаў, дзе зараз стаіць Магілёў. Яшчэ іншыя спрабуюць давесьці, што Магілёў мае адно паходжаньне з горадам Львовам пабудаваным Львом, сынам князя Даніэля, і названым паводле яго імя, калі той скарыў усю Літву і Польшчу, і за гэта быў празваны магутным (mogutschiy). Яны такім чынам выводзяць назву Магілёў ад mogiy ці mogutschiy Lew, магутны Леў (Лео). Аднак таксама і гэту здагадку цяжка даказаць. Калі праўдзівыя літоўскія традыцыі, паводле якіх гэта месца яшчэ ў старадаўнія часы называлася Могілкі, то тады больш верагодна, што назва Магілёў паходзіць адтуль. Магчыма раней на гэтым месцы былі могілкі, таму што нават яшчэ сёньня можна заўважць звычку, ствараць пагосты на ўзвышаных месцах. Магчыма каля гэтага месца адбылася жорсткая бітва, і вялікая колькасьць забітых патрабавала аналягічнай колькасьці магіл, адкуль і пайшла назва Mogilki (магілы). З 1320 г. Магілёў, паводле польскіх хронік, меў сваіх уласных насьледных князёў, і ў 1381 годзе, пасьля сьмерці Ульяны, дачкі віцебскага князя, разам з усім гэтым княствам, ад ракі Бярэзіны да Угры, належыў да Літвы. З таго часу і да 1514 году, калі Георгіюс Дэспат атрымаў магілёўскае стараства, ня знойдзена ніводнага ўзгаданьня аб горадзе. У 1571 годзе гэты горад узгадваецца пры апісаньні бітвы, што адбылася паміж рускімі і польскімі войскамі. У 1609 годзе пад Сігізмундам ІІІ быў пачаты земляны вал, і скончаны ў 1633 пад Уладзіславам ІV, які таксама нейкі час пражываў тут. У 1654 цар Аляксей Міхайлавіч падпарадкаваў сабе гэты горад, і некалькі дзён знаходзіўся ў ім. Расея валодала гэтым месцам да 1 лютага 1666, калі яго рускія жыхары былі каварным чынам забітыя сярод ночы, а шляхта перайшла да караля Яна Сігізмунда. Гэтаму выпадку таксама абавязаны сваім паходжаньнем і гарадскі герб. Ён, дарэчы, паказвае на галубым полі вежу з адчыненай брамай, у сярэдзіне якой стаіць чалавек у брані з аголеным мячом у руцэ. Гэты герб горад мае і сёньня, толькі з адной розьніцай, што шчыт падзелены на два палі, і ў верхнім чырвоным поле даданы яшчэ герб губерні. Падчас Швэдскай вайны гэты горад наведваў імпэратар Пётр Вялікі, і ў 1708 кароль Карл ХІІ, які 5 жніўня падчас свайго няўдалага паходу на Палтаву перапраўляў тут цераз Дняпро свае войскі. У 1772 годзе горад перайшоў пад расейскае валадарства, і з нагоды таго, што ён у 1778 быў абвешчаны губернскім горадам, да яго былі далучаныя наступныя ўездныя гарады: Ворша, Чавусы, Копысь, Сянной, Мьсціслаўль, Чэрыкаў, Клімавічы, Рагачоў ды Беліцы, і акрамя таго яшчэ наступныя выбітныя, але ня маючыя асабістага ўезду, селенія: Шклоў, Дуброўна, Крычаў, Прапойск, Чэрчэрск, Гомель, Талочын, Астроўня, Смаляны, Рысна, Горкі і Ляды. Магілёў можна лёгка падзяліць на чатыры часткі. Першая складаецца з аднаго маленькага, абнесенага земляным валам замка на ўзвышаным месцы паміж Дубровінкай і Дняпром; другая, таксама зьмешчаная на ўзвышаным месцы і таксама абнесеная земляным валам, частка - гэта менавіта сам горад; трэцюю частку складаюць прадмесьці, якія разам з усім горадам абнесеныя земляным валам, які называюць Палявы вал (polewoy), які мае працягласьць прыкладна 3 вярсты. Першае з гэтых прадмесьцяў, што аддзеленае ад горада і замка глыбокім, шырокім, тванным і багністым рукавом ручая Дубровінка, завецца Задубровінскае, другое завецца Шклоўскае, а трэцяе Белейскае. Акрамя гэтых прадмесьцяў ля самай гары, на якой стаіць замак і крэпасьць (Kreml), уздоўж нізкага берага Дняпра знаходзяцца яшчэ паселішча, названыя Пакроўскае. Большая частка магілёўскага насельніцтва, ня гледзячы на перасьлед, які мусілі цярпець грэцкія вернікі, засталася пры старай рэлігіі; і Магілёў быў з 1632 рэзыдэнцыяй галавы руска-грэцкай царквы ў Беларусіі, і заўсёды меў грэцкіх арцыбіскупаў, якія стаялі пад расейскім заступніцтвам і прызначаліся расейскім сінодам, таму таксама па большасьці там стаяць рускія цэрквы. У Магілёве, дарэчы, налічваецца адзін мужчынскі і адзін жаночы манастыр, 16 прыходскіх цэркваў, сярод якіх 10 мураваных, семінарыя для выхаваньня моладзі, якая таксама яшчэ да аб'яднаньня Буларусіі з Расеяй падтрымлівалася апошняй. Каталікі маюць тут езуіцкі калегіюм, які заснаваў знакаміты полські гэнерал Корвін Гасеўскі падчас свайго ваяводства ў Смаленску, ды Бернардынскі і Кармеліцкі кляштары. У Магілёве налічваецца 1778 хрысьціянскіх і 225 габрэйскіх дамоў і 2 сінагогі. Большая частка гэтых дамоў драўляныя, за выключэньнем некалькіх прыватных дамоў. З таго часу, як Магілёў знаходзіцца пад Расеяй, ён незвычайна паляпшаецца. На вялікай плошчы, якая знаходзіцца ў цэнтры горада, ужо ўзведзеныя за кошт кароны шматлікія будынкі, якія разам ствараюць васьмікутнік; побач пабудаваныя прасторныя дамы для грэцкага і каталіцкага арцыбіскупаў, і ў Дубровінскім прадмесьці пабудаваны вялікі мураваны склад з дзьвума паверхамі і праходамі, а ў даліне каля вусьця Дубровінкі - мураваны бровар. Гараджане ў Магілёве заможныя. У горадзе маюцца разнастайныя гарбарні, у якіх вырабляюцца цялячыя скуры і сафьян розных фарбаў, юфці і падэшвы, шмат з іх жыхары экспартуюць у іншыя мясьціны. Таксама няма недахопу і ў рамесьніках, асабліва шмат добрых слесараў і збройнікаў; астатнія рамёствы па большасьці вядуцца габрэямі. Магілёўскі клімат надзвычайна спрыяльны для пладовых дрэў, таму тут таксама маецца колькасьць садавіны цудоўнага смаку. Гандлярства ў Магілёве таксама заможнае і вядзе гандаль скурамі, салам, воскам, мёдам, поташам, канопляй, ільном, канапляным алеям і збожжам з Рыгай, Мемелем і Данцыгам. - Магілёўскі ўезд мяжуе на ўсходзе з Чавускім, на подні з Быхаўскім, на поўначы з уездам Копыся, і на захадзе аддзяляецца ракой Друць ад Літвы. - Губерня мяжуе з Полацкай, Смаленскай, Ноўгарад-Северскай, Чарнігаўскай губернямі ды Польшчай, ад якой яна аддзяляецца рэкамі Дняпро і Друць. Найадметнае возера губерні гэта Сянное возера, а найадметныя рэкі гэта Дняпро, Друць, Соша, Бесець, Проня, Вастр, Вехра, Іпуць, Лучоса, Воршыца і Бася. Паводле чацьвёртай рэвізыі ў Магілёўскай губерні знаходзяцца 1482 гандляра, 21.384 імпэрскіх, каронных і дзяржаўных сялян ды іншых 32.762, усяго 331.254. Глеба крыху больш арудлівая, чым у Полацкай губерні, і меньш багністая. Асабліва добра ўраджаюцца канопля і лён. Жывёлагадоўля таксама значная. На рэках Бесяць, Іпуць, Соша, Дняпро і Друць расьце шмат добрага лесу, які сплаўляюць часткова ў Рыгу, часткова па Дняпру ў іншыя расейскія парты. Расейскае духавенства знаходзіцца пад магілёўскім, мсьціслаўскім і аршанскім арцыбіскупамі, а каталіцкае пад арцыбіскупам Беларусіі, які жыве ў Магілёве, і пад якім стаяць таксама ўсе каталіцкія цэрквы Расеі. Вуніяцкае духавенства стаіць пад арцыбіскупам, які жыве ў Полацку, а габрэі стаяць пад сваімі равінамі, якія маюць старшынства ў кагалах, якія, як і іхныя сінагогі, знаходзяцца ў розных месцах Беларусіі. 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий